У капцюрох Г.П.У. (1937)/Востраў Мяг

Паповы востраў Востраў Мяг
Аповесьць
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1937 год
Салоўкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСТРАЎ МЯГ.

Першы дзень.

Назаўтра мы дабраліся на востраў Мяг. Маленечкі астравок, які у найшырэйшым месцы меў крыху больш за дзесяць кілямэтраў. На беразе, да якога мы падыходзілі, было шэсць баракаў, стайня, лазьня, прачкарня, сушылка адзежы і дамок, у якім жыла адміністрацыя.

Разьмясьцілі нас у адным з баракаў. Цесна тут было амаль так сама, як на кварантане ў Кемі. Пасярэдзіне бараку стаяла гліняная печка з трубой, выходзіўшай праз сьцяну. Над печкай вісела малюсенькая сьмярдзючая лямпачка з разьбітым шклом, кідаючы слабое сьвятло на нашу новую кватэру. У гэтым брудным, цёмным, поўным вошаў і клапоў памешканьні, з праклёнамі, лаянкай і крыкам мы, змучаныя і прамёрзшыя, здабывалі для сябе месцы на нарах.

У гэты самы дзень выдалі нам рабочую вопратку: ватныя порткі, гэткія-ж самыя курткі („телогрейкі“), шапкі, рукавіцы і валенкі. Уся гэтая адзежа была вельмі паношаная, брудная, палатаная.

На другі дзень раніцай нас пагналі на работу. На першы дзень была вызначана, як казалі, лягчэйшая работа. Мы ўтаптывалі сьнег, падгатаўляючы дарогу для саняў, якія меліся ехаць у лес, каб забраць спілаваныя дровы.

Па чатыры ў рад мы прабіваліся праз сьнег, які даходзіў першаму раду амаль што да грудзей. Ну, ведама, далейшым радом было лягчэй змагацца са сьнегам. Дык рады ад часу да часу зьмяняліся: першы шоў на месца апошняга, апошні на месца першага.

Наш першы рабочы дзень трываў толькі каля сямёх гадзін, але мы вярнуліся ў баракі пасьля гэтага сямёхгадзіннага маршу па кучах сьнегу гэткія змораныя, што са страхам думалі аб чакаўшай нас у бліжэйшай будучыні цяжэйшай працы.

Назаўтра мы ўжо пачалі работу на „лесазаготовках“...

Лесазагатоўкі“.

А трэцяй гадзіне ўначы на падворку зьвініць звон: лягер будзіцца. Днявальныя прыносяць з сушылкі валенкі і інш. адзежу, якая была ўчора прамокшы ад сьнегу. З крыкам, лаянкай, пры слабым сьвятле падвешанай пад стольлю лямпачкі, варушацца людзі ў бараку, капаючыся ў кучах наваленай на падлогу адзежы. Адзін ня можа знайсьці сваіх валенак, другому прапала „телогрейка“. Лаюць днявальнага, той адгрызаецца. Тыя, хто ўжо пасьпеў знайсьці ўсе часткі сваей адзежы, хутка апранаюцца і бягуць з міскамі ў кухню, каб атрымаць сьнеданьне. Хутка ўжо зазьвініць звон другі раз, і тады ўжо трэба выбягаць на падворак на паверку. Нехта на верхніх нарах разьліў сваю страву. Жыжка сьцякае на галаву і ў міску суседа на ніжніх нарах. Ізноў крык, сварка, бойка. Няшчасная доля, замест таго, каб лучыць людзей у дружную грамаду, разлучае іх, выклікаючы паміж імі злосьць і ненавісьць.

Зазьвінеў звон другі раз. Усе выбягаюць з баракаў. Некаторыя хапаюць на падворку ў жменю сьнегу і націраюць ім сабе рукі і твар. Гэта ранічны туалет вязьня. Але большасьць ня робіць гэтага. Хопіць ім два разы ў месяц лазьня.

На падворку пры сьвятле ліхтарняў начная паверка. Зьяўляецца начальнік лягеру.

— Здравствуйте, рабочія роты!

— Здра! — адказваем хорам.

