У трохсотныя ўгодкі сьмерці вялікага канцлера Льва Сапегі

У трохсотныя ўгодкі сьмерці вялікага канцлера Льва Сапегі
Брашура
Аўтар: Мікалай Шкялёнак
1933 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. ШКЕЛЁНАК.



У ТРОХСОТНЫЯ УГОДКІ СЬМЕРЦІ

ВЯЛІКАГА КАНЦЛЕРА

ЛЬВА САПЕГІ.


ВІЛЬНЯ

1933.

М. ШКЕЛЁНАК.

У ТРОХСОТНЫЯ УГОДКІ СЬМЕРЦІ

ВЯЛІКАГА КАНЦЛЕРА

ЛЬВА САПЕГІ.

ВІЛЬНЯ

1933.

Адбітка з Гадавіка Беларускаго Навуковага
Таварыства, кн. 1.


Друкарня Я. Левіна Вільня, Нямецкая 22.

У трохсотныя ўгодкі сьмерці Вялікага
Канцлера Льва Сапегі.

У 1933 годзе мінае трыста гадоў ад дня сьмерці Вялікага Канцлера Літоўскага Льва Сапегі, згуляўшага ў гісторыі беларускага народу і культуры гэткую вялікую і дадатную ролю, што пара яго справядліва завецца «залатой».

Аб Сапезе захавалася да нашых дзён вельмі многа аўтэнтычных дакумэнтаў, на падставе каторых асабістасьць яго можна зусім выразна схарактэрызаваць, дэфінітыўна азначыць яго нацыянальнасьць і культурную прыналежнасьць. Між іншым, у гэтым артыкуле аўтар карыстаўся ў вялікай меры пісьмамі Льва Сапегі да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівілла. Пісьмы гэтыя, выдадзеныя ў VIII томе збору «Scriptores rerum polonicarium», маюць вялікую вагу дзеля пазнаньня асабістасьці Сапегі і прадстаўляюць гістарычны матэрыял першараднае вагі, бо, як слушна сказаў прадмоўца да ўспомненага збору, пісьмы вялікіх людзей эпохі Сапегі мелі шмат вялікшае значэньне, чым звычайная карэспандэнцыя. Яны былі свайго роду артыкуламі, у якіх даная асоба выказвала свае пагляды і давала рады па розным пытаньням дня. Пісьмы Сапегі, атрымліваныя Крыштофам Радзівіллам, датаго-ж ставаліся ведамымі і шырэйшаму агулу шляхты пры радзівіллаўскім двары, комэнтаваліся, выклікалі дыскусію і ў выніку крысталізавалі публічную думку. А зьмест пісем Сапегі асабліва цікаўны і вельмі добра характэрызуе Вялікага Канцлера, як абаронцу правоў Вялікага Князьства і панаваўшае ў ім беларускае культуры. Апрача таго, пісьмы гэтыя падаюць запраўдныя матывы паступаньня Сапегі ў розных важных справах. Гэтыя ўкрытыя матывы маюць далёка большае значэньне, чым штучна прыдумываныя пры афіцыяльных выступленьнях.

Леў Сапега жыў у эпоху, каторая ў гісторыі Беларусі можа быць названа эпохай рэфармацыі і познага гуманізму. Аднак, ня гледзячы на вялікі ўздым культурнага жыцьця, эпоха Сапегі мела ўжо ўсе зачаткі палітычнага і культурнага заняпаду. Асабліва вялікай заслугай Сапегі зьяўляецца іменна тое, што ён адзін ясна бачыў гэтыя прычыны заняпаду, перасьцерагаў перад імі сваё грамадзянства і, як мог, стараўся і параліжаваць.

Каб адзначыць трохсотлецьце сьмерці Льва Сапегі і даць запраўдны абраз гэтае нязвычайнае адзінкі, пяройдземо да агляду жыцьця і працы Вялікага Канцлера.

Сапегі—вельмі стары беларускі род, які быў у далёкай кроўнай сувязі з Гедымінавічамі і згуляў даволі важную ролю ў гісторыі беларускіх зямель ужо да XV стагодзьдзя. Паводле дакумэнтаў Мэтрыкі Вялікага Князьства Літоўскага, калыскай роду Сапегаў была Смаленшчына. Продкі Сапегі былі праваслаўнае веры, аб чым сьведчаць іх імёны: Семенъ, Иванъ (Ивашка), Богданъ, Глебъ і другія. Род Сапегаў быў, аднак, бедны, і Леў першы залажыў асновы яго пазьнейшае вялікасьці і магутнасьці. Бацькамі Льва былі: Іван Іванавіч Сапега, стараста дарагічынскі і ваявода падляскі († 1580 г.) і княгіня Багдася Друцкая-Сакалінская († 1584 г.). Радзіўся Сапега ў 1557 г. ў двары Астраўку і меў двух братоў: Грыгора, падкаморага аршанскага († 1600 г.), і Андрэя, які быў перш аршанскім старастам, пасьля віцебскім кашталянам і мсьціслаўскім ваяводам († 1611 г.). Акром братоў меў тры сястры.

Ідучы за тагачасным звычаем, бацькі аддалі свайго сына яшчэ колькігадовым хлапчуком на нясьвежскі двор вялікага магната Мікалая Радзівілла Чорнага, славутага апякуна беларускіх кальвіністаў. Тутака, у атмасфэры рэлігійных навінак, малады Леў хутка пакінуў старую рэлігію сваіх продкаў і прыняў кальвінства. Толеранцыя, якая панавала на нясьвежскім двары і ў якой гадаваўся Сапега, заклала ў яго душу глыбокія асновы рэлігійнае вольнасьці і не дала яму стацца, як гэта часта тады здаралася, фанатыкам свае веры. Князю Мікалаю Радзівіллу Чорнаму Сапега спадабаўся адразу сваімі здольнасьцямі, спрытам і глыбокай любоўю да свайго краю. Пазнаўшы маладога хлапца з найлепшага боку, Мікалай Радзівілл паслаў яго яшчэ трынаццацігадовым хлапцом на слаўны ў той час унівэрсытэт у Лейпцыгу. Тамака Леў, разам з сынамі Радзівілла, пільна студыяваў юрыдычныя навукі, клясыкаў і філёзофію, пазнаваў нямецкае жыцьцё і адначасна паглыбляў сваю веду аб уласнай бацькаўшчыне. Знаёмства з рэлігійнымі адносінамі на Захадзе яшчэ больш узмоцніла ў ім рэлігійную цярпімасьць.

Па сканчэньні навукі ў Лейпцыгу Сапега быў добра падгатаваным палітыкам, дыплёматам і выказваў шырокую і ўсебаковую эдукаванасьць. Вярнуўшыся з Нямеччыны, ён задзівіў Сьцяпана Батуру, перад якім бараніў справу свайго бацькі, дасканалай знаёмасьцю лацінскае мовы і —не бяз рады сваіх апякуноў Радзівіллаў—астаўся пры двары, каб сьцерагчы інтарэсы Вялікага Князьства. У 1580 г., на 23 годзе жыцьця, Сапега абняў урад сэкрэтара Вялікага Князьства.

Ня лёгка прыходзілася маладому Льву на новым становішчы і ў новым асяродзьдзі. З аднаго боку ня было для яго тайніцай, што польскія ўплывы штораз глыбей уразаліся ў жыцьцё беларускіх магнатаў і шляхты, а з другога—ён адразу спасьцярог, што Карона ўсялякімі спосабамі імкнулася да пэўнае гэгемоніі над Вялікім Князьствам Літоўскім, пагражаючы зьнішчэньнем навет тых правоў, каторыя мела Князьства пасьля вуніі 1569 г. Кіруючыся любоўю да ўласнае айчыны — з аднаго боку, а з другога—разумеючы магутнасьць радзівіллаўскага дому і бачучы ў ім адзіную рэальную сілу, на якой мог-бы апірацца ў барацьбе за інтарэсы Князьства, Сапега адразу ўявіў тую вялікую небясьпеку для яго айчыны, якая-б паўстала ў прыпадку цеснага паразуменьня Радзівіллаў з каралём, і таму—з вялікім спрытам —ня толькі выкарыстоўваў і паглыбляў спрэчкі і непаразуменьні між імі, але стараўся няраз сам іх тварыць. Праз увесь час пабыту пры двары Сьцяпана Батуры і Жыгімонта III Сапега падтрымліваў цесную лучнасьць з Радзівілламі, часта да іх прыяжджаў і пісаў шмат лістоў, у якіх скардзіўся на крыўды, робленыя Вялікаму Князьству, абгаварваў сродкі абароны і парушаў наагул унутраныя справы Князьства.

ЛЕЎ САПЕГА.


ЛЕЎ САПЕГА.

Распачатая з вялікім князем маскоўскім Іванам Грозным вайна дала магчымасьць Льву Сапезе адзначыцца на ваенным і дыплёматычным полі. Сфармаваўшы на свой кошт гусарскі полк, ён зьвярнуў на сябе ўвагу ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках і аблозе Пскова. Па сканчэньні вайны Сапега едзе на чале пасольства ў Маскву, куды ў тэй жа ролі езьдзілі раней дзядзькі яго—віцебскі ваявода Мікалай і менскі Андрэй. Сапега не застаў ужо жывым Грознага і з яго наступнікам Хведарам Іванавічам падпісаў ўмову згоды на 10 гадоў, паводле якой Масква атрымала Смаленшчыну, але з‘абавязалася вярнуць Полаччыну, Вяліжскую і Інфлянцкую землі. Гэта быў першы дыплёматычны выступ Сапегі і пры гэтым вельмі ўдалы. Папераджаючы бег выпадкаў, трэба зацеміць, што праз 16 гадоў, паіменна ў 1600 г., ужо пры цары Барысе Гадунове, Сапега ізноў езьдзіў з пасольствам у Маскву і падпісаў з ёй умову аб міры на 20 гадоў.

Вярнуўшыся з першага пасольства, Сапега атрымаў урад падканцлера Вялікага Князьства, а ў 1586 г. абшырнае слонімскае староства, як бы нагароду за пакінутыя ў Смаленшчыне маемасьці яго продкаў. Галоўная пара дзейнасьці яго наагул прыпадае на часы пасьля Люблінскае вуніі 1569 г., каторая на даўжэйшы час устабілізавала адносіны між Вялікім Князьствам Літоўскім і Каронаю. І хоць з праўнага гледзішча становішча абедзьвюх частак супольнае Рэчыпаспалітае было роўнае, аднак, дзякуючы фактычнай перавазе Кароны над Вялікім Князьствам, узьнімалася небясьпека поўнага пераходу кіраўніцтва да Кароны. Адносіны Сапегі да вуніі былі заўсёды ад‘емныя. Ён добра разумеў небясьпеку перавагі Кароны і, прымушаны сілаю факту лічыцца з новым палажэньнем свайго краю, пастанавіў не дапусьціць да гэгемоніі Кароны і гэткім чынам абараніць раўнапраўнае палажэньне Вялікага Князьства ў новай дзяржаве. Аднак, роля Сапегі ня зводзілася толькі да абароны свайго краю ад супрэмацыі Кароны. З пададзеных ніжэй фактаў трэба зрабіць той вывад, што Сапега—ў справах асаблівае вагі для Вялікага Князьства—папросту ігнараваў пастановы вуніі і супольных соймаў, чым выклікаў абурэньне з боку палякоў. Няпрыхільныя адносіны Сапегі да вуніі ясна бачацца з яго пісем да ваяводы віленскага Крыштофа Радзівілла, як прыкладам з пісьма, пісанага 19 студня 1609 году, дзе Сапега кажа:

„Добра ведама, як нам гэту вялебную вунію датрымоўваюць; з радасьцю зрабілі-б з нас Валынь[1]. Агулам—дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі-б мець нас сваімі галдаўнікамі, а асабліва тыя, што паходзяць з кузьні гэнага нябошчыка, які зваў нас „gens inimica mihi“ [2].

Больш ясна выступае барацьба Сапегі з вуніяй у сувязі з працамі над Трэцім Статутам. Адкладаючы агляд сутнасьці гэтае барацьбы да адпаведнага месца, трэба зацеміць, што Сапега, маючы перад сабой дакананы факт вуніі, у сваей дзейнасьці лічыўся з створаным вуніяй станам, каторы меў прыметы стану трывалага.

