Францішк Скарына (Зямкевіч)

Францішк Скарына
Артыкул
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1919
Крыніца: Biełaruskaje žyćcio - 1919 - №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мала каму вядома, што беларусы маюць у сваёй культурнай прошласьці друкаваную біблію, каторая, пасьля нямецкай і чэскай біблій, лічыцца трэцяй па ліку друкаванай кніжкай Сьвятога Пісьма.

Пераклад і выданьне гэтай бібліі зрабіў доктар Францішк-Юры Скарына з Полацка. Вестак аб яго жыцьці і працы захавалася мала. Вядома толькі што ён радзіўся у Полацку каля 1490 году у багатай сямейцы купцоў. Імя Скорыны – Францішк (як ён сам падпісаўся у сваёй бібліі) каталіцкае. Расейскія вучоныя знайшлі в актах XVI сталецьця дакумэнт, у каторым Скорына названы Юрым. Калі узяць пад увагу, што на Беларусі у XV ды XVI сталецьцях былі староннікі Флорэнцкае Уніі, каторую шырыў вядомы маскоўскі уцекач мітрапаліт Ісідор, што апрача таго у гэтыя часы быў вялікі рэфармацыйны рух у рэлігіі, дык дапусьціць можна, што Францішк Скорына быў каталіком, а не праваслаўным, як яго маніліся зрабіць расейскія вучоныя-чыноўнікі. Яны запэўняюць, што Скорына толькі называў сябе каталіком, дзеля таго каб магчы вучыцца у Кракаўскім унівэрсытэці. Але справа у тым, што Кракаўскі унівэрсытэт у 1504 гаду ня быў зусім клерыкальным, бо у ім вучылі напрыклад магіі, з чым каталіцкае духавенства доўга яшчэ змагалося. Ды нават і пасьля ніколі не перашкаджалі не-каталікам вучыцца у Кракаве. Нават у школах і акадэміях езуітоў вучылося шмат людзей ўсходняга абраду.

Вучыўся Францішк Скорына спачатку у доме бацькоў у Полацку, затым у Вільні, дзе прыгатаваўся да унівэрсытэту у Кракаве. Атрымаўшы у Кракаўскім унівэрсытэце вучоны тытул баккалаўра, паехаў Скарына за граніцу у Італію. Тамака у месьці Падуа у 1512 гаду ён паказаў свой патэнт Кракаўскага унівэрсытэту (eximius artium doctor D. Franciscus qui Domini Lucae Skorina de Poloczko Ruthenus) і пасьля экзаміноў атрымаў тытул доктара медыцыны. Затым едзе Скорына у падарожу па Нямеччыне, знаёміцца з Марцінам Лютрам, які адносіцца да яго вельмі недаверчыва, падазрэваючы ў ім нячыстую сілу, і ўрэшці затрымліваецца у чэскай Празе. Там ён пачынае перэкладаць біблію і пачынае друк яе “Псалтырам” у 1517 гаду, а канчае у 1519 гаду. Бібліяй і закончыў Скорына сваю выдавецкую працу у чэскай Празе.

Забраўшы прыгатаваные заграніцай друкарскія літэры і ўсе прылады для друкарні, пераежджае Скорына у 1524 гаду у Вільню. Аснаваўшы у Вільні першую наагул друкарню, якая памешчалася у доме найстаршага віленскага бурмістра Якуба Бабіча, друкуе тут Скорына “Апостала” ды “Малую падарожную кніжыцу”. На гэтым, здаецца (бо больш кніжак да нашых часоў не дайшло) і спыняецца яго выдавецкая праца.

Аб далейшым жыцьці Скорыны з актаў вядома, што ён паміж 1525 – 1529 ажаніўся; жонкай яго стала ўдава пасьля Юра Одверніка, Маргарыта. У 1529 гаду Скорына судзіўся з жонкінай раднёй за дом, каторы суд яму прысудзіў. Здаецца, ні надта салодка жылося Скорыне у Вільні, бо у 1532 гаду канфіскуюць яму маетнасьць і толькі пратэкцыя і асабістая апека караля Зыгмунта І звальняе яго ад усіх напасьцяў.

