Ф. Багушэвіч — пясняр беларускі

Ф. Багушэвіч — пясняр беларускі
Аўтар: Казімір Сваяк
1920
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кнігазбор, 2010. — 472 с. - с. 267-279
упершыню: «Крыніца», 14, 26 студз., 8, 22 лют. 1920 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прадмова

Трудна мне пісаць аб Багушэвічу, не маючы пад рукой ніякага матэрыялу. Бо выключаючы тое, што наагул апісаннем Багушэвіча адмыслова ніхто не займаўся, — я яшчэ апынуўся ў такім палажэнні, што нават не маю пад рукой яго ўласных твораў, як, напрыклад, «Дудкі беларускай», але спрабую нешта аб Багушэвічу напісаць, бо ягоныя вершы крышку трымаюцца ў мяне ў памяці.

1. Думка агульная

правіць

Аб Багушэвічу так маскалі, як і палякі пісалі мала, бо асоба яго, а лепш яго думка прадстаўляе добрую супярэчнасць іхным палітычным заходам. Зыходзячы з асновы непрызнавання пасярэдніх народаў між Расеяй і Польшчай, абедзве стараны не відзелі ані ўкраінцаў, ані тым больш беларусаў. Калі даўней «русіны» адпадалі ад той ці іншай дзяржавы, іх заўсёды частавалі адлучэннем ад сваёй народнай асобнасці. І стуль зрадзілася нямала трагедый у гісторыі — нямала разлілося крыві — а найбольш слёз у паняволеных і той затоенай зусільнасці, якая часта нітавалася страшэнным агнём нянавісці, што на ўсё гатова, каб скінуць толькі агіднае ярмо.

Беларус мусіў прыкрыцца. Пастаўлены прыродай між сільных і арганізаваных суседзяў, ён замкнуўся ў сваім асобным светаглядзе, каторы, як замкнуты, стаўся адсталым. А каго не здаволіў той светагляд сваячыны, той пхнуўся да «культурнікаў» усходу ці захаду і назаўсёды пакідаў сваю духовую бацькаўшчыну. Так зрабілі слаўныя калісь беларускія шляхецкія роды падчас старой Польшчы, так зрабілі «чорнасярмяжнікі» падчас расейшчыны, так зробіць яшчэ не адзін ласун чужых пернікаў. І дзівам можна здзівавацца, якім цудам пратрывала Беларусь: што яна жыве, збудзілася і дамагаецца, каб стаць у радзе з іншымі народамі, якія тварылі свой быт ужо здаўна.

Дык што ўсцерагло беларуса ад западання сябе чужынцам? Не што іншае, як, з аднаго боку, адпорнасць беларускага дэмакратызму прад шляхецтвам і ўрадніцтвам, а з другога — дурната і нядошласць (на наша шчасце) чужацкай палітыкі. І не ведаем, якая доля спаткае маладую Беларусь, адно толькі сказаць можам, што яна долю сваю некалі ўловіць у свае рукі. Мо гэта будзе ўжо запозна, але рэч пэўная, што беларус пойдзе іншым шляхам, іншым ад таго, якім хадзіў дагэтуль, а калі яго і далей будуць частаваць перакінствам: быць можа, што цярплівасць яго кончыцца якой катастрофай, у якой, калі ён як народ мае прападаць, то прападзе, як то кажуць, з гонарам.

2. Хто Ф. Багушэвіч і той час, калі ён жыў

правіць

Багушэвіч, як і яго паэзія, быў фігурай невызначнай, але для Беларусі мае ён не абы-якую вартасць, і вось гэта я хацеў бы даследзіць. Род Багушэвічаў не мінула тая самая доля, якая так многа захапіла сыноў беларускіх і аддала іх на службу «культурнага» суседства. Калі б хто спытаў, скуль відаць, што такі А. Міцкевіч не быў беларусам, — адкажуць, што сведкам яго творы. Ну, пекна! Так вось з твораў сваіх Багушэвіч паказваецца нам як чысты беларус, і гэта таго нам досыць, каб паставіць яго між сваімі пісьменнікамі, хоць радня яго мо і не прызнаецца да Беларусі. Хоць паэзія Багушэвіча агулам даволі аб’ектыўная, мала ён паказвае з-за яе свайго твару, выгляду сваёй уласнай душы, аднак у ёй знаходзім некалькі сільных выражэнняў, з якіх ён выглядае як беларус — ідэйны і з мэтай, якой не смелі паставіць папярэднія беларускія пісьменнікі. Паэзія Багушэвіча дае нам не толькі абразкі жыцця беларуса і яго гора, — яна займаецца яго стараной духовай і, апіраючыся на даных душы «простага» чалавека, але крэпкага духам, кажа: «Мова твая таксама «людская», як іншая, і ты сам такі чалавек, як другія, — а доля твая можа быць найлепшай, як іншых, бо ты выцерпеў больш, як яны: толькі пільнуйся, бо цябе кругом абсела «нячыстая сіла!»…

