У бюро ЦК КП(б) Беларусі

У бюро ЦК КП(б) Беларусі
Ліст
Аўтары: Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны, Міхась Зарэцкі
1925
Крыніца: Платонаў Расціслаў Пятровіч. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-30-х гадоў - с. 82—92

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дарагія таварышы!

У звязку з прамоваю тав. Крыніцкага, надрукаванай у газеце «Звязда», а затым і асобным выданнем («А.Криницкий. Особенности внутрипартийного положения КП(б)Б. 18 сентября 1925 г. Издание газеты „Звезда“), у нас паўстала некалькі запытанняў. Запытанні гэтыя грунтуюцца, — па нашым шчырым перакананні, — на недакладнасцях, якія дапушчаны тав. Крыніцкім у гэтай прамове.

Спасылаючыся на словы тав. Гесена, які на фракцыі ЦБ Маладняка прапанаваў нам (у звязку з артыкулам „Можам пагаманіць“) аб усіх спрэчных пытаннях пісаць у ЦК партыі, мы просім разгледзець наш ліст.

З прычыны таго, што даклад тав. Крыніцкага распаўсюджаны па Беларусі ў тысячах экземпляраў, вельмі пажадана надрукаванне ў нашай прэсе дадатковых тлумачэнняў.

1. На стар. 6 брашуры, на якую мы будзем увесь час спасылацца, тав. Крыніцкі падзяляе ўсю інтэлігенцыю на тры катэгорыі.

Трэцяя катэгорыя — „Наконец, третья часть“ „лояльная“, работает с Советской властью, но грани, отделяющей ее от диктатуры пролетариата, она не перешла, ибо не переработала своей мелкобуржуазной природы» — па заяве тав. Крыніцкага, падкрэсленай і надрукаванай чорным шрыфтам, з’яўляецца той самай, аб якой ён галоўным чынам і гаворыць у далейшым.

Сказанае падмацоўваецца прыкладамі: «гэтая беларуская дробнабуржуазная інтэлігенцыя працуе цяперака над развіццём беларускае культуры. Найбольш ясна відаць гэта ў НКАсветы і ў Інбелкульце…»

Кажучы пра гэта, тав. Крыніцкі спусціў з вока тое, што ў НКАсветы, у яго апараце, ёсць шмат камуністаў і камсамольцаў беларусаў па нацыянальнасці, а таксама тое, што Маладняк, арганізацыя маладых паэтаў і пісьменнікаў беларусаў, на 50—60% камсамольцы і партыйцы, УВАХОДЗІЦЬ У ПОЎНЫМ СКЛАДЗЕ Ў ІНБЕЛКУЛЬТ ЯК СЕКЦЫЯ.

Тав. з НКАсветы могуць сказаць за сябе самі, а мы, як члены Маладняка і Інбелкульта, павінны звярнуць Вашу ўвагу на тое, што гэта не растлумачанае сцвярджэнне нясе ў сабе тормаз для далейшай працы Маладняка, а, выходзячы за яго рамкі, і для працоўнай інтэлігенцыі наогул.

Прыклад. Тав. Валынскі, член ЦК КП(б)Б, загадчык аддзела друку, рэдактар «Звезды», член літкамісіі ЦК КП(б)Б, выступіў на пасяджэнні камісіі і заявіў, што Маладняк — «аб’яднанне дробнабуржуазнае і кулацка-шавіністычнае». Праўда, на фракцыі ЦБ Маладняка мы прасілі тав. Гесена загадаць тав. Валынскаму зрабіць на чарговым сходзе літкамісіі даклад на гэту тэму і тав. Гесен абяцаў зрабіць гэта.

Але справа не ў гэтым. На камісіі былі прысутнымі беспартыйныя і маладыя камсамольцы. На другі дзень амаль не ўвесь Менск з іх слоў ведаў, што ў ЦК Партыі маладнякоўцаў вінавацяць у «дробнабуржуазнасці і кулацка-шавіністычнасці». Які вывад для абываталяў, з аднаго боку, і рэшты беларускай інтэлігенцыі, з другога боку?

А ВЫВАД ТАКІ. Калі маладнякоўцы дробная буржуазія, тыя маладнякоўцы, якія з’яўляюцца рэвалюцыйным аб’яднаннем рабоча- сялянскіх паэтаў і пісьменнікаў, то рэшта інтэлігенцыі, мабыць, буржуазія буйная, «контррэвалюцыя» самая сапраўдная.