Раздача інструмэнтаў. Раздалі пілы, сякеры, лапаты. Ідзем. Дзясятнікі на лыжах вядуць сваіх рабочых у лес на месца працы. За імі, таксама на лыжах, пасоўваецца канвой. Ідзем гуськом, адзін за адным, па вузкай, вытаптанай на сьнягу дарожцы. Даганяюць нас сані, якія едуць у лес вывазіць напіленыя дровы. Мы зыходзім з дарожкі, падаючы ў сьнег па пояс. Сані шпарка праляцелі, але ніхто й не прабаваў ухапіцца за іх. Катаржанам, апрача дзясятнікаў і хурманоў, забаронена езьдзіць санямі на месца работы.

Ішлі мы пехатой каля 10 кілямэтраў, ажно на другі канец вострава.

Сьвітае. Пасьля шэрай ночы пачынаецца таксама шэры, крыху толькі сьвятлейшы, паўночны дзень.

Вязьні займаюць вызначаны для работы вучастак лесу. Разьдзяляюцца на тройкі. Кожная тройка сварыцца з іншай тройкай за лепшае месца, г. зн. дзе дрэвы растуць гусьцей. Пачынаецца работа. Змаўкаюць галасы людзей. Чуваць толькі галасы піл і сякер. Падаюць сьпіленыя ёлкі. Спачатку чуваць трэск страціўшага раўнавагу дрэва, пасьля шорах чапляючышыхся за іншыя дрэвы галін, наканец гук упаўшае на сьнег ёлкі.

Часам чуваць чалавечы крык: тэта нехта неасьцярожны не пасьпеў упару адскачыць. Дрэва павалілася на яго, прыгнятаючы ўсім сваім цяжарам...

Работа была „урочная“. На „урок“ давалі на тройку — першай катэгорыі, крапчэйшым, па 65 дрэваў, другой, слабейшим, па 45. Трэба было спілаваць, адпілаваць да вядомай вышыні вярхавіну, паабсякаць галіны, злажыць іх у кучу, ссячы навокал кусты і дрэўцы, перашкаджаўшыя даехаць саням. Спілаваць дрэва трэбыло пры самым пні, а дзеля таго, што сьнег часам даходзіў да грудзей чалавека, можна сабе выабразіць, колькі трэба было палажыць працы, каб гэты сьнег раскапаць, утаптаць, каб дабрацца да самае зямлі.

Былі сярод нас маладыя хлопцы, здаравенныя, прафэсыянальныя дрывасекі. Яны сваю работу спаўнялі лёгка. Але процант гэткіх рабочых быу надта малы. Большасьць з нас гэта былі людзі, якія першы раз працавалі на лесазагатоўках.

Філоны.“

Тройкі, зложанныя, з прафэсыянальных дрывасекаў, варочаліся з работы даволі рана: каля гадз. 1-ай. У барак можна было ўвайсьці толькі паказаўшы надзіряцелю пропуск, які сьведчыў, что заданая работа выпаўнена. Пасьля варочаліся іншыя тройкі. Апошнія варочаліся каля поўначы; гэткім чынам заставалася ім толькі 2-3 гадзіны адпачынку. Шпарка беглі ў кухню, каб атрымаць там пакінены для іх абед, і, хутка скінуўшы з сябе прамокшыя валенкі і інш. адзежу, валіліся на нары, каб хутчэй заснуць і набраць сіл на заўтрашні рабочы дзень.

Тыя, якія зусім не пасьпявалі выканаць работы, заставаліся ў лесе. Штодня заставалася ў лесе каля пяцёх гэткіх троек. Непадалёк сядзеў надзірацель пры вогнішчы, да якога вязьню забаронена падхадзіць. Раніцай прыносілі ім зьменшаную порцыю хлеба (400 грам.), і яны павінны былі далей працаваць, выконваючы ўжо заданьне наступнага дня.

Зусім зразумелая рэч, што ў гэткіх умовах вязень усё больш ды больш адставаў і ўрэшце, пасьля некалькіх праведзеных у лесе бяссонных ночаў, калі ўжо амаль ня меў сіл утрымацца на нагах, вялі яго ў карцэр. Гэта была зьбітая з дошчак буда, стаяўшая на беразе мора, бяз печкі, дзе віхор, урываючыся праз дзіравыя сьценкі, гуляў як на адкрытым мейсцы.

