Хлопчык з-пад Гродна (1940)

Хлопчык з-пад Гродна
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1940 год
Іншыя выданьні: Хлопчык з-пад Гродна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗМІТРОК БЯДУЛЯ


ХЛОПЧЫК

З-ПАД

ГРОДНА


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА пры СНК БССР

1940

ЗМІТРОК БЯДУЛЯ


ХЛОПЧЫК
З-ПАД ГРОДНА


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА пры СНК БССР
РЭДАКЦЫЯ ДЗІЦЯЧАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Мінск — 1940

Вокладка С. Кадушына
Малюнкі Б. Каплана


Рэдакар М. Ахрамовіч
Тэхрэдактар Я. Карпіновіч
Карэктар Г. Нейфах


Здана ў друкарню 22/VIII — 40 г. Падпісана да друку 9/IX — 40 г. Аб‘ём 3⅜ друк. арк. Папера 70×1081/32 Знакаў у друк. арк. 19.200 Тыраж 10.000 экз. Зак. № 2697. У3 13.

Друкарня імя Сталіна. Мінск, Дом Друку.

I

Родам я з-пад Гродна,
Прозвішча Карась.
Чатырнаццаць год мне
І завуць Ігнась.
Жыў раней з бацькамі.
Вёска ў нас — Дубняк.
Сеяў ксёндз над намі
Свой касцельны мак.
Быў ён спрытным, хітрым,
Чорным груганом.
Біты, недабіты
Мы былі ксяндзом.
Мы, — ў апратках з зрэб’я,
Латаных бядой, —
Елі замест хлеба
Бульбіну з вадой.
А да бульбы поснай
Солі ні драбка.
Лезлі словы злосна
З майго языка:
«Дайце солі жменю!
Соль я так люблю!»
Бацька страшыў рэмнем:
«Рэмнем пасалю!»
Бацька мой ад гора
Гневаўся, звярэў.
Вечна быў ён хворы,
Паясніцу грэў.
Бацька мой ад болю
Гнуўся да зямлі.
Словы, як вуголле,
Беднага пяклі:
«Солі, — крычу, — дайце
Хоць малы драбок!»
Слёзы беднай маці
Капалі ў гаршчок.
Соль у нас бывала
Пяць разоў на год.
Вельмі ўздаражала,
Не купляў народ.
Грыз я гліну, крэйду,
Камень грыз і цвік.
Лезла ў грудзі крыўда,
Матчын стогн і крык.
Людзі пазіралі:
Камень ем і гразь —
Фокуснікам звалі:
«Фокуснік Ігнась».
«Фокуснік злуецца!»
«Фокуснік ідзе!»
«Фокуснік, здаецца,
Зараз упадзе».
Не балела вельмі:
Я да кпін прывык,
Хай пытлюе, меле,
Злы, дурны язык.
У пяску, каменнях
Солі я шукаў,
З ціхім абурэннем
Долю папракаў.
Не хачу памерці —
Жыць і жыць хачу.
Ные, млее сэрца,
Кружыцца ў ваччу.
Я дружыў з пяколкам,
Нібы дзед стары.
Пад маёй галоўкай
Жмут сухой кары.
Часам кажа маці:
«Выйдзі пагуляць!»
Не любіў гуляць я,
А любіў ляжаць.
Я ляжу. Зарніца
Запаляе гай.
Засынаю. Сніцца
Белы каравай,
Праснакі, аладкі,
Яблыкі, тарты,
Абаранак гладкі,
Пернік залаты.
Я стаю на полі.
Сонца нада мной.
Бачу — гурбы солі,
Нібы снег зімой.
Соль плыве з-за гая,
Сыплецца з высот.
Солі набіраю
Поўны, поўны рот.
Чую з-за кургана
Крыкі леснікоў:
«Гэта соль для пана,
Для яго быкоў!»
«Выплюнь! Выплюнь! Выплюнь!» —
Нібы індыкі. —
«Бізуноў усыплем.
Ах, такі-сякі!
Ціха, сын батрачы!
Ціха! Не скаголь!»
Соль плюю і плачу:
Вельмі люблю соль…
Быў тады малы я,
Меў пяць год тады.
Ах, якія злыя,
Жорсткія гады!

II

Носам да тапчана
Ледзь я дастаю.
Прадаваць зарана
Сілачку маю.
Хоць і быў аматар
На мяне такі,
Прагны і багаты,
Хітры, гаваркі.
Ён прынёс аднойчы
Раніцой да нас
Жаласныя вочы,
Літасці запас.
Гаварыў ён мудра,
Бацьку ахмяліў,
Песціў свае кудлы,
Бараду даіў.
Гаварыў ён «шчыра»,
Што ні слова — «бог».
Голас граў, як ліра,
Кожны ўздых — пірог:
«Голадна ў хаціне…
Божа… ой-ой-ой…
Гнаська твой загіне,
Божанька ты мой!
Як святы ў пакуце,
Скорчаны, бы корч!» —
У суседа льюцца
Нават слёзы з воч.
Ён мяне паставіў
Між кален сваіх: —
«Гнась на вочы жвавы,
Я люблю такіх!
Хлапчука аддайце
Мне на дзесяць год.
Дам сто злотых — наце!
Гнась худы, як хорт…
Адкармлю! Хай пасвіць
Статачак гусей».
Слухаю і гасну,
І пад стол хутчэй.
Я дрыжу, бы колас
На мяжы адзін.
Слых мой рэжа голас,
Нібы востры клін:
«Хай Ігнась сягоння
Пойдзе да мяне!»
Бацька ціха стогне,
Грозна кажа: «He!».
Больш я ўжо ніколі
Ў хаце не крычаў.
Не прасіў я солі —
Як шчупак маўчаў.

