Францішак Скарына на грунце унівэрсытэцкага жыцьця ў Падуі (Талочка)
Францішак Скарына на грунце унівэрсытэцкага жыцьця ў Падуі Гістарычная праца Аўтар: Уладзіслаў Талочка 1937 год Крыніца: Калосьсе. — 1937. — Кніжка 1 (10) |
Францішак Скарына на грунце унівэрсытэцкага жыцьця у Падуі
Старыя унівэрсытэты ў Заходняй Эўропе жылі так самастойна, што былі быццам дзяржавай у дзяржаве. Дзеля гэтага і рабілі аграмадны ўплыў на масы студэнцкай моладзі, узгадоўваючы так ейны нутраны сьвет, як і вонкавае жыцьцё. І гэта ёсьць прычынай, дзеля чаго справа зразуменьня асобы Францішка Скарыны вымагае ад нас ня толькі магчыма дакладнага знаёмства ягонай біографіі і хронолёгіі, але так-жа плястычнага сабе прадстаўленьня вялікага Палачаніна на грунце студэнцкай рэчаіснасьці ў Падуі.
За правадніка ў гэтым артыкуле бяром сабе ведамага знаўцу гуманізму, прафэсара кракаўскага унівэрсытэту, д-ра Станіслава Віндакевіча (сяньня жывець), каторы многа архівальных студыяў і не адну падарож пасьвяціў іменна гісторыі ўнівэрсытэту ў Падуі з ягоным уплывам на паўночна-усходнія землі.
Паводле праф. Віндакевіча, развой і расьцьвет Падуі быў гэнэтычна неабаснаваны, аднак такі шыбкі і прыгожы, што заслугоўвае, каб яго назваць фэномэнам. „Падобна як на небе бываюць хвіліны хмарныя і пагодныя, так і ў гісторыі чалавецтва ёсьць пэрыяды, як ноч цёмныя, і як дзень ясныя. Сярод вотхлані падымаецца раптам заслона. Асьветленыя праменьнямі ста сонцаў, на раскошнай ніве гісторыі паказуюцца шэрагі геніяў: борацца, штурмуюць, даказываюць цудаў. Заслона ападае. Зноў панура і страшна. Хто грае прад намі гэтую камэдыю жыцьця, Бог ці натура, вось пытаньне" (Др. Ст. Віндакевіч. Падуа 1891 бач. 5-6). Такога выбуху гейзара, як Падуа, ня дасца прычынна вывесьці ні з эвалюцыі хрысьціянскага духу, ні з выгасаючых аганькоў гінучага аканчальна паганства, ні з рэакцыі на церазмерны схолястыцызм, ані ўрэшце з тагачасных клічаў поступу. Усё гэта можа вытлумачыць толькі тую ці іншую драбніцу ўспомненага фэномэну, які як нявыясьненае зьявішча пяройдзе сам у гісторыю цывілізацыі чалавецтва.
Адроджаная цывілізацыя, раней як Скарына прыбыў у Падую студыяваць, агарнула ўжо полымем усю Заходнюю Эўропу. Характарызавалі яе дзьве рэчы: была ў роўнай ступені кніжнай, як артыстычнай, з літаратуры клясычнай бяручы „творчую матэрыю мысьлі і імкненьняў веку“ (6). Гэты сваеасаблівы шал дайшоў да свайго найвышэйшага пункту ў ХѴІ ст. у Падуі. Бо ціж ня быў гэта сапраўды сьвяты і багаслаўлены шал, які агарнуў тутака іменна душу Скарыны, бяручы яго ўжо на цэлае жыцьцё ў палон якжаж новай і труднай тады ідэі пісьменства і друкарства ў роднай мове? Менш ідзе нават аб тое, кім быў Скарына: добра уроджаны але зьбяднелы шляхціц з даўнейшага беларускага роду, ці славутны мешчанін гораду Полацка, або ўрэшце працавіты селянін з падполацкіх ваколіц. У кожным выпадку мусела захапіць яго да вялікага чыну адносна вялікая прычына, вялікая гістарычная плынь, furor sacer, з якім чалавек ХѴІ ст. пасьвяціўся раз выбранай ідэі. Гэты высокі палёт Падуі быў аднак, як сяньня дасьледжана, магчымы да зрэалізаваньня дзеля таго толькі, што бліскае нам праз Скарыну гэтае унівэрсытэцкае места Padova было тады багатае грашмі. "Грошы ёсьць талізманам поступу. Падуа распараджалася фантастычнааграмадным бюджэтам у 65-75 тысячаў флёрэнаў" (6-7), што пазваляла ей згуртаваць паўтары сотні знамянітых прафэсараў ува ўсіх галінах веды, стварыць абшырныя выкладовыя залі, залажыць багатыя бібліятэкі і габінэты, першы батанічны агарод, прыкладны анатамічны інстытут... Нічога тады дзіўнага ў тым, што Італія стварыла ў гэным пэрыядзе новую цывілізацыю і дыктавала моду цэламу сьвету. І на землях беларускіх ведамыя тады былі напр.: вэнэцкія лютні, вэнэцкія люстэркі, вэнэцкія аправы, вокны, палашы, лямпіёны, вэнэцкія аксаміты і т.