У 1588 годзе памёр Сьцяпан Батура. Кожная з дзьвюх узаемна сабе варожых польскіх партыяў: Замойскага і Збароўскіх—імкнулася правесьці на каралеўскі пасад свайго кандыдата. Замойскі пратэгаваў сына швэдзкага караля Яна III і Кацярыны Ягелёнкі — Жыгімонта Вазу; Збароўскія выстаўлялі контр-кандыдатуру брата цэзара Рудольфа II, маладога і амбітнага Максымільяна. Гэтай апошняй кандыдатуры спрыяла Літва і перадусім Радзівіллы. Сапега, паводле некаторых гісторыкаў, трымаўся кандыдатуры Жыгімонта Вазы і сваім уплывам спрычыніўся да выбару апошняга на каралеўскі пасад. Аднак, з гэтым трудна згадзіцца дзеля наступных прычынаў. Перш за ўсё Сапега ў часе выбару Жыгімонта Вазы яшчэ ня меў вялікшых уплываў і тым больш сярод грамадзянства Вялікага Князьства, каторае трымалася кандыдатуры Максымільяна. Падругое, калі-б і згадзіцца з тым, што Сапега спрычыніўся да выбару Жыгімонта III, дык незразумелымі былі-б варожыя адносіны да яго новага гаспадара, якія асабліва востра выступалі ў першыя гады панаваньня Вазы. Патрэцяе — трудна дапусьціць, каб Сапега, апіраючыся на Радзівіллаў, адважыўся адкрыта выступіць супраць сваіх апякуноў. Хутчэй трэба дапусьціць, што, калі Сапега і не стаяў за кандыдатуру Максымільяна, дык у кожным прыпадку ніякая з дзьвюх кандыдатураў яго асабліва не прыцягала.

У першыя гады свайго панаваньня новы гаспадар паказваў варожыя адносіны да Вялікага Князьства і вялікую непрыязьнь да Сапегі, палажэньне каторага пры двары было вельмі цяжкое. Гэта выразна бачыцца з пісем Сапегі да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівілла, у якіх ён скардзіцца, што з яго зрабілі не падканцлера, а „пісарчука“, і што кароль раней, чымся даць адказы на яго дэзыдэраты, доўга нараджаўся з палякамі. Гэтак у пісьме з 31-га студзеня 1588 году Сапега піша:

„Вельмі перамогай над Максымільянам узмацніліся паны палякі і асабліва народу літоўскаму зрабіліся гардымі, кажучы: каб гэта навіна прышла перад заканчэньнем нашых справаў літоўскіх, не дазволілі-б нам ані нашых постулятаў, ані супакою, ані паловы Інфлянцкае зямлі. Пан Асецкі, пасол ад войска, іменем гэтмана і ўсіх жаўнераў даказваў, што мы да зямлі Інфлянцкае нічога не маем, і досыць ушчыпліва народ літоўскі ўспамінаў, чаго мы ня хочучы слухаць, бо нам у спрэчкі з імі аб гэтым удавацца не гадзілася, пайшлі прэч, няхочучы даслухаць гэтага іхняга пасольства. Вакансіі літоўскія ўсе разданы перш, чымся мне аб іх з каралём прышлося гутарыць, ды і радзіцца мяне не хацеў“.

А ў пісьме з 17 лютага 1588 г. Сапега піша:

„Кароль казаў, што больш паляком павінен, чымся Літве, бо яму палякі больш жычлівасьці паказалі, як Літва. І ня толькі гэтак кажа, але і робіць. Ужо там больш палякі ў нас [3] дастаюць, чымся сама Літва; ліцьвіну зараз адмовяць, а паляку зараз дадуць. Дзеля гэтага азнаймляю Вашай Міласьці, што, як толькі штось адчыніцца ў Літве, дык усё паляком хоча [4] даваць“.

Сапега просіць Радзівілла пісаць аб усіх дэзыдэратах, каб мог:

„апіраючыся на іх, з рэзультатам пратэставаць перад каралём, бо самому цяжка бароцца з Панам і панамі палякамі, каторыя лісьлівасьцю сваей Жыгімонту хочуць спадабацца. Апіраюся, як кот на лёдзе, але калі ня буду магчы, хіба што з якойсь пратэстацыяй гэтак сама ад’еду дамоў“.

А ў пісьме з 7 чэрвеня 1588 г. Сапега яшчэ выразьней піша аб адносінах да яго асабіста і ўсяго літоўскаго народу новага гаспадара. Трэба зацеміць, што пісьмо гэтае было выклікана і двумя іншымі фактамі, маючымі гістарычную цікавасьць. Пайменна, Сапега жалее, што Радзівілл, прыймаючы ўчасьце ў вывязеньні цела Сьцяпана Батуры з Горадні, дзе ён памёр, адвёў жалобны кондукт толькі за мост, тады, калі, паводле Сапегі, трэба было адвесьці да граніцаў Вялікага Князьства. Апрача гэтага, Сапега апісвае абурэньне караля і асабліва каралевы з тэй прычыны, што Радзівілл затрымаў усе кляйноты Сьцяпана Батуры і ня выдаў іх новаму каралю. Пераходзячы-ж да адносінаў між ім і Жыгімонтам III, піша:

„Ня толькі я, але і ўвесь народ наш ёсьць у вельмі лёгкім паважаньні ў караля; жыву тут толькі дзеля формы; аўдыенцыі ніяк не магу дабіцца і не хачу больш падноскаў абіваць“.

У пісьме з 15 ліпня 1588 г. Сапега, адказываючы на пытаньне Радзівілла, што „кароль здаецца ўжо лепш адносіцца да нашага народу“, заўважае скептычна, што ён

„гэтага не абсэрваваў, а наадварот з рэспонсу пану Мінскаму відаць, што кароль жалее таго, што калі-колечы зрабіў ліцьвіну. Не хачу быць pro forma пры двары і ўраду свайго наражаць на зьнявагі, бо ўрадуе камора, а ўраднікі ёсьць непатрэбнымі“.

Аднак, ня гледзячы на гэтыя труднасьці, Сапега астаўся пры двары. Узаемаадносіны між Жыгімонтам і Сапегаю зьмяніліся крыху на лепшае, калі паўстала небясьпека вайны з туркамі і татарамі. Гэтую небясьпеку выклікаў Жыгімонт III сваей вузка дынастычнай палітыкай. Шукаючы прыхільнікаў, Ваза стараецца зьяднаць сабе Сапегу, ведаючы, што апошні здабываў штораз вялікшы аўторытэт у Вялікім Князьстве. Як бы ў сувязі з гэтым, Жыгімонт даручае Сапезе важныя справы, датычучыя Вялікага Князьства, і перадусім згаджаецца на ягонае кіраўніцтва працамі над Трэцім Статутам. Прыступаючы да спаўненьня гэтага вялікага заданьня, Сапега меў 31 год, аднак, ня гледзячы на гэткі малады век, абавязкі свае споўніў бліскуча, здабыўшы ўдзячнасьць сучасьнікаў, памяць і хвалу ў патомкаў.

Статут 1588 г. вырас паступова. Ужо на Люблінскім Сойме 1569 г. было пастаноўлена стварыць адумысную камісію, каторая-б занялася перепрацоўкай статуту 1566 году, зьмяняючы апошні адпаведна да пактаў Люблінскае вуніі і новага палажэньня Вялікага Князьства. У склад камісіі ўвайшлі гэткія асобы, выбраныя на Люблінскім Сойме. З рады гаспадарскае ўвайшлі: Валерыян, біскуп віленскі, Мэльхіор Шэмет, кашталян Жамойцкі; да іх назначаны быў сэкрэтаром „доктар абайга правоў“ Аўгустын Ротундус, віленскі войт. Ад шляхты ў камісію ўвайшлі прадстаўнікі ад кожнага ваяводзтва Вялікага Князьства Літоўскага—па адным: Мікалай Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стэцковіч, Бэнэдыкт Юрага, князь Павал Сакалінскі, Ян Скалка, Кірдзей Крычэўскі, Сялецкі, Марцін Валадкевіч. Да гэтых дэпутатаў ад ваяводзтваў былі прыдзелены два земскія пісары: Андрэй Мачковіч—віленскі і Пятро Станіславовіч—ашмянскі. Працы камісіі адбываліся ў Вільні. На ўтрыманьне дэпутатаў быў вызначаны, аж да сканчэньня працы, асобны падатак, які плацілі толькі грамадзяне Вялікага Князьства (акром украінскіх земляў). Склад камісіі ня быў праз увесь час адзін і той-жа, бо некаторыя сябры паміралі, іншыя зьмяняліся. Паводле соймавае канстытуцыі, направа Статуту павінна была адбывацца такім чынам, каб дэпутаты ня толькі зьмянілі або зусім выкрэсьлілі спэчныя з пактамі Люблінскае вуніі артыкулы, але самае права цывільнае Вялікага Князьства памагчымасьці зблізілі да права Кароны. Апрацаваны гэткім спосабам Статут павінен быў быць, паводле тэй-жа Люблінскае умовы, перагледжаны і зацьверджаны „супольным“ польска-літоўскім Соймам.

Працы камісіі пасоўваліся, аднак, вельмі павольна; і толькі тады, як справа гэта была даручана Льву Сапезе,—праз два гады, пайменна ў 1588 г., статут быў гатовы. Леў Сапега вельмі добра справіўся з сваім заданьнем і ня толькі апрацаваў Статут, але і выдаў яго ўласнм коштам і пад асабістым даглядам у 1588 г. у Вільні.

Выдаючы новы статут, Леў Сапега зламаў пастановы Люблінскага Сойму ў двух найгалаўнейшых кірунках: фармальным і матэрыяльным. Фармальнае зламаньне выявілася ў тым, што Статут 1588 г. атрымаў абязываючую сілу не на падставе пастановы „супольнага“ Сойму (як вымагала Люблінская вунія), а на падставе пацьвярджэньня яго гаспадарам Жыгімонтам Вазай асабіста, г. зн. парадкам, які абязываў у Вялікім Князьстве Літоўскім пры выдаваньні законаў перад Люблінскай вуніяй. Апрача гэтага прывілей гаспадара, пацьвярджаючы Статут, быў выданы за аднэй пячацьцю Вялікага Князьства Літоўскага, за подпісам гаспадара Жыгімонта III і за змацаваньнем падканцлера Льва Сапегі ды пісара Габрыэля Войны. Гэтым спосабам Сапега выэлімінаваў магчымасьць якіх-колечы фармальных пратэнсіяў з боку Кароны да свае працы. Матэрыяльнае зламаньне пастановаў Люблінскага Сойму выявілася ў тым, што Трэці Статут ня толькі ня зьліў права Вялікага Князьства з польскім, як гэтага дамагаліся палякі ў Любліне, але навет захаваў усе тыя артыкулы, якія выклікалі вялікае абурэньне ў кароннай шляхты.

Гэткім парадкам пакінены быў артыкул трэці другога разьдзелу Статуту 1566 г. (у Статуце 1588 г. яму адпавядаў артыкул чацьверты трэцяга разьдзелу), каторы абязываў гаспадара пільнаваць цэласьці граніцаў Вялікага Князьства:

«тэж дабра панства таго Вялікага Князьства Літоўскага ня уменшым і то, што будзець цераз непрыяцеляў таго панства аддалена, разабрана і ку іншаму панству ад таго панства нашага калікольвек упрошана, то ку ўласнасьці таго Вялікага Князьства прывесьці, прыўлашчыці й граніцы направіці абяцуем; а хаця быхмо тэж каму загранічнікам пры граніцах тых, верху менёных, землі, іменьня, сёлы і людзі далі, тагды таковыя маюць з таго служыці вялікаму Князьству Літоўскаму, а хтобы не хацеў служыці, таковых прывілеяў ня маем мы і патомкі нашыя дзяржаці».

Гэтак сама пакінуты быў бяз зьменаў артыкул аб раздаваньні ўрадаў, маемасьцяў і старостваў чужаземцам, загранічнікам і суседзям Вялікага Князьства;—усё гэта можна было даваць

«толькі Літве, Русі, Жмудзі, родзічам старажытным і ўраджэнцам Вялікага Князьства Літоўскага і тых зямель, таму Вялікаму Князьству прыналежачых».

Каліб хто-колечы, акром Літвы, Русі і Жмудзі, і атрымаў за свае заслугі аселасьць праз наданьне, то ён карыстацца мог толькі ўчыніўшы прысягу ў „вернасьці і жычлівасьці“ Вялікаму Князьству, выконваючы адносна да яго ўсе абавязкі, аднак у кожным прыпадку на ніякія ўрады «ані прыпушчоны, ані ад гаспадара ўстаноўлены» быць ня мог.

Падобна да Другога, Статут 1588 году засьцерагае ўжываньне

Загалоўны ліст друкаванага арыгіналу Статуту Вял. К. Літоўскага 1588 г. (з Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні).


