У прасторы (1926)/Сельсаветчыца Параска
← Вёска ў горадзе | Сельсаветчыца Параска Апавяданьне Аўтар: Ілары Барашка 1926 год |
СЕЛЬСАВЕТЧЫЦА ПАРАСКА
Парасцы Буханец каля сарака год.
Сёньня Параска працуе ў сельсавеце, зьяўляючыся старшынёю яго.
Шмат гора ўбачыла за сваё жыцьцё Параска, але перажыла.
Сёньня для яе — новае жыцьцё, поўнае радасьці, жыцьцёвай заботы, і заботы ня толькі за свой, але і за дабрабыт сялянства ўсяго сельсавету, у якім працуе Параска.
Параска аддае ўвесь свой розум, усе свае сілы на карысьць другіх.
За гэта ёй — дзякуй ад працоўных, за гэта ёй — падзяка ад Савецкай улады.
Параска — вядомы чалавек усяму сельсавету, усяму раёну.
Спляталася жыцьцё Параскі — нібы павуціна.
Вось паслухайце пра яго, даведайцеся аб ім.
I
Параска — дачка беларускіх палеткаў, гаёў, імшыстых балот.
Яна — дачка беднага селяніна вёскі Пчаліны.
Бацька яе, Якім Буханец, памёр, калі ёй было ўсяго шаснаццаць год.
Матка памерла раней.
Дый пасьля сьмерці бацькі яна была гаспадыняй у хаце, даглядаючы трох, меншых за яе, дзяцей Якіма.
Ня бачыла Параска сьвету, вечна праца ў хаце ля печкі, пры калысцы, нянчучы малых дзяцей.
І расла яна горам апранутая, сумная, гарапашная.
І, ня гледзячы на працу і нуду ў жыцьці, нібы прыгожы васілёк, з усіх бакоў агорнуты калосьсямі збожжа на вузенькай гоні Якіма Буханца, вырасла Параска прыгожай, статнай дзяўчынай.
Румяная, белакурая, вочкі з блакітным адлівам, такая зграбненькая, бы ластаўка, вечна з песьняю на вуснах — такою была Параска ў моладасьці, будучы дзяўчынкай…
Астаўшыся без бацькоў, у такім маладым узросьце, з малымі дзяцьмі, ня ведала, што і рабіць Параска.
Пакуль у клеці было леташняе збожжа, не бедавала яна. Так прашло месяцы з чатыры, але выхаду шукаць было трэба.
І ёй на помач прышлі яе дзядзькі, сасватаўшы яе за сынка аднаго заможнага селяніна, маючага дзесяцін з дваццаць зямлі, якому патрэбна была ў хату працаўніца.
Ці спадабаўся Парасцы тады яе муж, ці не — няведама.
Аднак, праз тыдні тры вясельле адбылося, і Параска з малодшым за яе братам Янкай, пашла жыць на гаспадарку свайго мужа, Ігната Баханко, а гаспадарку Якіма Буханца падзялілі між сабой яго браты, дзядзькі Параскі, узяўшы пад сваю апеку да сябе двух меншых дзяцей Якіма — пяцёхгадовага Антося і трохгадовую Марысю.
Выхад быў знойдзены…
II
Дваццаць год пражыла Параска са сваім мужам Ігнатам, дваццаць год насіла яна прозьвішча — Баханко, дваццаць год працавала ў гаспадарцы.
Гэтыя дваццаць год выматалі з яе ўсе сілы, усё здароўе. З маладой, прыгожай дзяўчыны нічога не засталося, акрамя ласкавага погляду блакітных, вялікіх, запалых у ямачкі вачэй.
У першыя гады жыцьця з Ігнатам жылося ім нішто — добра. Хоць працавалі зранку да позьняга вечару.
Але падрасьлі малодшыя браты Ігната, ажаніліся, вось і прынілося дзяліць зямлю.
Падзялілі.
На Ігнатаву долю прыпала пяць дзесяцін зямлі і пуня.
