П’есы (Сташэўскі, 1927)/У цемры

Бацька і сын У цемры
П’еса
Аўтар: Васіль Сташэўскі
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЦЕМРЫ

(Аднаактавы абразок з вясковага жыцьця ў 1921 г.)

АСОБЫ:

Марта — удава.
Янка — бедны селянін.
Міхальскі — багаты селянін, кулак.
Зоська — няродная дачка Марты.
Рыгор — няродны сын, брат Зоські, чырвонаарм. ЧК.
Буялаў — сэкратар рэўкому.
Дыякан.
Кабета.
Два, тры мужчыны, два, тры хлопчыкі, сяляне.


Дзея адбываецца ў хаце ўдавы. Кулак Міхальскі падводзіць рахунак зьбіраньню ахвяр на званы й на архірэя. Зьбіральнік Янка дае справаздачу.

Міхальскі

Колькі сабраў у пасеках?

Янка

На званы — 3 пуды жыта й пуд аўса, а на архірэя 8 фунтаў мёду і каля пуду фасолі, вось толькі што прывёз.

Міхальскі

А дзе паставіў?

Янка

А ў Вас, у сьвіране.

Міхальскі

А некаторыя, мусіць, ня хочуць даваць?

Янка

Дык дзіва!.. Моладзь, псуе справу. Макаровых Паўлючок, дык аж біцца кідаецца да маткі, каб не давала фасолі. Хай трэсьне, гаворыць, твой архірэй.

Марта

Ах, распута, вось цяпер дзеткі!

Зоська

Ай добра, сказаў. Праўду сказаў. Як жабракі ходзяць з торбамі і зьбіраюць на зва-а-а-ны на ар-хі-рэ-я.

(Уваходзіць дыякан).

Марта

Ціха ты.

Зоська

На дыякана яшчэ назьбірайце.

Дыякан

Дыякан тут.

Зоська

Прымайце ад вашых казначэяў дабро за сваю „цяжкую працу“.

Марта

Сьціхні ты, гадаўка.

Зоська

Што сьціхні, абрыдла мне глядзець на вашыя зборышчы.

Янка

Сядайце, айцец, сядайце.

Зоська

Дядзька Янка, кідайце гэтыя торбы. Хай самі йдуць і зьбіраюць, нашто вам гэта, пойдзем з хаты. (Пашла).

Дыякан

Во крыклівая. Маладзенькая, задзірыстая, а можа й дурненькая.

Марта

Каб яна была мая родная дачка, я-ж бы яе… прытаўкла-б за гэтыя словы.

Міхальскі

А, не зважайце, вось добра, што пашла. Ты, Янка, зьбегай да мяне там жонка прыгатавала прыкусіць. У шафе там кіўбасы, а затым… можам крыху мёду ўзяць, з гэтага зборнага, разумееш!..

Янка

Добра! (Ідзе).

Міхальскі

Э, пачакай, як толькі прыедзе сэкрэтар рэўкому, дык няхай хлапчук мой зараз-жа й вядзе яго сюды.

Янка

Добра!

Міхальскі

Там жа за куфэркам, дзьве бутэлькі пяршаткі, разумееш?..

(Янка вышаў).

Міхальскі

Гэта (да Марты, вымаючы з кішэні бутэльку) там пастаў дзе небудь, а то цёплая зробіцца ў кішэні. (Марта ставіць у мыцельнік).

Міхальскі (сядае).

Я вам скажу, айцец дыякан, што калі скончым царкву, ды калі вы пераберацеся да нас на пастаяннае жыцельства, ну тады зажывем.

Марта

Скарэй-бы ўжо канчалі.

Дыякан (лісьліва паглядае на Марту).

Скарэй-бы… рукапалажыцца трэба во сьвяшчэньнікі…

Міхальскі

Ну гэта вы зробіце хутка.

Дыякан

Так, гэта можна хоць сёньня. Завязу яго прасьвяшчэнству ўсе, што назьбіралі й магу атрымаць Ліскаўскі прыход і быць з вамі і сярод вас, эх-хе-хе…

Марта

Як добра!..