Загалоўны ліст друкаванага арыгіналу Статуту Вял. К. Літоўскага 1588 г. (з Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні).

1 і 2 артыкулы Статуту Вял. Кн. Літоўскага 1588 г. (з Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні)


1 і 2 артыкулы Статуту Вял. Кн. Літоўскага 1588 г. (з Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні)

беларускае мовы ўва ўсіх земскіх урадах Вялікага Князьства, кажучы:

«а пісар земскі маець па руску ўсе лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым языком і словы».

Агулам трэба сцьвярдзіць, што Статут 1588 г., апрацаваны ў зусім адменных умовах палітычнага жыцьця Вялікага Князьства, дзякуючы Льву Сапезе, аказаўся прасякнуты тым самым духам, як і Другі, сьпісаны перад вуніяй. Тутака заслугуе на ўвагу яшчэ наступны факт, каторы выразна сьведчыць аб нэгатыўных адносінах Льва Сапегі да Люблінскае вуніі. Пры выданьні Статуту 1588 г. трэба было на пачатку зьмясьціць pacta Люблінскае вуніі і іншыя пастановы, каторыя тварылі г. зв. права публічнае Вялікага Князьства. Дзеля таго аднак, што пастановы гэтыя па вуніі, як і сам пакт вуніі, былі недагодныя для Князьства, бо абмяжоўвалі яго правы, як самастойнае дзяржавы, Леў Сапега пастанавіў зусім выкінуць іх із Статуту. Некаторыя польскія гісторыкі называюць гэты паступак Сапегі «magnackim wybrykiem», што зусім было-б слушным, калі-б стаяць на пункце гледжаньня інтарэсаў Кароны. Аднак, Сапега гэтымі інтарэсамі не кіраваўся, а, ідучы на барацьбу з вуніяй 1569 г., пільна прыслухоўваўся да голасу тагачаснага беларускага грамадзянства і ў першую чаргу радзіўся з магутным радзівіллаўскім дваром, з каторым стараўся падтрымліваць найлепшыя адносіны. Маючы гэткую падпору, ён і дэцыдаваўся на гэтакае рашучае ламаньне пастановаў вуніі. Гэта ясна бачыцца з яго пісьма да Крыштофа Радзівілла з 15 ліпня 1588 г., у якім Сапега, між іншымі важнымі пытаньнямі, закранае справу выданьня Статуту, пішучы:

„Статут новы загадаў ужо друкаваць паруску; хацеў-бы яго выдаць і папольску, аднак, калі-б прышлося de verbo ad verbum яго перакладаць паводле рускіх словаў і сэнтэнцыяў, — вышла-б вельмі „niegrzecznie“, а інакш ня сьмею. Ахвотна пачуўбы рады Вашае Міласьці. Прывілеі гэтак сама ахвотна-б выдаў пры Статуце, аднак дзеля таго, што ня ўсе яны нам на руку — у адных пачатак добр, а сяродак дрэнны, у другіх сяродак добры, а пачатак і канец дрэнныя, — не магу здэцыдавацца, ці падабае выкінуць тое, што шкадлівае, ці не“.

Працай над Статутам Сапега выказаў ня толькі вялікую здольнасьць і веданьне права, але і вялікі пісьменьніцкі і красамоўчы талент. Аб апошніх пераконваюць пасьвячэньне Статуту гаспадару Жыгімонту III, зьмешчанае на пачатку статуту, і прамова Сапегі ў Сойме, надрукаваная ў тым-жа Статуце. У абедзьвюх гэтых працах Сапега выказаў шмат гэткіх высокіх думак, якія адпавядалі толькі XVIII і XIX стагодзьдзям. У пасьвячэньні Статуту гаспадару Сапега на першым месцы засьцерагае, што права ў першую чаргу зьяўляецца патрэбным пануючым асобам, каторыя павінны асабліва яго трымацца, бо ў праціўным выпадку яны зробяцца зьненавіджанымі тыранамі, падобнымі да дзікіх зьвяроў, якія патрапяць здаваляць толькі свае «грубыя зьвярыныя похаці». На пацьвярджэньне гэтае думкі Сапега кажа, што ўжо

„былі тыя часы, Найясьнейшы і Міласьцівы Гаспадару Каралю, калі ў тым зграмаджэньні а паспалітаваньні людзкім, каторае мы рэчаю паспалітаю называем, не правам якім апісаным або статутам, але толькі сваім зданьнем і ўпадабаньнем уладнасьць сваю гаспадары і каралі таго сьвету над людзьмі расьцягалі, але іж частакроць ад прыстойнае свае павіннасьці адступавалі, а на свой толькі пажытак рэчы нацягаючы, а спольнае дабро ўсіх мала дбалі, адтуль то было ўрасло, што людзі брыдзячыся іх панаваньнем і зьерхнасьцю і не гаспадарамі, але тыранамі оныя называючы, на самым толькі статуце і праве апісаным усё бесьпячэнтва і добрае рэчы паспалітае засажалі“.

Слушнасьць свае думкі пацьвярджае Сапега цытатамі з твораў старадаўных філёзафаў, а ў першую чаргу Арыстотэля, каторы казаў: „там бэльлюа, а панашаму дзікія зьверы, пануець дзе чалавек паводле ўпадабаньня свайго уладнасьць расьцягаець; а дзе права або статут гару маець, там сам Бог усім уладаець“. Гэтую жыватворчую сілу мае права дзеля таго, што яно зьяўляецца—паводле думкі другога старадаўнага філёзафа: „оным праўдзівым рассудкам а мудрым чалавечага ўмыслу бачэньнем, каторым Пан Бог натуру чалавечую абдарыў“ з тэй мэтаю, каб розум і бачэньне гэтае дапамаглі адрозьніць „пачцівыя рэчы ад непачцівых“, першыя насьлядаваць, другіх высьцерагацца.

Гэтыя разважаньні Сапегі паказваюць, што пагляды яго згаджаліся з постулятамі пазьнейшае школы натуральнага права, каторая казала, што існуе права абсалютнае, аб’ектыўнае, справядлівае для ўсіх народаў у-ва ўсе часы іхняга існаваньня; трэба толькі пазнаць гэтае права і знайсьці крытэрыум дзеля адрожненьня праўнага ад бяспраўнага. Права натуральнае мела быць ідэалам, да якога павінна імкнуцца недасканалае права людзкое, перш за ўсё празначанае для паўстрыманьня небясьпечнае самаволі паасобных людзкіх адзінак. У гэтым сэньсе права, як пэўныя цуглі, паўстрымліваючыя людзей ад бяспраўных учынкаў, патрэбна ня толькі для пануючага, але і для падданых. Думку гэту Сапега выражае так: „Леч, іж ня ўсіх так прыроджаньне справіла, абы больш розуму аніжэлі маетнасьцей сваіх а бэстыяльскіх папудлівасьцей насьледаваці мелі, — тое ўдзіла або мунштук на зухвальцы Пан Бог і права яго сьвятое ўлажыла, абы тыя за неучцівыя справы свае слушнае караньне, а цнатлівыя прыстойную заплату аднасілі“.

Праўны парадак у дзяржаве ёсьць зарукай і фундамэнтам яе дзяржаўнага ладу, бо, паводле Сапегі, толькі там „панствы і каралеўствы стаяць і ў цэласьці сваей захаваны бываюць, дзе ліхія помсту, а добрыя заплату адносяць“. Моцнага права ўласнае дзяржавы і непашаны яго дамагаюцца толькі тыя, для каторых „свая воля міла а розум ім непрыяцелем“.

У канцы, Сапега, паклікаючыся на прыклады із старадаўнае гісторыі, праводзіць думку, што навет найгоршае права ёсьць лепшым ад неабмяжованага панаваньня аднае асобы. З гэтага гледзішча Сапега апраўдывае ўзрастаўшае пашырэньне правоў шляхты коштам улады гаспадара.

Другі твор Сапегі—прамова на Сойме з прычыны выданьня Статуту,—хоць і паўтарае часткова думкі, выказаныя ў папярэдняй працы, аднак, з увагі на тое, што тутака Сапега зварачаецца не да гаспадара, а да шляхты, ён зьмяшчае шмат новых паглядаў, больш дакладна характэрызуючых праўную псыхіку Сапегі, яго глыбокую эдукацыю, нязвычайную справядлівасьць і перадусім яго нацыянальны воблік.

Дзеля таго, што прамова гэтая зьяўляецца найпрыгажэйшым прыкладам беларускага красамоўства канца XVI ст., а такжа з увагі на яе будову і зьмест, падаем яе поўнасьцю.

„Абачывалі то ўсіх вякоў людзі мудрыя, што ў каждай рэчыпаспалітай чалавеку пачціваму нічога ня маець быці дарожшага над вольнасьць, а няволяй так ся маець гыдзіці, што ня толькі скарбамі, але і сьмерцю яе ад сябе адганяці павінен. А пра гэта людзі пачцівыя ня толькі маетнасьці, але і горлаў сваіх проціў кождаму непрыяцелю выносіці не жалуюць, абы пад іх акрутнае панаваньне ня прыходзілі, а з вольнасьці сваей будучы злуплены, водлуг восі і мысьлі іх, яко нявольнікі, ня мусілі жыці.

„Але ўжо мала-б і на тым было, каб чалавек, з няволі ад пастароннага непрыяцеля быў волен, а дамовага непрыяцеля над сабою цярпеці мусіў-бы.

„Тагды тот мунштук або ўдзіла на пагамаваньне каждага зухвальца ёсьць вынайдзена, абы ся, баючы права, ад каждага гвалту і збытку пагамаваў, а над слабшым і худшым ня паствіўся і ўціскаці яго ня мог. Бо для таго правы пастаўлены, абы можнаму і патужнаму ня ўсё было вольна чыніці, а як паведзіў Цыцэро, іж естэсьмо нявольнікамі праў для таго, абы вольнасьці ўжываці маглі.

„А есьлі чалавеку пачціваму нічога нет мільшага над тое, калі ў айчыне сваей бясьпечна мешкаючы, не баіцца, абы яго хто на добрай славе змазаці, або на целе на здароўі яго абразіці, або на ўласнай маетнасьці яго ўкрыўдзіці мог, тагды то нічому іншаму, адно праву, прычытаці маець, за каторым ад каждага ў пакою сядзіць і жаднага ўсільства абэлжаньня і ўкрыўджаньня на сабе не паносіць. Бо той цэль і скутак усіх праў ёсьць і маець быць на сьвеце, абы кажды добрую славу сваю, здароўе і маемасьць у цэласьці меў і на тым жаднага ўшчэрбку не цярпеў.

І то ёсьць наша вольнасьць, каторай мы межы іншымі народы хрысьціянскімі хвалімся, што пана, іж-бы водле волі сваей, учцівае, так жывата і маетнасьці вольна ўжываем. Бо хто-бы колечы з тых трох рэчаў у чым нас укрыўдзіці і водле ўпадабаньня свайго, а ня водле праў нашых, над намі паствіцца меў, тот бы ўжо ня панам нашым, але сказіцелем праў і вольнасьцяў нашых быў, а мы бы нявольнікамі яго быці мусілі.

„І слушна за праўду маем, за што Пану Богу дзякаваці, што пад панаваньнем каралёў іх міласьцяў і вялікіх князёў паноў нашых, тую ўладу і вольнасьць у руках сваіх маем, а правы самі сабе творачы, яко найбольш можам вольнасьці сваей ва ўсім пасьцерагаем; бо ня толькі сусед а спольны наш абываталь у айчыне, але і сам гаспадар, пан наш жаднае зьверхнасьці над намі зажываці ня можаць, адно толькі, сколькі яму права дапушчаець.

„Пра то маючы таковый скарб у руках нашых, каторый жаднаю сумаю праплачаны быці ня можаць, прыстоіць каждаму пачціваму чалавеку, абы а нём ведаў, а будучы добра ведамый, як сам сябе і папудлівасьці свае гамаваў і водле права пісанага справаваўся і нікога ня крыўдзіў, так, есьлі бы ад каго быў укрыўджаны, абы ведаў, дзе абароны і лякарства ў крыўдзе сваей іскаці маець.

„Бо яко адзін сэнатар рымскі другога штрафаваў, што права айчыны свае ня ўмеў, так кажды абываталь годны ёсьць наганеньня, каторый вольнасьцю хваліцца і праў сваіх умеці і разумеці ня хочаць, каторым правам усю вольнасьць сваю абвараванай маець. А есьлі катораму і народу ўстыд праў сваіх ня ўмеці, пагатовя нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем і каждага часу чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды ведаці можам.

