У ціхай вадзе (1925)/Соцкі падвёў

Соцкі падвёў
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Кантракт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Соцкі падвёў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОЦКІ ПАДВЁЎ

I

Важна ходзіць па мястэчку вураднік, пакручваючы рыжыя вусы. Пры баку ў яго целяпаецца трапло-шабля, чырванеюць шнуры і наплечнікі і блішчаць на сонцы наваксованыя боты. Ён толькі што прыехаў на службу; у яго галаве мітусяцца тысячы думак, — думак аб тым, як зьвясьці крамолу. Яму здаецца, што ён выкрыў „праступнае саобчаства“, захапіў лісты, рэвольвэры й бомбы, і ўсё гэтадаставіў да начальства. Яму даюць павышэньне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а потым… і пашоў наш вураднік у гару, як цыган па драбінах на неба. Пры гэтым вураднік аж засьмяяўся сам сабе і ляснуў рукамі па сваіх тоўстых кумпякох.

— Гм! ты кажаш „падазрыцельны“ чалавек? — пытаў вечарам вураднік сваю правую руку — гарбатага стражніка.

— Бясспрэчна падазрыцельны! — сказаў стражнік таемным, паніжаным голасам.

— І ты яго бачыў?

Бачыў, гаспадзін вураднік. І цікава тое, што ён — малады чалавек і астрыжаны! Звычайна ўсе крамольнікі кудлатыя і абарваныя. А гэты нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпяразан шырокім поясам… Гатоў у заклад ісьці, што гэта самы настаяшчы „сіцылісты“.

— А ты ня пытаўся аб ім? Не наводзіў справак у мужыкоў?

— Дык вам мужык так і скажа, асабліва галадранскі мужык. Гэта — гадаўё!

— Калі зьявіліся проклямацыі ў Галадранцы?

— На тэй нядзелі ў пятніцу.

— Вось што, браце, — пачаў, памаўчаўшы, вураднік голасам начальства: — заўтра ты паедзеш у Галадранку і навядзеш дакладныя спраўкі аб гэтым рэволюцыянэры. Мы яму пакажам свабоду! Зайдзі да соцкага, Рамана Камлюка. Але ня надта выкладай яму ўсё на талерку: трэба помніць, што ён — галадранец, забастоўшчык.

II

— Скажы, брат, — пытаўся адзін худы, высокі, як цапільна, галадранскі селянін, гаворачы „брат“ усёй грамадзе, — што гэта за чалавек? пэўна „сіцылісты!“

— Гэтакі ён „сіцылісты“, як ты, напрыклад, маёй кабыле дзядзька, — адказаў яму Андрэй Падгорны, чалавек лёгкі на язык.

Усе зарагаталі.

— А ты, мусіць, знаешся на „сіцылістых“, як мая сьвіньня на пастох?

— Разумны напаў на разумнага, — сказаў стары Базыль, не выпушчаючы з зубоў люлькі.

— Нашлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь з-пад карчмы: — Андрэй гаворыць праўду. Ці-ж „сіцылісты“ пойдзе да папа або будзе лаяць сам сябе?

Галадранскі соцкі, Раман Камлюк, замысьліў, як відаць, нешта хітрае, бо засьмяяўся сам сабе ў доўгія вусы, але нікому не сказаў, чаго засьмяяўся, і пашоў да хаты.

Да сялянскай грамады падыходзіў Янка Дудар. Яму было надта весела, ён сьпяваў на ўсю вуліцу:

А ты, Янка, не зважай
На кажух падраны…

Ногі ня слухалі Янкі, а йшлі, як хацелі: адна ўлева, другая ўправа, а сам Янка падаваўся то ўзад, то ўперад, то ў адзін бок, то ў другі.

Прадам бульбу, прадам жыта,
Абы было шыта-крыта…

зачаў Янка другую песьню.

— Глядзі, каб не падашукалі! - прасьцярог яго Андрэй Падгорны.

— Чаго ты сьмяешся? - накінуўся на яго Янка: — куст ты альховы! Ты знаеш, хто я? Я — дэмократ і забастоўшчык першай гільдыі… Хлопцы! браткі мае родныя! Хадзем бунтавацца…

— А вунь вураднік! — пастрашыў яго стары Базыль.

— Дзе ён?! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды!

