Францішак Багушэвіч (Бядуля)
Францішак Багушэвіч Артыкул Аўтар: Змітрок Бядуля 1923 Крыніца: Маладое жыцьцё, 1923 - №1 |
Францішак Багушэвіч.
(1840 — 1900)
Аб кім памятка доўга будзе жыць у нашым народзе, дык гэта аб Багушэвічу. Глыбока зачапіў ён народнае няшчасьце, крануў струну сваім смыком і яна голасна, балюча загучэла. Яна загучэла аб волі й нядолі, праўдзе й зьдзеках з аб сваёй сумнай «хатцы» й людзях „тутэйшых.“
Усё, аб чым гучэла струна, падхоплівалася ветрам, разносілася па ўсім абшары Беларусі, абуджаючы ўсіх ад сну, прымушаючы прадзерці вочы і падумаць аб закапанай „праўдзе“, аб магчымым шчасьці. Гук не застаўся пустым безадказным і вось адклікаюцца другія струны, каторыя гучаць у тон першай і паступова ўзмацняючыся, прыгажэючы створываюць такую гармонію, якая ня сьнілася Мацею Бурачку.
Багушэвіч пачаў працаваць пад уплывам расейскіх і польскіх правадыроў; сялянства і іх ідэалы, толькі бяз тых вузкіх соцыялістычных паглядаў, а ў агульным значэньні гэтага, адбіліся на ўсёй яго творчасьці а такой яскравасьцю й сілай, не дасягненых, амаль што, ніводным з пасьледуючых нашых песьняроў. Наагул уся творчасьць Багушэвіча напраўлена проціў той соцыяльнай няпраўды, проціў таго зьдзеку, уціску, несправядлівасьці, каторая так нагулялася на каркох нашага народу; што тамака, гдзе дух беларуса, — паўстае дух загнанага, закатаванага. І не дарма мы сустракаем у Багушэвіча: „Дурны мужык як варона“ — гэтай апофэозе несправядлівасьці, гдзе мужык, рукамі каторагa ўce створана, зроблена і робіцца; каторы зьяўляецца фактычна гаспадаром усяго сьвету, — забіты, цëмны й галодны. Узапраўды можна было ўбачыць так сама тое, што нам дае Багушэвіч у вершу «Скацінная апека», гдзе мужык не чалавек ужо, а гарэй за быдла. У гэтым не абмяжоўваецца Багушэвіч, ён паказвае бяздоньне, каторае істнуе паміж панамі й мужыкамі, гдзе адныя карыстаюцца ўсімі выгадамі жыцьця, а другія зусім іх пазбаўлены (Бог ня роўна дзеле). І вось як прадстаўнік пазбаўленых, можна сказаць, жыцьця людзей; як перапоўнены той ненавісьцю да паноў, Багушэвіч і выводзіць іх у сваіх творах з самымі благімі рысамі, як людзей для каторых нічога няма сьвятога, асьвячонага („Танцуй, гарцуй пане“), ці навет не лічыць іх за людзей, а за нейкае быдла не зважаючае на сваіх братоў, на маральныя законы людзкіх адносіны („Ахвяра“). Перапоўнены агідай да іх, Багушэвіч ганарыцца тымі заслугамі сялянства перад людзкасьцю, за каторую ліліся кроў і пот народу („Ня чурайся мяне панічок“).
І вось, Багушэвіч рупіцца знайсьці праўду захаваную гдзесьці людзьмі. Ён хоча здабыць магчымасьць сказаць тое слова, каторае-б праўдай назвалі і:
Каб жа тое слова ды людзей з‘еднала, |
Гэта тыя словы — праўда, каторую шукаюць спакон вякоў усе лепшыя людзі ўсіх народаў і часоў. Гэта-ж тыя словы, якія біўся адшукаць сярод людзкіх слоў - яшчэ Хрыстос, пакінуўшы нам вялікую ідэю братняга каханьня.
Не аб гэтым толькі гучэла струна закранутая смыком Рэўкі, не аб гэтым толькі йграла дудка Бурачка, яна іграла й аб нацыянальнай крыўдзе. Першы ясна і голасна заявіў Багушэвіч правы Беларусі, на „пасад між славянамі“. Да гэтага ніхто ня чуў, што сказаў Бурачок у сваёй прадмове да „Дудкі“. Хоць у творах яго няясна выступае гэтая рыска, каторая гаворыць за тое, што Багушэвіч глядзеў на гэта вачмі селяніна, катораму забаламуцілі галаву спрэчкі, адбыўшыяся на нашай зямельцы і каторы лічыў сябе „тутэйшым“. Гэтая „тутэйшасьць“ і выражала ў творах Багушэвіча, а ў прадмове ён кажа, што мову нашу „усе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна «Беларускай» і „што мова нашая ёсьць такая-ж людзкая і панская, як і француская або нямецкая, або іншая якая“. Вось за што павінен памятаць наш народ Бурачка, паклаўшага падмуроўку — фундамэнт беларускаму адраджэньню. Ён таксама мае значэньне й тое, што на ім узгадаваліся нашы сучасныя песьняры, каторыя вынясьлі й разьвілі тыя думкі й ідэі, каторымі поўна творчасьць Багушэвіча.
Яр.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.