У майстэрні
У майстэрні апавяданне Аўтар: Цішка Гартны |
Крыніца:http://knihi.com/Ciska_Hartny/U_majsterni.html |
- І калі гэта стрэлка трапіць к шасці? Гэтак доўга! А-а-ах! Так сягоння абрыдзела мне, так ачамярэла, што проста смерць! - абярнуўся ка мне Хведар, калі гаспадар выйшаў з майстэрні.
Я кінуў вокам на гадзіннік: стрэлка была недалёка шасці.
- Да ўжо скора; яшчэ хвілін пяць, і пойдзеце; а вось мне дык, на яго ліха, яшчэ цэлую гадзіну прыходзіцца тырчаць тут.
- Чаму? - запытаў Хведар.
- А ці не ведаеш? А я ж вінен гаспадару гадзіну яшчэ ад нядзелі: захочацца неяк каўтун закруціць, і пойдзеш, а адрабіць потым і цяжка, гультайна.
- Гэта праўда!
Покуль мы гутарылі з Хведарам, на гадзінніку празваніла шэсць. Усе барзджэй жа кінулі работу. Памыўшы рукі ў гразнай сытай вадзе, работнікі адзеліся і разышліся. Астаўся я адзін да два малых хлапчукоў-вучняў, ад якіх адзін, імем Рыгорка, быў надта рухавы і пілявы хлопчык, за што я яго дужа любіў.
- Ну, а вы з намі? - абярнуўся ён ка мне, калі майстэрня апусцела.
- Так, з вамі, - адпавядаў ахвотна я.
- Вось добра, хаця нам будзе троха весялей, а то кожын дзень нас пакінуць адных, і так зробіцца нудна ды страшна! - разляпятаўся рэзвы Рыгорка.
- А што вам рабіць ёсць яшчэ?
- Э, гібель проста: вось мазаць, вешаць, потым мачыць да пасадкі; чорт з гэтаю работаю і справіцца сягоння. А там падмесці майстэрню, ваконніцы пазапіраць.
Рыгорка з таварышам сваім Іцкам швыдка шавяліліся ля шырокага чорнага стала, уквэцанага ў лой, дзёгаць і пшанічнае цеста і закладзенага гарою выцяжак.
Як верацёны, снавалі яго худыя, сытыя ад тлустасці рукі, перакідаючы на стале кучы слізкіх мазаных выцяжак.
Час ад часу хлопчыкі пазіралі на столь, чорную, заплеснявелую ад бруду, дзе ляжалі на бальках роўнымі радамі латы, пакручвалі сярдзіта голавы і, злуючы, перашоптываліся.
Я сачыў болей за Рыгоркам, як любімым мною хлопчыкам, і мне станавілася шкода маленькага заморанага стварэння, ад дзесяці гадоў аддадзенага вучыцца гарбарскаму рамяслу. Ад першай нядзелі, толькі Рыгорка папаў у гэту майстэрню-турму, ванючую і гразную, ён як скамянеў: спыніўся ў росце, схуднеў, пасумнеў, і цэлыя тры гады пракацілася, а хлопчык аднакавы: ні ўгору, ні ўніз. Маладое далікатнае цельца Рыгоркі напілося поўна дзёгцю і лою, на цаль абрасло гразёю і пабілася на буйную чырвоную высыпку. Сіненькія зырклівыя вочкі яго ўціснуліся глыбока ў ямы, як у норы, пасінелі і пасохлі губкі. Здавалася, што Рыгорку не па сіле насіць на сабе цяжару падранае бруднае кашулі з тоўстага шарачку, шырокіх бацькавых портак і вялізарных, як вёдра, башмакоў.
- Колькі табе, Рыгорка, плаціць гаспадар? - зацікавіўся я.
- Э, нямнога - усяго чатэры рублі ў месяц, - ахвотна адказаў ён.
- А што твае бацькі робяць?
- Мала што. Маці вось таргуе яблыкамі, а бацька балаголам зарабляе.
- А заработак нічога? - пытаў далей я.
- Гэта як пападзецца: бывае больш, а бывае і менш, - лепятаў весела Рыгорка.
- А братоў ці сёстраў маеш?
- Сясцёр німа ніводнае, а на браты дык багаты: цэлых сем. Старшыя два ўжэ жанаты і аддзелены ад нас, а адзін у салдатах служа, трэйцяму ізноў на восень на прызвы; а я вось сюды папаў; а два яшчэ меншыя за мяне - то яны гуляюць.
- Мусіць, цяжкавата жыць з такою сям'ёю?
- Э, нічога, не вельмі, - махнуўшы рукою, прапяяў Рыгорка, і ў яго голасе ды ў самом маху худое ручкі сказалася вольнае бесклапоцце і верная надзейнасць на міласлівае жыццё. - Хлеба купляем, за хату выплачваем, як-небудзь і пражываем... А патом у дзядзькаў ні за што не будзем падмогі прасіць.
Я зацікавіўся і гадаў сам з сабою, якіх гэта і к чаму ён прыплёў сюды дзядзькоў.
- Што-што, якіх дзядзькоў? - паспяшыў пераняць я Рыгорку.
- Да гэта, ведаеце, у нас ёсць дзядзькі, ліха іх мацеры, калом ім магіла, багатыя вельмі. Бацька наш з імі і сустрэцца нават не хоча.
- Чаму?
- Чаму? - ды таму, знаеце, што гэта гады, апошнія людзі-зладзеі. Яны згубілі нас, заграбілі. Ведаеце, пакойнік дзед, уміраючы, запісаў для ўсіх трох сваё дабро, бач, майму бацьку і двум яго братам, вось яны, браты бацькавы, згаварыліся між сабою і рашылі майму тату нічагуткі не даць... Пайшоў суд - і там за іх высудзілі - вось цяпер яны панамі жывуць, а нам прыходзіцца цярпець, мучыцца...
Загарак прабіў сем, і я весела кінуў работу, а Рыгорка з таварышам асталіся яшчэ: ім трэ было вешаць і мачыць белы тавар.
А на дварэ цямнела.
Калі я выйшаў з майстэрні, Рыгорка завёў вясёлую некую песеньку сваім слабым прыдушаным галаском; я аглянуўся назад: ён тарчаў у акне і вешаў выцяжкі.
- Дабранач! - пракрычаў ён мне ўслед.
- Бывай здароў! - адказаў я.
Я схаваўся за брамаю, на вуліцы, і ўсё яшчэ да маіх вушэй даходзіў зык песні, якую весела за работаю пяяў Рыгорка.
(1911)