У гасьцінах у Вільні

У гасьцінах у Вільні
Артыкул
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: «Беларусь», 1919, № 19, 11 лістапада; № 20, 12 лістапада

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Досыць, набожна прамінуўшы Вострую Браму, прайсьціся паўгадзіну па бліжэйшых вуліцах і завулках, каб зразумець той запал, з якім за гэты горад Гедымінаў спрачаюцца палякі, літоўцы і беларусы. У ва ўсей сваей суцэльнасьці Вільня - найбагацейшая памятка ня толькі нашай, але і эўрапейскай мінуўшчыны. «Парыж гардзіўся-бы, маючы ў сваім сэрцы такое старое место»,- пісаў у брашуры, выданай у 1916 г., адзін тубылец, паляк, вяльбіцель Вільні. Праходзячы па яе вузенькіх вулачках, як бы адрываешся ад сучаснасьці, ад мамэнту, і чытаеш, нямогучы адарвацца, пекны гістарычны твор, напісаны вялікім аўтарам. Нават тые будынкі, каторым у расійскі перыод Вільні суджана было быць гнёздамі рэакцыі проці ўсяго, што хацело і мело право жыць у нашым краю, ня маюць тутака таго агіднага характару, які яны мелі-б дзе-небудзь у іншым месцы. Праходзячы каля іх, успамінаем не катаў, a іх шляхетные ахвяры, ня выпадкі, a гісторыю, ня злосьць, але барацьбу.

- Цэрквы і касьцёлы Вільні прыгожые, але не яны даюць характар месту, a яно ім. Яно, гарэўшае заўсёды полымем веры і барацьбы, дало ім па магчымасьці шырокіе пляцы, само сьціскаючыся каля іх у вузенькіе, як для пары людзей разьмінуцца, завулачкі. Яно пастаралося, на сколькі магло, даць ім столькі пэрспэктывы, каб яны сапраўды выглядалі монумэнтамі. Место заможнай на ўвесь край Беларуска-Літоўскі мяшчанскай арыстократыі - Вільня - і ў гэтым паказала свой розум і свой бывалы, выпрабованы на эўропейскім куншце густ.

Аб тым, каб место належало да якой-небудзь аднэй з аўтахтонных у краю народнасьцяў, моцна нішто ня сьведчыць. Найменьш сьведчаць шыльды над крамамі, на якіх, як і ў Менску, спаткаеш усякіе «opstalunki».

Кепска сьведчыць і мова люднасьці, каторай «wuczycsia, panoczku, trzeba, ale ciazka heta zrobic adrazu», як адказываў адзін мешчанчук на грамадзянскіх работах, каторые цяпер вядуцца, на маралы дзесятніка, што мове трэба вучыцца. Затое чуецца ў Вільні, што сама яна ёсьць жывым і жывучым сьведкам свайго цэнтральнаго становішча для былых зямель Літоўска-Беларускай дзяржавы, і што ніколі ня будзе яна нічыей асобна, a будзе заўсёды слупам і апорай той асобнай культуры, каторую стварылі нашые продкі, каторую творым мы і дарагой памяткай якой яна зьяўляецца.

Для старых жыхароў Вільні, можа, відней той упадак, да якога дайшло место ў часе вайны і асабліва пасьля гаспадараваньня тутака бальшавікоў. Мне-ж, бачыўшаму праўдзівы заняпад іншых гарадоў, здаецца, што Вільня яшчэ мала пацярпела. На шчасьце, досыць хутка ёй удалося збавіцца ад стану сталіцы «савецкай рэспублікі» Літвы і Беларусі, каторую стварыў б. «савецкі» пасол у Берліне - Іоффэ,- «каб выбіць грунт з-пад ног Антанце» - тлумачылі бальшавіцкіе дыплёматы. I дзякуючы таму, место здаецца саўсім няўшкоджаным. Цэны, аднак, тутака трымаюцца высока, ня гледзячы, што ўсяго, здаецца, ёсьць шмат.