МЫ ЛІЧЫМ ГЭТА ПЕРШАЙ ПАМЫЛКАЙ.

2. 30 снежня 1923 г. прынята дэкларацыя аб утварэнні Саюза ССР. Роўна праз паўгода зацверджаны тэкст Канстытуцыі Саюза ССР. Успамінаем гэта для таго, каб сказаць, што тэкст Саюзнай Канстытуцыі пэўна не адзін раз уважна разглядаўся ў адпаведных органах. Калі так, дык, значыцца, ён добра прадуманы.

У тэксце Саюзнай Канстытуцыі ёсць артыкулы, у іх гаворыцца, што Саюз ССР утвараецца з УССР, БССР, РСФСР і ЗСФСР. Гэтыя чатыры рэспублікі як раўнапраўныя дзяржавы ўтварылі Саюз. Там жа ёсць цэлы раздзел «Аб суверэннасці Саюзных Рэспублік».

Такім парадкам для Саюза ССР і для ўсяго свету і апублікавана.

Тав. Крыніцкі на стар. 8 тлумачыць, што БССР з’яўляецца не самастойнай дзяржавай, як РСФСР, а самастойнай дзяржавай у косках (в кавычках).

Раней, чым пісаць аб гэтым, варта паставіць пытанне аб скасаванні адпаведных артыкулаў і раздзелаў у Саюзнай Канстытуцыі.

МЫ ЛІЧЫМ ГЭТА ДРУГОЙ ПАМЫЛКАЙ.

3. Ужо на стар. 22 тав. Крыніцкі кажа, што ў нас ёсць «культурнический уклон», што занадта многа гаворыцца аб мове і беларусізацыі апарату і занадта мала аб эканамічным адраджэнні Краіны.

МОЖНА АДКРЫТА СКАЗАЦЬ, што аб мове і беларусізацыі гаворыцца многа затым, што зроблена вельмі мала.

Беларуская культура развіваецца самапасам, гэта значыць, «на подножном корму». Каб не быць галаслоўнымі, прыводзім факты з розных галін.

а) Літаратура. Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі ў агульнай прадукцыі (100%) на літаратуру дае 17% сваёй прадукцыі (тут жа і падручнікі), на газеты 20%. Рэшта — этыкеткі на дрожджы, на піва, ведамасці і г. д.

Наколькі нам вядома, на мастацкую літаратуру на 1925/26 аперацыйны год было вылучана 150 друкаваных аркушаў, цяпер зменшаных да 130 друкаваных аркушаў. Гэта значыць — 130 нумароў у 4 старонкі. А калі перавесці на кнігі — 10—15 шчупленькіх кніжачак у год.

Ганарар за іх. Ганарар за творы даецца такі, які ні ў якім разе не дазволіць існаваць літаратару без пабочнай працы.

Дапамога арганізацыі. Калі Варонскі піша, што адной расейскай літарацкай групе далі субсідыю ў 40.000, ён называе яе, субсідыю, жабрацкай («нищенской»).

Толькі ў 1925 годзе, дзякуючы падтрыманню члена ЦК КП(б)Б тав. Адамовіча, мы атрымалі 3.000 да новага бюджэтнага года і 9.000 на новы бюджэтны г.

б) Беларусізацыя. Мы мелі выпадак паказаць т. Адамовічу афішы і лозунгі, выдрукаваныя ў Віцебску са страшэннымі і недарэчнымі памылкамі ў адносінах да мовы. ГЭТКІЯ ВЫДАННІ МОЖНА НАЗВАЦЬ ДЫСКРЭДЫТАЦЫЯЙ МОВЫ І САМОЙ БЕЛАРУСІЗАЦЫІ. Бібліятэкі  — навуковыя і вучэбныя ўстановы, якія падлягаюць беларусізацыі, не папаўняюцца нармальна беларускай літаратурай.

Прыклад — бібліятэка Горацкай С. Г. Акадэміі, якая павінна абслугоўваць не менш чым 1.500 чытачоў, мае ў сваім складзе штук 50—60 кніжак на беларускай мове. Невядома, ці будзе закуплена літаратура і ў гэтым годзе, бо на гэта патрабуецца не менш 250 руб. на месяц.

Таксама стаіць справа і ў іншых установах. А якая будзе беларусізацыя, калі чалавек не пачытае мастацкай літаратуры?