III

Нашая хаціна
Мохам абрасла.
Нібы ў дамавіне,
Ў светлы дзень — імгла.
Злеплена убога
Глінай па вуглах.
Бык зачэпіць рогам —
Распадзецца ў прах.
Навакол падпоркі —
Тонкія калкі —
Паднімалі лоўка
Сцены на штыкі.
Хата гнецца ракам,
Быццам ад пакут.
Нават і сабакі
Жыць не хочуць тут.
Пабяліць знадворку
Солтус загадаў,
Дык адны падпоркі
Бацька маляваў.
Бацька гнуўся крукам,
Уставаў з зарой.
Вечна млелі рукі
На зямлі чужой.
Маці жала жыта —
Жыта не сваё.
Біта, недабіта
Нашае жыццё.
Не было да гульбаў
На чужой зямлі.
Нам плацілі бульбай,
Бульбай мы жылі.
Строіліся ў строі
Пушчы, гушчары;
Зелянелі хвоі
У старым бары.
То не з неба ўпалі
Іскры зараніц —
Зіхацелі, ззялі
Дываны брусніц.
А грыбоў — аж мора!
Шмат баравікоў.
Ну і мелі гора
Мы ад леснікоў!
Хусткі з валасамі
Дзёрлі з галавы.
Нібы псы, кусалі
За кусток травы.
Білі, ды з ахвотай,
І малых яны.
За біццё ім злоты
Сыпалі паны.
Шмат ёсць у старонцы
Нашай азярын.
Свеціцца ў іх сонца,
Яснацвет зары.
Вольхі і вярбіны
Строга шэпчуць: «Стой!»
Хіляць, гнуць галіны
Нізка над вадой.
Званы ці нязваны —
Я туды іду.
Як зачараваны,
Я гляджу ў ваду.
У люстэрцы нібы,
Бачу я свой твар.
Што за спешка ў рыбы?
Ці ў вадзе пажар?
Вось іх шмат усюды,
Вось няма нідзе.
Чыняць дзівы, цуды
Плотачкі ў вадзе.
Ззяюць, граюць рыбкі
Ў сіняй глыбіні.
Зыбяцца, як зыбкі,
Акуні, ліні.
З вудачкай магу я
Налавіць іх шмат.
Гора мне — вартуе
Рыбак панскі кат.
Страшны ён, вусаты,
Вочы — два вуглі.
Выскачыць ён раптам
Чортам з-пад зямлі.
«Ты тут непатрэбен!» —
Кажа душагуб.
Чэша, нібы грэбнем,
Мой кудлаты чуб.
Быў загад дваровы
Кідаць у ваду
Малых рыбаловаў
Рыбам на яду.
Не адно дзіцятка
Згінула ў віры.
Галасілі маткі
Блізка ля гары.
На гары высокай,
Воддаль ад прысад,
Чаравалі вока
І палац, і сад.
«Пан забраў у «хлопа»
Воды, чаўнакі.
Мы паноў патопім —
Прыдзе час такі.
Прыдзе суд народны
І пачне судзіць.
Ад паноў ніводны
Тут не будзе жыць.
Люты пан застогне,
Пакаштуе страх». —
Так дзяды гамоняць
Ціха па кутах.

IV

Новаю ракою
Ліха прыплыло,
Заліло крывёю
Нашае сяло.
Пыл пыліў дарожны —
Конніцы атрад.
Прымі падарожных,
Рад ты ці не рад.
Бравыя жандары
Скокнулі з канёў.
Крык, бы на пажары,
Лёскат бізуноў.
Шыбельнікаў вочы
Рэжуць, як нажы.
Хтосьці там рагоча,
Ах, каб ён не жыў!
Памятаю — ўчора
Я на луг пайшоў,
Хлопчык нейкі чорны
Там гняздо знайшоў.
Збіў. Птушынка-матка
Дзетачак заве.
Дзеткі-птушаняткі
Плачуць у траве.
«Ціў-ціў…» — аж варушыць
Сэрца страх і жаль.
Ціўкала мне ў вушы
Ноч усю амаль.
Песня наша спета
На струне-бядзе.
У гняздо у гэта
Страшны госць ідзе.
Што тут зараз будзе?
Што за крык такі?
Нападаюць людзі —
Лютыя ваўкі.
Бедны, бедны татка…
Не плаціў даўно
Ён чыншоў, падаткаў.
Ліха — вось яно!
Хтосьці з пісталета
Стрэльнуў за акном.
Пуста ў нас. За гэта —
Тату бізуном.
Цягнуць з маткі хустку,
Кажушок стары,
Цэбар ад капусты
І пілу з гары.
Ножык, шапку з крыкам
З рук маіх ірвуць.
Хтосьці пальцам пстрыкнуў
Моцна ў галаву.
Рушаць і варушаць
Нашае гняздо.
Гора ў нас па вушы.
Матку б’юць — за што?
Бацька мой злуецца,
Голасна крычыць:
«Ці няма ў вас сэрца?
Ах вы, крумкачы!»
Ён падняў падпорку —
Трах жандару ў лоб.
«Каб табе лёс горкі,
Пяць жабрацкіх торб!»
Родны бацька болей
Так цярпець не змог.
Сунуўся ад болю
Кат на наш парог.
Пазвязалі рукі
Татачку майму.
Павялі на мукі
Ў панскую турму.
Я кусаў жандараў —
Нібы ашалеў.
Хтосьці ў плечы ўдарыў —
Я, малы, самлеў.
Потым было страшна,
Кроў лілася з плеч,
Ды ад хаткі нашай
Толькі адна печ.
Чорнай галавешкі
Матухна чарней.
«Хатка наша дзе-ж тут?
Гавары хутчэй!»
Так пытаю млосны
І дрыжу, дрыжу,
На матулю коса
Я гляджу, гляджу.
У разбіты комін
Вецер дзьме і дзьме.
Чую стогн знаёмы —
Маці кажа мне:
«Хатка пайшла дымам,
Агнявой зарой.
Ой, цяпер куды мы
Кінемся з табой?»

V

Жаль і смутак чорны
Паляць мне душу.
Цяжка, нібы жорны
На спіне нашу.
Ты расці, нянавісць,
Да паноў благіх!
Маю адну радасць —
Ненавідзець іх.
Сілу велікана
Дай, нянавісць, мне
Дол капаць для пана —
Хай гніе на дне!
Я збяру агнішчы
З усяе зямлі,
Злых паноў я знішчу
На святым агні.
Пан заўсёды люты,
Люты з веку ў век.
Ад яго пакуты
Церпіць чалавек.
А як ляснем торбай —
Згінуць паны ўсе.
Пудзілы з іх зробім
На сваім аўсе.
Думы сэрца білі
Востраю касой.
Думы акружылі,
Як пчаліны рой.
Маці сына туліць
Да сваіх грудзей.
«Ой, заб’е татулю
Панскі ліхадзей…
Што-ж мы, сірацінка,
Будзема рабіць?
Бедны мой хлапчынка,
Як цяпер нам жыць?
Доля нам благая
Выпала, сынок.
Нават белка тая
Мае свой куток,
Нават плоткі норкі
Маюць у вадзе.
Толькі нам так горка,
Толькі мы ў бядзе.
Хоць кідайся у студню
На чужой мяжы.
Гэтак, сынку, нудна…
Што рабіць, скажы?
Хоць аб камень біцца
Беднай галавой.
Што-ж, кажы, рабіць мне;
Ігнасёк, з табой?»
Слёзы маткі льюцца,
У вачах блішчаць.
«Дайце торбы, людцы,
Пойдзем жабраваць!»
Людзі шкадавалі,
Хто чым мог, памог —
Бедным торбы далі.
Вось пайшлі мы ўдвох…

