У справе рэформы кірылаўскае азбукі

У справе рэформы кірылаўскае азбукі
Мовазнаўчы артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926/1927 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12, ліпень 1926-сакавік 1927 г., б. 60-66

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Ластоўскі.

У СПРАВЕ РЭФОРМЫ КІРЫЛАЎСКАЕ АЗБУКІ.

Рэвізія ўжыванай у нашай пісьменнасьці кірылаўскай азбукі, безумоўна справа ўжо даўно насьпеўшая.

Абасьпечаньне літэратурнай мове варункаў здаровага разьвіцьця ў значнай меры залежыць ад добрага дапасаваньня пісьменных знакаў да гукаў жывой мовы і ўстаноўленьня, згоднага з фонэтыкай і гісторыяй, правопісма. Ад гэтых двох аснаўных момантаў залежыць найважнейшае ў жыцьці мовы, а ласьне—магчымасьць дасканаліцца ей у кірунку стройнасьці і мілагучнасьці.

Людзкая мова ёсьць явішча ня толькі анатомічна-фізычнае, але такжа—духовае, псыхічнае. Гук з пункту гледжаньня фізыкі і з пункту гледжаньня граматыкі—гэта дзьве саўсім рожныя справы.

Гук людзкой мовы перадаецца на пісьме прынятымі знакамі—лігарамі. Літары ў свой чарод маюць дзьве стараны—зьнешную і ўнутраную. Зьнешная—гэта іх форма (фігура), ўнутраная старана пісьменных знакаў, гэта іх стылізація і гісторыя. Як зьнешная так і ўнутранная староны літар маюць зьвязь з псыхікай чытача.

Паложаная ў аснову крывічанскай (беларускай) пісьменнасьці кірылаўская азбука ў яе „гражданскай“, ці больш правільна рэнэсансавай стылізаціі—пры рэформе, а не рэволюціі, не вымагае замены на якую колечы іншую (скажам лацінскую) азбуку. Пераход безмала тысячалетняй крывічанскай пісьменнасьці на другую азбуку, гэта „царскае сячэньне“ на якое можна наражаць толькі хворы аб’ект, калі ён знаходзіцца паміж жыцьцём і сьмерцю. Здаровы арганізм нашай адраджаючайся пісьменнасьці няможна наражаць на непатрэбную яму „опэрацію“, бо гэта аслабіла-бы малады і поўны энэргічнага разросту арганізм, прывяло-бы яго да немінучага цяжкога занепаду і да неаблічальных у скутках комплікацій.

Затое, як вышэй было сказана, рэвізія кірылаўскай азбукі, дзеля лепшага яе дапасаваньня да гукаў жывой мовы і новачаснай пісьменнасьці, ёсьць адно з найпільнейшых бягучых заданьняў нашага мовазнаўства. Маладая ростка з тысячалетняга пня сільна і здарова буяе, але вымагае ад навукі, як ад добрага садоўніка, каб апошняя выправіла і афармавала каронку, каб у будучыне дрэва расло ня толькі магутна але і стройна.

Кождая літара зьяўляецца умоўным знакам для перадачы гуку жывой мовы; яна, бяручы фізычна, не перадае і ня можа перадаць усіх адценкаў і вібрацій голасу пры зьменах, якія наступаюць калі мы вымаўляем словы; пісомы знак, на мове граматыкі, гэта толькі прадстаўленьне аб даным гуку, або групе жывых гукаў. Напісаны намі, прыкладам, знак „а“ служыць для абазначаньня цэлай гаммы блізкіх яму гукаў ао, ае, аё, аі, аы.

Такі самы характар маюць і ўсе іншыя галосныя літары. Прыкладам мы ўжываем цяпер для абазначаньня „ітавых“ гукаў тры літары: і, й, ы; і гэта не знача, што паказанымі трымя знакамі вычэрпуецца ўся гамма „ітавых“ гукаў якія маюцца ў нашай мове: для аднаго ўмоўнага „і“, каб вычарпаць усе яго адценкі ў жывой мове патрэба былобы 6-7 знакаў.