У параўнаньні з Менскам, грамадскае жыцьце ў Вільні кіпіць крыніцаю. Сюды, у цэнтр упраўленьня «Усходніх Зямель», a з адкрыцьцём унівэрсытэту і ў цэнтр вышэйшай асьветы ў краю, сьцягваюцца ўсе інтарэсы, імчацца ўсе інтрыгі, ляціць уся цікавасьць з глухіх засьценкаў Літвы й Беларусі. Праўда, палітычные цэнтры Літоўцаў і Беларусаў цяпер знайходзяцца ня ў Вільні, але і для іх яна мае вялікае значэньне.

Цяпер [цэнтр? - Рэд.] беларускай нацыянальна-культурнай арганізацыі,

Цэнтральная Рада Віленшчыны і Гродзеншчыны, месьціцца тутака ў пасьлебазыльянскіх мурах, у Сьв.-Духоўным манастыру, цэркву каторага некалі звонка аздабляла мармуровая дошка з надпісам пабеларуску, што князь К. Астроўскі [Астрожскі.- Рэд.] зрабіў фундацыю цэркві ў падзяку Богу за дарованую яму пад Оршай пабеду «над непрыяцелем і супастатам правослаўные цэркві» - царом Маскоўскім. Тутака, у гэтых шмат бачыўшых мурах, цяпер кіпіць жыцьце. Тут спраўляе свае чыннасьці Ц. Б. Р. Віленшчыны і Гродзеншчыны, тут засядае Б. Н. Камітэт Віленшчыны, тут месьціцца Віленская Беларуская Гімназія, тутака адбываюць Беларускіе Настаўніцкіе Курсы з інтэрнатам для слухачоў; тутака-ж і рэдакцыя газэты «Незалежная Беларусь». Праз увесь дзень ад раньня да вечару і ў самы вечар ня сьціхае жыцьце ў гэтым беларускім вульлі, дзе ўсе пчолы знаюць, аднак, сваё месцо і спаўняюць сваю работу. Праўда, не вяселяць варункі працы; праўда, што за гэтымі мурамі, на тых сьцежках, якія вядуць да народу, падсьцерагаюць бязглуздая злосьць і няпрыязьнь, але за тое тутака адна семья, адзін дух.

Найпершым заданьнем, якое паставіла перад сабой Ц. Б. Р. Віленшчыны і Гродзеншчыны, ёсьць шырэньне культурна-прасьветнай працы ў краі, але ў гэтым яна напатыкаецца з такім бракам цярпімасьці з боку цяперашніх прадстаўнікоў улады на мясцох, з такім дзікім спосабам захаваньня, да якога трудна нават дадумацца ў нашые часы звычайным, здаровым людзям. Каб сьпісаць усе тые скаргі на забароны вучыць пабеларуску, якіе ідуць 3 Беластоцка-Бельскага і Воўкавыскага павету ў Ц. Р. Віленшчыны і Гродзеншчыны, можна-б напісаць цэлую кнігу. Паветы гэтые, праўда, лічацца нібыта прылучанымі да Польшчы, але ці-ж гвалт над народам - гэта аснова, на якой будуецца новая Рэч Паспалітая Польская? Здаецца, што не. Прынамсі, так гаворыцца, што не. Дык чаму-ж гэта робіцца? Не дазваляючы беларускіх школаў, інспэктары школьные гэтых паветаў прапануюць праваслаўным адчыняць расійскіе школы. Але цікавы праэкт гэтых «расійскіх» школаў: у іх дзеці ўсё будуць праходзіць на польскай мове, a расійская мова будзе выкладацца як прадмет.

Яшчэ раз адзначым, што гэта робіцца «у Польшчы» - у Беластоцкім, Бельскім, Ваўкавыскім паветах, каб не накінуць цені на ўрад «Усходніх зямель» у Вільні. Але чыннасьць школьнага інспэктара ў Горадне, п. Возьніцкага, і слава Віленскага інспэктара п. Вэнславовіча, каторая знайшла сабе прызнаньне нават на шпальтах варшаўскіх газэтаў, занадта добра ведамы ўсім беларусам, каб ніякага сумленьня не аставалося аб той культурнай і творчай працы, якую робіць тут урад «Усходніх зямель». Пан Возьніцкі дзесяткамі за адзін раз не зацьвярджае прыгавораў сялян Горадзеншчыны аб адкрыцьці беларускіх школаў, п. Вэнславовіч зачыняе тые, каторые ў яго аніякай нават падмогі ня просяць, напрыклад гімназію ў Будславе...

