Хвораму
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927
Крыніца: Узвышша 3 1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў змаганьні дзікім змогся ты
І выплеваў да рэшты грудзі.
Надзей няма ў цябе й ня будзе,
І ў сэрцы холад пустаты.

Ляжыш худы — сухая жэрдзь, —
А шчокі — яркія півоні.
І вось у галавах на ўслоне
Яна — збаўляючая сьмерць.

Запамятаць ты быў бы рад
На ўсё, што сэрцу гэтак міла,
На ўсё, чым сэрца гэтта сьніла,
На ўсё, што цешыла пагляд.

Ды памяці снавацьме ніць,
І розум яснасьць не пакіне,
І караблямі ў далі сіняй
Ўспаміны будуць плыць і плыць.

Згадаеш цёплы сум начэй,
І сьветлы дзень, і дзень твой чорны,
І гэты сьвет наш непаўторны
Прынадней здасца і мілей.

Наўкола ж будзе той жа рух —
І сьлёзы, й смех быцьця зямнога,
І думка, што табе нічога
Ня трэба болей, сьцісьне дух.

І зразумееш ты суздром,
Што ні адна людзкая немач
Ня зьзяе гэткай мукай немай,
Жахлівым гэткім хараством.

Таму ў апошні час цяжкі,
Ў тваю апошнюю часіну
Прысьніш ты слодыч адпачыну
І пешчы добрае рукі.

(1927)