VI

Нудныя дарогі.
Лес. Балота. Гаць.
Кандыбаюць ногі,
Вочы ўдаль глядзяць.
Вузкія палеткі
З дзікаю травой.
Смаліць сонца ўлетку,
Маразы — зімой.
Буры. Навальніцы.
Гудам бор гудзе.
Дзе-ж нам прытуліцца?
Прытуліцца дзе?
Мокрыя ў нас торбы.
Дождж імжыць, імжыць.
Спіны нізка горбім.
Хочацца нам жыць…
Чую нейкі гоман.
Бачу я садок.
Дах. На даху — комін.
З коміна — дымок.
Мо’ канец пакутам
Хоць на дзень адзін?
Рушылі на хутар
Матынька і сын.
Нас туды не звалі,
Жыў там злы кулак.
Што-ж… На нас кавалі
Страшных трох сабак.
Маці псам сказала:
«Цюценькі, за што?»
Цюцькі завілялі
Раз і два хвастом.
І не далі жару
Жабракам яны.
Горш сабак жандары,
Горш сабак паны.
Гаспадар са стрэльбай
Выскачыў і сам.
«Я не дам вам хлеба —
Лепш я кіну псам!
Грэх прасіць задарма! —
Злосна крыкнуў ён. —
Напісаў на браме
Я такі закон».
Мы аб камень ногі
Дзёрлі да крыві.
З хутара-бярлогі
Ледзь мы уцяклі.

VII

Хмары ў небе ткуцца.
Ноч, як цень, брыдзе.
Спіць сабака ў будцы,
Ластаўка ў гняздзе.
Грэемся пад плотам
З маткаю ў пяску,
І яна журботна
Песціць мне руку.
«Зараз, мой хлапчына,
Зараз будзем спаць…»
Навучае сына,
Плачучы, спяваць:
«Дайце, дайце, людзі,
Хлеба сіраце!
Грэшна, грэшна будзе,
Калі не дасце…»
«Дайце…» — засынаю.
Мне чуваць праз сон
Плач птушыны ў гаі,
Доўгі матчын стогн.
Часта ў чыстым полі
Маці кажа мне:
«Мы, сынок, на волі,
Тата-ж — у турме.
Б’юць яго ў цямніцы,
Ці хаця жыве?..»
Тата родны сніцца,
Ён мяне заве:
«Прыхадзі да таты,
Сынку, прыхадзі!
На акно, на краты,
Родны, паглядзі.
Бедны мой хлапчына,
Бедны мой сынок…
Каты разлучылі
Нас, мой Ігнасёк».
Я ва сне, як сокал,
Шпарка мчуся ўдаль.
Я лячу высока —
Хтосьці крыллі даў.
Чую спеў жалейкі
Недзе між зарніц,
Бацька — не музыка —
Путамі звініць.
Каламутны, смутны
І худы, худы.
Эх, пакуты жмуты
І кусты бяды!

VIII

Гродна хто не знае,
Гродна хто не знаў.
Там адна глухая
Высіцца сцяна.
Шмат дамоў і вуліц
Блізка навакол.
Іх за сценак муліць,
Нібы ў горле кол.
За сцяной цаглянай
Высіцца турма.
Сонца не загляне —
Лета ці зіма.
Вось дзе воля катам
Бізуном сячы.
Плач і стогн з-за кратаў
Глушаць ціш начы.
Там-жа бацька недзе
Томіцца, не спіць.
Пэўна ў ціхай крыўдзе
На сцяну глядзіць.
Трэба штосьці вязню,
Бацьку, панясці.
Мы ў балоце вязнем,
Цяжка нам брысці.
Маці моліць, просіць:
«Сынку, не марудзь!»
Пад акном галосіць —
Сцёрты грош даюць.
Грошык ты бляшаны,
Змочаны слязой,
Соллю ты на раны,
Ліхам над бядой.
Дзесяць абаранкаў,
Яблычкаў штук сем,
Нават масла шклянку
Бацьку мы нясем.
Ля турэмнай брамы
Грозны вартаўнік
На мяне, на маму,
Як узніме крык:
«Ах вы, дзве халеры!
Ах вы, трасцы дзве!»
Зубы дзіка шчэрыў
І глядзеў, як звер.
Наш пакунак вырваў
З адрантвелых рук
І без слоў завыў ён,
І шпурнуў на брук.
Матку гнаў у спіну,
Штурхануў мяне.
Шэльма — каб ён згінуў!
Каб ён скамянеў!
«Уцякайма, Гнасе!» —
Шпаркі быў наш бег…
А за намі гнаўся
Гучны рогат-смех.
Вышлі на завулак,

Селі мы пад тын.
Маці уздыхнула
І сказала: «Сын!
Богу мы не любы,
Бога не заві!..»
Пакусала губы
Моцна — да крыві…

IX

З маткаю аднойчы
Мы удвух ішлі
Ды блудзілі ўночы,
Вёскі не знайшлі.
Снежная паляна,
Снег блішчыць ў імгле.
Я на матку гляну,
Матка — на мяне.
Замяла дарогу
Лютая зіма.
Ходзім доўга-доўга —
Вёскі ўсё няма.
Снег блішчыць змурудам
Дзіўным на зямлі.
Гукі нейкім цудам
Знекуль прыплылі.
Песня хоць здалёку —
Нам тут весялей.
Недзе загалёкаў
П’яны дабрадзей.
Снежная імгліца
Водзіць карагод.
Ну і весяліцца
Ў холадзе народ!
Чуе маці глуха,
Вецер шум нагнаў.
Прастудзіла вуха
Ўвосені яна.
Хтосьці гукнуў недзе —
Рэха ў пустырах.
Мы на гукі выйдзем,
Вылезем на шлях.
Раптам сціхла песня.
Сціхла… Што за цуд?
У грудзях мне цесна.
Каб-жа зноў той гуд!
Нашы ногі млелі.
Эх… Адпачываць…
Людзі, вунь, прыселі
Ды сядзяць, маўчаць.
«Каля дуба людзі
Паляць аганькі.
Нам каб не марудзіць,
Пойдзем нацянькі!»
Маці так гаворыць,
За руку вядзе.
А снягі, як горы,
Гурбы, як нідзе.
«Бачу, — кажу, — бачу!» —
І бягом туды.
Маці рада, плача:
«Вылезлі з бяды…»
Вось ён — дуб. Блізютка.
Мы цішэй пайшлі.
Зніклі дзядзі хутка,
Мы іх не знайшлі.
Блізка, мабыць, вёска.
Зноў яны, дзядзькі,
Кураць папяроскі,
Паляць аганькі.
«Гэй, дзядзькі, здарова!» —
Я пачаў крычаць.
А дзядзькі ні слова,
А дзядзькі маўчаць.
Што тут за ігрышча?
Што тут за гульня?
«Ой, ваўкі… ваўчышчы!..
Матцы шэпчу я. —
Нам раней здалося
Песняй іх выццё…»
Вось і пачалося
Наша страхаццё.
Дзе ўзялася сіла
У руках, нагах?
Не вятры насілі,
А шалёны страх.
На дубок мы лоўка
Ўзлезлі і сядзім.
Мы сядзім высока
Ды уніз глядзім.
Тры ваўкі пад намі
Кружацца ў кругі,
Ляп і ляп клыкамі,
Блысь і блысь вачмі.
Выюць і скаголяць,
Да сябе завуць,
Нашу долю ў полі
Пільна сцерагуць.
Мы прыліплі к дубу,
Як яго сукі.
Унізе загуба —
Лютыя ваўкі.
Зоркі з неба нізка
Сыплюцца на стог,
Нібы з сіняй міскі
Залаты гарox.
Мы да дня сядзелі,
Што-ж было рабіць?
Хай усю нядзелю
Так жандар сядзіць.
Так панам жадаю
Ночкі начаваць
Ды з ваўкамі ў гаі
Шчыра размаўляць.
Люты воўк ніводны
Нас дастаць не мог.
Дуб — наш бацька родны,
Каб-жа ён не ссох!
Каб тут на вяршыні
Салавей спяваў,
Каб яго галіны
Месяц фарбаваў.
Маці абнімае
Ды цалуе дуб:
«Хай цябе мінае
Грозны лесаруб.
Я сюды памерці
Да цябе прыду.
Раскажу ад сэрца
Ўсю сваю бяду».
З дубам размаўляла,
Добры ён, сваяк,
А ў мяне ад жалю
Ў горле стаў камяк.