в) П е р а к л а д ы. У ва ўсіх Саюзных рэспубліках друкуюцца пераклады з чужаземных моў, што дазваляе азнаямляць краіну з дасягненнямі сусветнай культуры.

У «Савецкай Беларусі» ад 11 кастрычніка г. г. прыведзены спіс перакладаў, зробленых з грэцкай і англійскай мовы на беларускую. Ён можа быць значна пашыраным. Але наша выдавецтва не мае магчымасці выдрукаваць і гэта, бо няма ў плане адпаведнага ліку «аркушаў».

г) Н а в у к а. Падрыхтаваныя да друку матэрыялы па беларускай навуцы не друкуюцца. Не друкуюцца таму, што іх мала будуць купляць. Вядома, каб выдавецтва пачало друкаваць «сышчыкаў», «Нат Пінкертонаў» на беларускай мове, іх куплялі б нарасхват, але гэта не было б будаваннем беларускай культуры. Мы не прыводзім спісу гэтых твораў, можам даць яго па першаму Вашаму загаду.

Пададзеныя факты сведчаць, што ў галіне сапраўднай беларусізацыі і сапраўднага будавання беларускай культуры зроблена малавата. МЫ НЕ СКАРДЗІМСЯ НА ГЭТА, МЫ РАЗУМЕЕМ СТАНОВІШЧА НАШАЕ ДЗЯРЖАВЫ, але гэта не з’яўляецца падставаю заяўляць, што ў нас занадта многа гавораць на гэтыя тэмы. Чаму? Бо калі не гаварыць аб гэтым, то зусім нічога не будзе рабіцца.

У ГЭТЫМ МЫ БАЧЫМ ТРЭЦЮЮ ПАМЫЛКУ.

4. Тав. Крыніцкі лагічна разважае. Сказаўшы аб толькі што намі зазначаным, ён кажа на старонцы 27 літаральна вось што:

«также, например, в вопросе о русской школе — разве тут мало „мазни“? Решили проводить белорусизацию — проводим ее. Правильно, нужно проводить. Но нельзя же ребят, родители которых никогда не говорили по-белорусски, напр., старообрядцев, тоже белорусизировать. Такие ошибки в отношении к нашим национальным меньшинствам срывают национальную политику партии и ее основную линию».

Мы не ведаем дакладна, колькі ў гэты час на Віцебшчыне жыве старавераў (бо яны ў кампактнай масе і былі ў нас на Віцебшчыне і на Гомельшчыне). Калі раней, у межах старой Віцебшчыны, там было старавераў сто тысяч, дык частка іх адышла да Латвіі, частка да РСФСР (у Пскоўскую г.). Гэткім чынам, на Віцебшчыне і ў межах БССР наогул старавераў ёсць тысяч 35—40. Але мы ведаем дакладна, што ў РСФСР жыве больш аднаго мільёна беларусаў. У Прыморскай краіне, напр., у Сібіры, беларусы складаюць 30% усяго жыхарства Краіны. Захавалі мову і звычаі, быт, нават назвы вёсак: Магілёўка, Сінда, Роскаш і г. д. Мы не звярталі ўвагу на тое, што гэты мільён беларусаў вучыць сваіх дзяцей у расейскіх школах. Дарэчы кажучы, варта было б запытацца, што адказалі губернскаму аддзелу асветы Прыморскай Краіны (Хабараўск), які звяртаўся да НКА РСФСР у пачатку 1923 г. з просьбай аб прысылцы літаратуры на беларускай мове і г. д.

Але справа не ў гэтым. Замест сказанага, а затым надрукаванага «например — старообрядцев», можна паставіць «вообще великоруссов», «евреев», «поляков» і г. д. і г. д.

Што ж будзе? А будзе тое, што на падставе гэтага скажуць: Белорусизация — вообще не нужна. Разве можно обучать детей не белорусов белорусскому языку?

Наколькі нам вядома, Камуністычная партыя Беларусі і адпаведныя савецкія інстанцыі не аднойчы выносілі пастановы аб беларусізацыі. Гэта значыць, што ўсе нацыянальнасці, якія вывучаюць свае родныя мовы, павінны ведаць і мову большасці жыхарства БССР — беларускую.

Нам здаецца, што тав. Крыніцкі несвядома гэтаму пярэчыць і, у сілу далейшага тэкста, бачыць у гэтым «срыв основной линии партии».