(Уваходзіць Янка).

Міхальскі йдзе да яго. Дыякан трымае Марту за руку і ўкрадкай цалуе яе ў шчаку. Марта ўскаквае, бяжыць у мыцельнік, прымае ад Янкі талеркі з закускаю, дыякан задаволена гладзіць бародку.

Міхальскі (падыходзячы да стала).

Вось зараз перакусім крыху. Яшчэ дзякаваць Богу й каўбасы знойдзем, калі трэба й самагонку ня дрэнную.

Дыякан

Дай бог кожнаму праваслаўнаму такую піць, як ваша, пане Міхальскі, толькі глядзеце, каб не пранюхаў які небудзь бальшавічок.

Міхальскі

Ня ведаю, пакуль што ціха. У рэўкоме ў мяне цяпер ёсьць свой чалавек.

Дыякан

Гэта Буялаў?

Міхальскі

Так. Ён-жа сэкратар, ён вядзе ўсе дзялы, а сэкратаром у сельсавеце мой сын, таксама вядзе ўсе дзялы. Так, што я й спакойны.

Дыякан

Во, так і трэба, каб усякая шушамець, ня лезла на карк.

Міхальскі

Глянь, Янка, каб пад вакном там нікога ня было.

(Янка вышаў, Марта за ім).

Дыякан

Буялаў наш чалавек, толькі каб не даведаліся аб тым, што ён ня вельмі далюблівае цяперашнія парадкі, бо скінуць могуць з пасады, а так ён вот-вот камуністым стане, нашым камуністым.

Міхальскі

Во калі-б такія ўсе камуністыя, я-б нічога ня меў-бы проціў, а можа й сам пашоў-бы нават, а то што, знаеце, галадранец які, што ў яго нічога няма, што з ім парадашны чалавек гаварыць не хацеў, ён лезе ў камуністыя. Вось у Ачапоўскага на фальбарку адзін сем год парабкам быў, а цяпер упраўляючым там застаўся. Ён нават бога не прызнае.

Дыякан

Ух разбойнікі.

(Уваходзіць Янка й Марта).

Міхальскі

Грабіцелі й больш нічога.

Янка

Нікога няма, ціха ўсё.

Дыякан

Ну, а ты, Янка, як, скора бальшавіком будзеш, у камуністыя запішашся?

Янка

Як вам сказаць, айцец духоўны, бальшавіком яшчэ можна быць, значыцца, каб усім людзям добра было і ўсё такое… Аб камуністых я нешта нічога ня ведаю, як будзе з гэтаю камунаю, але я чалавек цёмны і пра гэта мала што магу сказаць. Вось, што я магу сказаць.

Марта

Я думаю бог павінен пакараць іх, быць ня можа каб так прашло. Яны-ж усе бязбожнікамі парабіліся. А памойму — раз ты ня чуеш над сабой страху божага, ты тады можаш красьці, забіваць.

Янка

О, за гэта ў турму пасадзяць!

Міхальскі

Хто-ж іх пасадзіць, калі яны саджаюць, ды каго? Дзе гэта відана, каб узяць айца духоўнага ды ў вастрог.

Дыякан

Каго, мяне?

Міхальскі

Я к прыкладу, бывае-ж.

Марта

Не даруе ім бог.

Дыякан

Так, цярпеньне вялікае.

Міхальскі

Але, як я спадзяюся, то на маім выйдзе. Ну я думаю, што сэкратар пад‘едзе скора, а гэтым часам стаў, Марта, што там ёсьць.

(Марта ставіць закуску і выпіўку).

Міхальскі

Калі мы пачыналі строіць царкву, думалася, што ўсё будзе гладка йсьці, тады неяк дружна браліся за работу, а цяпер віляць пачалі некаторыя, слабода нарабіла, але быць ня можа, да вялікадня скончым і я так думаю: маючы сваю царкву, можна будзе трымаць нашых ліскаўцаў у парадку і паслушэнстве.

Дыякан

Труднавата у „нынешние времена нету прежнего почитания“.