Дзясятнікі і надзірацелі ненавідзелі невыпаўняўшых работы вязьняў. Дзякуючы адставаўшым, і яны былі прымушаны даўжэй аставацца ў лесе. А канвой апрача таго павінен быў начаваць у лесе, пілнуючы працаваўшых уначы. Дык канвой часта падганяў аслабеўшых ад работы й голаду прыкладамі стрэльбаў, а дзясятнікі звычайнай палкай, якую на катарзе называлі „дрынам“. Білі бяз літасьці ня толькі сымулянтаў, г. зв. „філонау“, але й падаўшых ад зьнямогі, хворых, слабых.

Адзін раз рабочы паваліўся бяссільна на сьнег і ляжаў непарушна.

— Ну, на гэткія штукі ты нас ня возьмеш, не такіх бачылі! — сказаў адзін з дзясятнікаў, — і білі яго дагэтуль пакуль адзін ня заўважыў:

— Глядзеце! Дык-жа ён зусім не варушыцца.

Запраўды няшчасны ўжо ня мог паварушыцца, бо памёр.

Зьдзівуешся, чытач, калі скажу, што і канвой, і дзясятнікі — усе яны былі гэтак сама вязьні. А гэта бязьлітаснасьць і дзікасьць мелі на мэце прыслужыцца ўладзе, атрымаць нейкую палёгку, можа скарочаньне вострожнага сроку.

Апрача таго канвой і дзясятнікі жылі ў лепшых умовах. Яны памяшчаліся у асобных бараках, дзе кожны меў свой тапчан. Яны не карысталіся агульнай кухняй, а мелі сваіх днявальных, якія варылі ім абед і наагул ім услугоўвалі.

За розныя іншыя праступкі проці лягернага рэжыму вінаватых разьдзявалі і ў адных порцях ставілі на мароз на паўгадзіны, часам даўжэй.

Гэта звалася „паставіць пад колокол“, дзеля таго што іх запраўды ставілі на падворку пад вісеўшым там звонам, якім штодня будзілі нас на работу.

Самарубы.“

У адным з баракаў быў „акалодак“, г. зн. амбуляторыя для прыходзіўшых хворых. Калі былі цяжка хворыя, тут-жа ставілі тапчаны, на якіх разьмяшчаліся няшчасныя. На чале гэтае ўстановы стаяў „лекпом“, г. зн. фэльчар.

Якая была яго мэдычная веда — трудна сказаць. Лекі, якімі ён распараджаўся, — гэта былі нейкія парашкі рожавага колеру і два роды нейкае жыжкі. Гэта былі ўнутраныя лекі. Вонкавыя — гэта быў ёд і нейкія сьціркі, замяняўшыя бандажы. Штодзень перад выхадам на работу, пасьля першага звону, перад дзьвярыма „акалодку“ стаяла чарга хворых, якія хацелі звольніцца ад працы. Звальнялі (і то на адзін дзень) толькі такіх, якія мелі павышаную тэмпэратуру прынамся да 38 градусаў. Рэўматызм (даволі часта) і іншыя хваробы, пры якіх тэмпэратура бывала нармальнай, не давалі права на звальненьне.

Даведзеныя да роспачы людзі даставалі свайго роду псіхозу, які выяўляўся эпідэмічна. Няздолеўшы выканаць работу, а ведаючы, што яму за гэта пагражае, чалавек, ахоплены бяссільнай роспачай, клаў на пень левую руку, адсякаў сабе пальцы і кідаў іх у твар дзясятніку або надзірацелю. „Патрэбны вам мае рабочыя рукі? Вось вам! Цяпер я няздольны да працы!“ Здаралася, што ашалеўшыя людзі адсякалі сабе цэлую кісьць левае рукі. У лесе ня было мэдэцынскае помачы, нават гэткай, якую мы мелі ў лягеры, ў бараках. Дык, абліваючыся крывёй, вязень уласнымі ганучамі перавязваў сабе рану і варочаўся ў лягер.