МЫ БАЧЫМ У ГЭТЫМ ЧАЦВЁРТУЮ ПАМЫЛКУ.

5. Тав. Крыніцкі вельмі часта ўжывае ў сваіх артыкулах цытату з прамовы тав. Сталіна аб форме і змесце нацыянальнай культуры. Ёсць яна і тут — на старонцы 26. Успомнім яе і мы: «Пралетарская па зместу, нацыянальная па форме — вось якая тая агульналюдская культура, ДА ЯКОЙ ІДЗЕ САЦЫЯЛІЗМ».

Мы ведаем вельмі аб многа чым прыгожым, што нясе нам канчатковая перамога пралетарыяту на ўсім свеце ў дасягненні сацыялізму. Нягледзячы на сваю маладосць, мы многа папрацавалі для гэтага і ў часе грамадзянскай вайны і цяпер. Мы і жыццё сваё ахвяруем на гэта. Безумоўна, далучаемся да думкі тав. Сталіна, аднаго з самых аўтарытэтных правадыроў Камуністычнай партыі.

Але, на наш погляд, думкі тав. Сталіна трэба тлумачыць лепш. Тав. Сталін кажа: «Вось якая тая агульналюдская культура, да якой ІДЗЕ САЦЫЯЛІЗМ». А са слоў тав. Крыніцкага, сказаных і тут, і ў папярэдніх артыкулах, прыходзіцца разумець: «вось тая культура, якая павінна быць і ў нас на Беларусі ў гэты час». Вывад трэба зрабіць такі — усё тое, што пад гэту мерку ў гэты час не падыходзіць, павінна разглядацца як уклон, вывіх і г. д.

Пачнём жа разбірацца.

Перш-наперш — прыклады. Не думаем, каб у Цэнтральным органе партыі, у «Правде», сядзелі «расейскія патрыёты». Аб гэтым не можна і падумаць. Возьмем жа цяпер і глянем на творы тых паэтаў, якія змешчаны ў апошнім нумары часопіса «Прожектор» (№ 18/64, ад 30/IX-25, дадатак да «Правды»). Ёсць там і Ясенін, і М. Ціханаў.

Ясенін напісаў «Страну Советскую», але Ясенін напісаў і «Москву кабацкую». У Ясеніна ёсць радкі і савецкія, але ў Ясеніна, як ні ў кога больш, з пункту погляду аб’ектыўнага, расейскага нацыяналізму. Напр.:

Я буду воспевать всем существом в поэте
Шестую часть земли,
Названьем кратким Русь…

Вось і ў «Прожекторе» Ясенін піша верш пра Персію, «Персидский мотив», а пачынае яго так:

Отчего луна так светит тускло,
На сады и стены Харасана.
Словно я хожу равниной русской
Под шуршащим пологом тумана…

Абываталь скажа: «І ў Персіі рускія раўніны». А вось «Прожектор» друкуе:

Ціханаў напісаў шмат рэвалюцыйных вершаў — «Сами», «Баллада о синем пакете» і г. д., і г. д. Але ў Ціханава ёсць такі верш (зборнік «Брага», 1922 г., ст. 67):

Разве жить без русского простора
Небу с позолоченной резьбой?
Надо мной, как над студеным бором,
Птичий трепет — облаков прибой…

Абываталь скажа — «які расейскі вялікадзяржаўны шавінізм! Аж на неба лезе!»

А «Правда» не лічыць Ціханава шавіністам і друкуе яго другія вершы ў сваім часопісе «Прожектор».

У чым жа справа?

А справа вось у чым.

Як для таго, каб прыйсці да сацыялізму, трэба прайсці праз вядомыя этапы, таксама і для таго, каб прыйсці да той агульналюдскай культуры, аб якой кажа тав. Сталін, трэба прайсці праз вядомыя этапы.

Акадэмік Аўсянікаў-Кулікоўскі ў сваёй працы «Психология национальностей» выводзіць, што кожная нацыянальнасць мае свае ўласцівыя рысы ў псіхалогіі. Паэт, які піша рэвалюцыйныя вершы, які ўсёй сваёй істотай адданы Камуністычнай партыі, У ДАНЫ ПЕРАХОДНЫ МОМАНТ мае права час ад часу напісаць не толькі на агульна-пралетарскія матывы, а і аб сваёй краіне, аб спецыфічным у беларускай псіхалогіі і г. д.

