У Сібір (Пушкін/Глебка)
У Сібір Верш Аўтар: Аляксандр Пушкін Пераклад: Пятро Глебка Крыніца: knihi.com |
Іншыя публікацыі гэтага твора: У Сібір (Пушкін). |
У глыбіні сібірскіх руд
Хавайце гордую цярплівасць,
Не згіне праца вашых рук
І дум высокая імклівасць
Няшчасцю верная сястра,
Надзея ў змрочным сутарэнні,
Узбудзіць радасць і натхненне,
Настане светлая пара:
Да вас праз мур турмы глухой
Сяброўства й любасць прыдуць скора,
Як сёння ў катаржныя норы
Даходзіць голас вольны мой.
Цяжкія кайданы спадуць,
Астрогі рухнуць — і свабода
Вас прыме радасна ля ўхода,
І меч браты вам аддадуць.
1827