Часы Багушэвіча — гэта часы трыумфу тэй сілы. Беларус прымушаны пакінуць сваю веру і запрадаць сваё сумленне веры казённай. Мова ягоная прызнана гаворкай (расейскай) і выкінена з жыцця публічнага: нават з адносін рэлігійных. Аднак беларус у глыбіні свайго духу закладае сільны пратэст, а дзе-нідзе мае нат адвагу кінуць слугам царскім вызаў:

…Каб сто катоў
Дралі мне скуру, пяклі на агню,
Я веры сваёй такі не змяню!..
Эй, бійце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!..

А калі напор з боку царскай палітыкі не перастае — беларус, не хочучы застынуць у расейскім візантызме і шукаючы свайго Дажбога, кідаецца да абраду лацінскага, але і тут апякаецца, бо праз польскі касцёл выстаўляе на паняверку, а калі-нікалі і на згубу сваю родную мову.

А тым часам прэ на яго і іншая сіла — гэта няволя эканамічная. Цісне беларуса пан, хоць не ўрадовец расейскі: цісне яго недахват роднага слова не толькі ў школе, але і ў касцёле; цісне яго падатак, бо ён не мае чым яго заплаціць. І вось нядоля ва ўсёй брыдзе сваёй накінулася на беларуса: няма хлеба, няма асветы, няма волі. Дык гэты тры злыбедзі і зрадзілі песню Ф. Багушэвіча: песню, якая разляглася па ўсёй Беларусі, песня, наруганая чужынцамі, а так мілая сэрцу кожнага беларуса.

3. Ф. Багушэвіч як дэмакрат

правіць

Багушэвіч у сваім жыцці штодзённым быў дэмакратам; гэта значыць, што ён не аддзяліўся цэлай процьмай ад сялян беларусаў, як зрабіла шляхта нашая. Як адвакат меў ён частыя зносіны з «простым» чалавекам і гэтым самым мог добра паняць склад яго душы. Любілі Багушэвіча ўсе за даступнасць і гладкасць беларускай гутаркі, у якой ён заўсёды звяртаўся да беларусаў. Пазнаў ён як найлепш крыўду, якая дзеялася на беларускай зямліцы, бараніў нашага брата не толькі словам, але і дзелам.

З небывалай вясёласцяй апісвае ён панскую распусту, каторая за нішто прапускае ўсю сваю маетнасць, «каб «жыдам пайсці ў служкі». Гульні гэтыя Багушэвіч называе «задушкамі», то знача канчаткам панавання, і перасцерагае ён селяніна, каб гэты, мест углядацца на тыя збыткі і завідаваць, лепш мовіў бы пацеры за тых, што сваімі ігрышчамі капаюць сабе пагібель. А пагляд гэты узяў Багушэвіч жыўцом з жыцця і ў яго вершах так і адзываецца тая прыказка: «Гулі-гулі ў лапці абулі». Смяецца Багушэвіч з усёй моцы з таго суду над мужыком, дзе адвакат, «як ката дагары, так ён дзела скруціў». Кпіць з той апекі над скацінай, заведзенай панамі.

…І не спадзяваўся і ў сне не сніў,
Што мая кабыла мае апеку…

А тым часам ён — гаспадар, чалавек — ніякай апекі прад неправідлівасцяй не меў.

Натура Багушэвіча простая, спагадлівая — хоць часта жорсткая ў выражэннях, выглядае з гэтых вершаў. Частуе ён беларуса, казаў бы, крышку — зверху— але повен спагаднасці, улёсцівасці.

«Братцы мілыя, дзеці Зямлі — Маткі маёй! — кажа ён яшчэ ў прадмове да сваёй “Дудкі”. — …Я шмат дзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як французская, або нямецкая, або і іншая якая…»

Вось тутака Багушэвіч зліваецца ў адно з беларусам. І гэта ён робіць далей.