„А іж тая труднасьць ня мала заважыла, што ня каждый статут мог меці для труднага і доўгага перапісываньня, — тады і ў тым тэй патрэбе каждага абываталя фальгуючы і пажытку рэчы паспалітае служачы, важыўся гэтую працу на сябе падняці, а кошту і накладу свайго не жалуючы, у друк падаў і дарогу мацнейшую і снаднейшую каждаму ку ведамасьці права паказаў. А гды то ўжо ў руках сваіх кажды, калі захочаць, мець можаць, прашу: рачце-ж ваша міласьць тую працу ад мяне ўдзячна прыняці, а маючы вольнасьці свае правам добра абвараваныя, таго пасьцерагаці, абы вы да судоў і трыбуналаў ня толькі людзей добрых а тых праў нашых добра умеетных абіралі, але баячыхся Пана Бога і цнатлівых, каторыя бы не для пажытку свайго ані ку шкодзе бліжняга, для лакомства свайго і для падаркаў, права выкручалі, але простым трыбам ідучы, сьвятой праўды і справядлівасьці пасьцерагалі, а тую вольнасьць, каторай цешымся, уцэласьці нам захавалі”.

Як бачым, за найвялікшае дабро грамадзян дзяржавы Сапега ўважае вольнасьць. Бараніць адпаведна свае вольнасьці грамадзяне патрапяць толькі тады, калі сярод іх будзе пашырана веданьне права і адсюль сьвядомасьць правоў і абавязкаў. А калі якому-колечы народу—кажа Сапега—сорамна няведаць уласнага права, дык пагатовя ганебнай ёсьць рэччу няведаць свайго права грамадзянам Вялікага Князьства, каторыя маюць права пісанае ня ў чужой мове, а ў сваей уласнай. Апошнія словы Сапегі маюць для сучаснага дасьледчыка беларускае культуры і гісторыі нязвычайную вартасьць дзеля выяўленьня характару культуры Вялікага Князьства Літоўскага з гледзішча нацыянальнай яе прыналежнасьці,—тым болей, што словы гэтыя сказаны былі вуснамі найвялікшага прадстаўніка гэтае культуры. Як ведама, г. зв. „руская“ мова Літоўскіх Статутаў ёсьць мовай беларускай, Літоўскія Статуты былі пісаны пабеларуску. Гэткім парадкам Сапега лічыў уласнай мовай—і пры гэтым ня толькі сваей, але і ўсяго грамадзянства Вялікага Князьства,—мову Трэцяга Статуту, значыць—беларускую. А калі ўзяць пад увагу, што аб нацыянальнай прыналежнасьці гэтак высака культурнае адзінкі, як Сапега, перадусім дэцыдавала і дэцыдуе тая мова, каторую ён сьведама, з пашанаю і любоўю называў уласнаю і правоў каторае гэтак старэнна бараніў,—дык трэба прыйсьці да вываду, што Сапега, паводле цяперашняе тэрмінолёгіі, залічаў сябе сам да беларускае нацыянальнасьці. З другога боку ведама, што Сапега—за прыкладам сваіх сучасьнікаў—называў сябе «ліцьвіном», а народ свой, які гутарыў мовай беларускай, «літоўскім». Дык з гэтага сам сабой выплывае лёгічна бясспрэчны вывад, што назовы „ліцьвін“, „літоўскі“ былі нічым іншым, як гістарычнымі назовамі беларускага народу.

Упарадкаваньнем пісанага права і выданьнем Статуту Сапега здабыў для сябе шчырую ўдзячнасьць сучасьнікаў, каторыя не шкадавалі яму заслужоных пахвалаў, а тагачасныя пісьменьнікі называлі яго «айцом айчызны» і літоўскім Солёнам. У 1589 г. Сапега заняў найвышэйшае ў сваей дзяржаве становішча канцлера, якое перад ім займаў Крыштоф Радзівілл.

Абгаварваючы справу ўпарадкаваньня Сапегаю пісаных законаў Вялікага Князьства, трэба ўспомніць яшчэ адзін факт, які меў месца перад выданьнем Статуту і знаходзіўся ў цеснай сувязі з арганізацыяй судоў у Вялікім Князьстве. Гэтым фактам было ўтварэньне Літоўскага Трыбуналу, які паўстаў у 1581 годзе (на 11 гадоў пазьней, чым у Кароне), дзякуючы ў вялікай меры стараньням Льва Сапегі, каторы хацеў бачыць судоўніцтва Вялікага Князьства незалежным ад Кароны. Трыбунал быў найвышэйшай апэляцыйнай інстанцыяй у справах цывільных і складаўся з дэпутатаў сьвецкіх, выбіраных праз соймікі, і духоўных, высыланых капітуламі (выключна дзеля справаў касьцельных). Сябры Трыбуналу выбіралі маршалка, які кіраваў працамі Трыбуналу. Трыбунал меў свае кнігі, у якія сьпярша земскі пісар таго павету, дзе адбывалася сэсія, а пасьля асобны трыбунальскі пісар упісваў усе акты ў мове беларускай („рускай“). Пачаткова Трыбунальскія Суды адбываліся ў чатырох местах: Вільні, Троках, Наваградку і Менску. Пазьней—ад 1588 году, за згодаю ўсіх станаў Вялікага Князьства, сэсіі Трыбуналу адбываліся толькі ў двух местах: Вільні (куды перайшлі справы, разгляданыя раней у Троках), і Менску або Наваградку (пачарзе). На сэсіі ў Вільні разглядаліся справы наступных ваяводзтваў: Віленскага, Троцкага, Полацкага і зямлі Жамойцкае. На разгляд справаў кожнага ваяводзтва празначаліся тры тыдні, і толькі справы Полацкага ваяводзтва разглядаліся ў працягу двух тыдняў. У Менску або Наваградку трыбунальская сэсія пачыналася цераз 22 тыдні пасьля Вялікадня, прычым справы кожнага ваяводзтва (менскага і наваградзкага) разглядаліся ў працягу трох тыдняў. Характэрна, што Літоўскі Трыбунал быў устаноўлены толькі для земляў этнаграфічнае Беларусі, бо зямля Жамойцкая (этнаграфічная Літва) мела свой асобны трыбунал у Росенях, аднак з яго не карысталася і ў 1588 годзе дабравольна паддала свае справы Літоўскаму Трыбуналу[5]. Гэткім парадкам зьнік асобны Трыбунал для Жамойцкае зямлі, каторая ад 1588 году пасылала сваіх трох дэпутатаў у Трыбунал Літоўскі. У сувязі з паўстаньнем Літоўскага Трыбуналу, Сапега ў 1616 годзе выдаў працу «А спосабе абароны трыбунальскіх правоў».

Выданьне Трэцяга Статуту і ўвядзеньне Трыбуналу былі першымі вялікімі крокамі Сапегі ў галіне ўпарадкаваньня ўнутраных адносінаў Вялікага Князьства. Наступнай галінаю ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, у каторай выявілася ня менш кіпучая дзейнасьць Сапегі, была справа ўпарадкаваньня хаосу рэлігійных адносінаў, які паўстаў на Беларусі з хвілінаю ўвядзеньня царкоўнае вуніі 1595 году. На-жаль, у гэтай галіне інгерэнцыя Сапегі ня мела вялікшых рэзультатаў, бо было шмат іншых дзейнікаў, параліжаваўшых шляхотныя імкненьні Сапегі. У дадатку Вялікі Канцлер зрабіў сам тут памылку, дапамагаючы вуніі ў часе яе тварэньня, хоць кіраваўся самымі шляхотнымі, як з пункту гледжаньня агульна-людзкага, так і інтарэсаў беларускага народу, думкамі. Памылку гэту Сапега пазьней сам зразумеў, вельмі яе жалеў, аднак паправіць яе, ня гледзячы на сваё жаданьне, ня мог. Усё-ж справа ўдзелу Сапегі ў рэлігійным жыцьці Вялікага Князьства мае для беларускае гісторыі вялізарнае значэньне, бо яна выясьняе ролю магутнае пастаці Сапегі ў ратаваньні сваей айчыны ад тае агоніі, у якой яна апынулася ў выніку бязупынна трываўшае рэлігійнае вайны між дзьвюма часткамі аднаго і таго-ж народу.

Гэтая роля Сапегі ўвідочніцца лепш на агульным фоне тагачасных рэлігійных адносінаў у Эўропе і Вялікім Князьстве Літоўскім, дзеля чаго і трэба ўдзяліць крыху месца дзеля намаляваньня гэтага фону.

Што рэлігійная проблема ня толькі ў сярэднявеччы, але і ў новыя вякі адыгрывала вялікую ролю ў жыцьці народаў Эўропы, а ў тым ліку і беларускага народу,—факт знаны. Аднак, калі ў сярэднявеччы рэлігія займала домінуючае палажэньне ў параўнаньні з дзяржаўнымі інтарэсамі паасобных краін і народаў, дык у новыя вякі скончылася служэньне паасобных нацыяў інтарэсам рэлігіі, і амаль у-ва ўсей Эўропе пачалося імкненьне да падпарадкаваньня рэлігіі інтарэсам народным або дзяржаўным. Пачаліся запраўдныя войны з унівэрсальным каталіцкім касьцёлам, ведзеныя ў імя пагарджаных дагэтуль нацыянальных ідэалаў.

Аднак, гэтыя войны не аслаблялі значэньня рэлігіі, як магутнага дзейніка духовае культуры. Дык зусім натуральна, што ў новыя вякі—эпоху крысталізацыі паасобных нацыянальнасьцяў У Сяньняшнім разуменьні гэтага слова, нацыянальнасьцяў, каторыя стаўлялі сабе азначаныя мэты і да зьдзейсьненьня іх імкнуліся перадусім, — у палітычных павадыроў гэтых нацыянальнасьцяў выяўляецца імкненьне да выкарыстаньня рэлігіі дзеля нацыянальнага ўсьведамленьня і аб’яднаньня народаў. Амаль у кожнай дзяржаве, збудаванай на прынцыпе нацыянальнае адзінасьці, пачаліся спробы нацыяналізаваньня касьцёлу. Часамі ролю нацыянальнага касьцёлу адыгрывала новае веравызнаньне; часамі—тое-ж рымскае каталіцтва, ня гледзячы на свой унівэрсалізм. Апошняе мела месца, да прыкладу, у Польшчы. Даволі сягнуць да гісторыі Польшчы і прыпомніць сабе тое значэньне ў аформленьні нацыянальнага ўсьведамленьня польскага народу, якое згуляла рымскае каталіцтва, стаўшыся, пасьля барацьбы з рэфармацыяй, запраўднай польскай нацыянальнай рэлігіяй. Хопіць спыніцца над жыцьцём і дзейнасьцю выдатнага польскага ксяндза-патрыёты Пятра Скаргі, каб зразумець, як гэты прадстаўнік польскага нацыянальнага касьцёлу цесна лучыў пытаньні нацыянальныя з інтарэсамі рэлігіі. Лучэньне гэтае ішло так далёка, што—паводле Скаргі—у межах даўнае Рэчыпаспалітае кожны паляк павінен быў быць каталіком і—наадварот. І хоць Скарга не абараніў Польшчы ад пазьнейшых разьдзелаў, аднак ягоны ўплыў на выпрацоўку польскага нацыянальнага сьветапагляду быў колёсальны. А вядома, што рымска-каталіцкі касьцёл у Польшчы, як касьцёл нацыянальны, меў многа другіх прадстаўнікоў, каторыя, падобна Скарзе, хоць з меншым красамоўствам і слабейшай аргумэнтацыяй, будзілі ў польскім народзе пачуцьцё ўласнае годнасьці, патрыятызму, але побач з гэтым і рэлігійны фанатызм дый нетолеранцыю да інакш веруючых. Калі-ж яшчэ ўзяць пад увагу глыбокую рэлігійнасьць польскага народу, дык ясным станецца значэньне, якое мела выкарыстаньне ўплываў рымска-каталіцкае веры ў кірунку паглыбленьня польскіх нацыянальных ідэалаў.