Дзеля таго, што пры ўваходзе у лягер трэба мець пропуск, дзясятнік на адпіленай калодцы пісаў хэмічным алавікам пропуск, і ранены, нясучы на плячох гэту калоду — пропуск, варочаўся ў лягер, млеючы ад болю, утомы й утраты крыві.

Значная большасьць гэтых, як іх звалі „самарубаў“, памірала ад заражэньня крыві.

Забастоўка.

Адпачынак бываў кожную другую нядзелю, значыцца два разы ў месяц. Але й гэтая „нядзеля адпачынку“ ня была цалком вольная ад працы. У гэтыя дні мы выконвалі лягерныя работы: вывазілі з лягеру сьнег на бераг мора, чысьцілі патрэбныя месцы і г. п. Аднак, гэта былі работы шмат лягчэйшыя за лясныя, і, калі ўзяцца за іх дружна, можна было хутка кончыць.

Вось прыйшла адна гэткая меўшая быць „вольнай“ нядзеля, але адміністрацыя пагнала нас усіх у лес на работу. Пачалося нараканьне. Прайшлі йзноў два тыдні, і а гадз. 3-яй зазьвінеў звон на подворку: гэта было знакам, што і сёньня вольнага дня ня будзе. Уставіліся на паверку. У арыштанцкіх радох прабеглі нейкія таёмныя шопаты, нейкія паразуменьні вачыма. Відаць было, што гэтыя мігацеўшыя пры сьвятле ліхтарняў чалавечыя цені на нешта наважыліся.

Большасьць вязьняў на востраве Мяг складалася з крыміналістаў — злодзеяў, забойцаў, афэрыстаў, — і толькі чацьвертая частка агульнага ліку былі каэры, г. зн. контррэвалюцыянеры — кулакі, сяляне і інтэлігэнцыя.

Забастоўку пастанавілі крыміналістыя. Яны не хацелі мець нічога супольнага з контррэвалюцыянерамі. Іх была большасьць, а апроч таго яны глядзяць на палітычных, як на людзей горшай пароды, называючы іх на сваім жаргоне „фраерамі“.

Як пачалі раздаваць пілы і сякеры, па пастроеных на падворку рабочых радох праляцеў гул: „Ня пойдзем!“ Не памаглі ніякія ўгаворы. Калі ўсе салідарна адмовіліся ўзяцца за пілы і сякеры, раздалася каманда: „ўправа шагам марш!“, і нам загадалі йсьці ў лес. З прыглушаным гоманам пацягнуліся вязьні сьцежкай, што вяла з лягеру да месца працы. Сьледам ехалі сані, наладаваныя піламі й сякерамі. Некалькі азброеных стрэльбамі вартаўнікоў зачыняла паход.

Адыйшоўшыся на 2 — 3 кілямэтры ад лягеру, загадалі нам спыніцца на краю лесу. Спыніліся мы з неспакойнай душой, бо ня ведалі, што для нас рыхтуецца. Ужо сярод палітычных вязьняў пачаліся прыцішаныя гутаркі й шэпты на тэму аб тым, ці ня лепш было-б пакінуць думку аб адпоры. Бо-ж усе добра ведалі, што ў выпадку, калі-б справа разгарэлася, усю адказнасьць улады ўзложаць на палітычных, як на контр-рэвалюцыянераў, што іх будуць вінаваціць у падбухтораньні да забастоўкі, іх будуць расстрэліваць за адпор, дадзены лягерным уладам, а на крыміналістаў паглядзяць, як на пасыўную масу, якая нібы-то паддалася намовам контр-рэвалюцыянераў. Іншыя з палітычных ахватней пайшлі бы працаваць, каб ня выклікаць рэпрэсіяў, і толькі сорам перад цьвёрдым становішчам крыміналістаў прымушаў іх ісьці разам з апошнімі па шляху адпору.

Выступіў наперад старшы дзясятнік, які кіраваў работамі, і зычным голасам крыкнуў:

„Хто йдзе працаваць, бяры струмант і йдзі управа! Хто ня хоча працаваць — адступіся ўлева і... распранайся!“

З апушчанымі галовамі, не адважаючыся падняць вочы, адзін за адным выходзілі з таўпы палітычныя вязьні, бралі сякеры й пілы ды пераходзілі ўправа. Пагардліва скрывіўшы вусны пазіралі на іх спадылба крыміналісты, якія скідалі з сябе на сьнег курткі, порткі, шапкі і вобуй, астаючыся ў аднэй бялізьне.