Не дзіва, што народ уважаў яго «за свайго» і смерць яго вызвала шчыры жаль, адбіваючыся шырокім спачуццём па цэлай Беларусі. Бо з ім сышоў са свету першы пісьменнік-дэмакрат, які меў адвагу заступіцца за беднату і паказаць свету нашу крыўду. Ён пачынае рад пісьменнікаў, што будуць бараніць таксама паняволенага — мо нават харашэй, — але вось у чым не зраўняюцца з Багушэвічам: не абоймуць цэласці беларускай душы. А ён патрапіў гэта зрабіць, што мы ўбачым у далейшым.

4. Пагляд беларуса на прыроду і чалавека ў творах Ф. Багушэвіча

правіць

Гістарычныя варункі прымусілі беларуса замкнуцца ў сваім быце і, каб не стацца чужынцам, моцна трымацца сваіх абычаяў. Вось у Беларусі найдаўжэй утрымаліся розныя показкі, у якіх чалавек тлумачыць з’явы ў прыродзе і ў людскіх адносінах. Першыя показкі твораць свет духу — другія твораць правы маральныя, якія дыктуюць, што можна рабіць і чаго нельга, што робіць чалавека мудрым і што дае яго на паталу благога. Такое незвычайнае адушаўленне сіл прыроды дало б шмат матэрыялу да твораў так званага рамантызму, калі б у тым часе былі ў нас сапраўдныя рамантысты. З багатай народнай фантазіі чэрпаў шмат хто, але ўсё зачэрпнутае пайшло на аздобу чужых галерый. «Дзяды» Міцкевіча ўзяты з тэй самай крыніцы, што «Хцівец і скарб на св. Яна» або «Ехаў раз ад Кіяны». Дух Міцкевіча ўмеў толькі на творах людовых заснаваць свой светагляд, які скоўваў у адзін ланцуг тры так розныя часткі, як польскую, літоўскую і беларускую. Міцкевіч хоць сам, як кажуць, любіў пяяць беларускія песні, нічога супольнага з Беларуссю не мае, — можа, толькі свайго дзеда-беларуса, калі той, не быў літвінам. Другая рэч з Кандратовічам (Сыракомля). Гэты духам і зместам сваіх песняў быў бы чыстым беларусам, калі б ён ды пісаў па-беларуску. На жаль, мусіў ён «зарабляць» вершамі на пражыццё. А хто ж дзе бачыў, каб было можна зарабіць, пішучы тады па-беларуску, калі такі Неслухоўскі або Марцінкевіч пісалі больш для забавы, хоць і ім маленькі грашак не зашкодзіў бы.

Папрабаваў Кандратовіч пісаць па-беларуску, але перастаў, бо і хто б купляў і чытаў? Але затое ж чэрпаў ён грудзьмі поўнымі з беларускай крыніцы паэзіі. Чуць не ўсе яго «гавенды» — гэта чыста беларускі эпас. Як жа, кажуць, маглі б такія вялікія духі змясціць змест свой у так простай беларускай мове? Але аднак Марцінкевіч, хоць без прыраўнання меншы дух, як Міцкевіч, усё ж такі патрапіў аддаць па-беларуску так добра «Пана Тадэвуша», як было ў Міцкевіча па-польску.

А што беларус не развіў сваёй літаратуры дагэтуль як мае быць, — застрэмай былі немагчымыя абставіны эканамічныя і палітычныя. Быў ён кутнікам у сваім краі: школы сваёй не меў, урада свайго не меў, а нат і зямля, на якой ён спрадвеку жыве, не была ягонай. І развівай ты, калі ласка, у такіх абставінах мастацтва-літаратуру! Нічога дзіўнага, што вызначныя таленты Беларусі ішлі ў прымакі да Польшчы ці Расеі — і пойдуць нат цяпер, калі жыццёвая цяжкая доля Беларусі не зменіцца. А калі і не пойдуць, дык, не могучы падняць роднай мовы, расплывуцца ў золкай міжнароднасці.

Словам, гаворачы дарэчы, трэба сказаць, што душа беларуса выглядае з твораў Багушэвіча поўная фантазіі, поўная сілы, поўная багацця, якога Багушэвіч толькі дакрануўся і толькі паверхна паказаў свету, а якое чакае на нашых песняроў, філосафаў, вучоных, каб было выкарыстана на аздобу і долю беларуса.