І прышлося з пуні будаваць хату.
Ледзь-ледзь, але пабудавалі.
І тут ужо пачынаецца іншае жыцьцё для Параскі.
Муж яе — Ігнат — гультай, і яна адна з малымі дзеткамі вяла гаспадарку.
І хатнюю работу трэба справіць, і на поле пасьпець, і дзяцей дагледзіць — усё чыста ляжала на плячох нашае Параскі.
Працавала — бы вол.
І адкуль толькі сілы браліся — нямаведама!
Працуе Параска з дзяцьмі, паедзе Ігнат у горад — збожжа ці дровы прадаць ды газы альбо солі купіць, а якраз наадварот — дровы, дык прадасьць, а сам п‘яны прыедзе.
Зальлецца сьлязьмі Параска, высушыць хвартухом вочы ды зноў за працу: само ня зробіцца…
Уся вёска ведала пра такое жыцьцё, але вялікая бяда, — якое дзела цэлай вёсцы да Параскі….............
Надыходзіў сёмы год Рэволюцыі Кастрычніка.
Параска, навучаная горам, працай, зжылася з Савецкай уладай, параднілася.
І чаму-ж не парадніцца?
Савецкая ўлада — улада самых рабочых і сялян; я сялянка — значыць, я і ўлада — вось вывад, зроблены Параскай майму таварышу.
Зьмянілася было крыху за шэсьць год рэволюцыі жыцьцё Параскі.
Дзеці падрасьлі, старшаму пятнаццаць лічылася, зямлі ‘шчэ з дзесяцінкі са тры атрымалі, гаспадарку на ногі паставілі, Ігнат піць перастаў, але затое гультаём тым самым і астаўся; куды ні павярні — усё адна Параска.
Жыцьцё навучыла яе быць грамадзяньніцай.
«Ведала, што аднэй цяжка справіцца ў гаспадарцы — сябром камітэту ўзаемадапамогі была, а праз гэта дапамагаў ён ёй. У коопэрацыю запісалася — куды прадавала сваю тканіну і ніткі; чаго ня ведае — у сельсавет за радаю ідзе.
І ўсюды ёй дапамагалі, бо ведалі, што яна адна, прытым кабета.
III
Прышлі выбары.
У часе выбараў беднякі выдзьвінулі ў сельсавет Параску, ужо як адну з актыўных грамадзянскіх працаўніц, бо да выбараў яна была старшынёю Сялянскага Камітэту Узаемадапамогі.
Кандыдатура прашла аднагалосна.
Пасьля выбараў ідуць Ігнат з Параскай дахаты. Надзьмуў нос Ігнат.
Сёньня ён злосны.
— Параску выбралі ў сельсавет, — разважае Ігнат, — працаваць ёй у Сельсавеце, а мне, значыць, заместа Параскі ў поле прыдзецца ісьці, дурань я, ці што?
Прышлі ў хату.
Вось тут і наваліўся Ігнат на Параску.
— Выбралі, выбралі, падумаеш, ня пушчу нікуды, у хаце працаваць павінна.
Параска перш адказвала:
— Раз выбралі, значыць і працаваць трэба! Ты-ж, Ігналька, у хаце чаму нічога ня робіш! Я і ў полі цэлы век, і дзяцей даглядаю, і тку, а ты толькі і ведаеш, што на печцы спаць ды да суседзяў хадзіць самагонку з надтайку смактаць!
Ня ўзьлюбіў праўды Ігнат.
Зьбіў на чорнае яблыка Параску.
Ды пад канец бойкі:
— Ня трэба мне такую жонку, к ліху яе, я такую вазьму, што працаваць на мяне будзе. Непатрэбна ты цяпер мне. Калі будзеш працаваць у Сельсавеце — развод павінен буду ўзяць з табой. Ідзі на ўсе чатыры бакі. Ня трэба такая!