Міхальскі

Кожны лезе за пане-брата, хоча паказаць свой розум, што ў яго ніколі ня было. А памойму, кожны павінен ведаць, хто ты такі, і ня лезьці куды ня сьлед.

Янка

Ня будзем пра гэта гаварыць, пане Міхальскі, лепш вось з айцом духоўным павячэраць, ды (паказвае на будыльку) выпіць вось гэтых кропель.

Марта (налівае).

Прашу-ж госьцікі дарагія.

Дыякан

Я, можна сказаць, няп‘юшчы, але як вып‘ю, дык неяк тады лягчэй, толькі-ж я ўжо выпіў сёньня і адчуваю ў галаве шумок.

Міхальскі

А мала што дзе там пілі, мо якую дрэнь, а гэта ўсе-ж такі добрая, бяз жаднага паху.

Янка (сядзіць з боку).

А гэта добрая.

Міхальскі (заўважыўшы).

А, дык бяры шклянку й ты, Янка.

(Янка падыходзіць да стала й выпівае).

Дыякан

Даюць — бяры, б‘юць — уцякай.

Янка

Я так, бацюшка айцец дыякан, і раблю, мая жонка калі раззлуецца часам, пачне лаяць мяне, то я цярплю, але як бывае ўхваціць сякач, ці вілкі, дык тады — уцякаю.

Марта

І добра робіш, Яначка, далі-бог добра. (Налівае ўсім). Ну яшчэ, айцец дыякан.

Дыякан (бярэ чарку).

Закончыць храм, рукапалажыцца, прыехаць да вас на асьвяшчэньне і на пастаяннае служэньне. Ваздадзім хвалу госпаду Хрысту. (Выпіваюць усе). Я па стапах Хрыста, які заўсёды быў з народам, як і я з вамі сёньня. (Працягвае рукі, каб абняць Марту й Міхальскага). Слухай, Марта, ты ўдава?

Марта

Удава, айцец духоўны.

Дыякан

Хрыстос любіў удоў, будзем любіць і мы. (Марта цалуе руку дыякану, а ён яе ў лоб і шчаку).

(Янка пашавяліўся).

Марта

Нехта, здаецца, ідзе. (Ускаквае й бяжыць да дзьвярэй. Янка і Міхальскі хаваюць бутэлькі).

(Уваходзіць сэкратар з папкаю, п‘янаваты ўжо).

Міхальскі

Во хто нас перапужаў. (Ставіць на стол бутэлькі).

Сэкратар

Правільна, што самагонку пілі?

Дыякан

Не самагонку, а хлебнае віно ўдавы Марты, за неіменіем вінограднага.

Сэкратар

За неіменьнем гэрбавой пішам на прастой, а вось прыпісаць вам за тое, што без мяне пачалі…

Янка (дае месца сэкратару).

Чакалі вас, т. сэкратар, а пасьля нейк і пачалі.

Сэкратар

Пачалі… прадаўжай!..

Міхальскі

От люблю… Свой чалавек, такому я заўсёды рад. (Налівае яму шклянку).

Сэкратар

Рад?.. а… Чаму-б ня ўстроіць усю гэту маніфэстацыю ў тваім доме: там прасторна, тупнуць можна. (Дзяк ціха пяе)… К ціхаму прыстанішчу тваему прыцёк вопіюшчы.

Міхальскі

Я вам скажу, што гэта для вас ня добра будзе. Кожны будзе казаць, што ў яго п‘юць, за яго стаяць, ведаеце самі, пачнуць перамельваць усё, а тут спакайней.

Марта

Тут спакойна, вокны завешаны. (Устрывожана). Нехта клямкаю стукнуў. (Ускаквае. Міхальскі хавае бутэльку).

(Адчыняюцца дзьверы, уваходзіць кабета).

Кабета (падыходзячы да стала).

Я буду прасіць вас, айцец і вас. (Да сэкратара). Можа вы-б далі якую раду: дзеці пахварэлі, а сёньня й сам (гаспадар) зьлёг, што мне цяпер рабіць? Большанькая дзяўчына бяз памяці крычыць, дроў — ні паленца. (Плача). Есьці няма чаго даць.

Сэкратар (сярдзіта).

