Халодны яр (Шаўчэнка/Бядуля)

Халодны яр
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





У кожнага сваё ліха,
І ў мяне не ціха;
Хоць не сваё — пазычана,
А ўсё-такі ліха.
Ды ці варта ўспамінаці,
Што даўно мінула,
Бо нашто будзіць старое?
Добра, што заснула!..
Хоць бы Яр той! Да яго ўжо
Сцежачкі малое
Не асталася, здаецца,
Што ніхто нагою
Не ступіў там. А прыпомніш,
Дык была дарога
З манастыра Мотрынага
Да Яру страшнога.
Там калісьці гайдамакі
Табарам стаялі,
Рыхтавалі самапалы,
Пікі майстравалі.
У Яр тады схадзіліся,
Бы з крыжоў іх знялі,
Бацька з сынам і брат з братам.
Разам яны сталі
На ворага на хітрага,
На лютага ляха.
Дзе ж ты дзеўся, ў Яр глыбокі
Пратаптаны шляху?
Ці сам зарос цёмным лесам,
Ці то засадзілі
Кáты новыя? Каб людзі
К табе не хадзілі
На параду: што рабіць ім
З добрымі панамі,
Людаедамі ліхімі,
З новымі ляхамі?
Не схаваеце! Над Ярам
Залязняк вітае,
І на Умань пазірае,
Гонту выглядае.
Не хавайце, не тапчыце
Святога закона!
Не завіце прападобным
Лютага Нерона!
Не бахвальцеся вы царскай
Вайною святою!
Хто з вас знае, што царыкі
Гандлююць крывёю,
А крычыце, што нясеце
І душу і скуру
За ацечаства!.. Яй-богу,
Авечча натура:
Дурны шыю падстаўляе
І за што не знае!
Дый шчэ Гонту зневажае,
Лядашчая зграя!
«Гайдамаки не воины,—
Разбойники, воры,—
Пятно в нашей истории…»
Брэшаш, людамора!
За святую праўду-волю
Разбойнік не стане,
Не раскуе закаваны
Ў вашыя кайданы
Народ цёмны. Не зарэжа
Лукавага сына,
На агонь не кіне сэрца
За сваю краіну.
Вы — драпежныя злачынцы.
Прагныя вароны!
Па якому праўдзіваму
Святому закону
І зямлёй усенароднай,
І сардэчным людам
Гандлюеце?! Асцярожна,
Ліха ж вам, прыблудам,
Будзе!.. Дурыце вы дзяцей
І брата сляпога,
Дурыце вы сябе, чужых,
Не дурыце ж бога.
Бо ў дзень радасці час прыйдзе,
Падзе на вас кара,
І павее агонь новы
З Халоднага Яру.

14 снежня 1845 Уюнішча