Гісторыя разьвіцьця пісьменнасьці паказуе нам, што ў першапачатным герогліфічным пісьме ўжывалася надта многа, цэлыя тысячы знакаў. Гукавое пісьмо, зьменшыўшы лік знакаў, патрэбных для перадачы паняцьцяў, а гэтым самым аблягчыўшы граматнасьць, лёгка выціснула гэрогліфічнае пісьмо. У меру поступу цывілізаціі тэхніка пісьма дасканалілася, і, разам з гэтым, лік літар стала памяншаўся ва ўсіх азбуках. Прыкладам, стараславянскае пісьмо патрэбавала больш літар чым „гражданка“, а гражданка, ў свой чарод, імкнецца да рэдукаваньня ўжываных ею знакаў. Чым меншая азбука тым лягчэй навучыцца пісаць і менш завілай становіцца граматыка.

З паміж знакаў нашай азбукі ў першы чарод павінна быць перарэформавана група галосных літар. Гэтых літар цяпер маецца дванадцаць: а, о, у, ў, е, ё, э, і, й, ы, ю, я; падзяляюцца яны на цьвёрдыя (а, э, ы, о, у), мяккія (я, е, ё, ю, і) і поўгалосныя (й, ў). Цьвёрдыя галосныя (акром замены э на е) ніякай перапраўкі не патрабуюць; „мяккія“ — ж, якія распадаюцца на тры группы „ітавых“ (і, ы), „іотаваных“ (я, е, ё, ю), а такжа „кароткіх“ (й, ў), павінны быць перагледжаны. Найперш затрымаем мы сваю ўвагу на т. зв. „іотаваных“.

Группа „іотаваных“ знакаў зьяўляецца ў нас такім самым перажыткам, як у расійскай азбуцы, да нядаўна яшчэ, былі ѣ, ъ, а раней ѳ, ѵ і каторыя саўсім слушна цяпер выкінуты з азбукі. Ад нестачы павыжшых знакаў расійская азбука і пісьменнасьць ня толькі нічога не страцілі, але значна выйгралі. У нашай азбуцы „іотаваныя“ знакі непатрэбны баляст, які перашкаджае ў навуцы пісьма і награмаджае лішнія труднасьці ў правопісьме; ў дадатку тушуе фонэтыку жывой мовы, а ласьне галосныя дыфтонгі.

Ва ўсіх стараславянскіх рукапісах, на мейсцы я, ю, е мы знаходзім , ю, ѥ, г. зн. падвойныя літары, злучаныя, зьвязаныя паміж сабой тоненькай рыскай, а ёсьць некатарыя рукапісы XII-XIII ст, дзе „і“ нават рыскай не прылучана да чародных а, о, е. На гэтай падставе вядомы нямецкі славіст, праф. Абіхт, утрымліваў, што першавучыцялі славянскія Кірыл і Міфод, у зложанай імі славянскай азбуцы, не ўстанавілі вязаных літар, што вязаныя славянскія літары ёсьць вытвар не граматыкаў, а, галоўна, перапісчыкаў кніг, каліграфаў, каторыя любілі вязаць літары імкнучыся да аздобнасьці пісьма. Перапісчыкі вязалі ў адну фігуру ня толькі часта побач сустрачаныя „іотаваныя“, але такжа і другія літары, прыкладам: ть, тъ і інш.