Ну, дык што-ж мы можам табе даць?..

Кабета

Я ня ведаю можа паможаце, бядзе маёй.

Сэкратар

Што тут канцэлярыя табе?

Кабета

Не магу-ж я, панок, адвінуцца з дому, каб паехаць.

Сэкратар

Не магу-ж я за такой паняй прыслаць каней гэта раз, а другое трэба злажыць усё, чаго ты хочаш, у пісьменным відзе і здаць у рэгістратуру.

Кабета

Каму кажаце падаць?

Сэкратар

У рэгістратуру.

Кабета

А хто-ж ён будзе такі?

Сэкратар (іронічна).

Ізвольце аб‘ясьніцца з такімі…

Дыякан

Скажы, галубка, ты ў споведзі летась была?

Кабета

Была, айцец.

Дыякан

Дык, схадзі і сёлета, а цяпер трэба пачакаць, што бог дасьць. Запалі сьвечку, хай гарыць на стале ў гарнушку з жытам. Паправіцца — ахвяру паднясі, памрэ — памінкі зрабі: усё ад бога, галубка мая.

(Кабета ўсхліпваючы адыходзіць).

Міхальскі

Цьфу чорт яе нагнаў, зашчапіла ты-б, Марта, дзьверы, каб ня швэндаліся, каму не патрэбна.

Сэкратар

Эх, сяду разам з айцом духоўным, вып‘ем і вазьнясемся ў рай.

Дыякан

З табою, хоць у пекла.

Сэкратар

Сядай, тут каля мяне, Марта. (Марта сядае).

Сэкратар

Ды бліжэй!.. Я не такі халодны, як сьвяты айцец.

Марта

Айцец дыякан ніколі халодным ня бывае.

Сэкратар

Ня бывае?.. Ведаеш?

Дыякан

Я цеплаты ў цябе не прашу, я саграваюся сваім воздухам. (Да сэкратара). Слухай, чаму ты сеў пасярэдзіне, а жанчына ў нас з краю.

Сэкратар

А дзе яна павінна сядзець?

Дыякан (паказвае месца каля сябе).

А вось тут.

Сэкратар

А, вось яно што?.. Добра. Я згодзен, выпі вось толькі поўную шклянку.

Дыякан

Поўную, гы-гы-гы… Многа, браток.

Сэкратар

Ну, пі — колькі тут ёсьць.

Дыякан

Многа будзе, браток.

Сэкратар

А ну, ладна сядзі сабе адзін. (Павярнуўся).

Дыякан

Ну, вып‘ю, браток, вып‘ю.

Сэкратар

Ну, пі.

Дыякан (выпіўшы крыху).

Замнога, браток.

Сэкратар

Ну, як сабе хочаш.

Дыякан

П‘ю, п‘ю. (П‘е).

Сэкратар

О, цяпер займай маю позыцыю. (Садзіць дыякана пасярэдзіне).

Дыякан

(Палажыўшы абаім рукі на плечы).

Люблю я вас (Зьлёгка цалуе ў шчаку сэкратара й добра два разы Марту). Слухай пане Міхальскі, колькі мы купім званоў?

Міхальскі

Я думаю, ня менш чатырох, каб у чатыры галасы.

Дыякан (радасна).

У чатыры… (Лічыць і паказвае пальцам на ўсіх, апрача Янкі) Раз, два, тры, чатыры (Бярэ шклянку ў рукі і стукае аб бутэльку) Ці-лім, бом-бом… (Дыякан кажа: „Ці-лім“; Сэкратар: „бом“ і Міхальскі — „бом“ некалькі разоў, а затым мотыў пераходзіць у польку. „Ціль, ціль“, „бом-бом“… Плечы іх пачынаюць хадзіць, Міхальскі топае седзячы, Дыякан, Марта й сэкратар вылазяць й пачынаюць скакаць).

Дыякан (кончыўшы скакаць).

Стой, каршуны нейкія перад вачыма кружацца… Ой, ой, кружацца…

(Уваходзіць Зоська)

Сэкратар

Кружыцца?.. садзіся ты, мокрая курыца! А-а-а Зоська тут, ягадка!.. (Ідзе да яе).