Умовы рэлігійнага жыцьця на Беларусі склаліся зусім інакш, чымся ў другіх народаў Эўропы, патрапіўшых стварыць свае нацыянальныя касьцёлы. На Беларусі адразу выступілі адна проці аднае дзьве магутныя рэлігійныя сілы—усходняя праваслаўная царква і заходні рымска-каталіцкі касьцёл. Найменшае іскры было даволі, каб паміж імі пачалося змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Аднак, палітычныя абставіны на Беларусі злажыліся гэтак, што гэнае іскры ня было аж да 1595 году. Да гэтага часу рэлігійнае жыцьцё беларускага народу аформілася перадусім у рэлігійнай толеранцыі, самай шырокай і шляхотнай, якая калі-колечы была ведама цывілізаваным народам. Прыпомнім сабе, што ў тыя часы, калі на Захадзе адбываліся бартламееўскія ночы і рэлігійныя войны, калі Пётр Скарга шырыў у суседняй краіне глыбокую нетолеранцыю і ненавісьць да інакш веруючых, на Беларусі шляхта і перадусім магнаты, бяз розьніцы рэлігійных перакананьняў, уласным коштам будавалі сьвятыні розных вераў і, уміраючы, адказывалі на іх карысьць маемасьці. Багаты каталік будаваў і абдорываў ня толькі касьцёлы, але і цэрквы, праваслаўны—ня толькі цэрквы, але і касьцёлы. Аб гэтым сьведчаць захаваныя ў множстве да сяньняшняга дня тэстамэнты з тых часоў. У духу гэтакай рэлігійнай толеранцыі ўзгадаваліся найвыдатнейшыя прадстаўнікі беларускага народу, у іх ліку—і Леў Сапега. І толькі гэтай атмасфэрай рэлігійнае цярпімасьці можна вытлумачыць тую нязвычайную ў разгляданую эпоху, ня маючую сабе роўнай, шляхотнасьць паглядаў на рэлігійныя проблемы Льва Сапегі. Як убачым ніжэй, думкі, выказаныя Львом Сапегай у рэлігійных пытаньнях, знайшлі сваё аформленьне і здабылі права на існаваньне пасьля нязьлічоных людзкіх ахвяраў толькі ў XIX ст.

Аднак, трэба сцьвярдзіць, што рэлігійная толеранцыя на Беларусі, побач з узгадаваньнем шляхотнасьці паглядаў у рэлігійных пытаньнях, мела і свой ад‘емны бок: яна выклікала хаос у рэлігійных адносінах. Кожная рэлігійная навінка мела тутака права на жыцьцё. Прыхільнікі кожнае рэлігіі закладалі ўласныя друкарні, выдавалі ня толькі неабходныя багаслоўскія кнігі, але і полемічныя творы. Гэтакае зьявішча спрычынілася паволі да выялавеньня беларускай дзяржаўнай думкі, бо скіравала яе на шлях абстракцыйна-тэорэтычных разважаньняў аб лепшасьці догматаў паасобных рэлігіяў, а аддаляла ад найбольш істотных інтарэсаў беларускага народу. Ня было мовы аб тым, каб якая-колечы з існаваўшых на Беларусі рэлігіяў, а перадусім праваслаўе або каталіцтва, сталася запраўднай нацыянальнай царквой так, як гэта было на Захадзе і ў Польшчы, бо ніводная з іх не пачувалася да абавязку прыняць на сябе адказнасьць за ўзгадаваньне народу ў нацыянальным духу.

Пры гэткіх умовах рэлігійнага жыцьця, панаваўшых на Захадзе і на Беларусі, абаснаванымі былі імкненьні да стварэньня нацыянальнага беларускага касьцёлу. І вось найвыдатнейшыя прадстаўнікі народу шукалі спосабаў стварэньня гэткага касьцёлу, маючы не ўвазе ягоны магутны ўплыў на нацыянальнае ўсьведамленьне народу. Мікалай Радзівілл Чорны, пашыраючы рэфармацыю ў Вялікім Князьстве, рабіў гэта з тэй мэтай, каб зрабіць кальвінізм нацыянальнай рэлігіяй і адгарадзіцца гэткім чынам і ад каталіцкае Польшчы, і ад праваслаўнае Масквы. Спробы яго, аднак, скончыліся няўдала, бо ён, прымушаны сілай абставінаў апірацца ў сваёй дзейнасьці на рэфарматараў-палякоў, спрычыніўся толькі да полёнізацыі беларускіх земляў: польскія рэфарматары, друкуючы сваю рэлігійную літэратуру, рабілі гэта ў польскай мове. Гэтакай-жа спробай заснаваньня нацыянальнага касьцёлу на Беларусі была і рэлігійная вунія 1595 г. у вачох Льва Сапегі і іншых беларускіх мужоў, якія ёй дапамагалі. Нейкая агульная сынтэза існаваўшых на Беларусі рымска-каталіцкае і праваслаўнае веры, а ў далейшым—заходняе і ўсходняе культуры, была неабходнай дзеля таго, каб ня даць перамогі аднэй з іх і гэтым самым недапусьціць да ўтраты Беларусяй сваей нацыянальнасьці на карысьць Масквы ці Польшчы. Дзеля гэтага ідэя вуніі знайшла спогад у Льва Сапегі, які, нядаўна зьмяніўшы кальвінства на каталіцтва, аказаў ёй на Берасьцейскім сынодзе 1595 г. сваё падтрыманьне. Аднак, адзначаючыся можа лішне вялікім рэлігійным індыфэрэнтызмам, а хутчэй—будучы перадусім глыбокім толерантам, недапушчаўшым навет думкі аб перасьледаваньні аднае рэлігіі другой, Леў Сапега не ўсьведамляў сабе тых сродкаў, якімі вунія будзе пашырацца сярод народу, і тых сумных вынікаў, да якіх яна ў рэзультаце давяла. Гэта ясна бачыцца з яго пісьма да полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча з 22. III. 1622 г. (тэкст яго падамо ніжэй), у якім Сапега, выказаўшы сваё ўжо нэгатыўнае адношаньне да вуніі, хоць і не выракаючыся факту дапамаганьня ёй, сцьвярджае з горыччу, што ён ніколі ня думаў, „каб вунія пашыралася гэткімі гвалтоўнымі і згубнымі для народу спосабамі“. Гэтая глыбокая горыч Льва Сапегі для нас тым больш зразумелая, што, як ужо сказана, пачаткова углядаўся ён на вунію, як на беларускі нацыянальны касьцёл, ускладаў на яе вялікія надзеі і аказаў ёй сваю дапамогу, кіруючыся ў гэтым не абстракцыйнымі рэлігійнымі мэтамі, не карысьцю рымска-каталіцкага касьцёлу, як кароль Жыгімонт і езуіты, а тым больш не інтарэсамі Польшчы, як Пётр Скарга, польскія езуіты і наагул палякі, дапамагаўшыя вуніі, — а выключна толькі любоўю да ўласнага народу і краю; пазбаўленага такое важнае ўласнае крыніцы духовае культуры, якой была нацыянальная рэлігія з гледзішча яе ўплываў на будову нацыянальнага сьветапагляду. Рэлігійная вунія 1595 г. не апраўдала ускладаных на яе Львом Сапегай надзеяў, бо, з аднаго боку, зьнішчыўшы рэлігійную толеранцыю, якая панавала на Беларусі, вунія ня сталася беларускім нацыянальным касьцёлам, а з другога — вунія, дзякуючы ўзьнятай ёй унутранай рэлігійнай вайне ў лоне беларускага народу, давяла яго да такога духовага заняпаду, што ён пачаў выбірацца з гэтага заняпаду — і то напоўсьвядома — толькі ў пачатках XIX стагодзьдзя.

З трох найвыдатнейшых дзеячоў вуніі[6] мы спынімся над мэтадамі і дзейнасьцю Язафата Кунцэвіча, бо між ім і Львом Сапегай паўстала колізія і змаганьне.

Язафат Кунцэвіч выступае на арэну рэлігійнага змаганьня за вунію ўжо ў 1600 г., калі, толькі-што высьвячаны на ксяндза, ён бліснуў сваімі казаньнямі, прыдбаўшымі яму імя „душахвата“ ў праваслаўных. Вядучы нязвычайна суровае жыцьцё, спрыяўшае разьвіцьцю рэлігійнага фанатызму, Кунцэвіч ужо ў гэтым часе адзначаўся сваей нетолеранцыяй у адносінах да праваслаўных. І калі навет у 1614 г. ён заняў становішча архімандрыты манастыра сьв. Тройцы ў Вільні, дык, хаця адміністрацыя манастыра, яшчэ беднага, але меўшага ўжо шмат манахаў, адбірала ў яго шмат часу і чыніла нямала клопатаў, Кунцэвіч ні на хвіліну ня спыняецца ў зьдзейсьняньні свае галоўнае мэты—наварачаваньня праваслаўных на вунію ў Вільні і паза Вільняй, часта з небясьпекаю для ўласнага жыцьця. Дзякуючы бязупыннай працы Кунцэвіча над пашырэньнем вуніі, хутка пачалі выяўляцца плады яе. Ваявода полацкі кн. Міхал Друцкі-Сакалінскі і ваявода наваградзкі Тодар Скумін-Тышкевіч пакідаюць праваслаўе і пераходзяць на вунію. Яшчэ раней, дзякуючы Кунцэвічу, навярнуліся да вуніі Мялешкі і Трызны. Характэрна, што Тышкевіч — яшчэ за Рагозы—быў, пад уплывам Кн. Канстантына Астрожскага, праціўнікам вуніі і казаў: «як жа я маю вучыцца цэрамоніяў лацінскіх, калі палаціне ня ўмею?» Здабыцьцё шляхты для вуніі фактычна азначала і здабыцьцё сялянства, каторае рэдка мела ўласнае перакананьне і пераважна ішло за панамі. З надыходам 1617 г. амаль уся Вільня была вуніяцкай. Такжа і на правінцыі было ня мала асяродкаў яе. У гэтым жа часе Кунцэвіч быў назначаны коад‘ютарам арцыбіскупа полацкага з правам наступства. Насяленьне Беларусі прыняло даволі спакойна вестку аб номінацыі Кунцэвіча. Ня было тутака яшчэ ані агітатараў, ані брацтваў (за выняткам Магілёва)—галоўных вогнішчаў бунту супраць вуніі. Насяленьне Полаччыны яшчэ ня было вуніяцкім, аднак спраціву вуніі спачатку не рабіла і даволі пакорна прыняло Кунцэвіча, а навет прыгатовіла яму ўрачыстае спатканьне ў самым Полацку, галоўнай—побач з Віцебскам і Мсьціслаўлем—сядзібе арцыбіскупаў. У гэтым прыняцьці ня толькі люднасьць вясковая і мяшчане, а навет шляхта брала ўчасьце. Перад брамай места быў збудаваны алтар, пры якім Кунцэвіч адправіў малітвы і потым з урачыстай працэсіяй скіраваўся ў старадаўную полацкую катэдру сьв. Зофіі, каб там прыняць абяцаньне паслухмянасьці ад прысутнага пры інтронізацыі духавенства. Аднак, гэты трыумфальны ўезд Кунцэвіча ў Полацак не адбыўся бяз пэўных дыссонансаў [7], каторыя былі першай перасьцярогай для новага ўладыкі перад яго пазьнейшымі гвалтамі і нетолеранцыяй—з боку люднасьці, агулам добра яго прыняўшае.

У хуткім часе новы арцыбіскуп распачаў аб’езд сваей дыэцэзіі. Навет у вялікшых местах не спатыкаўся з апорам. Даволі спакойна прыняў яго такжа Віцебск, хоць Кунцэвіч адразу адчуў, што ў гэтым месьце няма прыязных да вуніі. Толькі Магілёў, у каторым было праваслаўнае брацтва, аказаў зацяты апор новаму арцыбіскупу. Духавенства і мяшчане ўзьнялі бунт, як толькі Кунцэвіч пад’ехаў да муроў места, і выступілі супраць яго, як непрыяцеля. Брамы места былі зачынены перад новым уладыкай, а люднасьць, азброіўшыся, сабралася на баштах і ў акопах. Кунцэвіч адступіў, але аб буньце данёс Жыгімонту III, які даручыў справу дасьледаваньня і пакараньня вінаватых Льву Сапезе, ведамаму ўжо ў-ва ўсім Князьстве сваей справядлівасьцю. Сапега выдаў прысуд сьмерці на правадыроў бунту, але гэты прысуд ніколі ня быў споўнены. Магілёўскія цэрквы аднак былі аддадзены вуніі.