Рукапісная славянская кніга наражана была ва ўсякія каліграфічныя экспэрымэнты шэсьць стагодзьдзяў да першадрукаў. Першыя кірылаўскія друкі паяўляюцца ў канцы XV ст., але друкарства запраўды пачало конкураваць з рукапіснай кірылаўскай кнігай толькі пад канец XVI ст., дый то сьпярша ледзь займаючы віднае мейсца побач ручнога перапісываньня; апошняе саўсім замерла ў нас толькі ў другой палавіне XIX ст., Перапісчыкі на працягу тысячалецьця мелі сьпярша выключна, а пазьней паўзьбежна з друкамі, шырокае поле для сваей стылізатарскай і каліграфскай прадукціі, нямаючай нічога супольнага з ніякай фонэтыкай. Першапачатны выразны бізантыцкі стыль „устаў“, каторы быў прыняты ў аснову кірылаўскіх літар, падлягае грунтоўным пераменам у часе рэнэсансу, чаму могуць быць прыкладам прыгожыя скарынаўскія літары. Яшчэ большыя зьмены ў іх стылізаціі наступаюць пад уплывам стылю барокко, пры якім паяўляецца ўжо завілая, выкрутасная скорапісь. У гэтым чарадаваньні стыляў і была зацерта першапачатная яснасьць складовых часьцей „іотаваных“ літар, у якіх саўсім яўнае і выразнае „і“ мала памалу становіцца „скрытым“.

Літара „і“ перад а, о, е, у ва ўсякай кірылаўскай азбуцы мае заданьне мякчыць наступаючыя пасьля яе галосныя гукі гэтак: і+а=я, і+э=е, і+о=ё, і+у=ю. Калі цяпер мы пішам і вымаўляем „іотаваны“ гук, мы, дзякуючы затрачанай фігуры іх складовых часьцей, забываем, што гэтыя „мяккія“ галосныя не з прыроды сваей такія, а зьмякчоныя а, о, у, е пры помачы скрытага ў іх стылістамі і рэформатарамі знаку „і“. Такое скрытае „і“ ў „іотаваных“ зьяўляецца вялікай абузай пры навучаньні граматыкі (прыклад дае Я. Лёсік: „Ў справе рэформы нашае азбукі“ бал. 8). А галоўна тое, што знакі са скрытым, стушаваным „і“ не падыходзяць да жывой мовы, бо ў нас на мейсцы я, ю, е, ё істнуюць дыфтонгі, каторыя пры пісаньні адным вязаным знакам заціраюцца. Кажуць: міера, віера, ліепіей, ліудзі, сьвіедкі, піершы міарліец, віарзіе, ліевы, ліон, іон, кліон, віеціар, і дзеля гэтага тут павіна стаяць яўна выдзеленае „і“ перад а, о, у, е (=э)для мякчэньня гэтых гукаў, і, ў злучнасьці з імі, для адзначаньня вельмі, цэнных для акцэнтаціі мовы, дыфтонтаў.

Знак „і“ зьмякчае ня толькі галосныя, але такжа і зычныя; гэта бывае ва ўсіх тых здарэньнях калі зычныя стаяць перад „і“, прыкладам: віджу, пішу, піва, ліст, кірую, бірка, мігаю, зіма, кінь фігура, хіба.

Гук „і“ мае і яшчэ адну цікавую асобнасьць, свомую і другім галосным (а ласьне гуку „у“), што калі ён стаіць пасьля галоснага, то заўсёды вымаўляецца коратка, г. зн. асымілюецца, зьліваецца з папяраджаючым яго галосным гукам, творыць дыфтонг, прыкладам: ваіна, прыішоў, гоікае, леіка, дыі, моі, крыі, твоі, даі, своі, гаі, вііся, веікі, міеісца; таксама і гук „у“ стоючы пасьля галоснага гуку асымілюецца з папяраджаючым яго галосным: меў, вёў, хадзіў, хаўтуры, воўк, мовіў. Гэта асобнасьць галосных „і“ і „у“, іх здольнасьць асымілівацца пасьля галоснай, распашыраецца такжа і на злучы, бо мы гаворучы не адрываем востра адно слова ад другога, як то робяць прыкл. ангельцы або немцы, але лучым іх з сабой; нашы органы мовы, канчаючы гук сказаннага ўжо слова, гатуюцца вымавіць наступны гук і то найлягчэйшым для сябе спосабам: чарадуючы, згодна законам рытмікі, пасьля доўгіх кароткія гукі. Гэта ёсьць жалезны, нязьменны закон нашай мовы і дзеля гэтага ні для асымілятыўнага „у“, ні для асымілятыўнага „і“ ў нашай азбуцы непатрэбны ніякія асобныя знакі. Яны такімі самі сабой робяцца калі стаяць пасьля галоснай.