Зоська

Адыйдзеце!.. (Сэкратар хоча абняць яе).

Зоська

Адыйдзеце, а то плюну ў вочы.

Сэкратар

Што?.. Мне ты хочаш плюнуць у вочы, мне сэкратару рэўкому, прадстаўніку уласьці.

Зоська

Гэта вы прадстаўнік улады? Ды Вы не дастойны быць ім. До-обры прадстаўнік!.. Вы ганьбіце толькі ўладу, і вам ня месца ў рэўкоме.

Марта

Чаго ты прышла?

Зоська

Я ў сваю хату прышла. Што можа прагоніце?

Сэкратар

Выкінем, як жабу, калі толькі будзеш шум падымаць.

Дыякан

Так, выкінуць трэба гэта непатрэбнае зельле.

Зоська

Вы патрэбнае зельле, вы, айцец духоўны, цалебнае зельле, вы сцаляеце душы. Сцаляйце лепш сваю душу, вось гэтым зельлем. (Паказвае на бутэльку самагонкі). Яна ў вас хворая…

Марта

Сьціхні ты…

Зоська (ня слухаючы).

Вы сьпяшаецеся каб скарэй закончыць будову царквы, асесьці тут у нашай вёсцы й, напіўшыся добра самагону, маліцца за нас грэшных. Каму патрэбны гэтыя малітвы?

Міхальскі

Нам патрэбны. Вядома-ж не табе распусьце такой.

Зоська

Толькі-ж вам. Зразумела, каму патрэбна гэтая крама.

Дыякан (да сакратара).

Трэба запраціць ёй гаварыць…

Зоська

Не, галубчыкі, цяпер не забароніце нам гаварыць. Мы будзем гаварыць, крычаць будзем. (Янка задаволены паглядае на Зосю).

Марта

Ну й лопнеш.

Дыякан

І лопнеш.

Зоська

Вы лопнеце ўсе.

Сэкратар

(Падыходзіць да Зосі й са злосьцю).

Што ты скажы з сябе прадстаўляеш?

Зоська

Я не прадстаўляю, я выказваю праўду. Пры Савецкай уладзе мы будзем праўду казаць у вочы.

Сэкратар (іронічна).

Якую такую праўду сударыня, думаеце сказаць?

Міхальскі

Ды ну яе з яе праўдай.

Дыякан

Праціўна слухаць…

Зоська

Праціўна слухаць? Але-ж вы павінны слухаць.

Дыякан

Ня будзем слухаць.

Зоська

Ня будзеце слухаць?.. Тым горш для вас, а вот вы, таварыш сэкратар…

Дыякан

(да Міхальскага, сьмяючыся).

Таварышка!.. Хе-хе-хе…

Зоська

Ці падумалі вы аб жыцьці сялянства. Вы ня бачыце, колькі хворых у вёсцы ёсьць, ёсьць такія, што ўсёй сям‘ёй ляжаць. Ці падумалі вы каб доктара прыслаць, каб прыняць якія крокі, каб не хварэлі больш людзі. Побач з такімі вось. (Паказвае на Міхальскага). У нас ёсьць і такія, што ўжо апошнія фунцікі змалолі, цемната страшная пануе, а вы гэтым карыстаецеся й строіце царкву, зьбіраеце на званы, на архірэя, прапіваеце тут…

Міхальскі

Тваё прапіваем?

Дыякан

Я лічу, што гэта яе прамова… гэта — поўная контр-рэволюцыя.

Міхальскі (глядзіць на сэкратара).

Контр-рэволюцыя!..

Зоська

Ха-ха-ха!.. Эх, дзікуны! (Пашла).

Марта

Вось бачыце, якое дабро жыць нам, мачыхам з такімі дачушкамі. Яе трэба было-б пасадзіць, каб пасядзела ў воласьці, можа крыху палепшала-б.

