Успамін
Мемуары
Аўтар: Аляксандр Уласаў
1924
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Стары правінцыяльны Менск... Садовая вуліца, каля Плябанскага млына... Прайшоўшыя маладыя гады!

Чверць веку праляцела ўжо ад тых дзён. Я - студэнт, Іван - яшчэ гімназіст. - Безканечныя размовы аб гісторыі, архэалёгіі, жыцьці людзей, каторыя жылі сотні гадоў назад...

Іван - страшэнна юркі і з добрым нюхам да ўсяго, што датыкалася старых кніг і дакумэнтаў, - а меў іх, як на гімназіста, вялікую калекцыю.

Ен неяк па інтуіцыі мог уваскрашаць са старых пэргамэнтаў - людзей і старыя вякі.

Быў вучнем старога архэалёга-мінчука Гэнрыка Татура. Сядзелі мы гадзінамі ў кватэры-музэі старога дзівака, падобнага да прарока Елісея, - лысага, з рудой барадой. Татур-тып дэмакрата часоў Сымона Канарскага.

Стары і малы гадзінамі з захопленьнем спорылі аб гістарычнай абстаноўцы якога-небудзь факту з жыцьця Саломерэцкіх князёў, альбо старой гісторыі Менску - часоў пагрому яго Валадзімерам Манамахам. Пры гэтым абодва выказывалі надзвычайную эрудыцыю і былі ў кожнай эпосе, як у сваім кішані. Як бліскавіцай, асьвятлялі і гэты край і падзеі беларускага народу. "Северо-Западный край" неяк прападаў, індывідуальнасьць Беларуска-Літоўскага гаспадарства ўваскрасала, як у даўныя часы.

"Этнаграфічных" беларусаў: мяне, свайго брата Антона, ды йшчэ колькі хлапцоў Іван неяк няўзнак перарабіў на палітычных.

Сьмеласьць і вастрата мысьлі Івана была надзвычайная, - ў думках-лятуценьнях сваіх ён залятаў далёка ў будучыну, цягнучы за сабой і нас усіх.

Японская вайна, рэвалюцыя 1906 году надламала фэадальна-царскі лад. Мы пайшлі спад ціхіх бацькаўскіх стрэх, ад гарачых гутарак аб беларушчыне ў чатырох сьценах - на публічную грамадзянскую працу. Шырокія слаі беларускай інтэлігенцыі і поўінтэлігенцыі ўскалыхнуліся, ускалыхнулася і беларуская сялянская думка, збудзіўшыся зо-сну.

Івану першаму прыйшла сьмелая мысьль выдаць газэту беларускую - першую легальную газэту пасьля падпольных беларускіх праклямацыяў; не захаваліся яны, на жаль, - а даставалася там самадзяржавію, трэбавалася зялмлі і волі і аўтаноміі Беларусі з Соймам у Вільні або Менску...

Мала грошы, многа працы і афяр пайшло на гэта. Пры ўкладаньні "Нашай Нівы" вялізная і марудная праца йшла над кожным словам. Тварылася літаратурная мова. Першыя паўтраця году пісалі "нашаніўцы" ад 12 гадз. вечара да рана, бо ў дзень народ бязупынна адрываў ад пісаньня. Неўгамонны Іван працаваў поўным парам ня толькі пры надаваньні кірунку "Нашай Нівы", але і ў разьвіцьці ўсіх бакоў беларускасьці. Зьбіраў свой музэй, - і ніхто ня хоча верыць цяпер, што наш нацыянальны музэй у Вільні запраўды сабраны жалезнай воляй і працай аднаго чалавека - Івана Луцкевіча.

У кожным новым пачынаньні беларускім Іван быў як нейкі прарок. Вось дробны прыклад. Іван сказаў: "Лезьце ў Базыліянскія муры: яны - нашыя!" Так і сталася...

Жартавалі, што Іван ведаець на Беларусі 10% жыхароў з твару; запраўды, знаёмствы яго былі надзвычайна шырокія, - ўсё жыцьцё ён насіўся, як мэтэор.

У нямецкую акупацыю ён астаўся ў Вільні пры сваім музэі і пры сваей беларускай справе. I фронт блізу ўжо назаўсёды нас разьдзяліў.

Увесь час праз 15 гадоў на Іване ляжаў вялізны цяжар: даставаць грошы на ўсю нашу працу. Гандляваў архэалягічнымі рэчамі, так і сяк круціўся, каб дастаць грошы, і заўсёды яму гэта ўдавалася.

У сваім прыватным жыцьці ён быў суровы спартанец. Але "ўкаталі Бурку крутыя горкі!" Праца зьела здароўе. Цягнуў ярмо да астатняга ўздоху і на загоне родным наваліўся...

Няхай-жа памяць твая, Іване. стары таварышу працы і моладасьці, будзе вечным прыкладам маладому нашаму беларускаму пакаленьню, і няхай яму перадасца твая жалезная воля, тваё вялікае сэрца. тваё вялікае каханьне Беларусі - большаё за сьмерць!

А. Уласаў.