X

Мы аднаго разу
Тут вясной былі.
Распявалі разам
Я і салаўі.
З маткай тут сядзелі
Мы ў гарачы дзень.
Між галін звінелі
Пчолкі дзе-нідзе.
Кветкі палявыя
Навакол цвілі.
Мёдам ветрык веяў,
Пахла ад зямлі.
І трымцеў галінай
Ветрык-цымбаліст,
Браўся за лісціны,
Рухаў кожны ліст.
На самой вяршыні
Дуба я сядзеў
І на далі, шыры
Я з гары глядзеў.
Неба два прасторы
На зямлі ляжаць.
Гэта два азёры
Люстрамі блішчаць.
Між азёр прысады
У палац вядуць.
За цяністым садам
Парабкі аруць.
Воддаль пуцявінка
Змейкаю паўзе.
Хатка на скарынку
Жабракоў заве.
Там хацінак многа —
Згорбленых, старых.
Мы пайшлі дарогай
Да хацін да тых.
Жаўранкі над гаем
Ладзілі парад.
Хутка заспяваю
На жабрацкі лад:
«Дайце, дайце, людзі,
Хлеба сіраце!
Грэшна, грэшна будзе,
Калі не дасце!»
Раскруціся, торба,
Ды разяў свой рот.
Лепш, я лепш памёр-бы
Без клапот, турбот.
Цяжка мне пад вокны
Плакаць і стагнаць.
Сорам абібокам
Ласкі злой чакаць.
Хлеба дасць заўсёды
Самы бедны мне,
А багаты зроду
Не дае — кляне.
Мы прасілі працы,
Працы не даюць.
Ні мяне, ні маці
Ў хату не бяруць.
Кажуць — мы, бадзякі,
Абкрадзем, заб’ем.
Вось мы, небаракі,
«Лазара» пяем.
Лезуць голкай думы
З сэрцайка майго:
Хто яго прыдумаў —
Лазара таго?
Брат адзін багаты,
А другі — жабрак.
Першы мае хату,
А другі — жарствяк.
Першы мае шоўкі,
А другі — гніццё.
Першы — жвавы, лоўкі,
А другі — цялё.
Першы мае хлеба
Белы каравай,
А другі — на небе
Выдуманы рай.
Рай малюе фарбай
Ксёндз — «святы пастух».
Маляра загнаў-бы
Ў воблачны катух.
Хай ён там з амбона
Ў божу дудку дзьме.
Хай бубніць варонам
Мудрасці свае.
Хай есць клёцкі ў раі,
Колькі хоча сам.
Хай там байкі бае
Ўсім святым гусям.
Думка лезе з сэрца,
Круціцца, бы ўюн.
Стогну ля акенца,
«Лазара» пяю.

XI

Гнемся пры народзе,
Гнемся — жабракі.
Хто тут шум заводзіць?
Што за шум такі?
О, якое гора,
Гора — злы груган.
Едзе без шафёра
Заліхвацкі пан.
Гэты пан ніколі
Не дае гудкоў.
Рэжа ён уволю
Дзетак і бацькоў.
Хтосьці лыпіць вочы:
«Ой, аўтамабіль!»
Я мільгом адскочыў,
Матку ён забіў.
Я з гарачкі кінуў
Камень уздагон.
Панская машына
Разгарнула гон,
Ветрам паляцела,
Ветру не лаві.
Матчынае цела,
Торбы — у крыві.
Распасцёрла маці
Рукі на пяску,
Нібы просіць: «Дайце
Хлеба мне, сынку!»
Прыняслі насілкі.
Двое паняслі
Матку на магілкі,
Каб аддаць зямлі.
Пад лазой гарбатай
Корч стаіць, як стол.
Два паліцыянты
Пішуць пратакол.
А пад небам сінім
З баравой каймой
Птушкі галасілі
Шчыра нада мной:
«Будзь, Ігнаська, жаўрам
І ляці ўгару.
Над матуляй жвава
Спявай на зару.
Разлівайся рэчкай,
Між лугоў плыві.
У кусты-парэчкі
Матульку заві.

Над яе магілай
У траве, красе
Расцвітай калінай
У светлай расе».
Сонца на лапатах —
Зайчык залаты.
«Што стаіш, кудлаты?
Пакапай і ты!»
Мне гаворыць гэтак
Дзед адзін стары.
«Божа, такіх дзетак
Да сябе бяры!»
Я акамянелы
Слухаю, маўчу,
Матылёчак белы
Пыліць у ваччу.
Выкапалі яму
Строгія дзяды.
Захацелі маму
Апусціць туды.
Сонца лезе ў гліну,
Лезе на адкос.
З дранкі дамавіну
Чалавек прынёс.
Са страхі каравай
Дранку дзёр, садраў.
«Гэй ты, кучаравы! —
Ён мяне пазваў. —
Плач-жа над труною!
Плач, кажу табе!» —
Песціць ён рукою
Валасы мае.
«Крыўды вельмі многа
Ў торбачцы тваёй.
Плач-жа, плач, убогі,
Над сваёй бядой!»
Хтосьці ссек бярозу
Ды на сакавік.
Паліліся слёзы —
Хто ім знойдзе лік?
Жаўранкі ў бязмежжы
Сінім паплылі.
Плакаў я над свежым
Бугарком зямлі.
Выплакаў я гора,
Стала мне лягчэй.
Потым хтось гаворыць:
«Пойдзем, дабрадзей!»