5. Рэлігія і яе паняцце ў творах Ф. Багушэвіча

правіць

Ф. Багушэвіч аддаў свой талент Беларусі — і чэсць яму за гэта. У ягонай паэзіі погляд на прыроду чыста фантазійны. Духі, начніцы, нябожчыкі — вось што напаўняе свет, а яшчэ асабліва ночай. Дый той свет — гэта ўсё роўна, што і гэты: толькі што для нашага вока звычайна неправідны. «Душа — гэта цела ў целе», — праглядае скрозь яго вершы, дзе ён апісвае той свет. «Быў у чысцы!» — ёсць найпершым яго пацвярджэннем.

Там паны і муруюць й гаруць,
вымятаюць і свінні пасуць…

Справядлівасць там, аднак, лепшая, бо хто на гэтым свеце жыў крыўдай, там мае толькі мукі, раўназначныя да правіны.

Тут паны гультаявалі — там працуюць, ксяндзы тут любілі грошы — там пруць ім золата ў горла, а толькі наш брат там адпачывае, бо:

…На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той свет, як па масле, пайшоў…

Мусіць, мужык там мае асобнае месца, бо, дзе пакуту адбы- ваюць, яго няма.

Мыліўся б, аднак, хто думаў бы, што беларус не мае праўдзівага паняцця аб веры Хрысціянскай. Ён яго мае, толькі што Хрысціянства мае свой адпячатак у душы беларуса, дзякуючы старой веры ў духі і начніцы. І як толькі згіне яго «прастата» ці, проста кажучы, цемната, тады станецца больш разумны і хрысціянскі светагляд беларуса, але тады, трэба сказаць, згіне і гэтая небывалая набожнасць, якая цяпер неадлучна ад беларуса, і можа стацца тое, што і сапраўдная думка Хрыстова пачне пакідаць душу беларуса. А гэтага Багушэвіч дужа баіцца. Места — гняздо бязбожнага і маральнага гнілля; дык і не любіць яго Багушэвіч:

Не люблю я места (па-расейску — горад):
Надта там цяснота і вялікі сморад.

Але любіць ён вёску, дзе моліцца чалавек,

…Каб ніколі я панам не быў,
Не жадаў бы нічога чужога,
Сваё дзела як трэба любіў…

«Не баюся нікаго, толькі Бога аднаго», — кажа беларус хвілінай адвагі, але вось пачуваецца да агульнага ладу на свеце, калі моліцца:

…Каб прад нізшым я носу не драў,
А прад высшым не корчыў спіны,
Я свой грэх каб як трэба спазнаў,
А ў другіх каб не бачыў віны…

Рэлігійны настрой з верай у Бога найлепш Багушэвіч апісаў у вершы «Праўда», дзе чуццё песняра даходзіць да найвышэйшага напяцця.

Прасі ў Бога ласкі — адвярні ты, Божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень ці на бездарожжа,
На вялікі ройстры, на пяскі сыпушчы…
…Не пачуў ён енку, не увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!..
…Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несці, як з «Богам не біцца».
Абсмяялі людзі мяне, як дурнога…
Там, казалі, праўда, тут тыкеля сіла!..

Нягледзячы на такую нядолю, на такое апушчэнне ад людзей і Бога, беларус не траціць надзеі, толькі з падвойнай сілай усклікае да Бога:

…Пашлі ж цяпер Духа, ды пашлі без цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела!

Вялікае таксама ўражанне па сабе пакідае верш «Свая зямля», дзе апісаны мукі беларуса-ўніята, які нізашто не хоча прадаць сваёй веры і за сваю вытрываласць апынуўся ў Сібіры. Пацехай яго там, апрача Бога, быў вузялок з камком роднай зямліцы, якая служыла яму лекам на ўсе хваробы душы і цела.

6. Паэзія і яе форма ў творах Ф. Багушэвіча

правіць

Чуццё душы Багушэвіча так глыбока, як глыбокае гора беларуса. Хто ж не знае яго песні аб горы, дзе ён так пяе:

Каб мне голас добры мець,
Каб мне гора куды дзець,
Каб жа гора Бог не даў, —
Я б вясёла заспяваў…

І расказвае далей, колькі ён меў бяды з гэтым горам. Дарма кідаў яго ў мора, паліў у анучы, вывазіў у Амерыку — дарма: гора ўсюды ішло за ім, «як штодня».

