Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова
Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова Верш Аўтар: Янка Лучына Крыніца: http://yankalychina.ru/categories/1.htm |
Дзякую Вам, брацікі, сястрыцы родныя!
За Вашы хвацкія песні народныя,
За тую гутарку Вашу вясковую,
За праўду светлую, за праўду новую!
Даўно мы не чулі братняга голасу,
І ніва нашая колас па коласу
Ветрам развеяна, градам разбітая;
Стаіць бяздольная, Богам забытая…
Ці то над Нёманам, ці то над Шчараю,
Ці над Дняпроўскай затокай стараю,
Ўсюды падобныя, ўсюды знаёмыя
Сказкі і песні, ветрам нясомыя.
Ўсюды сустрэнуць з хлебам і соллю,
І з добрым словам, і са слязамі
Песню святую, пісану боллю,
Ўсюды ахвотна пойдуць за Вамі.
Братцы, сястрыцы! — праўды нясыта
Маці-Зямліца! Ой! не забыта
Роднага слова святая сіла!..
Ёю гаворыць усюды — магіла!
Яе ж паслышыць наша старонка!
Спявайце ж, Братцы, смела і звонка:
Не згіне песня і Украіна!
Будзьце здаровы!
Янка Лучына.