Гукі“ асымілюецца з наступнай галоснай у пачатку слоў: іакі, іон, іама, іеміенны. Тут дзействуе той-жа закон што і вышэй.

Калі мы дагэтуль прызнавалі патрэбным мець скрытае „і“ ў—я, ю, е, ё для мякчэньня галосных і папяраджаючых зычных: мяне, цябе, людзі, левы, клён, а такжа ўжывалі „і“ для мякчэньня зычных (ніва, кіну, зіма), то, знача, ў нас даўно ўжо вырашана пытаньне, як і прыпомачы якіх знакаў, мякчацца зычныя. Яшчэ славянскія першавучыцялі устанавілі мудрае і простае правіла, якое кажа, што: ўсякая зычная перад „і“ вымаўляецца мякка, а калі мяккая зычная стаіць перад цьвёрдам гукам, то мякчэньке яе адбываецца пры помачы мяккога знаку (ь).

У першы чарод, у вініку сказаннага, ў нашай азбуцы павінны быць выкінуты „іотаванныя“ літары ю, я, е, ё, а такжа і літара э, бо кождае „е“ бяз і чытаецца цьвёрда. Замест ю будземо пісаць—іу, замест я—іа, замест ё—іо і замест э—е.

Адваротнае „э“ паявілася ў беларускай пісьменнасьці даўно. Мы яго знаходзім ужо ў сьпісках Кронікі в. кн. Літоўскага і ў некатарых дакумантах XVI ст. Мне здаецца, што паяўленьне адваротнага „э“ трэба тлумачыць простай нястачай палеографічнай веды ў тварцоў гэтага новага знаку. У першапачатнай кірылаўскай азбуцы знак „е“ азначаў цьвёрды гук; мяккім ён станавіўся толькі тады, калі да яго прыстаўлялі „і“ (ѥ). Грам. Лёсік проектуе замест знаку е увясьці „є“. Між гэтымі двумя знакамі ніякай рожніцы няма; абодвы яны адназначны і ўжываньне таго або другога, на мейсцы цяперашнага „адваротнага“ „э“ зьяўляецца адкрытым пытаньнем, якое, думаю, не сустрэне ніякіх перашкод для рэалізаціі яго.

У. другі чарод трэба выкінуць ў („кароткае“) і „й“(„кароткае“), Азбуку трэба скарачаць, а не расшыраць новымі дадаткамі.

Для кождай азбукі вялікая небасьпека яе знестылізація, бо пісаны знак мае ўплыў ня толькі на орган зроку, але і на псыхіку, дзействуе на нашае пачуцьцё эстэтыкі. Калі-бы мы, награмаджаючы лішнія знакі, ўвялі ў кірылаўскую азбуку лацінскае „j““, гэтым, апрача яе непатрэбнасьці, былабы нарушана яшчэ аднацэльнасьць композыціі кірылаўскіх літар, што сьвядома ці падсьвядома, заўсёды непакоіла-бы і дражніла чытача сваей дысгармоніяй. Між іншым украінцы былі раз увёўшы ў сваю азбуку лацінскую іоту. У 1870-1880-х годах друкавалася шмат украінскіх кніжак з лацінскай іотай, але, урэшце-рэшт, выкінулі яны яе, між іншым таму, што паходжаньне іоты (сягаючы праз лацінскую азбуку егіпецкіх герогліфаў) ёсьць фальлічнае, а гэта апошняе было прычынай да ўшчыплівых кпінак з боку яе праціўнікаў.

