Устаноўчы Сойм
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 19 кастрычніка 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бязладдзе з кожным днём павялічваецца. Зараза з цэнтру, дзякуючы варварызму сацыялістаў маскоўскага кшталту, перакінулася і ў наш спакойны, ціхі край і пагражае захлынуць сваім разгільдзяйствам лагоднасць нашага народу. З усіх бакоў нясецца крык роспачы і жаху. Адозвы, прамовы, пагрозы і ўгаворы не спыняюць нікога й нічога. Салдаты, каторых пусцілі з фронту дадому, не зважаючы ні на вошта, сунуліся ўсе адразу і захапілі ўсе чыгункі. Кажуць, што такога зграмаджэння па станцыях не могуць уявіць сабе нават расійскія грамадзяне, каторыя пабачыліся ўсяго на свеце. Салдаты пагражаюць жалезнадарожным служкам пагромамі і расстрэлам. Трапляецца часта, што служачыя разбягаюцца, кінуўшы ўсё чыста на Боскую волю... Становіска ў Расіі ўтварылася такое, што яго ніякім чынам лічыць нармальным не можна. А тым часам у гэтым моры нечуванага бязладдзя маюць адбыцца выбары да Устаноўчага Сойму. Калі ўзяць яшчэ пад увагу, што насяленне саўсім непадгатаванае да выбараў, што ўсе сем месяцаў волі прайшлі ў пустых лемантацыях на мітынгах і пагрозах «буржуям», у тых барбарскіх пагрозах, каторыя маюць скуткам знявагу, дзікую злосць і недаверра да ўсяго культурна-асвечанага і грамадскі-выхаванага, дык трэба зазначыць, што агульнадзяржаўны Сойм, нават калі б ён і адбыўся, нічога не паправіць і нікога не збавіць па той простай прычыне, што не будзе мець ні аўтарытэту, ні дзяржаўнай вагі.

Некаторыя гарады на поўдні просяць адкласці выбары на месяцаў колькі. Немаведама дзеля чаго існуе дэмакратычная Рада. Казацтва на Доне патрабуе, каб іх выдзелілі ў асобную выбарную акругу, матывуючы сваю вымогу тым, што пры цяперашніх варунках, калі казацтва распарушана па фронту, яно не спадзяецца выявіць даладне волю свайго народу. Наш край запоўнен войскам і чужынцамі, мясцовыя арганізацыі, дзякуючы ваеннай калатніне, адціснуты ўбок, і ў сацыялістычных спісках кандыдатаў у Сойм мігацяць імёны расійцаў, палякаў і нават грузінаў (!). Пры такіх умовах можна сказаць, напэўна, што Беларусь не будзе справядліва прадстаўлена на Устаноўчым Сойме, і мы павінны заўважыць раней, што пастановы Сойму не здаволяць беларускіх патрэб, а праз тое для нас, маючых права на ўласнае самаадзначэнне, яны не павінны быць устаноўчымі. Мы, дамагаючыся палітычна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі, не можам добраахвотна скарыцца і прызнаць волю загадчыкаў маскоўскага імперыялізму, як бы яны ні харашыліся чырвоным сцягам сацыялізму.

Мы, беларускія сацыялісты, як шчырыя і верныя служкі свайго народу, павінны напружыць усе свае сілы і далажыць усіх захадаў, каб вытлумачыць працоўнай беднаце свайго краю, што яна глыбока памыліцца, калі даверыцца абяцанкам надворных людзей, усіх тых сваякшталтных сацыялістаў, у каторых там айчына, дзе тлуста жывецца. Абяцанка-цацанка і толькі аднаму дурню радасць. Мы павінны цвёрда памятаць незабытыя словы Бебеля, каторы сказаў, што ён перш за ўсё сын сваёй бацькаўшчыны, а потым — сацыяліст, і памятаючы гэта, несці святло нацыянальнай свядомасці ў сёлы, вёскі, мястэчкі — пад чорную страху селяніна, у цёмны куток пралетарыя. Мы павінны зрабіць гэта, мы павінны ўсвядоміць іх, што наша збавенне — у нацыянальным адраджэнні, у адбудаванні жыцця свайго на грунце ўласнага, нацыянальнага істнення. Ніхто нашых патрэб не разважыць і не мае права разважаць, апроч нас самых. Нашым Устаноўчым Соймам павінна быць наша Беларуская Краёвая Рада. Тым мы выкажам думкі свае, Быллём боль сэрца свайго і паломім дашчэнту тыя праклятыя ёрмы нацыянальнай няволі, што вякамі трымалі нас у здзеку, пакуце і паняверцы, выцягваючы з нас жылы нашы. Там, на сваім Устаноўчым Сойме, вольна загамоніць Беларусь на цэлы белы свет — разважыць свае справы, апрацуе план будаўніцтва, уложа статут свайго незалежнага нацыянальнага істнення і вынесе яго дзеля ўзаемнай ухвалы на Устаноўчы Сойм усіх народаў Дзяржавы Расійскай.