У дзяцінстве
У дзяцінстве Верш Аўтар: Юрка Лявонны 1928 |
У дзяцінстве сумным і мяцежным, —
Шмат агня ў жыцьцёвых дымарох, —
Разухабіць я любіў бязьмежжа
На мітычных, кволых караблёх.
Я жадаў пабачыць акіяны,
Ўздыхі скал, какосы і міндаль,
Тыя выспы, дзе цьвітуць плятаны
І ў салоных пырсках пена хваль…
Будняў пыл я адвяргаў з пагардай,
Бо прыгоды — буйнаю ракой
У раманах Райдэра Хагарда,
Марыэта, Купэра і Ко…
Мараў дым расьсейваецца з часам
(Прыйдуць сталасьць і развага дум…).
Па-інакшаму гучыць цяпер абраза
І другі хвалюе сэрца шум.
І ў жыцьці — ня палкія асобы,
Поўныя героікі да дна.
Бачыш ты, як рвуцца Перакопы
Чорных дзён, харомаў і агня?..
Стары быт, струхнелы і ніякі,
Захаваны ў прошласьці начэй,
Прасякае штормавая накіп
Электрычнымі маланкамі вачэй…
І таму ў аўтобусныя рыкі
Зрэдку йдзе прыгодніцкі экстаз, —
Бо цяпер — далёка Порта-Рыка,
І агонь рамантыкі пагас…