Калі не вяселяць тутака адносіны адміністрацыі да нашай школьнай справы, за тое радасьць ідзець з другога боку: радасьць ідзець ад народу, сьвядомасьць якога тут стаіць ужо моцна і ўсё шырыцца. Гэта паказваюць прыгаворы аб школах, з каторымі з такой нялітасьцью ваююць п. п. школьные інспэктары. Пры мне ў Ц. Б. Р. прыслалі з Гродзенскага павету адпісы 23 прыгавораў сялян аб школах, з якіх 15 было пададзено п. павятоваму інспэктару ў працягу 6 дзён. Іншые пісаны лацінікай, іншые кірыліцай. У адным, пісаным па-польску, выказано пажаданьне, каб у школе, як прадмет, выкладалася і польская мова. У большасьці прыгавораў сяляне зсылаюцца і на гісторыю: «беларуская школа ў нас, кажуць, была ўжо ад такога-та году і на далей хочам, каб аставалася беларускаю». Чытаючы гэтые прыгаворы, думалося мне: «Вот у чым зарука нашага культурнага адраджэньня, у гэтым, чаго не забьюць ніякіе гэрады [ірады.- Рэд.] - у жаданьні, у волі народу быць самым сабой».

Вялікі грэх быў-бы, каб пішучы аб Вільні, ня ўспомніць аб нашай тутэйшай вайсковай арганізацыі. У ей пануе праўдзівы беларускі дух і аздоба ваякоў - субордынацыя і захаваньне дысцыпліны. Але арганізацыя гэтая, пэўна, хутка перанясецца ў Менск, і тагды самі будзеце яе бачыць.

Каб скончыць з аглядамі беларускіх арганізацыяў у Вільні, дадам яшчэ пару слоў аб тутэйшым аддзеле «Хаўруса Спажыўных Т-ваў Беларускага Краю». Менскі ўрад гэтага хаўрусу не пабаяўся паставіць тутака на чале аддзелу беларуса, п. К. Душэўскага. I ўсё дзелаводство адзелу, чаго няма ў Менску, вядзецца тут у беларускай мове,- цікавасьць! Аднак, як мы чулі, гэтые цікавые факты, чаго мусіць баяцца ў Менску, ні мала не перашкаджаюць чыннасьці адзела і ўсё суліць яму добрую будучыну.

Аб узаемных стасунках беларусаў з іншымі народнасьцямі пісаць амаль што і няма чаго. Тутэйшые беларуска-польскіе стасункі? - Ніякіе. Беларусы робяць сваё і ні з кім нявадзяцца. У апошніе часы залажылася тутака польскае дэмократычнае аб'еднаньне,- гэта можа дасьць грунт для якога-небудзь збліжэньня і гутаркі. Ліцьвіны тут цьвёрда стаяць на сваей думцы аб дзяржаве з Вільняй - сталіцай, прыслухоўваюцца да Коўна, ці ня будзе зтуль якіх навін, і палітычна маўчаць, альбо палітычна гавораць,- пакуль што не з беларусамі. Жыдоўскіе нацыянальные партыі нібы пачалі цікавіцца беларускім рухам, прынамсі некаторые крокі для ўзаемнага азнаймленьня імі ўжо робяцца.


A каб цябе памаракі... Проста на хворую нагу ўзьбіўся...

Ен праз гжэчнасьць ня ведае, куды лепі ступіць - на нагу, ці на галаву...

Ня мае часу, жонку згубіў! ...

A во й яшчэ нейкае ліхо лезе...

Як жа, яшчэ адзін... ваяка...

Ха-ха-ха! - засьмяяўся той, што ўвыйшоў.

Во дзе кумпанія, пане мой, і папольску і як табе хочаш!

Але! Ха-ха-ха! - I ўсе зарагаталі.

Гэтак цешыліся са сьціску ў вагоне салдаты беларусы з польскай арміі.

Аднак пасьля апошняй увагі, успомніўшы, што тутака яны не самі толькі, замоўклі, нахмурыліся і больш не сьмяяліся. Сьвісток цягніка... Вось тузануло раз, другі раз вагоны... Загулі колы на рэйках... Замігцелі вагзальные лямпы. Паехалі.

Бывай здароў, градзе Гэдымінаў!

П.