XII

Што гэта за скрынка?
Што тут за купец?
Гэта катарынка
І яе ігрэц.
Постаць маладая,
Сіва барада.
Ці не сустракае
Новая бяда?
Голас добры, важны.
Нейкі слаўны дзед.
Я хлапчук адважны —
Я за ім услед.
Ён пайшоў у поле,
Я не адставаў.
Дай мне хлеба ўволю,
Салам частаваў.
І ласкава ўнукам
Ён мяне заве.
Голад, холад, мукі
Кончаны мае.
З катарынкай ходзім
Граем і пяем.
Па мястэчках бродзім,
Абаранкі ем.
Майстрам стаў вялікім
Туркаць языком,
Пугачом кутыкаць,
Скавытаць ваўком,
Як цялушка, мэкаць,
Салаўём свістаць,
Пеўнем кукарэкаць,
«Казачка» скакаць.
Стужкі цягну з рота,
Іскрамі плюю.
Танцаваць па дроту
Над людзьмі люблю.
На піле, бутэльцы
Я магу іграць,
Шляхцюка, ангельца,
Чорта прадстаўляць.
Твар свой мажу сажай —
Вельмі танны грым.
Скокну ўверх на сажань
І кульгом з гары.
Грае катарынка,
Гаспадар пяе.
Грошыкі на рынку
Людзі сыплюць мне.
Фокусы ліхія
Я раблю тады.
Вокал — маладыя,
Дзеці і дзяды.
Дзівіцца дзяўчына,
Хваліць парабчук:
«Ну і малайчына,
Чорт, а не хлапчук!»
Гаспадар тым часам
Водзіць барадой.
Да вазоў ён ласы —

Тыц у воз рукой.
Лезе па кішэнях,
Лезе і да рук.
Ах, які машэннік,
Ах, які зладзюк!
Не хачу ў такога
Я далей служыць.
Не хачу я, ўбогі,
З крадзенага жыць.
Ён ужо занадта
Ў парабкаў крадзе.
Злодзей ён пракляты.
Зловяць — прападзе.
Я пайду дарогай
З торбачкай адзін.
Ходзіць шмат убогіх
Гэткіх сірацін.

XIII

Грэла поле ўлета
Цёплымі грудзьмі.
Часта вёў сакрэты
Гаспадар з людзьмі.
Пад трыма дубамі,
Дзе багна і гаць,
Шэпт вядзе з дзядзькамі,
Вочы ў іх гараць.
Зараніц карункі
Паляцца ўгарэ.
Нейкія пакункі
Гаспадар бярэ.
У дупло кідае
(Дуб адзін з дуплом).
Шчыльна затыкае
Ён дупло імхом.
Крадзеныя рэчы,
Пэўна, там ляжаць.
Торбачку на плечы
І шугаць, шугаць!
Гаспадар мой чутка
Пад карчом драмаў.
Я устаў ціхутка,
Торбачку падняў.
Добры, як ніводны,
Катарыншчык мой,
Але злодзей, шкодны…
Вось бяда з бядой!
Ад яго ніколі
Крыўды я не меў.
Я пайшоў паволі,
Сэрцам анямеў.
Ціханька іду я
Ценем па карчах.
Птушка не пачуе
У густых кустах.
«Дай мне, бор, захову!» —
Літасці прашу.
Раптам чую словы,
Страх бярэ душу:
«Гыш, якім нягодным
Стаў хлапчук Ігнась!
У якія воды
Ты плывеш, Карась?»
Вабіць словам чулым
Гэты сівы чмут.
За язык цягнуў ён.
Я сказаў: «Я тут!»
Вось ён — дзед. Падскочыў:
«Што з табой, сынок?»
Выціраю вочы.
«Ой, дзядок, дзядок… —
Гавару і плачу: —
Пэўна зазлуеш?
Я не мала бачыў —
У чужых крадзеш…
Добры да мяне ты,
Кепскі да людзей.
Красці… Знаеш, гэта
Робіць ліхадзей.
Дзякуй за прытулак,
Дзякуй за хлеб-соль.
Сёння, мой дзядуля,
Мне пайсці дазволь!
Гэта-ж недарэчна
Людзей забаўляць.
Ці мне трэба вечна
Салаўём спяваць?
Я хачу наняцца
Ў вёсцы ў пастушкі,
Зараблю я працай
Хлеб такі-сякі».
Гладзіць дзед сівую
Бараду сваю.
Дзедаў голас чую:
«Я такіх люблю!»
Хмеляць кветкі, краскі,
Пахнуць уначы.
«Слухай, — кажа, — Гнаська,
Слухай і маўчы.
Я не злодзей, сынку,
Я такі, як ты.
Не ўкраду скарынкі
Ў нашай беднаты.
Гэта пан багаты
Злодзей з роду-ў-род.
Фабрыкант заўзяты
Грабіць наш народ.
Злодзеі такія
Ёсць сярод сялян.
Вось наймаюць тыя
Бедных на абман.
Да такога хочаш
Ты служыць пайсці?
Тваё ліха ўтройчы
Пусціцца расці.
Лезу я ў кішэні,
Толькі не краду.
Я са сваёй жмені
Нешта ім кладу.
Раздаваць таемна
Шчасце я люблю.
Гэта мне прыемна —
Вось і раздаю!»
Ззяюць дзеда вочы,
Нібы зоркі дзве.
Штосьці я балбочу,
Шум у галаве.
Дзед сарваў сівую
Бараду, парык.
«Ты не дзед! — крычу я. —
Злы ты чараўнік!»
У адну хвіліну
Стаў ён маладым.
Туман па даліне
Коціцца, як дым.
Лыпіць катарыншчык
Вочы на мяне.
Дзіўнае ігрышча,
Казка ды ва сне.
Малады, смяецца,
Гэта сон? Не сон?
«Ты дрыжыш, здаецца? —
Ціха кажа ён. —
Толькі не пужайся!
Не пужайся, брат!
Зразумець старайся —
Дзіваў будзе шмат.
Добра помні — здрады,
Фальшы не люблю!
Раздаю тут праўду,
Праўду раздаю!»

XIV

«Вось яна, хлапчынка,
Праўда наша — тут!»
Цягне з катарынкі
Ён паперак жмут.
Гэтыя лістоўкі
Людзям раздае.
Ён гаворыць толкам
І тлумачыць мне.
Трэба выйсці ў поле
На благіх паноў,
І зазвоніць воля
Батраку ў акно.
Будуць на заводзе
Хутка баставаць,
Кроў працоўных годзе
Багачам смактаць.
Пра ксяндзоў-шпіёнаў
У лістоўках тых,
Пра іх забабоны
І пра катаў злых.
Ад лістовак сэрца
Аж гарыць агнём,
Аж зямля трасецца,
Ходзіць хадыром.
Смачны цвет каліны,
Хоць кладзі між губ.
Тонкаю галінай
Трэцца дуб аб дуб.
А туман бялюткі
Льецца малаком.
Пробую ціхутка,
Ліжу языком.
Бараду прыклеіў,
Зноў парык надзеў.
Я гляджу і млею —
Зноў ён сівы дзед.
Пачынае ў гаі
Новы, ціхі сказ.
Ён апавядае
Доўгі, доўгі час.