З ліку зычных найбольш пасьвячаецца ў нас увагі дыфтонгам, зложаным з д+з і д+ж. Дыфтонг д+з у цяперашнім напісаньні бывае цьвёрды (дзын, дзогаць, дзурчыць, дзыніць) і мяккі (дзед, дзеці, дзіва, дзядзька), дыфтонг д+ж бывае толькі цьвёрды. Дыфтонгі, выражаныя адным знакам, не належаць да практычных помыслаў, як мы гэта і вышэй бачылі на прыкладзе галосных дыфтонгаў (я, е, ю, ё). Праўда, у нас у азбуцы маюцца ўжо два зычныя дыфтонгі, выражаныя адным знакам, гэта „ц“, зложана з т+с і „ч“, зложанае з т+ш.

Дыфтонг, законсэрваваны адным знакам, заўсёды ўносіць непажаданае зацямненьне калі пераносяцца гукі жывой мовы на пісьмо, а апошняе, ў свой чарод, адбіваецца на граматыцы, каторая становіцца, дзякуючы гэтаму, надзвычайна скомплікаванай. Прыкладам мы пішам: гаворыцца, пішацца, даецца, бярэцца, стаўляючы два „цц“ на мейсцы „тьс“ і „тс“, або дваццаць, пятнаццаць, стаўляючы „цц на мейсцы дс, і, ў вініку, наша граматыка няможа нам вытлумачыць чаму „ццаць“ мы павінны лічыць скарочаным дзесяць. Гэтак сама мы не разрожніваем дыфтонгаў „дз“ з „дс“, пішучы: суседзкі, людзкі, гарадзкі, або гарацкі, люцкі.

Літара „д“, як ведама, перад цьвёрдымі гукамі вымаўляецца цьвёрда (дата, дом, дуля, дэка, дудкі) і тое-ж самае „д“ перад „і“ і „ь“ вымаўляецца мякка, але прыгэтым саўсім няма ў нас чыстага мяккога „д“, як прыкладам у расійскай ці лацінскай мове. Характэрная асобнасьць нашай мовы вымагае каб мяккое „д“ прыбірала заўсёды дзынячую тонацію, прыбліжаючуюся да дыфтонгу „дзь“ (але не тожсамую). Нашае мяккое „д“ ня ёсьць нават дыфтонг а толькі ёсьць гук мяккі, дзынячы, і, дзеля таго, што іншага мяккога „д“ у нас няма, дык няведаю, ці маюць рацію тыя, каторыя хочуць увясьці ў азбуку асобны знак для адрожненьня нашага мяккога „д“ ад чужога, ў данным здарэньні, практычна бяручы, для адрожненьня ад маскоўскага мяккога „д“. Мне здаецца тут ёсьць ламаньнеся ў аткрытыя дзьверы: мы хочам тварыць новы знак для адмяжаваньня ад саўсім неістнуючага ў нас гуку. Іначай кажучы, выходным пунктам для дыскусіі над беларускім мяккім „д“ для нас служаць ня гукі нашай мовы, а надварот—гукі і знакі якія маюцца ў суседняй, расійскай мове. Раз двох мяккіх „д“ ў мове няма, а адно, якое маецца, мае сваю характэрную вымову, то гэтай вымовы павінна навучыць граматыка, незалежна ад таго ці гэты гук будзе выражаны тым ці іншым знакам. Дзеля вышэйсказанага ня толькі няма патрэбы для мяккога „д“ уводзіць новы які знак, але нават няма патрэбы выабражаць яго дыфтонгам, пры помачы „дз“, як мы гэга цяпер робім.

Гэтак сама няма патрэбы з дыфтонгаў „дз“ і „дж“ утвараць адналітныя фігуры, а трэба пісаць іх як пісалі дагэтуль, пры помачы двох уходзячых у склад іх знакаў”)[1].

