У рэдакцыі «Маланкі»
У рэдакцыі «Маланкі» П’еса Аўтар: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі 1926 год Крыніца: Часопіс «Беларускае слова», № 7, 22 сакавіка 1926 г., б. 4 |
РЭДАКТАР (ня зіц, а фактычны).
МАКАР (без цялятаў).
ЗВОНЧЫК (спэц-фэльетаніст і інш.)
МОНВІД (карыкатурыст, пісьменнік і інш.)
ІНШЫЯ СУПРАЦОЎНІКІ, ПАЭТЫ, АДМІНІСТРАТАР, КАРЭКТАР (усяго лікам ня больш як 2.)
Памешканьне рэдакцыі, на гэты раз, у пакоі рэдактара, бо тое памешканьне рэдакцыі, што паказана ў „Маланцы“, занята якраз паседжаньнем „сфэраў“, якія даюць „Маланцы“ грошы. Пасярэдзіне стол, два крэслы; ложка; на сьценах партрэты Маркса і Леніна; каля сьценаў груды вышаўшых нумароў „Маланкі“, якіх ніхто ня купіў.
Рэдактар і ўсе супрацоўнікі, апрача Монвіда.
РЭДАКТАР. (Ходзе па пакою, грызе пазнокці і хмура паглядае на супрацоўнікаў, якія туляюцца па куткох ўбіўшы вочы ў зямлю. Усе—маркотныя і кураць).
Нешта зблякаваў наш гумар…
А тут на чарговы нумар
Матэр‘ялы трэ‘ ўжо даць…
Што рабіць? Макар, парадзь!
Вось ты, стары журналісты
Можам быць і гумарыстам.
Дык, браточак, не лянуй,
Вершык нейкі сфабрыкуй,
Чытачоў і нас пацеш…
- МАКАР (хмура).
Ня выходзе, хоць ты рэж!
Я і то ужо стараўся,
Круціў мазкі, высіляўся;
Ня спаў ноччу, пацеў ўдзень,
Што ні возьмеш—усё дрэнь!
- РЭДАКТАР (садзіцца за стол і падпірае галаву рукамі).
Кепска стаяць нашы справы…
Як ня даць „Маланцы“ стравы,
Ня даць нумар як-небудзь,
— Па шыі нам усім дадуць…
(Усе сумна маўчаць).
- ЗВОНЧЫК.
Я тэму фэльетону маю:
Вось Паўлюкевіча аблаю…
- РЭДАКТАР (кісла).
Фэльетон? што фэльетон!
Ужо усім прыеўся ён!
Пішаш іх на трафарэт;
Есьць брахня, дасьціпу—нет!
- ЗВОНЧЫК (абіжаны).
Што-ж: магу і не даваць…
- РЭДАКТАР (нецярпліва).
Не, не! Будзем друкаваць!
Матэр‘ял-жа, як-ні-як,
А на бязрыб‘і рыба й рак.
Паўлюкевіч цяпер у модзе,
Лупі яго ўва ўсю дый годзе!
Аднак-жа фэльетону мала…
Болей дзе ўзяць матэр‘ялу?..
(Упаўголаса сумна пяе на матыў
„Gdybym rannym słonkiem“:)
Каб мне далі волю,
Паэтаў ўзяўбы болей.
Можа б хто ўдаўся,
Дасьціпны аказаўся,
Гэтыя-ж што маю
Іх дарма трымаю,
Усе яны—
Балваны.
З імі—ў сэрцы нудна,
На душы паскудна…
Думка быццам пуд,
Ціснець цемя тут:
Скуль-бы тэму ўзяць
Што-б тут напісаць?
Эх! што напісаць?..
(З анекам канчае; усе панура маўчаць і шмыгаюць насамі).
- МОНВІД (ўбегае, сьпешаецца; нахаду цісьне руку рэдактару, супрацоўнікам).
Што сумны ўсе, як фрасунак?
Грошы ёсьць? Мне за рысунак
Вось аддайце. Толькі хутка…
- РЭДАКТАР (перабівае).
Заўжды старая пагудка:
Жонка вось ў кафэ, чакае,
Грошаў плаціць не хапае,
Скандал словам—што крый Бог!
Ты ю вось лепей нам памог:
Жартаў некалькі-бы даў,
Бо наш гумар падкачаў,
Ня выходзяць, хоць ты трэсьні—
Жарты н‘ат, ня толькі песьні!
- МОНВІД.
Ня маю часу сам пісаць.
Затое—раду магу даць:
Дасцьпу вам не дадзен дар,
Дык мо‘ паможа календар?
Расейскі сьценны вы вазьмеце,
Жартаў шмат у іх знайдзеце.
Пераклаў на нашу мову,
Вось ўся штука і гатова!
- РЭДАКТАР.
Ужо з усіх мы скарысталі,
Якія толькі дзе дасталі
А цяпер вось: стоп, машына!..
- МОНВІД.
І гэта суму не прычына!
Шукайце старыя „журналы“,
Вось і будуць матэр‘ялы!
А далей—прыклад трэ‘ ўзяць
З „Сатырыкону“ і пісаць
Вершам хроніку, партрэты…
- РЭДАКТАР (радасна ускочыў).
Вось дык праўда, далібог!
Дзіўна: як дасюль ня мог,
Ніхто дадумацца тут з нас?
(Супрацоўнікам)
Бяжыце-жа усе раз-раз
Гэтыя шукаць „журналы“,
Дый пісаць з іх матэр‘ялы.
Дастаньце „Сатырыкон“
За абразец нам будзе ён.
Мой наказ паэтам ўсім:
Каб усё было як у ім!
Монвіду ад ўсіх падзяка,
Ратаваў нас небаракаў!
- УСЕ (хорам).
Ура! Брава, Монвід, брава!
Ад імя „Маланкі“ слава!
Аднэй радай ты ўраз
Выбавіў з клапоту нас!
З тваей ласкі сапраўды
З гэтай вылязем бяды.
Як „Маланка“ выйдзе „шык“—
Будзе з нас табе „фрыштык“!
Усе ціснуць яму руку; Макар (без цялятаў) цалуе. Заслона ціха спаўзае).
Гэткім вось „Маланка“ чынам,
Едзе ўжо па новым шынам.
Частуе нас матэр‘ялам,
Што па старым ёсьць „журналам“.
Мазьню нейкую зьмяшчае,
Па старому — на нас лае…
І абдзёршы нас як ліпу—
Не нажыла усё-ж дасьціпу!
Пра партрэты-ж скажам тут:
Не малюнкі, проста: бруд!
Б. Д.—П.