Штрэйбрэхэры пацягнуліся далей у лес, а захаладалыя пастаці зладзеяў і бандытаў дрыжэлі на марозе, пасылаючы ўздагон адыходзіўшым „фраерам“, якія іх здрадзілі, праклёны і лаянкі...

Якая дзіўная іронія лёсу, якая дзіўная пераацэнка вартасьцяў! Палітычныя ламаюць забастоўку і пакорна йдуць працаваць, крыміналісты-ж сьмела стаяць за сваё — да астатку!

Ці магчыма было-б нешта падобнае ў старой царскай катарзе?

Але ў старой катарзе палітычныя вязьні былі запраўднымі актыўнымі ворагамі існаваўшага тады ладу. А тутака гэтак-званыя „палітычныя“ складаліся з рознароднай зьбіраніны, якая ня толькі не змагалася, але й ніколі ня зьбіралася змагацца з савецкім ладам дый папала сюды, на катаргу, толькі затым, што некалі належала да клясы ўласьнікаў, каторую „пераможнік-пралетарыят“ стараецца цяпер вынішчыць фізычна, ссылаючы ў вастрогі, лягеры, на высылку...

У старой катарзе палітычныя вязьні ў падобных абставінах схапілі-бы наваленыя на санях сякеры і паразьбівалі-бы сваім катам галовы. Тут рукі нявольнікаў пакорна выцягваліся па сякеры, каб выпаўніць у лесе свой „урок“ — так, як праз некалькі дзён тыя-ж рукі прыймалі... дваццацікапеечную нагароду за „карысную працу“ у гэны крытычны дзень, вызначаную ім з сумаў ГПУ...

Страва.

У гэным часе кармілі нас ня так ужо блага: на сьнеданьне давалі місачку фасолі, сачэўкі, гароху, грачанае кашы ці густое зупы змакаронам. Гэткая страва была звычайна закрашаная алеем. А на абед, які для шмат каго з прыпозьніўшыхся быў вячэрай, — міску боршчу ці нейкае зупы з кусочкам вываранага соленага мяса, крыху большым за скрыначку да сернікаў. Хлеба (чорнага) даставалі мы кілё на чалавека. Апрача таго ў лягеры была крамка, у якой мы маглі за свае грошы купляць цукер, гарбату, кансэрвы, каўбасы, селядцы, бісквіты, булкі, папяросы і г. д. Грошы за нашу працу нам не плацілі (апрача гэных двадцацёх капеек нагароды за зламаньне забастоўкі). Дык тыя, што не даставалі падмогі грашмі з хаты, мусілі здаволівацца казённай стравай, якое — трэба гэта сцьвярдзіць — хапала, каб заспакоіць голад.

Падчас работы ў лесе спачатку нам вельмі дакучала смага. Вада, якую мы бралі з сабой у бутэльках, замярзала ў кішані. Але праз колькі дзён прывыклі да нястачы вады, і смага ў часе работы нам не дакучала.

Вада тутака — з прычыны ўласьцівасьцяў грунту — была заўсёды жоўтая, колеру моцнае гарбаты, з прыкрым гнілым смакам. Аднак праз нэйкі час прывыклі й да яе.

Да чаго чалавек не прызвычайваецца?!

Няўдалыя ўцёкі.

Ноч. На ісподніх і верхніх нарах тырчаць рады босых ног. Брудных, сьмярдзючых, выкрыўленых, пераблутаных з нагамі суседзяў. У паветры кіслы дух ад людзкога поту і іншых яшчэ агіднейшых пахаў. Пад стольлю капціць маленькая газьнічка. Шкла ў газьнічцы даўно ўжо нехапае, бо яго пабілі, дык адкрыты кнот заражае паветра смуродам паленае газы. Цішыню нарушае храп спрацаваных людзей, часамі стогн вырвецца з грудзей, якія гняце кашмарны сон. Спыніліся праклёны, лаянкі, нараканьні: сон усіх пагадзіў і злучыў у брацкіх абоймах. Узбэк з Туркестану сваей бруднай, даўно нямытай рукой абняў праз сон шыю якута. Украінец спад Палтавы закінуў сваю сьмярдзючую нагу на бруха грузіна з Каўказу. Яд часу да часу нехта прачхнецца, зьлезе з нараў, нацягне на сябе нейкія вастрожныя лахманы і выбяжыць на двор дзеля сваей натуральнай патрэбы...