Беларуская (крывічанская) мова здавён-даўна не знала звонкага „г“. Грэцкае і гэбрайскае звонкае „г“ перакладалі глухім „г“: у найдаўнейшых кнігах пісалі: Галілея, Голгофа, ангел, архистратиг. У XV ст. чужое звонкае „г“ пачало прыходзіць да нас з жывых моў, галоўна з нямецкай, польскай, але перадусім з лацінскай, якая была выкладовай на зах. эўропэйскіх школах дзе пераважна адуковывалася тагочасная наша моладзь. З гэтай прычыны ў XVI ст. сталася модным адзначаць звонкае „г“, але адзначалі яго дваяка, адным знакам, „ґ“ і складным знакам „кг“. Апошняе, па мойму, больш раціональнае, бо мае падставу ў фонэтыцы жывой мовы, ў якой дужа спэцыфічна гучыць звонкае „г“, прыкладам: кганак, кгузік. Зрэшта гэтае мяккое „г“ сустрачаецца толькі ў некатарых чужаземных словах, для якіх утварэньне асобнага знаку не зьяўляецца пільнай патрэбай: старасьвецкае зложанае „кг“ знамяніта выпаўняе ўзложаную на іх службу. Урэшце, народная фонэтыка стала імкнецца чужаземнае звонкае „г“ заступіць глухім: цяпер у большасьці здарэньняў кажуць—ганак, гузік, географія і г. п.

Наша рэформаваная азбука павінна складацца:

з шасьці галосных (замест 12-ці); а, о, у, е, і, ы;

з дзевятнадцаці зычных (замест 23-х): б, в, г, д, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, ч, ш;

і мяккога знаку: ь.

„Дзэта“ (не мяккое „д“), „джэта“, звонкае „г“ павінны пісацца як і дагэтуль падвойнымі знакамі: дз, дж, кг.

Пасьля такой рэформы азбукі, пісоўня будзе выглядаць гэтак:

АПОКРЫФ. Ад Максіма кніжніка пачатак.

Калі скончыласіа сіем тысіач год ад ствареньніа сьвіету, Хрыстос ізноў зыішоў на зіамліу і хадіу па іоі, каб споуніласіа тоіе, аб чым казалі прарокі.

І хадіу іон па усіаму нашаму краіу: і па Міеншчыніе, і па Віліеншчыніе, і па Магіліеушчыніе і па Задьвінскаі зіамлі.

І разам з ім былі сьвіаты Піатро і сьвіаты Іуры. Аліе ніхто з ліудіеі ніе пазнаваў іаго.

Бо ішлі іаны босымі нагамі, з непакрытымі галовамі і былі адіеты у біелы кужаль, а ніе таго спадіавалісіа ліуді.

Таму ніхто не зьвіарнуу увагі на іх, калі у час жніва праходілі іаны між працуіучых ліудіеі.

Толькі музыка катораму ціапіер ніе было што рабіць падышоў да іх і сказау „Сорамна мніе, бо сіагоньніа—діень працы і усіе клапочуцца каліа іаіе; адін іа нікчемны чалавіек“.

І адказаў іаму Ісус, Ніе смуцісіа у серцы сваім. Ціж ніе тваіе песьні сьпіаваіуць іаны ціапіер у час жніва? Таму ніе схіліаі нізка галавы тваісі, і ніе хаваі твар ад вачеі ліудзкіх.


Цэлых безмала тысячу гадоў пісалі і друкавалі знак „и“ (восьмерычнае) для абазначаньня мяккога „ітавога“ гуку. Адраджэнчая наша пісьменнасьць з многіх мяркаваньняў гэты знак замяніла ў азбуцы другім мяккім „ітавым“, а ласьне знакам „і“ (дзесяцірычнае). Добра ці блага зрабілі тады, можна ацэніваць і так і гэтак, але паступілі саўсім лёгічна: ў азбуцы двох мяккіх знакаў для аднаго і тагож гуку ня трэба. Цяпер грам. Я. Лёсік проектуе увясьці ў азбуку чытаньне мяккога „и“ цьвёрда. Пры гэтым ён даводзіць, што „еры" вытварылася з і+ь. Такое цьверджаньне пярэчыць палеографіі, якая на тысячах прыкладаў паказуе што „ы“ вытварылася з і+ъ; дый лёгіка дыктуе, што ня можа з двох мяккіх гукаў зрабіцца цьвёрды гук.