Гэты факт нязвычайна лёгкага здабыцьця дыэцэзіі для вуніі тлумачыцца адно тым хаотычным станам, у якім знаходзілася праваслаўная царква ў Вялікім Князьстве. Гісторыкі рэлігійных адносінаў тае эпохі на Беларусі згодна сцьвярджаюць, што ў разгляданую эпоху праваслаўная царква была ў стане поўнага ўнутранага заміраньня. Духоўнікі, бяз ніякае эдукацыі, часта няграматныя, ня ведалі навет малітваў. Сярод іх панавала распуста, п’янства, убогасьць матэрыяльная і найдалей сягаючая несубордынацыя. Догматы рэлігіі ня толькі ня былі ведамы шырэйшаму агулу люднасьці, а ў першую чаргу шляхце, але—паза лічанымі выняткамі—і самому духавенству. Зьмест рэлігіі фактычна зводзіўся да выконваньня абрадаў і адмаўляньня малітваў без разуменьня іх сэнсу. З гэтых прычынаў вунія, хоць догматычна рэлігія адменная, але пакідаўшая абрадавы бок царквы пастараму, для шырэйшых масаў была фактычна тым-жа праваслаўем. І толькі дзякуючы гэтаму ўнутранаму хаосу вунія нязвычайна шпарка здабывала праваслаўныя асяродзьдзі. Але, калі праваслаўныя пачалі спробы арганізацыі царквы, калі ў гэтым кірунку пачалі працаваць што-раз больш чысьленыя брацтвы, гуртаваўшыя найбольш дзейныя адзінкі,—толькі тады праваслаўная царква адразу пачула сьмяротную небясьпеку з боку вуніі і распачала рашучае змаганьне.

Гэтакім зваротным годам у жыцьці праваслаўнае царквы быў 1620 год, у якім ерузалімскі патрыярх Тэофан, пазнаёміўшыся па дарозе з Масквы з прычынамі заняпаду праваслаўя ў Вялікім Князьстве Літоўскім, учыніў радыкальныя крокі дзеля яго аздараўленьня. Перш за ўсё Тэофан устанавіў у кожнай дыэцэзіі супраць вуніяцкага біскупа—праваслаўнага, вызначаючы на гэтыя становішчы найбольш здольныя адзінкі; другім яго крокам было ўвядзеньне дысцыпліны між духавенствам. Між іншым на арцыбіскупа полацкага ён вызначыў Мялеція Сматрыцкага, мужа вялікіх здольнасьцяў і ня менш вымоўнага за Кунцэвіча. Ад гэтага году праваслаўная царква арганізуецца нанова і распачынае вайну з вуніяй, што выяўляецца перш за ўсё на літэратурным груньце. Абедзьве рэлігіі ў вялікім ліку выпускаюць адозвы, полемічныя творы і г. далей, у якіх узаемна цяжка сябе зьневажаюць і адкрыта падбухторваюць народ да варожых выступленьняў супраць праціўніка.

Дзякуючы гэтай агітацыі, пачалі адпадаць ад вуніі гэтак лёгка здабытыя беларускія месты: Віцебск, Магілёў, Ворша першыя вярнуліся да праваслаўя, а за іх прыкладам адбыліся апостазіі іншых местаў. Навет у Полацку, рэзыдэнцыі Кунцэвіча, быў узбураны настрой.

У часе, калі адбыліся гэтыя першыя страты для вуніі, Кунцэвіч быў на Сойме ў Варшаве. Па атрыманьні вестак аб іх, ён хутка вярнуўся ў Полацак, каб ратаваць палажэньне. Полацак яму ўдалося супакоіць, але затое ў Віцебску падняўся адкрыты бунт. Падбураная агітатарамі Сматрыцкага люднасьць некалькі разоў грамадна зьбіралася перад ратушам і дамагалася адабраньня цэркваў ад вуніятаў і звароту іх праваслаўным. Скончылася тым, што цэрквы былі вернены праваслаўным, а непакорныя духоўнікі-вуніяты былі выгнаны з места. На вестку аб гэтым Кунцэвіч пасьпяшыў у Віцебск, а тымчасам супраць яго паўсталі Магілёў, Ворша і другія месты, а навет у Полацку, скуль ён быў выехаўшы, паўстаў ізноў вялікі фэрмэнт. Суровыя сродкі, тасаваныя Кунцэвічам да непакорных, як замыканьне і апячатваньне цэркваў, забарона прычашчаць і хаваць пакойнікаў і іншыя, не памагалі, а толькі больш узбуралі народ. Бачучы, як уцякаў грунт з-пад яго ног, Кунцэвіч пастанавіў зьвярнуцца да Жыгімонта III, каб той выдаў унівэрсал да збунтаваных местаў і загадаў-бы ў ім толькі яго, Кунцэвіча, лічыць запраўдным полацкім арцыбіскупам, а Сматрыцкага абвясьціць інтрузам. Жыгімонт III выдаў жаданы унівэрсал. Аднак, навет у Полацку гэтага унівэрсалу не ўдалося прачытаць публічна. Абураная праваслаўная люднасьць грамадой зьбіралася ў часе публікацыі перад ратушам, спыняла чытаньне і варожа крычэла па адрасу вуніі, Кунцэвіча і навет уладаў.

Публічны супакой быў усюды ў небясьпецы. У часе набажэнства здараліся ўзаемныя напады, якія канчаліся звычайна біцьцём царкоўных слуг і разграбленьнем царкоўных скарбаў, як прыкладам у Віцебску, калі там сам Кунцэвіч адпраўляў імшу.

Гэтакі стан рэлігійных адносінаў быў вельмі небясьпечны для Вялікага Князьства, бо перадусім выклікаў згубныя ўнутраныя бунты, а падругое—поўнае зьдзічэньне нацыянальна-дзяржаўнае думкі, кіруючы яе на шляхі бязупыннае і бескарыснае дыскусіі і сварак на рэлігійныя тэмы. У далейшым ён паглыбляў падзел між беларускім народам і пхаў вуніятаў у рукі Польшчы, а праваслаўных — Масквы, скуль кожная частка чакала збаўленьня і дапамогі ў барацьбе.

Леў Сапега, як глыбокі патрыёт свае айчыны, ня мог спакойна пазіраць на гэткі ход падзеяў. Ня ўпрыклад іншым, ён адзін стаяў на становішчы адзінства і цэласьці народу бяз розьніцы рэлігійных перакананьняў. Яго інтэрвэнцыя сталася неабходнай, а ў першую чаргу яна выявілася ў тым, што між Сапегай і Кунцэвічам паўстала вострая полеміка. Як высокі ўрадовец, Сапега стараўся поўнасьцю выкарыстаць сваё становішча, каб стрымаць згубную дзеяльнасьць Кунцэвіча. З свайго боку Кунцэвіч, маючы падтрыманьне Жыгімонта III, езуітаў і ўсяго польскага духавенства ды грамадзянства, выступаў востра проці Сапегі.

З усей перапіскі між імі на гэтым месцы падамо ў скарочаньні знамянітае пісьмо Льва Сапегі да Кунцэвіча з 22 сакавіка 1621 г., якое вельмі добра характэрызуе становішча Сапегі ў рэлігійным пытаньні наагул, а адносна да вуніі асабліва. Тэкст пісьма гэтакі [8].

Нярад удаюся з Вашай Міласьцю ў ліставаньне і спрэчкі; аднак бачучы, як упорна трываеце Вы пры зданьню сваім і што ніякія заўвагі ня могуць Вас ад яго адвесьці, мімаволі чуюся прымушаным на беспадстаўнае пісьмо Вашае адказаці. Не пярэчу, што я сам прыкладаў стараньня каля вуніі і пакінуць яе было-б справай неразумнай, аднак ніколі мне ня прыходзіла ў думку, каб Ваша Міласьць уздумала людзей да яе прыводзіць гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбурылі і, скажу, прымусілі народ Рускі да апору і зламаньня ўчыненае яго каралеўскай Міласьці прысягі. Трудна Вам пярэчыць гэтаму, бо Вас пераконваюць пададзеныя ад іх найвышэйшым ураднікам польскім і літоўскім жалабы. Ці-ж Вам няведамы нараканьні неразважнага люду, каторыя даюцца чуць у тым, што яны прагнуць лепш быць у падданстве турэцкім, чымся цярпець гэтакі уціск веры і набажэнства свайго? Паводле Вашых слоў толькі некаторыя мніхі з эпархіі Барэцкага і Сматрыцкага спраціўляюцца вуніі. Аднак просьба, пададзеная гаспадару і каралю, не паходзе ад некалькіх манахаў, але ад усяго запарожскага войска, якое жадае, каб Барэцкага і Сматрыцкага ў іхніх эпархіях пацьвердзіць, а Вас з іншымі адсунуць. Бяда таму, хто ёсьць лёгкадумным; абставіны гэтыя зусім інакш прадстаўляюцца ў успомненых вышэй жалабах, і неразумна было-б згубным гвалтам ламаць гэтак пажаданую згоду, а гэтым самым і належную гаспадару паслухмянасьць. Вы надужыцьцём свае ўлады, кіруючыся хутчэй гультайствам і прыватнай ненавісьцю, чымся любоўю да бліжняга, супраць сьвятой волі і навет забароне Рэчыпаспалітае, былі прычынай і паджогай тых небясьпечных іскраў, каторыя ўсім нам пагражаюць пажарам ці то вельмі згубным, ці то ўсё травячым. Вы пішаце, што і палітыка мае зьверненую да іх увагу, а я дадам, што ня толькі палітыка, але і ўрад, бо з іхняе паслухмянасьці вялікшыя для краю вынікаюць карысьці, чымся з Вашае вуніі. Дзеля гэтага павінны Вы ўладу сваю і абавязкі духоўніка прытасоўваць да волі гаспадарскае і да намераў ураду, ведаючы, што ўлада Вашая абмежаная і што імкненьні Вашыя, праціўныя супакою і карысьці грамадзянства, справядліва могуць быць уважаны за абражэньне Маестату. Калі-б Вы адважыліся на штось падобнае ў Рыме або ў Вэнэцыі, напэўна-б Вас там навучылі, колькі трэба мець развагі на палажэньне або палітычныя намеры ўраду. Пішаце аб наварачаваньні на вунію адшчапенцаў і г. д.; запраўды, трэба падумаць аб іх наварачаваньні, дбаючы аб тым, каб была адна аўчарня і адзін пастыр; але ў гэтым трэба паступаць асьцярожна і разумна, кіруючыся абставінамі часу, асабліва ў нашай айчыне, дзе зусім ня служыць гэная сэнтэнцыя «прымушай іх уваходзіць». Трэба, каб гэтая нашая пільнасьць і жаданьне агульнага аб‘яднаньня апіралася на асновах любові, водле слоў апостала Паўлы. Але бачу, што Вы аддаліліся ад навукі гэтага апостала, і таму нядзіўна, што тыя, каторыя былі пад Вашай уладай, вышлі з належнае Вам паслухмянасьці. Што датычыць небясьпекі, пагражаючай Вашаму жыцьцю, дык можна сказаць: „кажды сам прычынай сваей бяды“. Трэба карыстацца з памысных абставінаў, але ня трэба паддавацца неразумнаму захапленьню, асабліва, калі ідзе аб веравызнаньне, бо тады правадыры бываюць выстаўлены на нялічаныя небясьпекі—„Я абязаны—пішаце—насьлядаваць біскупаў і г. д.“. Ёсьць рэччу пахвальнай насьлядаваць сьв. біскупаў, напр. Златавуснага; але насьлядаваць іх трэба такжа ў пабожнасьці, навуцы, цярплівасьці і даваньню добрых прыкладаў. Прачытайце жыцьцяпісы ўсіх пабожных біскупаў, творы Златавуснага, а ня знойдзеце ў іх ані жалабаў, ані пратэстацыяў, працэсаў, спрэчак, позваў на суд аб перасьледаваньне, аб скідаваньне з урадаў з асабістых карысьцяў, аб пазбаўленьні жыцьця пабожных духоўных; знойдзеце там толькі тое, што павялічывае славу Божую, асьвету і будову душаў людзкіх і ўласкавеньне Эўдоксіі, гнеўнай на слуг царквы. Вернемся-ж цяпер да ўчынкаў Вашае Міласьці: у Вас поўныя земскія суды, поўныя магістраты, поўныя трыбуналы, поўныя ратушы, поўныя біскупскія канцэлярыі позваў, працэсаў, пратэстацыяў, чым ня толькі вуніі ўзмоцніць немагчыма, але і апошняя ў грамадзянстве сувязь любові разьбіваецца. «Але, калі—пішаце—неправаверныя на мяне адважна наступаюць, дык я мімаволі прымушаны бараніцца». Запраўды-ж ня гэтак вучыў нас Хрыстос: ён, ведзены на сьмерць, маліўся за сваіх ворагаў,—гэтак і Вашай Міласьці трэба паступаць. Яшчэ пішаце: „на соймах падносяцца галасы, шкадлівыя ня толькі для вуніі, але і для ўсяго рымскага духавенства“. Хто-ж гэтаму вінен? Адна вунія прычынай гэтых усіх няшчасьцяў! Калі гвалціце людзкія сумленьні, калі замыкаеце цэрквы, каб людзі без абедні, без абрадаў хрысьціянскіх, без таенстваў гінулі, як няверныя, калі самавольна надужываеце любові і павагі да гаспадара, дык тады абходзіцеся бяз нас, але калі з прычыны ўціскаў паўстаець у народзе непакой, каторы трэба ўціхамірыць тады намі добра дзьверы запхнуць. Таму і праціўная старана думае, што мы з Вамі паразумеліся, каб супольне гвалціць людзкія сумленьні і нарушаць агульны супакой, — чаго ніколі ня было! Сьцеражыце вуніі для сябе і выконвайце спакойна свае абавязкі, не наражаючы нас на агульную ненавісьць, сябе-ж самога на небясьпеку і гэтакі вялікі перад усім народам упадак. „На няпрымаючых вуніі — пішаце — выдаць загад і выгнаць іх з дзяржавы“. Барані Божа! Няхай ня дзеецца ў айчыне нашай гэтакае страшэннае бяспраўе! Даўно ў гэтых гаспадарствах уведзена сьвятая рымска-каталіцкая вера і пакуль ня мела насьлядаўнічкі набажэнства свайго і паслухмянасьці для сьв. Айца, датуль славілася любоўю да супакою і магутнасьцю ўнутры і вонках краю. Цяпер жа, прыняўшы ў грамадзкасьці сваю неякую калатлівую і неспакойную таварышку, церпіць з гэтае прычыны на кожным Сойме, на кожным народным сабраньні, на кожным павятовым сойміку шмат якія сваркі і зьнявагі. Здавалася-б, лепш і карысьней для грамадзянства было-б парваць зусім з гэтакай калатлівай таварышкай, бо мы ніколі ў айчыне нашай ня мелі гэтакіх сварак, якія нам прынесла гэтая рознакалёрная вунія. Хрыстос не пячатаваў і не замыкаў цэркваў. „Маюць яны (вуніяты)—кажаце — адпаведных ксяндзоў“, дай Божа, каб іх было досыць, але гэтага мала, што Вы самі іх хваліце: уласная хвала заўсёды ёсьць падазронай. Трэба, каб інаверцы бачылі добрыя ўчынкі іхнія і ішлі за імі па сьцежках іхніх. Аднак, я чуў, якіх Вы папоў пасьвячаеце, г. ё. такіх, ад каторых царкве больш упадку, чымся збудаваньня здарыцца можа.