Або ўзноў колькі ж чуцця шчырага і простага вось хоць у гэткіх словах Багушэвіча:

Ой цяжка; цяжка!
Не сярмяжка цяжка,
Але з гэтай доляй,
А ўсё штораз болей.

Настрой чуцця душы Багушэвіча наводзіць яго часам на думкі-мары, якія, сказаў бы, як тыя хмаркі, лятуць у бяскрэсе на вырай, пакідаючы па сабе сумную знямогу. Такім ёсць верш «Хмары» — поўны задумы і летуцення.

Аб форме сваёй паэзіі Багушэвіч дбаў мала. Мера вершавання падчас у яго дужа кульгае.

Пачуццё чыстаты формы Багушэвіч мае зусім добрае, аднак не дбае дзе-нідзе аб роўнай меры. Верыць не хочацца, што гэта яго памылка, а не выдаўцоў. Найлепш удаецца яму простая форма песні, так што ён і выдавецтвы свае на гэту мэту прызначае. Вершы ў «Дудцы» здаюцца да жалейкі, а ў «Смыку» да скрыпкі. І памінаючы такую песню, як «Сватаная», якую кожная вёска можа сваёй асобнай нотай запяяці, — дачакаліся сярод беларусаў сваёй ноты «Песня ў горы» і «Не чурайся». Горш у Багушэвіча ідзе з формай гекзаметру, як верш «У судзе». Там верш ламаецца і крышыцца. Адно толькі сказаць трэба, што ў вершах, дзе знаходзяцца гэтыя пахібы, — уставіць досьць, казаў бы, сумысля апушчанае, адно слоўца, а верш будзе гладкі. Вось гэта і наводзіць на думку, што недастачы формы ў вершах Багушэвіча — гэта віна выдаўцоў. Але, не знаўшы рукапісаў, трудна тут апраўдаць нашага першараднага народнага песняра.

7. Мудрасць беларуса ў творах Ф. Багушэвіча

правіць

Ф. Багушэвіч, апісваючы нядолю беларуса, не мог не закрануць адной з яе прычын — недахвату асветы. З якой ахвотай ішоў бы беларус да асветы, калі б яна была падана ў роднай мове, рысуе верш «Не чурайся». Абурываецца ён найлепш на тых беларучак, што чураюцца нашай беднаты, нашага мазаля і саромяцца падаць нам рукі — той рукі, на каторай не адна ўжо запяклася крыўда наша. Апісваючы з незвычайнай сілай тое смяццё, у якім сядзіць беларус, адначасна кідае страшныя словы здраднікам нашага народа:

…Ты той пот на сябе узваліў…
…Не дзівіся, панок, як жыву, —
Мне ніхто не памог будаваць.
Хоць лянівым у свеце слыву,
А магу свет карміць-гадаваць.
Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць:
А там розуму шмат ад вякоў.
І ўсё можаш па ксёнжках рабіць;
А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?
…Каб умеў кіраваць я пяром, —
Я бы ксёнжку счыркаў, як папар,
І б аб тым, як мы сеем, аром,
І як косім, і жнём Божы дар…

«Мне ніхто не памог будаваць» — страшная праўда! Усе, хто валодаў намі, толькі стараліся выссаць з труду нашага найбольшую карысць, а калі ставілі якую будоўлю для культуры, то мералі на свой капыл і на яго кроілі духоўныя і эканамічныя патрэбы беларуса. І вось дзіва! Найперш ботам на той капыл стаўся наш некалішні правадыр грамадства — беларускі шляхціц, а пасля на той жа капыл пайшоў мешчанін, а ў канцы прыйшла чарада на селяніна. Але гэты схамянуўся, захінуўся, бачачы, як далёка зайшлі шаўцы душ людскіх, і — як Багушэвіч — кінуў сваім правадырам у вочы здраду, і… пайшоў сваёй дарогай.

Не абышлося тут без турбацыі, бо надта ж вялікія рахункі пакінулі тыя правадыры па сваёй гаспадарцы. Але вось часы змяніліся, і беларус, пакінуўшы тых, што яго чураліся, пачаў тварыць новыя асновы жыцця: новае хараство мыслі, новую жыццёвую дарогу. Тады над ім загаманілі «старыя» пагрозай новай продажы роднага краю або нават небывалага ў гісторыі раздзелу. Беларус ухмыльнуўся сваёй звычкай, замоўк — і ўзноў думае, укладаючы намераную дарогу, а вера яго бароніць ад сумнеўку. «Дорага даіцё за душу маю, але няўжо яна не даражэйшая вашых грошай! Трымайце свае грошы: патрэбны яны вам на гулі!»… Ох, гэтыя гулі: затрымалі яны поступ Беларусі на доўгі час!