Праўда „и“ (восьмерычнае) ўжываюць замест цьвёрдага „ы“ украінцы; на гэта ў іх была свая важная прычына, бо ў жывой украінскай мове, ў большасьці прыпадкоў, на мейсцы нашага мяккога гуку „і“ (=и) бывае гук цьвёрды: пышы, напысано; „нашы стары пысменныкы ужывалы цього самого правопысу“. І, вось, паводле праекту Драгаманава ў украінскай пісьменнасьці пачалі пісаць „и“ (восьмерычнае) надаўшы яму, згодна фонэтыцы, характэрную цьвёрдую вымову. Такім чынам было дасьцігнута украінцамі для іх вельмі цэннае, што ўсю царкоўна-славянскую старую пісьменнасьць стала магчымым чытаць украінскай вымовай. Цяпер ужо, ў новым украінскім пакаленьні, пераходзіць у пераконаньне, што ня толькі „цього самого правопису уживали в церковних книгах“, а што такжа, бытцам, ужывалі украінскай вымовы ў кроніках і статутах вял. кн. Літоўскага. Ведама-ж гэтае іх „пераконаньне“ не пацьвярджаецца гістарычнай філёлёгіяй, якая кажа выразна, што ў в. кн. Літоўскім пануючай мовай і вымовай была мова і вымова крывічанская (беларуская), а не украінская. Такі глыбокі знавец літары і слова, як акадэмік Ляпуноў, слушна кажа, што „ы“ павінна быць утрымана ў такім выглядзе ў якім яно прайшло праз гісторыю і я вітаю яго высокакомпэтэнтны осуд у гэтай справе.


Да рэформы цяперашняй нашай граматыкі, мушу зазначыць, што вялікім яе адступленьнем ад жывой народнай мовы ёсьць скрайнае аканьне. Дзякуючы скрайнаму аканьню жывая народная мова так сама астаецца непадобнай як да гістарычнай так і да цяперашняй нашай пісоўні.

У народнай мове выразнае „а“ сустрачаецца толькі пад націскам; ненаціскное „а“, перад „а“, ў чародным складзе, заўсёды вымаўляецца глуха, прыбліжаючыся да сярэдняга гуку між „ъ“ і „ы“: бырана, гырапашнік, гылава, кызакі, гэтыга, гыра, стырана, а нават—стырына.

Гэтак сама на мейсцы дыфтонгу „іа“(=я), вытваранага са ст.—слав. „е“, перад і пасьля націскных складоў з „а“ і „я“ заўсёды чуваць сярэдні гук між „ь“ і „і“: піравоз, сіляне, вірабей, на дарозі, у хаці, Вілія, вецір, жалім, восімдзісят, сімнадцаць, вірутны.

Гук „о“ ніколі не бывае чысты ў нашай жывой мове, ён заўсёды вымаўляецца як дыфтонг „уо“: буог, нуогі, руодны, даруогі, мнуогі, руогі, муожна, руожна, куонь і г. д.

Раздаюцца галасы за лацінку таму, што лацінкай піша ўвесь Захад Эўропы, што лацінка пранікае і ў Азію; магчыма, прыдзе час, што лацінка будзе сьветавой азбукай. Што-ж, калі ўся тэрыторыя б. Расіі прыйме лацініку, што не абойдзецца без папярэдніх канфэрэнцій, аб якіх і мы дачуемся, то тады прымем яе і мы. У кождым здарэньні ўводжаньне сягоньня ў нас лацінікі, мо і цікавая вівісэкція, але няхай іншыя пробуюць яе на сабе, а мы лепш пачакаемо і паглядзімо што з гэтага вынікне. У кождым здарэньні спэктатары на гэтым зкспэрымэнце больш выйграюць, чым той, хто будзе выконываць ролю опэраванага кроліка.

Зноскі

правіць
  1. З гэткім самым, калі ня большым, правам можна ўвясьці асобныя знакі і для некалькі дзесяткаў іншых зычных дыфтонгаў, як: пс, кс, кр, пр, др, бр і г. п.