д. і т.д. Ня што іншае, як Вэнэцыя, выконываючы сваю гістарычную праграму зрабіла з Падуі наперад цэнтральны унівэрсытэт Вэнэцкі (1458), пасьля італіянскі, і ўрэшце эўрапэйскі" (8). Усе падуанскія студэнты атрымліваюць ад ураду многа каштоўных прывілеяў, палёгак і звальненьняў ад мыт і аплатаў, моладзіж беднай і здольнай адчынены насьцяж 11 бурсаў! Быць можа, што ў адной з іх пражываў Скарына ці іншыя яго землякі. З такім размахам Падуі магла канкураваць адна Балёнія, гуртуючая моладзь дзеля студыяў кананічнага права.
У якім віры жыцьця і ў якой атмосфэры апынуўся ў Падуі Скарына, сьведчыць тое, што тады, паколькі можна палічыць, іматрыкулявалася тутака нешта 36 тысяч студэнтаў (16 тысяч чужаземцаў і 20 тысяч італіянцаў), згэтуль 26 тысяч праўнікаў і 10 тысяч мэдыкаў. Кагож тут ня было? Разам было 21 нацыяў. „Сярод рознакалёрнай масы тутэйшых вучняў бачым Грэка і Русіна (падчыркн. наша), Андалюзца і Шкота..." (9). Кожны з іх сьпяшаўся proficiscens in Italiam studii gratia, не зважаючы на далёкую і няраз рызыкоўную падарож.
З увагі на тое, што шмат Русінаў і Літвіноў пападала ў падуанскі унівэрсытэцкі album з этыкетай польскай, ня ёсьць нам абыякава, колькі палякоў іматрыкулявалася ў Падуі у ХVІ ст. Вось-жа было іх нешта 1800, прыгэтым у дзесяць разоў болей студыявала права, як мэдыцыну.
Ёсьць студэнцкія апісаньні, што адмалёўваюць выгляд Падуі, калі да яе пад'яжджалася. Вось што ў трэцяй асобе піша адзін у сваім itinerarium. "Урэшце стануў перад Падуай. Пабачыў яе ў раньнім сонцы, цудоўна распаложаную, як гурыска, на мяккай пасьцелі вінаграду; тапалі і цыпарысы аздабляюць ейнае ложа, а лёгкі вецярок прыносе запах красак і насалоды.
Гэта-ж сапраўды жыцьцё, якога жадаю, а як маю грошы, чамуж мне з яго не скарыстаць?" (12). Гэтак ці падобна мог думаць сын паўночнага Полацку, калі ў сваей пазаальпэйскай падарожы першы раз вітаў зрокам і сэрцам Padova dotta.
А як выглядаў падуанскі студэнт? Як дапушчальна апранаўся Францішак Скарына? Падуанскі студэнт, гэта тып тагачаснага элеганта. У панчошках да кален і шоўкавай сарочцы ахінуўшыся лёгка аксамітным плашчам, абшытым футрам, ідзе сабе па вуліцах Падуі гібка і з вяліка-мяшчанскай самапэўнасьцю, маючы пад рукою бліскучую шпаду. На галаве абведзены калёрным шнурам мяккі і высокі капялюх, ад якога адстае прэтэнсыянальна некалькі пёраў; на шыі бела-сьнежная крыза, што ў карунках набірае далікатных і мяккіх контураў, а адусюль залятае пэрфум і піжмы, з хустачкі, рукавічак, вусікаў і валасоў... Дык жыцьцё тут кіпела магутна, даючы міліённыя праявы як заўсёды сумныя і вясёлыя. Гэтае жыцьцё мела нікаторыя характэрыстычныя рысы, якіх прамаўчаць нельга, а іменна, што было вельмі інтэлігентнае і вельмі разнастайнае" (12-13). Ведама, найлепей матарыяльна меліся ў Падуі сыны вялікіх паноў з беларускіх земляў, напр. Радзівіллы, Сапегі і іншыя магнаты з усходніх рубяжоў і паўночных старон, што ехалі сюды ці то на студыі (addiscendae linguae Italicae gratia), ці то ў купальні (cauza recuperandae valetudinis), што былі блізка Падуі. Столькі тут іх прыяжджала, што аж паўстала contubernium цi hospitium Polonorum (14), у каторым ні адзін напэўна Беларус і Літвін пабываў. Падуа магла хваліцца, што тут вучылася "нешта з шэсьць папежаў, некалькі каралёў і князёў, шмат вучоных і павадыроў" (15), а сярод іх Баторы і Капэрнік, таксама пазьнейшы жмудзкі біскуп Юры Альбініус (1538), менш ведамы як лацінскі паэт.
