Халера
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца: http://skarby.in/halera.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Самая страшная халера была ў трыццатым годзе. Рады не маглі ёй даць. Што ні рабілі людзі, як ні сцерагліся, а яна рэжа ўсіх, быццам нажом.

Спачатку пайшлі чуткі, што дзесьці ў мястэчку халера скруціла мешчаніна і мяшчанку. Суседзі, каб уратавацца, запхнулі іх у глыбокую яму і закапалі жыўцом, а ўсе іхнія хатнія транты пакідалі ў рэчку. Вада разам з дабром вынесла за мястэчка і халеру. Паплыла яна ўніз па рацэ і давай касіць людзей па прыбрэжных вёсках. Усіх касіла, нікога не мінала. Ідзе чалавек у поле здаровы, быццам рэпа, а халера перапыніць яго ды як шасне! Пакачаецца, пакачаецца небарака — і дух з яго вон.

Але дзякаваць Богу аднаго дня наскочыла гадаўка на жаўнера-маскаля.

— Прылёг я на сенажаці адпачыць, — расказваў жаўнер потым людзям, — і, мабыць-такі, задрамаў. Праз гадзіну-другую прахапіўся, прадзёр вочы, гляджу, а каля мяне схілілася высокая, худая, як жэрдка, кабеціна, апранутая ва ўсё чорнае. Твар сіні, быццам курыны пуп. Вядома, спалохаўся я, аж мову адняло. Адразу здагадаўся, што за цётачка каля мяне спынілася. Потым думаю сам сабе: ці пан, ці прапаў! Падхапіў гадаўку на рукі — і папёр да ракі. Прывалок на высокі бераг рачны, а ўнізе глыбіня бездонная, чорны вір круціць. Бачыць чорная паненка, што я не жартую, давай прасіцца ды маліцца:

— Адпусці мяне! Не губі! Больш я ніводнай душы не зачаплю!..

Хацелася мне боўтнуць яе, каб ажно бурбалкі пайшлі. А тады разважыў сам з сабою: «Якая будзе карысць, калі яе загублю? А як замест яе новае ліха зробіцца? Лепш адпушчу — не забудзе маёй навукі…»

— Добра, адпушчу цябе, — кажу ёй, — але пабажыся, што ніколі сюды не прыдзеш і не будзеш губіць людзей.

Прысягнула паганка, нават укленчыла, за зямлю схапілася, абяцаючы не паказвацца на белы свет. Адпусціў гадаўку, гляджу, куды яе панясе. А яна — проста на сухі лес, ажно трэск пайшоў. Толькі яе і бачыў.

3 таго часу халера знікла, забылася дарогу ў нашы ваколіцы.