Ня сьпіціь толькі адзін дыжурны.

Недалужныя, інваліды, людзі, якія сваімі сіламі не маглі-б дацягнуцца да лесу на работу, былі пакінены ў лягеры і выпаўнялі абавязкі слуг у бараках, рабілі парадкі, адносілі ў сушарню прамочаную вопратку вязьняў, палілі ў печах. Апрача гэтага мусілі глядзець за тым, каб уначы ўсе вязьні былі ў бараках. Называліся яны „днявальнымі“ — дыжурнымі.

„Днявальны“ пільна сочыць за кожным, хто выходзе й варочаецца. Ад часу да часу абходзіць нары і лічыць ногі вязьняў. Падзяліўшы лічбу ног надвое, ведае, колькі вязьняў ёсьць у бараку. Вось ён лічыць. Памыліўся. Нешта ня так. Пачынае ізноў лічыць ад пачатку. Ногі паблуталіся. У адным месцы ёсьць лішняя нага, у другім — аднае нехапае. Днявальны здымае з крука лямпу і, асьвятляючы найцямнейшыя куты, пачынае рахунак нанова.

Раптоўна расчыняюцца з трэскам дзьверы. Хваля сьцюдзёнага паветра хлынула праз расчыненыя дзьверы, у якіх паказалася нейкая постаць у ваеннай вопратцы. Гэта — начная праверка. Уваходзе з ліхтарняй канвойны жаўнер. Пачынаецца лічэньне тырчачых ног.

Аднае пары ног нехапае, — аднаго вязьня няма ў бараку!

Лічаць яшчэ раз.

Аднаго вязьня няма!

Дзе ён падзеўся? У каморцы няма. Днявальны мае спалоханую міну. Будзе адказваць за недагляд! Яшчэ раз лічаць, шукаюць, заглядаюць пад ісподнія нары.

Няма!

Уцёк!

Трывога.

У казарме для вартаўнікоў пачынаецца рух. Усхопліваюцца з тапчаноў заспаныя пастаці жаўнераў. Клянуць. Сьпяшаючыся апранаюцца. Хапаюць вінтоўкі і лыжы. Ужо разбудзілі начальніка. Той злуе. Загадаў: ня браць жывым, а застраліць! Страляць у сьпіну, каб выглядала, што стралялі падчас уцёкаў. Заданьне ня цяжкае: усе гоняцца на лыжах, а гэны што уцёк, прэцца пехатой праз глыбокі сьнег. Дарога-ж у яго адна: па лёдзе праз мора на Колежму.

Праз колькі гадзін уцёкшага дагналі і, паводле загаду, застрэлілі. Пад раніцу паехалі сані забраць труп. Назаўтрае непадалёк ад лягеру, на краю лесу, пахавалі няўдалага ўцекача. У прысутнасьці аднаго жаўнера пахаронамі кіраваў „лекпом“ — фэльчар, найвялікшая ў нас мэдыцынская павага. Ён вызначыў, як глыбака капаць яму, у які бок класьці галаву трупа, паложанага ў зьбітую з дошчак скрыню.

Магілу капалі днявальныя.

Ні слова спогаду да нябожчыка, ні сьледу таго паважнага настрою, які звычайна бывае пры праводзінах чалавека на вечны супачынак. Зьдзекі, кпіны, лаянка, праклёны — як быццам гэты вязень быў толькі-што не таварышам у няволі, а — заклятым ворагам...

Прозьвішча забітага — Шульц.

Выезд на Салоўкі.