XV

Быў і ён гарэзай
Ў юныя гады.
На руках парэзы —
Кайданоў сляды.
Нюхаў ачумелы,
Злы турэмны пах.
Тры гады звінелі
Путы на руках.
Бізуны свісталі
Над яго спіной.
Білі, аблівалі
Ільдзяной вадой.
Білі за спяванне —
Ён любіў спяваць,
Уначы, уранне
Песні выдумляць.
Песні аб нядолі,
Песні аб панах
Звалі люд у поле,
Наганялі страх —
Страх на пана злога,
Страх на панянят.
Вось пайшла трывога,
Зубы шчэрыў кат.
Вязень на цагліне
Напісаў цвіком:
«Гэй, не гніце спіны,
Хоць і пад замком!
Беднякі паўсталі,
На паноў пайшлі.
Сталін, родны Сталін,
Нам байцоў прышлі!»
Паплыла з-за кратаў
Песня ў сіню даль,
Расплылася ў хаты —
Ў кожную амаль.
Клікала з пакуты
На сход, на курган,
А на песню путаў
Не надзене пан.
Песня ўвысь звінела,
Аж да самых зор,
Дзень і ноч шумела
На ўвесь панскі бор.
Залунала птахам
Да людзей на сход.
Задрыжэў ад страху
Ўвесь магнацкі род.
Вязня катавалі,
Каб ён не спяваў,
Каб ён песень слаўных
Больш не выдумляў.
Вось аднаго разу
Ў глухамань начы
Ўдалося вязню
З допыту ўцячы.
Смела, нечакана
Ў ноч пайшоў, удаль.
Зняў з яго кайданы
Прыяцель-каваль.
Ён кайданы ў горан
Гнеўна палажыў,
Каб для панскіх горлаў
Выкаваць нажы.
Ад ліхой пагоні
Ратавацца як?
І бяглец па гонях
Рушыў у хмызняк.
Воблакі, як горы,
Зараніц агні.
Сам каваль у горад
З’ездзіў на кані.
Ён купіў у Гродне
Скрынку для ігры,
Парыкі, бароды,
Вопратку і грым.
Сябру дарагога
Апрануў як след —
Вышаў на дарогу
Катарыншчык-дзед.

XVI

Вязень у каморы
З бацькам жыў маім,
Пра бяду і гора
Вёў гамонку з ім.
Ён на лёс на горкі
Выліваў свой гнеў.
Пачынаў гаворкі
Часта пра мяне.
Білі без прычыны,
Доўгі час хварэў.
Бацька, як лучына,
У турме згарэў.
Брынкнулі пагрозна
Путы на руках,
І застылі слёзы
Ў стомленых вачах,
Жудасна і глуха
Сціх кайданаў звон.
Ён стагнаў без руху,
І… апошні стогн.
Павалок служака
Труп праз карыдор.
Я пад дубам плакаў:
Татка мой памёр…
«Годзе! — Катарыншчык
За руку вядзе. —
Годзе! Гора знішчым
У агні й вадзе!
Пойдзем, знойдзем лекі
Ад тваёй журбы».
На мае кудзеркі
Ветрык дзьме слабы.
Зорка — нібы вока,
Месяц — як пажар.
Мы ідзем далёка
Ў векавы гушчар.

XVII

Чорны корч мядзведзем
Мне здаецца там.
Вецер шэпча недзе
Свой сакрэт кустам.
Доўга ходзім, бродзім,
Папараць шуршыць.
Хтосьці спеў заводзіць,
То дзяркач крычыць.
Білі слізкім крыллем
Кажаны у твар.
Ваўчаняты вылі,
Шапацеў гушчар.
Цёмна і вільготна
Між густых кустоў.
Мы прайшлі балотам
Можа крокаў сто.
Аб траву-драцянку
Рукі я калю.
Яма ці зямлянка —
Бачу ўпершыню.
Мы палезлі ў яму,
Цёмна ў глыбіні.
Сыплюцца над намі
Камячкі зямлі.
Вось мы ў падзямеллі.
Бор над галавой.
Пахне мятай, зеллем.
«Тут, сынок, пастой», —
Кажа катарыншчык
Ды запалку трэ.
Глуха, ціха свішча,
Свечку ён бярэ
Аганёк пячэцца
Вострым язычком.
Скрыначку, здаецца,
Бачу пад імхом.
Чараўнік мой ручкай
Тонкаю вядзе,
Скрыначка-бліскучка
Голас падае.
Голас ледзь прыглушана
Кажа раз і два:
«Слушайте! Слушайте!
Говорит Москва!»
Музыка якая!
Песні доўгі час.
Хтосьці ўспамінае
Сваіх кроўных — нас.

Вось на мове роднай
Чую песні я.
Там усе народы,
Як адна сям’я.
Вось на розных мовах,
Чую, там пяюць.
Мне ў душу два словы —
Сонцы два плывуць.
Словы: «Ленін, Сталін»
Часта ў нас чуваць.
З любасцю іх сталі
Беднякі казаць.
Доўга пад зямлёю
Слухаю Маскву.
Лезуць думкі роем,
Кружаць галаву.
Раптам перапынак.
Нейкія гудкі.
Потым біў гадзіннік —
Гучны бой такі!
Ён падрад дванаццаць
Роўна адзвінеў.
Сорамна прызнацца,
Млеў я і гарэў.
Потым агнякрылы
Пролетарскі гімн.
Я імчаўся ў вырай,
Я ляцеў на ім.
Адбівала сэрца
Гімна стройны такт.
Шапку зняў, паверце,
І стаяў вось так.
Быў я найшчаслівы
Хлопчык на зямлі.
Думкаю імклівай
Жыў тады ў Крэмлі.

XVIII

Мы да пнёў прыпалі,
Начавалі ўдвох.
Птушкі ў лесе спалі,
Я заснуць не мог.
Блізка да кургана
Туманы плылі.
Мы ўзняліся рана,
На сяло пайшлі.
Там з дупла лістоўкі —
Тонкія лісткі —
Сеяў, веяў лоўка
Я ва ўсе куткі.
Па маёнтках нават
Соваў юнакам.
Дараваў іх жвава
І старым дзядам.
Быў настаўнік стойкі
Катарыншчык мой,
І былі лістоўкі
Чытанкай маёй.
Непісьменным часта
Я лісткі чытаў.
А шпікам вушастым
Танцаваў, свістаў.
Ратавалі танцы,
Свісты нас не раз.
Ходзім — галадранцы —
Не чапаюць нас.
Лёгка ў катарынцы
Мы лісткі нясем.
Беднякам гасцінцы
Спрытна раздаем.

