Устань, народзе!
Верш
Аўтар: Міхась Ганько
1943 год
Крыніца: Часопіс «Жыве Беларусь!» (Менск), 1943, № 6, сьнежань, б. 12
Верш быў падпісаны псэўданімам «В. Аганёк». Музыку да верша напісаў М. Равенскі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Устань, народзе!


Гэй, народзе, устань, час за волю йсьці ў бой,—
ці-ж хочаш нявольнікам быць?
Лепш жыцьця адзін дзень — залатою вясной,
чымся ў путах стагодзьдзямі жыць!

Хто ў няволі ня згніў — з намі разам, сьмялей!
У руках маладых сяньня сьцяг.
Не пяройдзе ніхто муру з нашых грудзей,—
хіба толькі па нашых касьцях!

Ты, юнацкі наш жар, сэрцы ўсе распалі
маладым і ахвярным агнём,
Каб на славе старой Крывічанскай зямлі
Беларусі зрабіць новы дом.

Перамогі вяшчун—вера ў сэрцы жывых,
цемру,зьдзек — разаб’ём грамадой
і для вольных Радзімы сыноў маладых
шчасьце ўласнай здабудзем рукой.

Дык, народзе, устань! Косьці верных сыноў
хай герояў лепш крые курган,
чымся муляць ярмо будзе шыю ізноў
і сьмяяцца прыгоньнік — груган!


В. Аганёк.