У 15-ыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі

Беларусь! У 15-ыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1933 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 3 (50), сакавік 1933 г., б. 7-9
Вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: 25.III.1918—25.III.1932 (Казлоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





У 15-ЫЯ ЎГОДКІ
АБВЕШЧАНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ.


25.III.1918—25.III.1933.


Ад громаў гарматніх зямля ўся стагнала,
Крыві чалавечай прыймаць не ўсьпявала.
Нявіннага люду ў прымусе мільёны,
За справу тыранаў ішлі ў бой шалёны.

* * *


Ўставай! ўставай, хто сьпіць ў няволі!
За злыдняў справу ўжо даволі
Бязмэтна йсьці на зьніштажэньне:
Свайго нам трэба вызваленьня!
Далоў цароў, далоў іх путы!
Зьбірайцесь ўсе, хто ёсьць закуты
Ў ланцуг няволі іх ганебны.
Далоў — Цары нам не патрэбны!
Пара змагацца за свабоду —
Падняўся кліч усіх нарождаў…

* * *


Крывіцкі народзе!
Кажы аб свабодзе.
Цябе воля кліча.
Зьбірайся на веча!…
На вялікі сход
Ішоў народ…
Ішлі бяз прынукі.
Ў мазалях іх рукі.
У лапцёх абуты.
Ішлі скінуць путы;
Сказаць ішлі сьвету,
Каб праўду знаў гэту,
Што так, як з прадвеку
Ня сьцерпяць ўжо зьдзеку:
Зьніштожаць прымусы.
Яны — Беларусы.
Іх воля бязмежна.
Іх кліч—незалежнасьць!

* * *


Ад гэтай вясьнянай і памятнай весткі
Ў лясох расьцьвіталі усьцешна пралескі;
Шумелі задумна Крывіцкія пушчы,
І ціўкалі птушкі ў няпройдзенай гушчы.
Рунелі вясёла істужкі—палеткі;
Прывет слалі сонцу прыгожыя кветкі
Старонка уся весялілась бязмежна:
Беларусь!…
Незалежна!…
Сказала так веча…
Ці чуў, чалавеча!?

* * *


Па крывавай усей завярусе,
Шчасьлівейшыя вольны былі
Й паддаліся тэй самай пакусе,
Чым тыраны—цары праслылі:
Не давалі свабоды слабейшым;
Не хацелі іх кліч шанаваць.
Царскім звычаем найганябнейшым
Пачалі ў ланцугі іх каваць…
З прагавітасьцяй страшнай, вялікай,
З ненавісьцяй заўзятай і дзікай
Карагод на‘т крывавы вадзілі,
Як Ёй цела на часткі дзялілі.

* * *


Пятнаццаць гадоў ужо прайшло з таго часу,
Як стогне Старонка, бяз енку — галасу,
Як мучыцца цяжка, цярпіць у прымусе —
Ці чуеш, працоўны ты мой Беларусе!?

Ня сьпі!…
Зважай!…
Няўпынна дзеяй!
Змагайся з поўнаю надзеяй
За кліч Крывіцкага народу:
За незалежнасьць!…
За свабоду!


Казлоўшчык.