XIX

Ах вы, птушаняты
Белыя, бы снег!
Вас прасілі ў хаты
Людзі на начлег.
Нібы рой пчалінак,
Лёталі ў прастор —
У сяло, на рынак,
На батрацкі двор!
Лёгка ў сэрца лезлі,
Нібы іскры ў стог.
Малатком жалезным
Грукалі ў парог.
З рання і да рання
Вы будзілі люд.
Звалі на паўстанне
З-пад ярэмных пут.
Вы, мае лістоўкі,
Шчырыя сябры,
Здзекам у маёнтках
Лік вялі ў бары.
У агні купалі
Шляхцюкоў, паноў,
Аздаблялі балі
Музыкай агнёў.
Песцілі нянавісць
К беламу арлу.
Сум глушыла радасць
І святло-імглу.
Выраслі на славу
Праўды каласы,
Торгалі ў Варшаве
Пана за вусы.

XX

Ходзіць, бродзіць восень,
Свішча над ракой.
Панскі бровар — вось ён
На гары крутой!
Комін лезе ў неба,
Высіцца да хмар.
Над вільготнай глебай
Лісцяны пажар.
Лісце мігаціцца,
Коўдрай сцеле гаць.
Гэй, Кастрычнік мчыцца,
Трэба святкаваць!
Плача і рагоча
Бура на гумне.
Вось ідзе рабочы
Спешна да мяне.
Ён мне у дуброве
Штосьці даў тады.
Я напагатове,
Слухаю ўсягды!
Слепа плыве ночка
Цёмнаю ракой.
Зрэбная сарочка
Простая на ёй.
Комін высачэзны.
Нізкі шэраг стрэх.
Лазіў я гарэзны
Аж на самы верх.
Надыходзіў золак,
Я пайшоў адтуль.
Я пабрыў да ёлак
На адну вярсту.
Мой высокі комін,
Дзе маячыш, дзе?
Бачу сцяг чырвоны
Ў небе заірдзеў.
Палыхае, ззяе —
Проста любата!
Птушкай пазіраю
Пільна з-за куста.
Каля рэчкі слізка,
Слізка ля ракіт.
Падыходжу блізка,
Цягне, як магніт.
Пан бубніць вусаты,
Тоўсты барабан.
Помні наша свята!
Помні, люты пан!
А людзей бясконца,
Многа, ажно страх!
І глядзяць на сонца —
На чырвоны сцяг.
Пан дурны ў трывозе,
Звер-паліцыянт
Гоніць па дарозе
Ўсіх людзей да хат.
Ах, гадзюка злая,
На агні згары!
Пан у сцяг страляе
Раз і два і тры.
Ён раве мядзведзем:
«Я сто злотых дам!
Хто наверх палезе?» —
Смех вакол і гам.
«Хто тут зніме чырвань?
Дам я сотні тры!» —
Лыпае вачыма
Злосны пан стары.
І ніхто не лезе —
Комін ледзь стаіць.
Пан скаголіць «Езу,
Што-ж тут мне рабіць?»

XXI

Яшчэ год сваволля,
Лютых панскіх кпін.
Люд цярпеў на полі
Год яшчэ адзін.
Сплыў ён неўзаметкі,
Як пясок з гары.
Начавалі ўлетку
Мы ў густым бары.
Слухаў адгалоскі
Я ўначы з Масквы.
Днём насіў я ў вёскі
Голас баравы.
Чарадзейка-скрынка —
Радыё маё!
Чаравала скрыпкай
Ты маё жыццё.
Грэла вечным сонцам
Ноччу, як і днём.
Бы на самалёце,
Мчаўся над Крэмлём.
Бачыў вежы, зоркі,
Зіхацеў рубін.
Сталіна гаворку
Чуў жабрацкі сын.
Катарыншчык любы,
Добры, залаты,
Ратаваў ад згубы,
Шчасце даў мне ты!
А вайна тым часам
Кралася, як звер.
Раптам пачалася,
Помню як цяпер.
Гаварыў калісьці
Мне нябожчык-дзед,
Што вайна — ігрышча
Ашалелых бед,
Што з вайною мудра
Трэба ваяваць,
Каб вайну, як Юду,
Як змяю, — знішчаць.
Каб яе ніколі
Не было нідзе —
Ці то ў чыстым полі,
Ці то на вадзе.
Вось крывавай павай
Надышла вайна.
Стала, села, пала
На народ яна.
І пайшла разлука
Сем’і разлучаць,
І пайшлі мазурку
Страхі танцаваць.
Неба аж трасецца
Ад ліхіх грымот.
Што рабіць? Дзе дзецца?
Згіне ўвесь народ.
Плач матуль і дзетак,
Стогн дзядоў, бабуль —
Аж пачулі гэта
Нашыя адтуль.
Ногі скачуць. Рады я.
Светла мне ў ваччу.
Я ў бары па радыё
Молатава чуў.
Сэрца ў завірусе
Я ў цудоўным сне.
Плачу і смяюся.
Дайце крыллі мне!
Крыллі, крыллі дайце!
Вестачку нясу.
Я бягу па гаці
І тапчу расу.

XXII

«Стой, Ігнаська, сынку!
Я пайду з табой!» —
Кінуў катарынку
Катарыншчык мой.
Ён сарваў сівую
Бараду, парык.
Мы з дарогі чуем
Галас, шум і крык.
Я стаю ля гая
На жвіры-пяску,
А мяне трымае
Сябра за руку.
«Ты не гарачыся,
Мілы Ігнасёк!
Без пары паймчышся —
Трапіць куля ў бок!»
Мы бяжым па росах —
Шчасця пасланцы —
Вестачку разносім
На усе канцы.
Мы гаворым люду:
«Годзе нам пакут!
Нашы зараз будуць!
Нашы ужо тут!
З-за слупоў, з-за межаў
Сыпнулі ў паход.
Будуць, як належыць,
Ратаваць народ!
Дваццаць год пракляцця
Выціснем з грудзей.
Смела сустракайце
Дарагіх гасцей!»
Вестка пайшла хутка,
Рушыла за мост.
Адгалоскі-чуткі
Йшлі на многа вёрст.
Турмы расчынялі,
Выхадзілі ў свет,
Сцяг чырвоны ўзнялі,
Сталіна партрэт.
Афіцэры — бачым —
Далі лататы.
Жвава, зграбна скачуць
Зайцамі ў кусты.
Вось павісла шабля
На круку-суку,
Пісталецік зграбны
Топіцца ў пяску.
А жаўнераў роты
Унь ідуць дамоў.
Біцца ёсць ахвота
Ды супроць паноў.
«На канфедэратку! —
Кажа з іх адзін. —
Дай мне шапку-латку,
Дай мне шапку-блін».
«Во, цягні патроны!
Карабін бяры!
Воўк стары ў пагонах
Тоіцца ў бары.
Маю ў Мінску брата.
Брат мой большэвік.
А завуць Ігнатам,
Прозвішча — Кулік.
Там мой брат прафесар,
А я тут — пастух».
Чуваць стрэлы ў лесе,
Часта — бух і бух.
Смачна пахнуць хвоі,
Хвоі у смале.
Забіраю зброю —
Прыгадзіцца мне.