У канцы красавіка сьнег пачаў таяць. Лесарубкі спыніліся. Сьпяшаліся нагвалт вывозіць з лесу прыгатаваныя калоды на гэтак-званы „рум“. Сьпяшаліся, пакуль яшчэ была санная дарога...

У канцы траўня лёд на Белым моры пачаў чарнець, таяць, урэшце — растаяў. Вязьні, стоючы вышэй кален у сьцюдзёнай, як лёд, вадзе, зьбівалі плыты, якія меў цягнуць параход ажно да Архангельска.

29 траўня прышоў да нас першы параход. Пад раніцу ўгледзілі мы на хвалях — за поў кілямэтра ад берагу — невялічкі параходзік тыпу ледаколу. Гэта была „Нева“[1].

У вадзін міг па ўсенькім лягеры разыйшлася радасная шмат для каго навіна: казалі, што засуджаных на дзесяць гадоў вывезуць на „Неве“ на Салоўкі.

Усе верылі, што на Салавецкім востраве мы знойдзем лепшыя варункі жыцьця. Апавядалі, што тамака можна дастаць працу паводле сваей спэцыяльнасьці, што рабочы дзень тамака трывае ад 8-ёх да 10-ёх гадзін, што даюць розныя іншыя палёгкі, да якіх мы тужліва ўздыхалі.

Усе былі узбуджаныя. Настрой панаваў гарачы. Кожны сьпяшаўся ліквідаваць свае справы на востраве Мяг. Адзін выплачываў свае даўгі, другі спаганяў пазычаныя некаму грошы; прыяцелі, якія меліся неўзабаве разлучыцца — мо назаўсёды? — гутарылі апошні раз перад расстаньнем...

А на хвалях гойдаўся малы параходзік, гатовы ў дарогу. З коміна выходзіў дым: паравыя катлы гатовыя былі ў кожны мамэнт пусьціць у ход нашу выбавіцельку — „Неву“.

Запраўды: увечары камандант лягеру абходзіў баракі, чытаў прозьвішчы тых, каму было вызначана ехаць на Салоўкі, і загадаў рыхтавацца ў дарогу.

Увечары-ж пачалі нас перавозіць лодкамі на параход. Узьняўся вецер. Мора было бурнае. Хвалі кідалі лодкі, як шалупіны ад арэхаў. Прыйшла „белая“ паўночная ночка. Сонца на зусім кароткі час схавалася за небасхілам, каб пасьля ізноў вынурнуць над морам — блізу ў тым самым месцы, дзе зайшло. Але перавоз пасажыраў на параход яшчэ ня скончаны. Пустыя лодкі варочаюцца на бераг, паслухмяныя двум парам крэпкіх рук вясьляроў, і ізноў нагружаюць на іх некалькі катаржан — у вачох якіх блішчыць надзея.

Надзея?! Якая? Надзея на волю? — Не! Толькі надзея на крыху лепшыя, чым на Мягу, варункі жыцьця...

Пачаўся адліў мора. Лодкі задзержываліся на мялізнах ці на камянёх. Па загаду стырніка ўсе выскаківалі тады з лодкі ў мора і — па пояс у вадзе — спыхалі лодку на глыбейшае месца...

Урэшце апошняя лодка падыйшла да параходу з апошняй партыяй пасажыраў. — Загудзелі вінты, густыя клубы дыму бухнулі з коміну, і „Нева“, кіданая хвалямі, панесла нас к нязнаным ды гэтак пажаданым Салоўкам.

Змокшыя, ляскаючы ад холаду зубамі, тулячыся да сваіх клумкаў, наваленых на палубе параходу, плылі мы па ўзбураным маёвым віхрам Белым моры. Ад часу да часу хваля, пераліваючыся праз палубу, аблівала нашы манаткі і нас, ужо даволі прамокшых падчас перацягваньня лодкі.




  1. „Нева“, якая праз тры гады пасьля гэтага, едучы з Архангельска на Салоўкі, затанула ў Белым меры з усімі людзьмі нейкім таёмным спосабам. Выратаваўся толькі адзін вязень — матрос, якога знайшлі на адным востраве, але аб прычыне катастрофы і ён ня мог нічога сказаць, тым больш, што ад нэрвовага ўстрасеньня падчас катастрофы — здурнеў.