У гадаўшчыну смерці М. А. Багдановіча
У гадаўшчыну смерці М. А. Багдановіча Артыкул Аўтар: Змітрок Бядуля 1918 |
Лебедзь лунаў высока пад небам. акроплены месячнымі
праменнямі, ён дабіваўся да яркіх зорак... Ён дасягаў такой
вышыні, дзе скрыдлы не вытрымліваюць.
I скрыдлы падламаліся...
* * *
Год таму назад не стала нашага вялікага песняра — Максіма Багдановіча.
Год гэты вельмі памятны ў гісторыі адраджэння беларусі. усе нашыя перадавыя людзі, захопленыя хваляй новага лёсу нашай гаротнай бацькаўшчыны, жыўшы ў палітычным віхору, дзе на арэне народаў выступіў і наш беларускі народ, — час ад часу адпачывалі душою, чытаючы ў беларускіх часопісах «Вольная беларусь», «Гоман», «Беларуск. Рада» лебядзіныя песні — пасмертныя творы М. Багдановіча.
У іх людзі, змарыўшыяся вялікай барацьбой, знаходзілі тую асвяжаючую крыніцу, каторая дадае сілы для далейшай працы. Апошні акорд арфы паплыў у абшары, але струны яшчэ не змоўклі, — яны дрыжаць, хвалююць паветра і пяюць, і плачуць, і вабяць сваёй цуднай гармоніяй...
— Ці ён памёр? — пытаецца кожны ў сэрцы сваім, чытаючы яго творы.
— Не.... Ён жыве, ён жыве... — пераканаецца кожны. — для вялікіх сэрцам і душой ніколі няма смерці. для тых, што скідаюць векавы пыл са скарбу душы роднага абяздоленага народа і паказваюць перад усімі яго непасрэдную пекнату, — жыццём мяжы не паложана.
Арфа натхнёнага песняпеўцы мае тую таемную сілу чар, што, раз быўшы ў яго руках, ужо не моўкне да самага канца свету.
Гэтакай арфай быў адароны музамі наш паэт М. Багдановіч.
* * *
Яго песні тым болей чаруюць, што спяваныя іх тварцом на чужыне, далёка ад роднага краю, яны палаюць бязмежным агнём закахання да беларусі, каторы пышыць з душы толькі пры разлуцы.
* * *
Яго песні тым болей чаруюць, што ў іх паэт пераліў у гармонію шэпты беларускіх пушч, гоман беларускіх ручаёў, казкі русалак, фарбы жытніх васількоў, трапары нябесных зор, з каторымі ён часта быў злучаны ў гутарках аб бацькаўшчыне.
* * *
Яго песні тым болей чаруюць, што ў іх мы бачым усю пекнату нашага краю, у іх мы чытаем старыя летапісы чула-мяккай душы нашага народа. у іх зноў уваскрасаюць нашыя прашчуры, ад якіх мы маем свой асабісты склад душы, лад жыцця, якія аставілі нам свае ўласныя, розныя ад другіх традыцыі.
Сваімі песнямі М. Багдановіч нам казаў адвечную строгую праўду аб тым, што беларускі народ — не горшы, не бяднейшы інтэлектам сваім за ўсе народы зямлі.
Пасля вялікіх сваіх парыванняў з чужыны на Бацькаўшчыну багдановічу ўдалося быць у сталіцы быўшага Беларуска- Літоўскага княства — Вільні ў 1911 годзе. I вось словы, сказаныя ім на адным з яго рэфератаў у менску ў 1916 годзе, не выходзяць з маёй памяці: «Я быў пад Вострай Брамай, дзе бываюць дзесяткамі тысяч паломнікі-багамольцы. На браме красуецца герб старога Бел. Літ. Княства — Пагоня: узброены рыцар сядзіць на скачучым кані і размахвае мячом. перад маімі вачыма рыцар вырастае ў вялікія размеры, і меч яго пападае якраз у маё сэрца... я ранены і запаланёны навекі...»
Паэт запалонены навекі сімвалам «Старой Беларусі», і дзеля гэтага ён усё жыццё сваё аддае на ўзбудаванне новай Беларусі...
I старое з новым у нашай зямлі злучаецца ў яго песнях у адзін багата-меладыйны гімн, каторы зычна разліваецца па ўсіх шнурах і загонах беларускіх хлебаробаў.
Гэты гімн, як той рыцараў меч, трапляе ў сэрца кожнага з сыноў беларускай зямлі, пасля чаго ніхто не можа забыць ні свайго краю, ні свайго паэта...