XXIII

Ты, пясок дарожны,
Дымам задымі!
Едзе пан трывожны,
Едзе пан благі.
Ён! — Той самы! Злосны,
Тоўсты, нібы пень!
Ён лічыў пракосы
Ў парабка за дзень.
Ён! — Што без шафёра
Гнаў машыну ўдаль.
Ён на касагорах
Трупы пакідаў.
Помніш маю матку?
Помніш яе смерць?
Пачакай, мой гладкі!
Пачакай, шальмец!
З карабіна бухнуў.
Вышаў добры толк:
Раніў пана ў вуха,
Еш баравічок!
Едзе на машыне —
Уцякае гад.
Лопнулі ўсе шыны.
Гэй, пастой! Назад!
Ты дазволь нам, пане,
Ягад назбіраць,
На тваёй паляне
Крапівы нажаць;
Крапівой пагонім
Мы цябе на мост
Ды адтуль — на гоні,
З гоней — на пагост.

XXIV

Ў чорным капялюшы
Едзе чорны ксёндз.
Як-жа твае вушы?
Пахвалёны бондзь!
Нашы порткі нюхаў,
Скаргі падаваў,
Вухам шпіка слухаў,
Вуснамі ілгаў.
Многія ў цямніцы
З-за цябе гніюць.
Сеяў хітры гіцаль
Гразь і каламуць.
Ты палохаў тату
Горш, чым той жандар.
Ты на нашы хаты
Сыпаў многа кар.
Шпіку ды ў сутане
Годзе спавядаць.
Суд доўгачаканы,
Суд ідзе — устаць!
Ты пайдзі да бога,
Падавай данос:
Воз імчыць дарогай —
Большэвіцкі воз.
Бачыш? — Многа танкаў
Глушаць, як віхор.
Дзіўныя альтанкі
Рэжуць касагор.
Адгуляўся, Каін?
Прэч ад нашых хат!
Бачыш? — Сустракае
Ў полі брата брат.
Бачыш ты чырвоных
Нашых малайцоў?
К чорту забабоны
Ўсіх «святых айцоў»!
Ксёндз! Твая работа
Дымам паплыла.
Нашая пяхота
Ўжо да нас прышла.
Бач — на шапках зоркі,
Радасць у вачах.

Нашыя вінтоўкі!
Наш Чырвоны сцяг!
Нават малалеткі
Да байцоў ідуць —
Палявыя кветкі,
Яблыкі нясуць.
Во стаіць, мілуе
Дзіцянё баец.
Дзіцянё цалуе —
Паглядзі, айцец!
Унь, да той матулі
Сын адтуль прышоў.
Дваццаць год мінула —
Матку ён знайшоў.
Унь пяе, смяецца
З радасці народ.
Дачакала сэрца
Ледзь за дваццаць год.
Мацай, ксёндз, калёсы —
Во спыніўся танк.
Ты панюхай носам,
Паспрабуй на смак.
З нашых строіў кпіны,
Паднімаў на смех,
Што калёсы з гліны,
Што з фанеры верх.

XXV

Ля дарогі ў гаі
Прытаіўся звер.
Ён адтуль страляе —
Польскі афіцэр.
Калі ёсць ахвота —
Маеш! Во! Глытай!
Нашы самалёты
Голяць панскі гай.
Змоўклі афіцэры.
Там ужо курган.
Кепскія паперы.
О, пшэпрашам, пан!
Зыбіць зыбкі вецер,
Трэпле хвалі ён.
Цягне вецер з веццяў
Ціхі гул і звон.
Ночка сініць хвалі,
Многа сіні ў ix.
Ноч хавае далі
Ад вачэй людскіх.
Добры вечар, Нёман!
Нёман мой не спіць.
Дай вады ў шаломы,
Дай вады папіць!
Нёман хвалі гоніць,
Хвалі ўдаль плывуць.
І шапочуць клёны,
І вятры гудуць.
Трэба пераправу
Па вадзе зрабіць,
Каб на бераг правы
Ўсіх перавазіць.
Кулі свішчуць, граюць
Ды лятуць сюды.
Куля не трапляе
Ў нашыя рады.
«То на нас з касцёла
Цэліцца святы.
Ну й хлапчук вясёлы!
Ну й адважны ты!» —
І яшчэ гаворыць
Слаўны камандзір:
«У вадзе наробяць
Чэрці многа дзір!
Мы-б іх адным махам,
Але там народ.
Будзе многа страху,
Будзе многа шкод».
Хвалі гралі, млелі,
Мылі берагі.
Хвалі шапацелі:
«Толькі без крыві!»
Не фарбуем рэчкі
Мы крывёй людской,
А фарбуем вечнай
Алаю зарой.
Родны сіні Нёман,
Ты не адзінок.
Павязі наш човен
Аж на другі бок!
Вось байцы і зброя —
Радасна так мне.
Сталінскіх герояў
Возім на чаўне.
Мы перавазілі
Нашых на той бок.
Ворагаў пабілі,
Далі ім урок.
У мяне тры раны —
Вось! і тут, і там!
Я каб знішчыць пана,
Галаву аддам!
Перцу пану далі.
Радасць, смех, ура!
Ноч ляцела ўдалі,
Узышла зара.
Кончана нядоля.
Шчасце нас заве.
Мы святкуем волю.
Сталін хай жыве!

XXVI

Доўга я на танку
Ездзіў па пясках.
Я не сніў і змалку
Аб такіх баях.
Вось і шапка з зоркай,
Боты i шынель.
Я страляю лоўка,
Пападаю ў цэль.
Слаўным дэпутатам
Добры сябра мой.
А матуля… тата…
Эх! Жылі-б са мной…
Спяць яны ў зямліцы.
Многа ёсць такіх.
Шапкі вы зніміце,
Дайце ўспомнім іх!
Быў хлапцом вясковым,
Жабраком амаль, —
Стаў бадай вайсковым,
Далі вось медаль.
Добра, як ніколі!
Слаўна навакол!
Я хаджу у школу —
Многа маем школ.
Родам я з-пад Гродна,
Прозвішча Карась.
Чатырнаццаць год мне
І завуць Ігнась.

Кіславодск — Мінск.
1940.

цана 2 р. 50 к.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.