Кароль Зыгмунт І Стары асобнай граматай абараняе Скорыны ад цяганьня па судох, бяручы на сябе сплату даўгоў і абавязкаў Скорыніных. Яшчэ у 1535 гаду ўспамінаецца доктар Скорына у судовай справе Івана Скорыны, а затым сьляды у актах трацяцца і нават калі памёр ён, мы нічога даведацца ня можам. Друкарня Скорыны у 1575 гаду пераходзіць на ўласнасьць Мамонічоў, якія далей друкуюць беларускія кніжкі. Дзе быў у Вільні дом Скорыны, даўнейшы Юра Одверніка, слядоў у актах немашака, вядома толькі, што дом друкарні Мамонічоў быў на рынку проціў царквы Уваскрэшэньня, побач з калетнікоўскім домам апекі.

Доктар Францішк Скорына выданьнем сваіх кніжак распачаў нацыянальную беларускую літэратуру. У тым яго аграмадная заслуга. Сёлета як раз гадаўшчына 400-летняя выпушчэньня ў сьвет яго Бібліі.

Біблія Скорыны, гледзючы з пункту друкарскага штукарства, выяўляе такое дасканальства і хараство, якога ні да яго, ані нават у часе яго выдавецкай працы не было нігдзе. Рысункі ў Бібліі, шрыфт – ўсё гэта рысаваў сам Скорына, аб чым сьведчыць яго гэрб, каторы ён памешчае на рысунках, застаўках, канчатках і загалоўных літэрах замест подпісу. Цікавы гэрб Скорыны: маладзік з сонцам; гэтага гэрбу нам ня ўдалося нігдзе знайсьці ні ў польскіх, ані ў чэскіх гэрбоўніках. Німа дзіва, гэрбоўніка літоўска-беларускаго дагэтуль добрага няма і шмат бачым гэрбаў, якіх вучоныя дагэтуль не знаюць; наагул гэтая галіна гісторыі у нас чакае яшчэ сваіх Пекосіньскіх. Пры Бібліі Скорыны ёсьць і яго партрэт. На партрэці Скорына сядзіць перад столікам і піша. З левага боку пры ім цэлые фаліянты кніг, з бакоў, каля галавы, зьмешчаны гэрбы пратэктараў-мацэнатаў Скорыны. Левы гэрб, праўдзівей кажучы, ня гэрб, а так званы мешчанскі гмерк (значок), які складаецца з анаграмы літар Я Б (Якуб Бабіч); гэрб з правага боку выяўляе адмену гэрбу Магіла і адносіцца, мабыць, да Богдана Онькова, сына радцы (судзьдзі) места Віленьскага; гэты Богдан Онькоў ўспомінаецца у прыпісцы Скорынінскай Бібліі: “і то ся стало накладом Богдана Онькова сына радцы места Віленского”. На зямлі, с правага боку Скорыны стаіць пляцёны кошык. Гэткія кошыкі і дагэтуль спатыкаем у селян-беларусаў у ваколіцах Полацка.

Кінжкі Скорыны лічацца вялікімі бібліяграфічнымі рэдкасьцямі. Чэская Прага ні мае ані воднай, у Вільні так сама цяпер нельга зусім знайсьці друку Скорынінскага. Адзін толькі Лондын мае поўны экзэмпляр Бібліі у “British Muzeum”. Пецярбург мае Біблію, Апостала і Малую Падарожную Кніжыцу у Публічнай Бібліотэцы. У прыватных бібліофілаў ёсьць аддзельныя кніжкі Скорынінскіх друкаў.

Гадаўшчына Бібліі Скорыны праходзіць у нас ціха; маскалі, якіе лічаць Скорыну за свайго, аб ім і забыліся; у беларусаў асновано у Менску у 1917 гаду Беларускае Навуковае Таварыства іменьня Францішка Скорыны. Трэба-бы парупіцца, каб кніжкі Скорыны былі выдадзены у падабізне (фак-сіміле), каб выбіць яго мэдаль, ды каб назваць адну з вуліц места Вільні іменем Францішка Скорыны. Гэта будзе справедліва, бо друкарня Скорыны была першай у Вільні.

Варта, каб быў наладжаны літэратурны вечар у памяць Францішка Скорыны і каб нашые пісьменнікі парупіліся аб выданьні навуковага зборніка ў памяць 400-летняе гадаўшчыны беларускай літэратуры.