Хвароба
Апавяданне
Аўтар: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў-быў… Жылі-былі. Так звычайна пачынаюцца казкі. Пачатак хоць і стары, але добры, і не варта ламаць галавы, каб выдумаць новы. Гэтак пачну і я няхай дзяды не гневаюцца на мяне. Ну дык вось.

Жылі-былі на свеце два браты. Праўда, — нашто лгаць? — жывуць яны і цяпер, хоць і не бачацца адзін з другім і жыццё іх рознае. Калі браты былі не падзелены, хадзілі яны разам на работу, у заработкі, або проста наймаліся да людзей, бо самі яны былі бедныя, а сядзець дарма дома не любілі. Раз браты, пабраўшы косы, пайшлі на ўвесь дзень касіць. Касілі яны, касілі і патаміліся.

— Ну, што? — сказаў Усход. — Давай, брат, адпачнем.

— Давай адпачнем, — згадзіўся Захад.

Адзін брат называўся Ўсход, а другі — Захад. Імёны ў іх дзіўныя, так даўней людзі не называліся. Цяпер жа называцца можна як хочаш, а калі хто не верыць, няхай сам паглядзіць у насценны каляндар, выдадзены Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам на тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмы год.

Узялі браты косы на плечы і пайшлі ў цянёк, бо дзень быў гарачы. Развязалі торбу, з’елі па куску сала з хлебам і прылеглі, каб «сала завязалася», прытрымліваючыся старой пагудкі: «Хто па ядзе не аддыша, таго Бог за свінню запіша». За гэтым жа кустам села Хвароба, мізэрная, згаладалая, бакі ўпалыя, рэбры тырчаць ды вочы блішчаць. Узрадавалася Хвароба, пабачыўшы, што браты моцна спяць, і давай яна выкрадацца, да братоў падбірацца. Гараць прагавіта яе вочы — паласавацца чалавечынкаю хоча. Ступае з былінкі на галінку, з галінкі на лісток і на бедных братоў — скок! Залезла ў іх цела, іх кроўю аб’ядаецца, а браты спяць, не чуюць нічога. Паспалі з гадзінку, прачынаюцца.

— Ох, штось, брат, ломіць мяне! — кажа Ўсход.

— І мне няможацца: нібы нешта па скуры пашорхвае, — азваўся Захад.

Павохкалі і паахкалі браты, але хварэць няма калі. А Хвароба толькі пасміхаецца, адпускае на кароткі час ды зноў кіпцюрыкамі падрапвае.

— Працуйце, — кажа, — на мяне. Бо толькі за вашым гарбом і можна пажыць.

Працуюць браты і Хваробу носяць сваю. Таўсцее Хвароба, а браты сохнуць.

— Няма, брат, здароўя! Не дабрыцца нам, — скардзіцца Ўсход.

— Няма, браце, ні здароўя, ні дабра, — абзываецца Захад.

— Трэба ратунку шукаць.

— Трэба, браце, шукаць.

Цяжкае жыццё пачалося для братоў: трэба было насіць у сабе Хваробу і карміць яе. Пачалі браты па знахарах, па шаптухах хадзіць. Хадзілі, хадзілі, ды нічога не выхадзілі. Сядзіць у іх Хвароба, сокі з іх цягне, жылы ім скручвае.

— Не, брат, — кажа Ўсход, — не памагаюць знахары.

— Не памагаюць, браце, — абзываецца Захад.

— Папрабуем хіба да святых таўкануцца.

— Папрабуем, браце.

Пайшлі яны па цэрквах ды па касцёлах хадзіць, падлогу лбамі біць, папоў ды ксяндзоў на дапамогу клікаць. Папы ж і ксяндзы з тою Хваробаю аднае пароды.

Адно казалі яны:

— Маліцеся Богу і цярпліва нясіце свой крыж: на тым свеце вам усё будзе вернута і заплачана ўстокраць.

І распісвалі яны «той свет» папоўска-ксяндзоўскімі фарбамі. Браты слухалі ды патыліцы чухалі. Рай — то рай, але ж і крыж цягаць не вялікае шчасце.

Не супакоіліся браты, бо цяжка стала Хваробу насіць. І разышліся яны на некаторы час, дактароў і лекаў шукаючы.

Прайшло некалькі гадоў. У той час, калі Захад ужо страціў надзею вылечыцца ад хваробы, да яго прыйшоў ліст ад Усходу. «Брат Захад! — пісаў Усход. — Я зусім здаровы і хваробу сваю выгнаў. Знайшліся на свеце добрыя, сапраўдныя дактары. Яны мне, як па пісанаму расказалі, што ў нас за хвароба. А каб вылечыцца ад яе, трэба асмеліцца на аперацыю. Аперацыя трохі балючая, але выганяе хваробу. І самы верны струмант пры аперацыі — доўбня і агонь. Стукнуць хваробу па галаве і прыпаліць тое месца, дзе яна сядзела, — ніколі не вернецца. Другой рады няма, а сама хвароба ніколі не выйдзе. Вельмі шкода, што не магу ўсё гэта расказаць табе з вока на вока, бо паміж намі завязаная новая хвароба — Граніца. Але калі ты адважышся на такую аперацыю, якую зрабіў я, дык гэтая хвароба прападзе сама сабою. Жадаю табе поспехаў. Твой брат Усход».