Складная гісторыя Беларусі — хоць мала хто аб ёй пісаў і мала хто пісаў аб ёй справядліва. Складная яна, калі вырабіла такі характар чалавека, якога тып дае нам Багушэвіч у сваіх вершах. Такі ціхі настрой на вока, а колькі схаванай моцы і сілы; такі журлівы, аж да безнадзейнасці, а колькі светлых думак і мудрасці. Будзьце ласкавы, збярыце з паэзіі Багушэвіча ўсе прыказкі і выражэнні простай народнай мудрасці, а не трэба будзе і Саламона. Можна сказаць без звелічэння, што беларус, не маючы асветы і кніжкі, меў яе, аднак, з самога жыцця, якое вучыла яго, як тлумачыць розныя праявы людскога змагання за быт. Мае ён адкрытыя вочы, каб дзівіць тое стройнае хараство прыроды, якое, паводле яго думкі, мусіць мець нейкага кіраўніка дзеля ўтрымання парадку між тысячамі тысяч стварэнняў. Парадак маральны ёсць так патрэбны чалавеку, што, ломячы яго, чалавек стаецца духова сляпым. У гэтым, устаноўленым Богам ладзе, — паводле думкі «простага» чалавека — найбольш шкоды робяць «паны», гэта значыць людзі, якіх папсавала багацце. Такі пан глядзіць на свет Божы праз шклы, не простым чыстым зорам. «А шклы тыя для туману: праз іх глядзіш, як у дым, жыд сумысля даў іх пану, каб зрабіць яго сляпым».

Так, Багушэвіч сваімі вершамі паказвае, што мудрага светагляду «простага» чалавека не кранула мачыха злая доля: што ён нават у тэй злой долі навучыўся відзець многа з таго, што «закрыта ад вачэй вучоных».

8. Ідэя Багушэвіча і ідэя Шаўчэнкі

правіць

Ф. Багушэвіча можна лічыць прыхільнікам самавітасці беларускай культуры і дзяржавы. Бо ён чуць не першы адважна заявіў, што мова наша ані расейская, ані польская гаворка — але зусім самабытная, як кожная іншая. А калі мы зусім самавіты, асобны народ, то належыцца нам права гаспадара на сваёй зямлі: са сваёй мовай, сваім урадам, сваёй Цэрквай (Касцёлам).

Багушэвіча можна прыраўняць да ўкраінскага Шаўчэнкі. Адзін і другі сталі на аснове самабытнасці свайго народа. Шаўчэнка толькі выразіў гэта з большай сілай і талентам. Але затое Багушэвіч не пакінуў псіхалогіі рэлігійнай беларуса, падчас калі Шаўчэнка стануў на аснове бязбожжа і даў падклад матэрыялістычны блізу для ўсяго ўкраінскага духу. Не ведаю, ці такі погляд можа мець падатны грунт у душы народа, — хіба не, бо бязбожнасць родзіць самалюбства і забівае ў душы адказнасць за свае паступкі. Народ без веры — гэта выдумка, а гісторыя вучыць, што народы гінуць разам з іх багамі. Забіце ў душы народа Бога — перастане такі народ існаваць. Рымляне, калі заваёўвалі які свежы народ — забіралі ў яго багоў, каб тым хутчэй зліць яго ў адной масе сваёй дзяржавы. Хто патрапіць забіць Бога ў душы чалавека — сапсуць яго малітву і працу, — той псуе фундамент нашага розвітку. На шчасце, беларус быў і ёсць рэлігійным, і Багушэвіч, адбіваючы яго душу ў песнях, не мог яго зрабіць бязверцам. Рэлігія засядае ў найтайнейшай глыбіні духу, і нішто не сарве нашых адносін да Бога. Шаўч. паэт вялікі, але песня ягоная вызывае прыкрае чуццё ў веруючай душы не толькі беларуса. Багушэвіч пясняр просты, а яго песня разнеслася па ўсім нашым краі, а дэкламацыя яго вершаў вызывае слёзы ў сялян: так умеў ён залезці ў душу нашага брата. І можам у працы над беларусам ужываць розных спосабаў, але як выкінем рэлігію, справа прапашчая. Кажуць, што чалавек ёсць з натуры рэлігійным. Мо і праўда, але беларус веры ў Бога навучыўся з жыцця. Калі б не вера ў Бога і ягоны Агляд, трэба яму было даўно ўжо зрабіць самагубства. Ён жыве надзеяй у трыумф справядлівасці — а трыумф справядлівасці бязбожнай смеху варты. І вось яшчэ адно. У сучасным моманце, калі беларус не вытварыць сільнай арганізацыі рэлігійнай (Унія) — то небяспечна ідзе ад суседзяў — лёс ягонай нацыі зусім няпэўны (не кажу прапашчы).