Людзі пацяшаліся, а Янка, згарнуўшы кулакі, біў імі па паветры, мясіў нагамі пясок, як-бы там ляжаў вураднік, а ён яго мясіў нагамі.

— Вось падла, Янка! глядзі ты, што ён вычварае.

Невядома, што зрабіў-бы Янка са сваім вураднікам, каб ня прышла жонка. Яна трымала пад пахай мешалку.

— Вось, брат, папаўся! — жартавалі сяляне.

— Сьпяваў, што „няма каму бараніць“, — бараніся-ж сам.

— А каб ты смалы напіўся, гад! — крыкнула жанчына, і мешалка мільгнула ўгары і гладка прыстала да сярэдзіны худога Янкавага цела.

— Што робіш? — крыкнуў, нібы сярдзіта, стары Базыль на Дударыху: — ня бачыш ці што? Ён зямлі і свабоды дабіваецца людзям, а яна яго мешалкаю!

Мешалка паддала Янку сілы, і ён даволі борзда стаў на ногі.

— Арыштую! — крычаў ён на жонку: — не палагаецца насіць аружжа! У арыштанскія роты аддам па 25 стацьці!

— Так, так, Янка! — падтрымоўвалі яго суседзі.

— Ваенна-палявым судом судзіць буду! — бушаваў Янка: — Я — забастоўшчык, а ты хто? Чорнасоценец! От хто ты! — гаварыў Янка сваёй жонцы, ужо ідучы да дому.

III

— Скажы мне, Раман, што гэта ў вас за чалавек зьявіўся? — пытаў стражнік у соцкага.

— А ці я ведаю?

— Можа-ж чуў што пра яго?

— Чуць то чуў, ці мала што людзі гавораць.

— Прызнавайся, Раман, нечага адвільваць. Што ты чуў?

Раман агледзіўся навокал і ціха сказаў:

— Соцыялісты!

— Ну?!

— Такія рэчы гаворыь, што ў Сібір саслаць і то мала. Дае кніжкі й лісты раскідае. Вось пабач!

І Раман дастаў з-за пазухі проклямацыю, якую ён знайшоў два гады назад, будучы ў павятовым горадзе на першых выбарах.

У стражніка так і заблішчалі вочы.

— А мужыкі яго слухаюць?

— Дзе там слухаюць! — цара лае.

— А што ён, прымерна, казаў?

— Казаў, што наш цар — дурань.

— Цыц! — прамовіў стражнік і азірнуўся.

— А дзе начуе ён?

— Усюды. Раз нават у папа начаваў.

— Як-то ў папа?

— Абмануў; сказаў, што яго конссторыя паслала і нейкі знак паказаў.

— Заўтра ўначы чакай нас тут з дзесяцкімі. А калі ён уцячэ — ты адказваць будзеш.

Стражнік вышаў, а Раман, стоячы, весела пасьмейваўся.

IV

Ціха, асьцярожна краўся вураднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Вёска ўжо спала. Адзінокі месяц плыў над ёю, як срэбраны круг. Абросшая вербамі, спакойна цякла рэчка каля самых хат, і дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся й блішчалі на месяцы.

Соцкі й два дзесяцкіх стаялі на дварэ, чакаючы „начальства“. Прыехаўшы да соцкага, вураднік распытаўся аб „сіцылістым“. А гэты „сіцылісты“ спаў сабе, як пшаніцу прадаўшы. Ён начаваў у папа. У вурадніка праняслася ў галаве думка арыштаваць і папа за пакрываньне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што я варта, бо хітры соцыялісты ня толькі папа, а й чорта абмане. Апрача таго, поп скора ня ўздымаецца і ўцякаць яму няма куды.

Вураднік, стражнік, соцкі і дзесяцкія ўзышлі на ганак папоўскага дому і пастукалі.

Поп вышаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан.

— У чым дзела?

— У вас, бацюшка, праступнік начуе! — сказаў вураднік.

— Ня можа быць!

— Аб гэтым будзем талкаваць потым… звольце паказаць, дзе ён.