Залілася сьлязьмі Параска, плакала доўга, выліла ў сьлязах усё сваё гора, гора прыгнечанай гультаём мужам кабеты.
Нарэшце парашыла:
— Раз развод, дык развод, усё роўна за Ігнатам абрыдла жыцьцё, хоць у магілку жыўцом лезь… аднак, што яна будзе рабіць далей, — разважала яна — па разводу? Дзе прытуліцца? Як быць з дзяцьмі? Дзе іх пакінуць?
Куды самой ісьці?..
IV
Чуць устаў раніцой Ігнат, зноў тое самае.
— Ідзем браць развод, дый толькі!
— Нічога ня зробіш! Раз развод хочаш, ідзем браць развод! Паглядзім! — супакоіўшыся крыху, адказала Параска.
Пашлі!
Развод узялі ў той-жа дзень.
Пасьля разводу Параска атрымала зноў сваё прозьвішча — Буханец.
Ішлі да дому моўчкі.
Недажатае гоня пацягнула да сябе Параску, яна пашла канчаць яе, — Ігнат-жа пашоў да суседзяў….............
Вечарэла. Прышла Параска да хаты. Тыц у дзьверы, а яны на зашчэпцы.
Зноў залілася сьлязьмі Параска.
А Ігнат п‘яны праз акно:
— Ідзі, куды хочаш. Ты мне ня жонка.
Так і ня пусьціў.
По-начы кінулася Параска пяхотай у Раённы Выканаўчы Камітэт.
Шмат ісьці прышлося… вёрст з дваццаць.
Але да раніцы прышла.
Там, у Райвыканкоме, далі ёй раду падаць заяву аб выдзеле з гаспадаркі Ігната, на які яна атрымала права сваёй дваццаці гадовай працай.
Заяву падала.
Доўга чакаць ня прышлося. Па пастанове Раённай Зямельнай Камісіі яна па суду атрымала выдзел — чатыры дзесяціны зямлі.
V
Вас мо‘ цікавіць, як жыве Параска цяпер?
Дык вось слухайце — з яе ўласных слоў:
— Жыву я цяпер з сынам-комсамольцам, якому ўжо семнаццаць год.
Цяжка прыходзілася пасьля разводу.
Жыла ў настаўніка нашае вёскі. Добры чалавек, прытуліў мяне.
На старасьці гадоў грамаце вучыў. За поўгода пісаць і чытаць навучылася.
На выдзеленай зямлі хату пабудавала; лесу Камітэт Узаемадапамогі даў.
Гора навучыла мяне жыць. Цяпер я на справе, ўбачыла, што толькі Савецкая ўлада апякуецца над працоўнымі, не дае ім загінуць.
Вы пытаецеся пра Ігната?
П‘яніца быў, п‘яніцай і застаўся — з дзеўкай з суседняе вёскі жыве, цяпер шкадуе, што разышоўся/
А я цяпер старшыня сельсавету, сябра Райвыканкому.
А праўду казаць — баяцца самагоншчыкі мяне, — дзе ні даведаюся, усё роўна накрыю.
З беднякамі і сераднякамі жыву душа ў душу. А іх у нас большасьць.
Стала граматнай — сьвет другі адчыніўся.
Кніжкі чытаю, у газэту пішу.
Комсамольскую ячэйку ў нас, у вёсцы, з сакратаром сельсавету організавала, з жанчынамі сходы праводжу.
Наладзіла так, што настаўнік для сялян газэту чытае.
Хату-чытальню адчынілі.
— А, цётачка, комуністка, ці не? — пытаецца мой таварыш.
— Пытаецеся ці я комуністка? Покуль што — не, але на сходы ў ячэйку хаджу. Некаторыя з сялян сьмяюцца, што я, старая, комуністкай хачу стаць, а мне — што? Я ведаю, што трэба, каб усе сяляне — беднякі і рабочыя комуністымі былі, тады шпарчэй мы новае жыцьцё пабудаваць зможам! — весела адказвала Параска Буханец.