9. Багушэвіч і беларускае пісьменства

правіць

Мы хочам дайсці да высновы ў гэтых увагах, што Багушэвіч быў тым першарадным пісьменнікам народным, ад каторага пачынаюцца адродзіны беларускага пісьменства. Кажу адродзіны (не народзіны), бо сваё пісьменства мы ўжо мелі. Але тое пісьменства мела нейкі фальшывы падклад, калі прайшло без следу. Пісьменства тое хаваецца ў гроб разам са сваімі творцамі. А творцамі яго былі акурат тыя людзі, патомкі каторых пайшлі ў прымакі да чужацкай культуры. Была гэта перш-наперш беларуская шляхта, каторая, перастаючы быць беларускай, схавала і тое пісьменства ў архівы. Пісьменства рэлігійнае трымалася яшчэ ў зносінах касцельных, але і на яго прыйшоў чарод, калі цары расейскія скасавалі Унію і мову беларускую пастараліся замяніць расейскай. Вось ляжыць тое старое пісьменства ў архівах і ніхто яго не кратае — хіба мыш або які праз пару цікавы вучоны. Ёсць творы там усякія. Апроч актаў урадавых (да канца в. XVІІ), грамат княжых і каралеўскіх, ляжыць там і тая літаратура царкоўная: памятка змагання Уніі — сваё існаванне. Ёсць там і літаратура прыгожая, у творах якой пісьменнікі шукаюць хараства.

Тое старое беларускае пісьменства не мела падкладу ў т. з. простым народзе — у яго паглядзе, поўным фантазіі на прыроду, — у яго той простай філасофіі: і за тое згінула. А калі рэвалюцыя французская рухнула са сваімі «правамі» чалавека па Еўропе і прымусіла глядзець крышку іначай і на вяскоўца, тады вочы пісьменнікаў нашага брата. Але, на жаль, не было ўжо каму тады пісаць па-беларуску: адны пісалі па-расейску, другія па- польску. Чэрпалі тады з нашага люду «пёснкі простаче», показкі і перараблялі на свой лад, а беларус не звяртаў увагі, што яго скарб паэзіі людовай разбіваюць, прысвойваюць: сваіх пісьменнікаў не меў. Аж некаторым сумленне зварушылася і зачалі пісаць па-беларуску. Былі гэта Баршчэўскі, Неслухоўскі, Марцінкевіч, знаныя нашы пісьменнікі. Браліся яны, аднак, за пяро хутчэй для забавы, як з патрэбы: народ яшчэ спаў, або, лепш сказаць, стагнаў у паншчыне. І вось у канцы выступае Багушэвіч — як пісьменнік ідэі асобнасці беларускага народа, хоць яшчэ ідэі няяснай. Раз’ясняць яе яго наступнікі. Стаў ён на граніцы новай эпохі розвітку нашага пісьменства: яго вершы — гэта тое зерне, з каторага мае вырасці нешта моцнае, трывалае.

Па рэвалюцыі 1905 года з’явілася цэлая грамада песняроў з клікам: «Жыве Беларусь». І жыць яна мусіць, не зважаючы, што значная частка яе правадыроў даўнейшых выраклася яе, як за тую міску шачэвіцы. Народ ім толькі можа жадаць вясёлых гульняў — як на тым «ігрышчы», дзе ў цымбалы б’ець жыдзішча, і дзе ценкія паненкі, і дзе розум вельмі ценкі…

Якім кірункам пойдзе мысль беларуская, па тым развале старога ладу, які распачала другая расейская рэвалюцыя, — будзем бачыць. Маім дзелам было толькі паказаць, што Багушэвіч напісаў хоць мала, але ўдала.

1920