Агульна Вам закідаюць, што ў Вас няма адпаведных папоў, а хутчэй поўна сьляпых. Гэтак папы Вашыя цягнуць за сабой народ на згубу. „Аддаваць—пішаце—цэрквы на пасьмешышча і зьдзекі“,—але пячатаваць і замыкаць цэрквы і зьдзекавацца над кім-колечы — гэта знача ламаць брацкую аднамыснасьць і ўзаемную згоду. Па гэтым усім, няхай мне Ваша Міласьць пакажа, каго Вы прыдбалі, каго зьядналі гэтай сваей срогасьцю, суровасьцю, гэтым пячатаваньнем і замыканьнем цэркваў? І запраўды пакажацца, што Вы страцілі навет і тых, каторыя ў Полацку ў Вас былі ў паслухмянасьці; з авечак зрабілі казлоў; сьцягнулі небясьпеку на край, а можа і згубу на ўсіх нас каталікоў. Заместа вясельля прынесла нам Ваша гэтак хвалёная вунія клапоты, несупакойнасьць, нязгоду і так нам зрабілася горкай, што мы прагнулі-б лепш быць без яе, чымся з прычыны яе цярпець непакоі, горыч і дакуку. Вось плады Вашае вуніі. Знамянітай запраўды ёсьць яна прычынай сварак і нязгоднасьці паміж людзьмі і ў краі. Бо калі-б, чаго сьцеражы Божа, айчына наша ўзбурылася (да чаго Вы гэтакую дагодную дарогу сваей суровасьцю паказываеце), ня ведаю, што-б тады з Вашай вуніяй было…

А па гэтым усім гаспадар загадвае цэрквы іхнія распячатаваць і адчыніць, аб чым я Вашай Міласьці пішу. А калі Вы па гэтым маім напамінаньні не адпячатаеце і не адчыніце цэркваў, дык я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць, каб яны паводле свайго набажэнства ў цэрквах свае абрады маглі-б справаваць. Жыдам і Татарам не забараняецца ў гаспадарствах каралеўскіх мець свае сынагогі і мячыці, а Вы хрысьціянскія пячатаеце цэрквы! З гэтага поваду разыходзіцца ўжо ўсюды пагалоска, што яны прагнуць быць лепш у няверных Туркаў у падданстве, чымся цярпець гэтакі уціск свайго сумленьня.

Што датычыць Палачанаў і іншых супраць Вас бунтаўнікоў, дык гэта магчыма, што яны гэтакімі ёсьць. Але Вы самі іх да бунту падбурылі. Былі яны Вам у-ва ўсім паслушныя, царкву Вашу не пакідалі, але Вы самі іх ад сябе адкінулі. І дзеля гэтага ня хочам больш, каб Ваша толькі для нас згубная вунія да канца нас зьнішчыла.—Гэта мае аб‘ясьненьні, каторыя даю на Вашае пісьмо. Жадаю сабе на прышласьць быць вольным ад спораў з Вамі. Прашу толькі Найвышэйшага аб усялякую для Вас памыснасьць і адначасна аб духа лагоднасьці і любові да бліжняга, застаючыся з паважаньнем Леў Сапега.

З гэтага пісьма выяўляюцца пагляды Сапегі на рэлігійную праблему наагул і вунію 1595 г. ў асаблівасьці. Выказаны яны гэтак ясна, што асобных камэнтарыяў не патрабуюць. Трэба толькі сцьвярдзіць, што паглядамі на рэлігійнае пытаньне Сапега апярэдзіў сваю эпоху на соткі гадоў і зьяўляецца прыкладам справядлівасьці і запраўднае толеранцыі. З гэтага гледзішча ён ня мае роўных сабе сярод сучасьнікаў. Дзеля ілюстрацыі тагачасных паглядаў—і пры гэтым паглядаў найвыдатнейшых людзей — на рэлігійнае пытаньне падамо пісьмо папы Урбана VII да Жыгімонта III, пісанае з прычыны забойства Кунцэвіча. Пісьмо гэтае, як антытэза паглядам Сапегі, вельмі характэрнае.

„Устань, устань,—пісаў папа Урбан, — слаўны сваімі перамогамі над туркамі, і з ненавісьцю, якую да цябе жывяць няверныя, вазьміся за аружжа дый, калі збаўленьне людаў гэтага вымагае, нішч агнём і мячом заразу схізмы. Хай сьвятая вунія паднясе галаву. Чулі мы аб існаваньні схізматыцкіх брацтваў. Хай-жа твая каралеўская павага, каторая павінна быць абаронай веры, зломіць іхнюю апорнасьць. Хвальшывых біскупаў рускіх, каторыя сеюць забурэньні, пакарай сурова паводле заслугаў. Апякуйся вуніяцкімі біскупамі, аблягчы ім доступ да двара і сойму і зраўняй іх з біскупамі лацінскімі“.

Успомнім яшчэ, што ў Польшчы, навет пад канец XVII стагодзьдзя, выдаваліся канстытуцыі, забараняўшыя некаталіком хаваць нябожчыкаў удзень і вязьці іх па галоўных вуліцах.

Але ня толькі справа вуніі і праваслаўнае царквы захапляла ўвагу Сапегі. Цікавіў яго і каталіцкі касьцёл на Беларусі, вызнаўцаў каторага ён хацеў абараніць ад полёнізацыі, якая пашыралася штораз мацней у яго асяродзьдзі. За часоў Сапегі беларуская каталіцкая люднасьць ня была польскай і крэпка трымалася сваей нацыянальнасьці, даючы адпор варожым імкненьням да яе зьнішчэньня. Гэта ясна бачыцца з наступнага факту, у якім Сапега прыймаў значны ўдзел.

У 1590 годзе памёр кракаўскі біскуп. На яго катэдру кароль хацеў назначыць віленскага біскупа кардынала Юрыя Радзівілла. Леў Сапега, даведаўшыся аб гэтым, напісаў да Радзівілла наступны ліст:

„Маю ведамасьць, што, па сьмерці Кракаўскага біскупа, вакансію гэту аддаюць Яго Міласьці Кардыналу, біскупу Віленскаму. Я рад служу Яго Міласьці і ніякай рэчы ня бачу, якой-бы паводле думак Кс. Кардынала яму не жадаў.

Але баюся, каб якая з гэтага поваду мутацыя да нас ня ўнеслася і каб не казалі напотым: «а вось літвін быў біскупам кракаўскім, няхай-жа будзе цяпер паляк віленскім». Але каб з гэтага факту ня было ўшчэрбку народу нашаму напотым, дык тады няхай Яго Міласьць катэдры не даходзіць“.

Радзівілл згодзіўся прыняць кракаўскую катэдру, але, як і прадбачыў Сапега, кароль зараз-жа вызначыў віленскім біскупам паляка—Мацееўскага. З гэтага поваду канцлер напісаў Крыштофу Радзівіллу ўспомненае вышэй пісьмо наступнага зьместу:

„Ані права, ані рацыі нашыя ня могуць вымагчы на каралю, каб зьмяніў свае адносіны на карысьць нашага народу, асабліва каб не вызначаў віленскім біскупам паляка. Я з асобы маёй даховываю веру Айчыне маей і ня толькі пячатаваць ня буду таго, што будзе супраць правоў нашых, але і проціставіцца супраць гэтага з вамі разам буду, каб ня толькі да гэтакіх дыгнітарскіх урадаў, але і да меншых бэнэфіцыяЎ і навет да дзяржаваў і лясьніцтваў народу нашага ніхто не папераджаў”.

І запраўды Леў Сапега ў дадзеным прыпадку проціставіўся разам з народам і пры гэтым з пазытыўным рэзультатам. Біскупа Мацееўскага, паляка, жыхарства Вільні ня прыняла, дзеля чаго віленская біскупская катэдра засталася неабсаджанай да 1600 году.

Гэта былі найважнейшыя праявы дзейнасьці Сапегі ў галіне ўпарадкаваньня ўнутраных адносінаў у Вялікім Князьстве. З няменшай энэргіяй бараніў Сапега інтарэсаў сваей бацькаўшчыны і вонках, а ў першую чаргу перад Каронаю, якая, асабліва пасьля вуніі 1569 году, імкнулася да гэгемоніі і поўнае інкорпорацыі Вялікага Князьства. Вышэй было ўспомнена аб нэгатыўным становішчы Сапегі адносна да Люблінскае вуніі. Толькі адна акалічнасьць у вачох Сапегі апраўдавала яе часткова: гэта—неабходнасьць супольнае, у інтарэсах абодвух народаў ляжаўшае, абароны звонку. Гэтую думку Сапега выказаў у лісьце да Крыштофа Радзівілла з 29. І. 1590.

„Ня мае француская зямля гэтакіх ворагаў каля сябе, як Літва і Польшча; дзеля чаго самі паміж сабой б‘юцца і ніхто іх не разводзіць. Але нас разьвялі-б хутка: з аднэй стараны турчын, з другой татарын, а з трэцяй масквіцін, а падобна-б і немцы ня спалі“.

Гэтак толькі апраўдаваў Сапега вунію 1569 г. Паза гэтым ідуць ужо тыя асаблівасьці абодвух народаў, каторыя ўсьцяж падкрэсьліваў Сапега і каторыя ўпаважнялі яго казаць: „Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў[9]. Абарона гэтых звычаяў у першую чаргу перад Каронай і зьяўляецца вонкавай дзейнасьцю Сапегі. Юрыдычна гэтыя „асаблівыя звычаі“ трэба разумець, як тую частку дзяржаўнае самастойнасьці, каторая асталася Вялікаму Князьству пасьля вуніі 1569 г. І запраўды Вялікі Канцлер бараніў гэтае самастойнасьці з задзіўляючай энэргіяй і субтэльнасьцю. Прыкладам можа служыць наступны факт. Льву Сапезе палякі рабілі закіды, што ён забараняе прыймаць недагодныя дзеля яго ўрадаў пратэстацыі. Сапега адказаў, што гэта няпраўда, што пратэстацыі яго ўрадам прыймаюцца, і толькі пратэстацыя шляхціца Гарабурды супраць справаў польскіх, парушаных на Сойме, прынята і ўпісана ня была, што Канцлер апісавае гэтак:

„досыць яму Гарабурдзе пратэставацца ў сваіх справах, а ня супраць усяго Сойму, бо што каму з нас да спраў польскіх, як і мы ня хочам, каб яны аб нашых ведалі“.

