Хачу мець зямельку і мру без работы…
Хачу мець зямельку і мру без работы… Верш Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1913 Крыніца: http://knihi.com/Uladzislau_Halubok/Chacu_miec_ziamielku_i_mru_biez_raboty.html |
Хачу мець зямельку і мру без работы,
А чую, што сілы трываюць пакуль,
Я рад працаваць да крывавага поту
І жду ўсё — падмогі няма ніадкуль.
А людзі ў дастатках, дзе скарбаў ёсць многа,
Не дбаюць аб горы — ім бедны нішто…
І дзе галадоўля, дзе смутак, трывога,
Туды і скарынкі не кіне ніхто.
Глядзіце, зямелькі вось колькі пустуе!
Аблогам марнуецца колькі пасек!
А я даў бы рады, мне ж сіл не бракуе.
Без працы чы ж можа пражыць чалавек?
(1913 г.)