"Годным увагі зьяўляецца наплыў у Падую студэнтаў і дзеля таго, што тэрыторыяльна сягае вельмі далёка. Ужо Ажэхоўскі кажа, што многа шляхты з Чырвонай Русі ехала ў 1549 г. на унівэрсытэты заальпійскія; а ў мэтрыцы нацыянальнай прыналежнасьці знаходзім імёны, якія самым толькі гукам прыпамінаюць цёмныя літоўскія лясы або задуманыя пабярэжжы Жмудзі. Кіняшко, Копэць, Сапоцько[1] мусіць першы раз тады паказываюцца на картах унівэрсытэцкіх мэтрыкулаў, і з над Адрыятыку перавозяць у Бацькаўшчыну зерне вялікай цывілізацыі, каторую бязсумлеву не маглі агарнуць, але каторая іх імёнам дадае блеску не малой новасьці. Адначасна спасярод малапольскай і рускай (падч. наша) шляхты выдзяляюцца індывідуальнасьці, каторыя сяньня яшчэ зьдзіўляюць. Такія прозьвішчы, як Возачэнскі, Окрэнгліцкі, Мышчынскі, Міцкіцкі, Чолханскі гучаць нясвойска ў вушах гісторыка цывілізацыі. З якіх куткоў яны выйшлі, якім спосабам вырваліся з самотных сядзіб сваіх, да каторых дагэтуль ніхто не дайшоў, апрача толькі каралеўскага камісара ці голасу пабудкі на Татара, вось новае пытаньне пад развагу" (25). Часьць падуанчыкаў, калі гэта былі праўнікі, працавала посьле у загранічнай дыплёмацыі, часьць варачалася ў край і абымала становішчы гарадзкіх пісараў і судзьдзяў. У ліку гэтых паводле жаролаў знаходзіцца нейкі А. Станкевіч (1595). Падуанчыкамі былі: Літоўскі падскарбі Крыштоф Нарушэвіч (1588), які адзначаўся вялікай сумленнасьцяй, далей віленскі войскі Ян Абрагамовіч (1598), ведамы аўтар брашуры "Думка Літвіна аб таннай куплі збожжа а дарагой продажы" (1595), урэшце маршалак шляхты вілкамерскага павету Раецкі, пазьнейшы камісар дзеля пагранічных курляндзкіх спраў, уканцы маршалак літоўскага трыбуналу. Такіх людзей выдала Падуа, якая нам дала Скарыну.
Дзеля таго аднак, што вялікі Палачанін вучыўся ў Падуі мэдыцынскіх навук, зьвернем асобную ўвагу на іх ровень у тамашнім унівэрсытэце. Падуа ў ХVІ стагодзьдзі мела асабліва добра пастаўленыя студыі мэдыцынскія (і праўныя), пры гэтым у гэтай галіне быў новы кірунак, паводле якога „мэдыцына пасуваецца наперад ня колькасьцю камэнтараў, але лікам умела дасьледжаных зьявішчаў" (32). І тадыж паявіліся аматары. Гэткую на паказ лекцыю анатоміі знаходзім увечненую ў аднаго з тагачасных маляроў.