Міхальскі

Пасадзіць трэба яе беспраменна, і гэта зрабіць ня трудна. Яна язычок мае лоўкі, прагаворыцца на сходзе супроць сэкратара рэўкому ці каго, а я скажу сыну, каб у пратакол запісаў, ну і, значыцца, супроць уласьці. Галубка, хадзі сюды…

Дыякан

О, люблю, за гэта. Я лічу, трэба ўсім выпіць… (Выпіваюць. Янка ня п‘е).

Міхальскі

Ну, а ты, што ня п‘еш Янка?..

Янка (хмурны).

Дзякую, панок, ня буду піць.

Дыякан

Ты што, пашатнуўся ў веры?

Янка

Не, айцец духоўны, я болей не магу піць.

Дыякан

Ты можа гневаешся, што я не плачу за старажоўства царквы, але-ж май на ўвазе, што калі адчынім — ты будзеш царкоўным старастам, будзеш першым маім памоцнікам.

Сэкратар

Усё гэта пустое, дзяўчына гэта сядзіць у мяне ў печанёх, чорт-бы яе пабраў.

Міхальскі

Я-ж бы яе на вашым месцы… у Чаку загнаў-бы.

Дыякан

Куды вы сказалі?

Міхальскі

У Чаку…

Дыякан

Ой, якое богу праціўнае завядзеньне… (Паморшчыўся заплюшчыўшы вочы, паўтарае) Чэ-ка, Чэ-ка…

Міхальскі

Яно і мне праціўна… А табе, Янка?

Янка

А мне нічога.

Міхальскі

Табе нічога?.. Ну, а ёй? (Паказвае на Зосю) Ей-жа міла, дык вось няхай яна туды і йдзе.

Янка

А чаму-ж ёй ня міла будзе, яе-ж брат, Рыгор, там служыць. (Уваходзіць Зоська).

Міхальскі

Брэшаш, ён у Чырвонай арміі служыць, а мо‘ дзе прапаў гэткі галаварэз.

Сэкратар

А вось чаму яна такая разумная.

Дыякан
(Заплюшчыўшы вочы на мотыў камарынскага ціха напявае).

Чэ-ка, Чэ-ка... (Засыпае).

Сэкратар

Ну, айцец, падымайся, тут брат Чакою, пахне. Едзем адсюль к чорту…

Міхальскі

Не сьпяшайцеся, глупства…

Марта

Няхай айцец дыякан засьне крышку, яны ўтаміліся. Яшчэ заедзецца рана. (Да Зоські). Гэта ты, гадаўка, мне жыцьцё труціш… (Стук у дзьверы, сэкратар зьбіраецца. Марта выбегла ў сенцы і пытаецца: хто там? Чуваць адказ: Я… Рыгор… адчынеце… Яна не адчыніла і спуджаная ўскочыла ў хату) Рыгор прыехаў…

Міхальскі (моцна).

Р-рыгор-р-р?.. (Бразнула талерка, дыякан падскочыў — хрысьціцца).

Зоська (радасна).

Рыгорка прыехаў… (Бяжыць адчыняць дзьверы).

Сэкратар (бярэ пад паху папку).

(Уваходзіць Рыгор. На ім шлём, з гвяздаю, скураная куртка, рэвольвер і маленькі клунак).

Рыгор

Здарова, Зоська!.. (Цалуюцца). Што, гэта адчыняць ня хочуць? Запыталі, хто — і пабеглі?.. (Усе спуджаныя стаяць).

Зоська

А вось чаму, Рыгорка, паглядзі, што ў нас робіцца, я пісала табе.

Янка (да Рыгора).

Здароў, Рыгор. Знацца ў госьці да нас…

Рыгор

А, дзядзька Янка… Здароў… (Вітаюцца). Ну, а гэта, што за кампанія? А-а-а!.. Гэта дыякан… (Глядзіць на Міхальскага). І гэтага пазнаю… Ну, а гэта хто такі будзе?.. (Глядзіць на сэкратара).

Сэкратар

Я — сэкратар рэўкому…

Рыгор

Сэкратар рэўкому? Добра… у вас тут дзелавое пасяджэньне.

Сэкратар

Я прыяжджаў сюды па справах, зямляўпарадкаваньня, а затым ўжо запрошаны быў зайсьці сюды. А вы хто будзеце, дазвольце запытаць?

