Успамін (Каганец)
Успамін Верш Аўтар: Карусь Каганец |
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Uspamin.html |
Горы, мае горы,
Яры дый даліны,
І лукі, і гаі,
І ў полі скібіны,
І былінка нават.
Усё мне гадае
Пра тую дзяўчыну,
Пра ту каравоку,
Ту любу, ядыну
Майму сэрцу ў свеце.
Усё мне гадае
Дый прад вочы ставіць
І душу мне рэжа,
І ў горле давіць
Ад думкі балючай.
Баліць маё сэрца,
Душа ўнывае,
Хоч з другой жанаты,
Той не забывае...
Дзеўчына, каліна,
Чаму мя чуралась?
Мо б шчасліўшы былі,
Штобы мы звянчалісь
Са мною гарэтным?
Бо я так мяркую,
Што для шчасця мала
Жыцця ў давольстві,
Усяго штоб ставала
І мяса і хлеба.
Па-мойму, для душы
Чагось болей трэба.
Трэба чыну, дзелу,
Душэўнага хлеба,
Пагоды і буры.
Скажам, маеш мужа,
Ды і дзетак маеш.
І то шчасце добра,
А ўсё ж не змяняеш
Той зімы лютай,
Што думку бо смокча,
Шчыра сэрца точыць,
І часам слязінка
Шчоку тваю змочыць,
Хоць швыдка абсушыш.
Дай бог табе шчасця,
А мне палягчэнне,
Вам добра здароўя,
Статку памнажэнне,
Ды з дзетак пацеху.
А я пайду сабе
Гаем пад гарою,
Дзе, бывала, калісь
Страчаўся з табою,
Дзе той крыж, той белы,
Дзе стаяў на той час
Стары дуб на горы,
Адкуль выглядаў я
Сваёй любай зоры.
Пайду той дарожкай,
Дзе калісь хадзіла
Праз хвойнік Васюцкі
Мая зорка міла
Да маёй сястрыцы.
Пайду я на замак,
Дзе і яна бывала.
Прайду на Паследы,
Там і яна гуляла.
Зайду і ў Карнеж,
Пайду развітаюсь
З рэчкаю і з гаем,
З горамі, руччамі,
І са ўсім тым краем,
Што яе гадае.
Бывайце здаровы
І вы, кветкі красны,
Што на вас дзівілісь
Яе вочы красны.
Пралескі і смолкі,
Звонкі і незабудкі,
Рамон, васілёчкі,
Вы ўжо забылі
Яе кары вочкі.
Вы, кветачкі любы,
Мне ж бо так ніколі
Яе не забыці.
1907