Запраўды, з пункту гледжаньня дзяржаўных інтарэсаў Вялікага Князьства і правоў беларускага шляхціца прыняцьце гэткае пратэстацыі было немагчымым, бо яна зацірала-б існаваўшую юрыдычную розьніцу паміж Вялікім Князьствам і Каронай, нішчыла-бы гэныя „асаблівыя звычаі“ бацькаўшчыны Сапегі дый была-бы крокам да зьліцьця ў адно цэлае дзьвюх палітычна розных частак аднае дзяржавы.

Сапега ўважаў за патрэбнае перадусім бараніць тэрыторыяльную цэласьць Вялікага Князьства, разумеючы гэта ў самым шырокім сэньсе. Леў Сапега пашыраў правы свае бацькаўшчыны на ўсе тыя тэрыторыі, якія каліколечы належалі да гістарычнае Літвы. Па меры адбіраньня беларускіх этнаграфічных тэрыторыяў ад дзяржаў, якія захапілі іх, Леў Сапега дамагаўся бязумоўнага далучэньня іх да Літвы, нэгуючы рашуча ўсе правы да іх Кароны.

Гэтак было з Інфлянцкай зямлёй, якая, дзякуючы хвілёваму паводжаньню, была адабрана ад швэдаў і адразу інкорпоравана да Рэчыпаспалітай Абодвух Народаў. Леў Сапега пісаў па гэтаму поваду Крыштофу Радзівіллу ў лісьце з 12. II. 1585 году:

„Выдзерта няпраўна, сілай, невядома як Інфланцкую зямлю нашаму народу, да якой паляк грошам не прылажыўся праз колькінаццаць гадоў, і толькі, калі па вялікіх ахвярах нашых прыйшло да канца вайны, тады пан паляк пачаў адбіраць ад нас тыя замкі, што мы за нашы Лукі, Завалачча і іншыя дабылі. А мы toto nocte laboravimus et nihil cepimus, аддаўшы на гэта ня толькі ўсе скарбы нашыя, але навет дзеля гэтае зямлі Інфлянцкае, баронячы яе, згубілі нашу зямлю. Палякі-ж ня толькі забралі бяспраўна інфлянцкія замкі, але навет і тыя, што народ наш трымаў, як Рыга, Кесь. Гэта страцілі мы дзеля таго, што самі з сабой не прававаліся. Ад шчырага сэрца напісаў гэта”.

Тое самае было і з землямі, адабранымі ад Масквы падчас вайны 1610—1613 г., як напр. Смаленскай. Сапега 25 сьнежня 1611 г. пісаў да таго-ж Крыштофа Радзівілла:

„А паны палякі канстытуцыю напісалі народу нашаму шкадлівую і, гэты фундамэнт канстытуцыі залажыўшы, назвалі яго дыплёмам, прывілей сабе напісалі на Смаленск і на іншыя правінцыі і замкі, што ім даруе кароль усё, што ад Масквы будзе здабыта. Я быў змушаны ўчыніць пратэстацыю супраць гэтае канстытуцыі і супраць гэнага дыплёму, каторую пратэстацыю, хоць у канцэлярыях каронных прыняць не хацелі, а навет палякі забаранілі прыймаць яе гораду, аднак горад прыняў“.

А яшчэ раней, адразу па здабыцьці Смаленска, менавіта 30-га чэрвеня 1611 г., з Смаленска Леў Сапега, разгадаўшы імкненьні палякоў далучыць Смаленскую зямлю ўпалове да Кароны, пісаў да Крыштофа Радзівілла, называючы двор «злым торгам», і хацеў навет „асесьці на ральлі, перапрасіць плуг, бо яго ўжо ніхто ня склоніць на дворскую полеўку, якую ён ведае добра“.

Тут трэба зацеміць, што Леў Сапега ня толькі бараніў правы свае айчыны да адабраных чужымі дзяржавамі тэрыторыяў, але ўсьцяж дараджываў, як адабраць іх, і ведаючы, што найлепшым спосабам да гэтага ёсьць „жаўнер літоўскі“, радзіў у цэлым радзе лістоў да Крыштофа Радзівілла, як напрыклад у лісьце з 13 ліпня 1611 г. у часе вайны за Інфлянты, каб:

„жаўнер наш не аддыхаў, а замачкі ў Інфлянтах займаў і каб перад прыходам кароннага жаўнера займаў іх якнайбольш, бо тады паны палякі ня змогуць нам сказаць, што мы Інфлянты страцілі, калі нямалую іх часьць ізноў рэкупэруемо“.

А ў адным з папярэдніх лістоў да таго-ж Радзівілла з 22-га сакавіка 1594 г. чытаем:

«Гэтман Каронны зьбірае выбранцаў і мае вока на татараў, каторыя гвалтам хочуць праз Польшчу да Нёмна. Добра-б было, каб і ад нас палякі помач якую мелі, бо трэба-ж братоў ратаваць, тым больш, што і аб нашу ўласную скуру тут ідзе. Бо сьцеражы Бог няшчасьця на іх, ці-ж нам тады ад палякоў не дастанецца! А калі палякі абойдуцца бяз нашай помачы, тады гэты одыюм узаемнай непрыязьні і ненавісьці, каторы паміж намі а палякамі цяпер кіпіць, яшчэ больш узрасьце і пры нас будзе culpa. Трэба ім памагчы і жаўнерам нашым, а калі-б гэта не магло быць, тады хоць татарамі“.

Гэты ліст вельмі характэрны яшчэ і дзеля таго, што ён выразна сцьвярджае стан антаганізмаў, існаваўшы тады між Каронаю і Вялікім Князьствам, а з другога боку ён сьведчыць аб надзвычайнай шляхотнасьці Сапегі, каторы не хацеў, каб яго народ даў повад да паглыбленьня гэтае ненавісьці.

Аднак, ня толькі на дыплёматычным, але і на ваенным полі Сапега бараніў цэласьці Вялікага Князьства. Калі ў 1620-ых гадох уварваліся швэды—пад, камандай Густава-Адольфа, і не без дапамогі Масквы—у межы Вялікага Князьства, Сапега ізноў, ня гледзячы на свой 63-гадовы век, станавіцца на абарону краю і адзначаецца ў ваенных дзеяньнях. Пры гэтым ён не ашчаджае сваей фортуны і паносіць вялікія выдаткі на абарону, за што гаспадарства было яму асабліва ўдзячнае. У гэту цяжкую для Вялікага Князьства пару, калі—апрача вайны—шырылася яшчэ і маравое паветра, Сапега абняў галоўнае камандаваньне ваеннымі сіламі, як Вялікі Гэтман Літоўскі.

Пасьля вайны Сапега, будучы віленскім ваяводам, спакойна дажываў свой век, працуючы над упарадкаваньнем Мэтрыкі Вялікага Князьства Літоўскага, інакш кажучы—архіву спраў Дзяржаўнае Канцэлярыі Вялікага Князьства Літоўскага, які знаходзіўся пад асабістым даглядам і кіраўніцтвам Вялікага Канцлера Літоўскага. Архіў гэты зьмяшчае арыгінальныя дакумэнты ад XIII стагодзьдзя і копіі дакумэнтаў, выданых з Дзяржаўнае Канцэлярыі, ды мае надзвычайна вялікую цэннасьць дзеля беларускае гісторыі [10].

Яшчэ ў 1594 г., у Вільні, канцлер Леў Сапега апрацаваў рэестр дакумэнтаў Літоўскай Мэтрыкі, а пад канец жыцьця ён упарадкаваў гэты архіў, перапісаўшы кнігі нанова.

Акты Мэтрыкі былі пісаны ў беларускай мове, а дзеля таго, што яны абыймаюць стагодзьдзі, можна на аснове іх прасачыць абраз разьвіцьця беларускае мовы.

Незадоўга да сваей сьмерці Сапега атрымаў годнасьць Маршалка Вялікага Князьства і ў гэтай годнасьці, як прадстаўнік дзяржавы, спатыкаў у 1633 годзе новага караля Уладыслава IV. Сапега меў тады 76 гадоў. Праз два тыдні пасьля гэтае сустрэчы ён памер і быў пахаваны ў Вільні ў касьцелі сьв. Міхала, ім жа ўфундаваным. Перад сьмерцяй Сапега багата абдараваў уфундаваныя ім цэрквы і касьцёлы. Цела яго, аднак, доўга не магло знайсьці супакою. Над ім надругаліся два разы маскоўцы, асабліва ў 1655 годзе, выкідаючы труну на вуліцу.

У асобе Льва Сапегі Вялікае Князьства страціла апошняга абаронцу сваіх правоў, а беларускі народ — абаронцу свае культуры, мовы і нацыянальнасьці. Пасьля сьмерці Сапегі аканчальны заняпад палітычнага і культурнага жыцьця Беларусі збліжаўся шыбкімі крокамі, і ўжо ў 1697 г. зьявілася соймавая пастанова, касаваўшая правы беларускае мовы, як мовы ўрадовае, і загадаваўшая земскаму пісару ўсе акты пісаць папольску. Не падлягае сумліву, што факт гэты стаўся-бы значна раней, калі-б ня было Сапегі.

Дзеяльнасьць Сапегі не ўратавала Вялікага Князьства і беларускае культуры ад пазьнейшага заняпаду. Тлумачыцца гэта тымі вялікімі супярэчнасьцямі ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, каторых навет Сапезе, паміма задзіўляючых высілкаў з яго боку, не ўдалося зьнішчыць. І ўсё-ж такі эпоха Сапегі астанецца назаўсёды ў гісторыі беларускага народу і яго культуры залатой парой, а магутная постаць Вялікага Канцлера будзе ўсьцяж яскравым доказам вялікіх творчых сілаў, укрытых у беларускім народзе. І, хаця мінула ўжо 300 гадоў ад дня яго сьмерці, Леў Сапега застанецца назаўсёды для ўдзячных патомкаў узорам мудрага палітыка і дыплёматы ды гарачага патрыёты, прыкладам запраўднае справядлівасьці, несфальшаванае толеранцыі і высокае эдукаванасьці.

ГАЛОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ: Scriptores rerum polonicarum. Tomus VIII: Archivum Domu Radziwiłłów. Kraków, 1885 г. Ластоўскі В.: Гісторыя Беларускае (Крыўскае) Кнігі, Коўна 1926 г. T. Czacki: „O Litewskich i Polsckich Prawach“, Warszawa, 1800—1801.


  1. Валынь была інкорпорована да короны ў 1569 г.
  2. Сьцяпан Батура.
  3. у Вялікім Князьстве.
  4. Жыгімонт III.
  5. Для земляў этнаграфічна ўкраінскіх быў устаноўлены асобны Трыбунал у Луцку.
  6. Апрача Кунцэвіча вялікія заслугі для справы вуніі палажылі: Іпаці Пацей, даўшы ёй праўныя асновы, і Вэльямін Рутскі, стварыўшы ўнутраную арганізацыю новага касьцёлу.
  7. Яшчэ ў часе малітваў перад брамай места адзін папачанін спытаўся ў Кунцэвіча: «Уладыка, ці моцна трымаешся нашае рускае веры?». Іншы ізноў крыкну: «Калі прыходзіш да нас з добрым намерам,—вітаемо цябе; калі-ж не, — тады няхайбы ты лепш ніколі не ўваходзіў у Полацак». Гэтыя воклікі паўтарыліся вастрэй, калі ў катэдру сьв. Зофіі разам з Кунцэвічам увайшлі і езуіты.
  8. Пісьмо гэтае было напісана ў беларускай мове. Пасьля было перакладзена на польскую і расейскую мовы. Аўтар пераклаў яго з польскага тэксту, зьмешчанага ў працы Чацкага „O Litewskich i Ruskich prawach“,— на беларускую мову, карыстаючыся сучаснай беларускай транскрыпцыяй, але пакідаючы асаблівасьці стылю Сапегі. Ці арыгінал пісьма захаваўся да нашых часоў, гэтага аўтару, нажаль, устанавіць не ўдалося.
  9. Пісьмо да Крыштофа Радзівілла з дн. 5. VI. 1588 г. і інш.
  10. Гэты скарб сяньня раскіданы па ўсей Расеі і Польшчы. Часткі Мэтрыкі знаходзяцца ў Ленінградзе, Маскве, Варшаве (найстарэйшыя акты ад 1386 да 1551 году). Агулам Літоўская Мэтрыка абыймала акты Вялікага Князьства да 1794 году і мела 556 томаў, у якіх у хронолёгічным парадку адзначаны ўсе важнейшыя здарэньні дзяржаўнага жыцьця.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.