У гэтым няма нічога страшнага. У таго, хто пачытае гэткі верш, будзе больш ахвоты працаваць у гэтай краіне. Гэта добра ведаюць тав. з цэнтральных партыйных органаў, трэба, каб і ў нас гэта ведалі нашы часопісы і газеты.

У іншым выпадку гэта будзе не культура, або голая агітацыя, або этнаграфія.

Каб тав. Крыніцкі трымаў гэта ўсё на ўвазе, калі ён расшыфроўвае думкі тав. Сталіна, тады б ён не запісаў, што нібыта ў нас хто кажа: "Белоруссия — крестьянский край, значит, «наша культура — крестьянская культура». Ні ад каго мы такіх слоў не чулі. А варта было б напісаць так:

«Як пераходная форма да агульналюдскай культуры, аб якой кажа і тав. Сталін, у нас, на Беларусі, існуе беларуская культура як у Расіі — руская і г. д. Паасобныя культурныя працаўнікі, пападаючыя пад уплыў не нашай ідэалогіі, могуць адбіваць яе (ідэалогію) у сваіх творах. Наша задача, шчыра дапамагаючы развіццю беларускае культуры, дапамагаць гэтым паасобным таварышам вызваліцца ад варожай ідэалогіі».

ПАКОЛЬКІ ТАК НЕ БЫЛО СКАЗАНА, МЫ БАЧЫМ У ГЭТЫМ ПЯТУЮ ПАМЫЛКУ.

6. Тав. Крыніцкі на стар. 28-29, дзе ён гаворыць аб «уплывах» абыватальшчыны, чамусьці ўспамінае аб правадырах. Гаворыць, што папулярызацыя правадыроў даходзіць у нас да абсурду.

Каб рабоча-сялянскія масы ведалі, чые загады яны выконваюць, яны павінны верыць у гэтых людзей, глядзець на іх, як на правадыроў. ГЭТА, НА НАШ ПОГЛЯД, ТРЭБА РАБІЦЬ У ІМЯ ЎЗМАЦНЕННЯ АЎТАРЫТЭТУ ЦЭНТРАЛЬНЫХ САВЕЦКІХ ОРГАНАЎ БССР, як гэта робіцца і на Ўкраіне, і ў РСФСР.

У прамове тав. Крыніцкага гэта не ясна, а няяснасць часамі праводзіцца ў жыццё. Каб не застацца галаслоўнымі, правядзем адзін характэрны факт. Думаем, што не робім дрэннага ўчынку, агалашаючы яго, і думаем, што тав., на якога будзем спасылацца, не адмовіцца пацвердзіць гэты факт.

Па справах дапамогі другой дывізіі ў выданні літаратуры на беларускай мове прыйшлося быць у тав. Арабея. Арабей прасіў тэрмінова пералажыць на беларускую мову «Памятку отпускнику красноармейцу». Адзін з ніжэйпадпісаных прагледзеў рукапіс і заўважыў, што там няма нічога аб Беларусі. Ён сказаў аб гэтым тав. Арабею: "Чаму б гэта не ўключыць у кніжку пару артыкулаў аб Беларусі, аб беларускай школе, культуры, чаму б адначасна з жыццяпісам тав. Калініна і Рыкава не даць жыццяпісаў тав. Чарвякова і Адамовіча. Першы — Старшыня Саюзнага ЦВК, а другі — Старшыня СНК БССР і член РВС СССР, які мае самыя блізкія адносіны да арміі.

Тав. Арабей ад непасрэднага адказу ўхіляўся, але пасля прызнаўся, што якраз падобнае пытанне ён узнімаў у ЦК партыі і там яму не дазволілі змясціць матэрыялы аб тт. Чарвякове і Адамовічу.

Кніжка выдрукавана і можна бачыць у яе дадатковай частцы партрэты тт. Адамовіча і Чарвякова без адпаведнага тэксту.

МЫ БАЧЫМ У ГЭТЫМ ШОСТУЮ ПАМЫЛКУ.

Урэшце, яшчэ раз зазначаем, што паданыя факты і, на наш погляд, памылкі, падаюцца на ВАШ аўтарытэтны разгляд з думкаю, што высвятленне іх дадасць больш яснасці той лініі, якая праводзіцца на Беларусі КП(б) Беларусі.

12 кастрычніка 1925 г.

З камуністычным прывітаннем

М.Зарэцкі

Анатоль Ажгірэй

Андрэй Александровіч