Падуанская мэдыцына мела ў ХVІ ст. чарод выбітных прафэсараў. Праф. Віндакевіч прывёў чарод прозьвішчаў, якіх тут не пералічаем, бо адносяцца пераважна ўжо да другой палавіны ХѴІ ст., калі Скарына быў ужо ў іншым месцы. Сярод падуанскіх практыкаў пераважалі галеністыя, г. зн. тыя, што трымаліся, старасьвецкага тэксту з некарысьцяй для навукі і досьледау" (37). Інтэрэсаваліся ў Падуі нават нашым палескім каўтуном, пэўнеж не бяз нашега учасьця, прычым прафэсар Гэркулес Саксонія побач з іншымі трымя аўтарамі выдаў так-жа расправу: De plica quam Poloni gwozdziec, Roxolani colthunum vocant liber. Potaviae 1601. Гэтая праца была свайго роду адказам на пытаньне што да прычын і азначэньня беларускай хваробы каўтуна, пытаньне, пастаўленае мэдычнай калегіяй у Падуі, міла спатканае прызнаньнем і ветлівай просьбай, з якой у гэтай справе да яе зьвярнуліся з далёкай Сармацыі. Сьведчыць гэта аб непараўнальна - высокай навуковай плоднасьці італіянскай літаратуры, каторую тады ўсё інтэрэсавала. Падуанская студыя здабыла такім спосабам значную як на той час папулярнасьць, а сьвядоцтвам гэтага будзе тое, што незадоўга па 1501 г. „прыехаў у гэмае места адзін Беларус з Полацка (падч. наша). Ёсьць гэта сьляды вельмі глыбака сягаючага ўплыву, каторы ацаніць прынамсі агульна будзе неадрэчы" (39).
"Нашым мэдыкам таго часу — піша праф. Віндакевіч — нельга не адмовіць добрай волі, калі зьвернем увагу на тое, што былі гэта ўбольшасьці сыны мяшчан ці мужыкоў, каторым выезд у Падую быў ужо ахвярай, а цэлае жыцьцё прадстаўлялася як заўсёдная барацьба за быт і адначасна барацьба з забабонам.
Прыгледзьмася-ж гэнаму абскурантызму, каторы ляжыць глыбака на дне нашай астралёгіі; прыгледзьмася-ж пашыраньню парацэльзызму[2] ў Польшчы, сьвядоцтвам якога ёсьць як Твардоўскі, так і той забабон у каралеўскім розуме Жыгімонта Аўтуста. (Ведама, што розум гэтага апошняга Ягайлавіча хоць не ў адной справе рашаў як трэба, не перашкаджаў яму зусім займацца ў каралеўскім замку выкліканьнем ценяў памёршай Барбары). І раптам гэта ўсё зьнікае. Хто гэтую перамену даканаў? Пэўнеж, польскія мэдыкі і прыроднікі. А што не даканалі ўсяго, што не ператварылі народ запаленцаў і містыкаў (?) у народ цьвярозых мысьліцеляў, гэта што іншае. Але падумайма, што тады Падуа дала нам толькі 50 лекараў, што Балёнія дала нам другіх столькі-ж, значыцца прадукцыя краю (?) ад Карпат да Балтыку, Дзьвіны (падч. наша) і Чорнага мора налічала у ХVІ в. ацнаго лекара ўгод а ў гэтай цыфры пабачым страшную праўду" (45-46).
Наогул падуанскія мэдыкі адзначаліся грамадзкім заінтэрэсаваньнем і займаліся апроч мэдыцыны часта іншымі галінамі веды, што былі ў бацькаўшчыне занядбаныя, Так ляўрэат Францішак Скарына (1512 натуральна ў Падуі via Вільня-Кракаў) не займаўся ўжо цалком мэдыцынай, а ўвесь пасьвяціўся справе перакладу бібліі на беларускую мову. Што ў гэтым кіравала імі прадусім любоў свайго народу, роднага краю і народнай гісторыі — гэта здаецца зусім ясным..., (дык) мала зьвярнуць увагу на навуковыя ўплывы Падуі, але трэба так-жа дакрануцца глыбейшых праблемаў народнага жыцьця і гісторыі" (46-47). Дык і Скарына, як і падуанчык Ян Замойскі, мог сказаць: Patavium virum me fecit.
З прыемнасьцю падчырківаем тут зычлівыя, а як-жа рэдка спатыканыя ў польскіх вучоных, об'ектыўныя навуковыя адносіны праф. Ст. Віндакевіча да асобы і народнасьці Францішка Скарыны, каторага ўсюды і заўсёды, і нават у 1891 г., калі беларускі народ быў яшчэ ў поўным летаргу, называе бяз ніякіх засьцярог Беларусам і народныя асьпірацыі каторага добра разумее і трапна ацэнівае.
А. САЛАДУХ
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.