Рыгор

Я гаспадар гэтай хаты.

Сэкратар

Я разумею, але я пытаю па службе хто будзеце?

Рыгор

Я воін Чырвонай арміі, абаронца-працоўных.

Сэкратар

А дзе служыце?

Рыгор

У Чака…

(Сэкратар закусіў губы. Дыякан, падскочыўшы, хаваецца за Міхальскага).

Рыгор

Не хавайцеся, айцец, за сьпіну, мы вас добра бачым, добра бачым вашу работу. Вы, зразумела, па справах богу-ўгодных прыехалі сюды. Цэркаўку будуеце, самагоначку папіваеце, г. зн. прыемнае з карысным… А такія, як пан Міхальскі зьяўляюцца вашымі вернымі памоцнікамі… У, дармаеды… Вы тая балячка на целе працоўнага селяніна, якая не дае магчымасьці паправіцца яму… А ты вось, Янка, як папаў сюды. Што ў цябе, у бедняка ёсьць агульнага з гэтай кампаніяй?

Янка

Я што, я нічога, зьбіраў на званы, на архірэя, значыцца, сабраў, аддаў вось пану Міхальскаму, а як яно там будзе, бог іх ведае…

Рыгор

Значыцца сабралі і ўстроілі папойку пасьля ўдачнага ўлову і каб незаметна было, зышліся сюды, пад гэту шэрую страху — умела карыстаецеся цемнатою народнай і робіце сваю цёмную справу. Зьбіраеце пуды, каб адаслаць іх дармаедам, каб купіць званы. Званіць будзеце, ззываць народ і казаць яму аб пастох, аб страху божым, аб царстве нябесным, а самі тут ня замліцы, сабраўшыся пад гэту шэрую страху, спасаеце свае душы самагонкаю. Спасайце. Эх, вы… „душы“, вон з гэтай хаты, яна павінна застацца чыстай і новай. (Усе пасьпешна выходзяць. Янка й Марта ня ведаюць што ім рабіць. Да сэкратара) А вы пачакайце, мы яшчэ з вамі пагаворым як сьлед. (Да Янкі) Застаньцеся, дзядзька Янка. (Да Марты). Застанься й ты — ахвяра папоўскага дурману. (Углядаецца на сэкратара). Дзесь-ці мы сустракаліся, што-сь знаёмы твар?..

Буялаў

Усё можа быць, а то… бываюць падобныя па абліччу.

Рыгор

Ага… Ён… У Жлобінскім Угалоўным розыску справа яго была… Быўшы валасны пісар… А ну, рукі ўверх.

Янка

Угалоўны праступнік… Ого-го!.. Значыцца здымуць кветку з кажушка.

Рыгор

Вымай, дзядзька Янка, усё, што ёсьць у яго ў кішэні.

Янка

Баюся, браток.

Рыгор

Нічога, ён не пашавеліцца.

Янка (мацае).

Ой, нешта тырчыць, можа рэвольвэр…

Рыгор

Цягні, ня бойся. (Янка дастае з кішэні паўбутэльку).

Буянаў

Дазвольце, таварыш, тут непаразуменьне.

Янка

Якое непаразуменьне, калі самагоначка, ды напэўна пяршатка. (Шукае). Больш нічога няма, здаецца.

Рыгор (да Зосі).

Я зараз паеду з ім у рэўком і зьвярнуся заўтра раніцаю. А цяпер пойдзем да старшыні сельсавету, бяжы, Янка, наперад, скажы, каб прыгатаваў хурманку.

Янка (ня ведае дзе падзець самагонку).

А гэта тут пакінуць ці як будзе?..

Рыгор

Выкінь там на агарод дзе…

Янка

Добра, бягу. (Расчыніў дзьверы). Ну, за мной, угалоўнік.

Рыгор

Пашлі!.. (Пашлі, вышла й Зося).

Марта (адна, падышла да абразоў).

Божа міласэрдны, калі я можа й сапраўды грэшна ў чым, дык даруй, я-ж удава. Заступіся, заступіся, божачка, і за айца дыякана…


КАНЕЦ