У здаровым целе — здаровы дух

У здаровым целе — здаровы дух
Артыкул
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1929 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 10, сьнежань 1929 г., б. 5-6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У здаровым целе — здаровы дух

Гэтая лацінская прыказка, аб уплыве цела на духовы развой, была знаная ўжо старажытным народам, напрыклад Пэрсы добра зналі і верылі гэтай праўдзе. Пасьля аднак, праз шмат часу, некаторыя ўважалі гэта за галаслоўнае цьверджаньне, а нават у першых стагодзьдзях хрысьціянства некаторыя пад уплывам крайняга асцэтызму казалі, што цела ёсьць ворагам душы.

І сяньня яшчэ знойдуцца такія, што не бяруць паважна гэтае прыказкі. Тымчасам біолёгія выразна пацьвярджае справядлівасьць гэтага мудрага сказу.

Ва ўсей прыродзе, дзе ня кінуць вокам, існуе адна з найвялікшых сіл — жыцьцё. Сіла жыцьця праяўляецца ў расьліннай і жывіннай прыродзе, але толькі ў чалавека гэтая сіла можа праявіцца ў форме найдасканалейшай.

Асновай і падпорай фізычнага і духовага жыцьця ёсьць здароўе.

Кожны хоча жыць, але ня кожны ўмее падтрымліваць сваё здароў, ад якога залежыць жыцьцё.

Постаць нашага цела ёсьць доказам яго жыцьця і здароўя.

Ніхто не запярэчыць, што на зямлі кожнае жывое стварэнне галоўную мае мэту змагацца за жыцьцё. А ці ёсьць магчымае нармальнае жыцьцё без здароўя?

Ці здароўе будзем мець без здаровага цела? Не.

Дык, каб нармальна жыць, трэба мець здаровае цела; гэта астатняе, каб было дзейнае і здаровае ва ўсіх сваіх найменшых частках, павінна мець рух. Такое ўжо ёсьць біолёгічнае права, што кожная клетка мускалу занікае, або ператвараецца ў менш важную, калі даўжэйшы час будзе бяздзейнай.

Праз рух вырабляем мы большую жыцьцёвую сілу мускалаў і гэтым самым здабываем сабе фізычнае і духовае здароўе.

У цяперашніх часах вучоныя раяць, каб дзяцей у моладасьці выховываць прадусім фізычна, а пасьля раўналегла з фізычным разьвіцьцём, разьвіваць і духова.

Ведама, што дзіця, ад пачатку свайго жыцьця, разьвіваецца фізычна і духова не праз навуку, але праз уласныя досьледы, якія здабывае пры помачы сваіх практычных рухаў. Таму кожнае дзіця ёсьць вельмі рухавае, аддаецца інстынктоўна руху, супакой і аспаласьць у дзіцяці ёсьць азнакай хваравітасьці. Што існуе вялікі ўплыў руху на творчую псыхічцую дзейнасьць чалавека, даказвае шмат вучоных, напрыклад адзін з Амэрыканскіх пэдагогаў, падаючы вынікі сваіх досьледаў, кажа аб вучнях — індыйцах, вучачыхся ў англійскіх школах, што хаця англійская моладзь мае вельмі добрыя абставіны фізычнага развою, дзякуючы дасканальнай арганізацыі фізычнага выхаваньня, ня ёсьць аднак здольнай дараўняцца ў кірунку фізычнай лоўкасьці маладых індыйцаў, якія правялі першыя гады свайго жыцьця на ўлоньні прыроды і пастаянна змалку ад калыскі практыкаваліся ў бегах, лажаньню па дрэвах, коннай язьдзе, кіданьню каменьмі, палкай, ашчэпам. Гэтыя самыя індыйцы задзіўляюць настаўнікаў сваімі матэматычнымі здольнасьцямі, яснасьцю і выразнасьцю сваіх паняцьцяў і палётам філёзафічнае думкі. Ёсьць штось супольнае, кажа гэты вучоны, паміж надзвычайнай дакладнасьцю, лёгікай і сьмеласьцяй у думцы вучня — індыйца і дзіўнай цэльнасьцю ў кіданьні ашчэпам, або мячыкам, што даводжывае да энтузыязму яго ангельскіх кумпаноў і ўзбуджае ў іх захопленьне.

Так кажа амэрыканскі вучоны пэдагох аб карысным уплыве руху — спорту на духовы развой чалавека.

І запраўды, няма сумніву, што каб мець здаровы дух, трэба быць здаровым на целе. Мы беларуская моладзь, павінны добра гэта сабе ўцяміць. Мы, мусім быць сільнымі і целам і духам. Прад намі вялікая праца. Нашя Маці—Краіна будзе ад нас вымагаць ня толькі сілы, але і ахвяраў, да якіх, каб быць здольнымі, мусімо быць сільнымі душой і целам.

Аб гэтым мы не павінны запамінаць і, маючы гэта на ўвазе, мы павінны ўсестаронна гартавацца.

Гэты гарт мы можам здабыць у гімнастычна-спартовых арганізацыях, якіх на жаль, у нас яшчэ мала.

Дзеля гэтага мы не павінны чакаць ані хвіліны, толькі закладаць свае гімнастычна-спартовыя таварыствы і ўсе да іх прылучыцца, аддаючыся ахвотна розных спортам.

На нашых сьцягах, апрача патрыятычных клічаў, павінна быць месца і для слоў: „у здаровым целе — здаровы дух.“

Ул. Казлоўчшчык