Поп пабялеў і стаяў, як укапаны, толькі губы яго дрыжалі, і ён шаптаў:

„Ад вешчы, ва цьме прахадзяшчыя, ад беса палудзеннага“…

Увашлі ў пакой, дзе спаў „сіцылісты“. А таму й гора мала: сьпіць сабе на баку, толькі носам сьвішча й храпе, як пшаніцу прадаўшы. Вураднік прыставіў да яго каравул, а сам запусьціў руку ў яго дарожную раменную торбу і выцягнуў цэлую жменю лісткоў. Нікому і ў галаву ня прышло паглядзець, што гэта былі за лісткі.

А „сіцылісты“ ўсё сьпіць — проста вураднік ня ведае, як арыштаваць соннага чалавека. На помач яму прышоў соцкі. Ён папароў соцыялістага, як мядзьведзя, — кіем. Схапіўся „сіцылісты“, вырачыў вочы — і рукою пад падушку, дзе ляжаў рэвольвэр. Тут на яго накінуліся стражнікі і дзесяцкія. Усе зьляпіліся ў адзін клубок і некалькі часу мітусіліся па пакоі. У канцы адзін дзесяцкі вырабіўся з гэтай кучы, папляваў на рукі і, скамандаваўшы сам сабе: „Ну, Сымон! вазьмі па праўдзе!“ — згроб і стражніка і „сіцылістага“, падняў іх „на жывот“, потым спрытна падставіў ножку і аблажыў абодвух.

— Каторы тут з вае „сіцылісты?“ — пытаў ён, седзячы наверсе.

Стражніка аслабанілі, а „сіцылістага“, якому вураднік палічыў сваім абавязкам даць у зубы за спраціўленьне, — зьвязалі.

— Як вы сьмееце? — крычаў „сіцылісты“. — Я член „саюзу рускага народу“.

— А гэта што? — паказаў вураднік на лісткі й рэвольвэр.

— Цягні яго, хлопцы!

— „Яко ісчэзае воск ад ліца агня“, — маліўся поп.

V

„Сіцылістага“ вялі па пустой вуліцы. Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі і, глянуўшы на гэтую процэсію, мусіць засароміўся людзкога глупства, бо зараз-жа схаваўся ў другой хмарцы: ды яшчэ сучка старога Базыля была сьведкай комэдыі, што разыгралася ў Галадранцы.

Усю дарогу думаў вураднік, якую карысьць на сьвеце прыносяць людзям вураднікі.

„От“, думаў ён: „усе сьпяць, а ты валачыся цэлую ноч, бойся кожны момант за сваё жыцьцё. Ласьне тут ёсьць што-небудзь труднае — дастаць сабе ў лоб кулю? А якая падзяка? Ну, прыстаў можа падаць руку і заклікаць на шклянку гарбаты“.

Але дзесьці, на дне душы яго, варушыліся другія думкі, і яму прадстаўлялася цэшка і прыстаўскія наплечнікі. Стражнік, соцкі, дзесяцкія і сам „сіцылісты“ таксама думалі, — кожны на свой фасон. Але трудна залезьці ў чужую душу і ведаць, хто што думае. Усе маўчалі.

— А ты добра зрабіў, што дагадаўся зайсьці да мяне! — такімі словамі сустрэў прыстаў вурадніка. — Бачыш, сюда прысланы член „саюзу рускага народу“…

— Ваша высокаблагародзьдзе! Я арыштаваў і прывёў да стану „соцыялістага“, аб чым і маю чэсьць асабіста далажыць вам! — перабіў вураднік прыстава.

— Дзела добрае. Дзе арыштаваў?

— У Галадранцы, ваша высокаблагародзьдзе!

Тут прыставу нешта цюкнула. Ён глянуў на вурадніка. Той стаяў і пазіраў на прыстава так, як-бы ён, вураднік, схапіў з неба зорку або японскага мікаду забраў у палон.

— Пашпарт у яго ёсьць?

— Не спраўляўся.

— Дзе арыштаваны? Пазваць сюды!

Вураднік кінуўся на двор.

Соцкі і дзесяцкія ўвялі „сіцылістага“.

— Як дапушчаеце вы такое безабразьзе і сваявольства вашых падлеглых?! Я самому губарнатару жалавацца буду! Я — член „саюзу рускага народу!“ Вот мае дакуманты!

— Зьвініце, — сказаў прыстаў „сіцылістаму“, — вышла абмылка.

Прыстаў грозна зірнуў на вурадніка. Вураднік апусьціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкага.

Соцкі стаяў бокам і сьмяяўся ў рукаў.