У жыцці я радасць рассыпаю

У жыцці я радасць рассыпаю
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1928
Крыніца: http://mihascharot.ru/prazdel/64-u-zhitstsi-ya-radasts-rassipayu.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Ў жыцці я радасць рассыпаю
І песнямі, і словам,
Таму, што ў сэрцы усхліпае
Прамень святла вясновы.
Бывае: нешта прамільгае,
Эх, чорнае такое,
Нібы груган той па-над гаем, —
Я і тады спакоен.
Таму, што веры не парушыць
Ні сябра мой, ні вораг.
На свеце шмат ёсць крывадушных
Сягоння, як і учора.
Бывае, сцелюць гэтак мякка.
Ой, як жа цвёрда спіцца.
Ад іх далека праўда-матка,
Ў паветры, як сініца.
Няхай мяне не запужае
Хлусня іх і пяшчота…
Адкіну усё, нават без жалю,
А іх пашлю — да чорта!
Ў жыцці я радасць рассыпаю
І песнямі і словам,
Таму, што ў сэрцы усхліпае
Прамень святла вясновы.
(1928)