У чайцы на вадзе жыцьця… (Пшэрва-Тэтмаер/Леўчык)

У чайцы на вадзе жыцьця…
Верш
Аўтар: Казімеж Пшэрва-Тэтмаер
? (пераклад 1921)
Пераклад: Гальяш Леўчык
Крыніца: Часопіс «Беларускія Ведамасьці», № 15, 24 кастрычніка 1921 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





У чайцы на вадзе жыцьця…


(Вольны пераклад з Казьмера Тэтмаера.)


Дурната, махлярствы, плыткасьць, хвальшы і завісьць злая —
Вось падводныя каменьні, аб што чайка[1] б‘ецца,
Як праз мутну і сьмярдзючу гразь жыцьця плывае,
А на небе толькі хмары, зор нямаш, здаецца…

Чую, што шмат гразі гэтай не пераплыву я —
І, адкладваючы вёслы, заплюшчваю вочы:
Хай сама сабе, як хоча, чайка так кіруе —
Ужо ня дбаю, на дно лёгшы, дзе плысьці захоча!?

Так плыву я, радзіўшыся для чыстага мора,
Да тых сьветлых сонца ўсходаў, залатых заходаў,
І да ясных зорак неба, дзе ня маюць гора,
І да той зямлі высьнёнай вольных[2] там народаў!…

Так плыву я, радзіўшыся, каб маланак хвалі
Рулям рэзаць, бурны віры далонямі змогшы,
Каб ўжо чаяк ў гэтым сьвеце больш не затаплялі!
Так плыву я, як умёрлы, на дно чайкі лёгшы…


Гальяш Леўчык.
13-IX-1921 г. Варшава.


  1. човен
  2. У арыгінале слова прапушчана (Вікікрыніцы)