Хоць даўно ўжо я выбраўся з вёскі…

Хоць даўно ўжо я выбраўся з вёскі
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Прафесіянальны рух Беларусі. — 1925. — №12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *
Хоць даўно ўжо я выбраўся з вёскі,
Роднай песні ж яшчэ не забыў;
Песні поля курчавых палосак…
Мне ўспаміну аб іх не пазбыць.

Хоць сягоння я ў Менску мурую
Сцены новых будынкаў жыцця,
Але песнямі часта жартую
І не бачу, што дні ўдаль ляцяць…

Ды не сціхнуць машынамі шастаць…
Груды новага ймчыць кожны год…
То дарма, што мне толькі семнаццаць,
Але з днямі і я — ў карагод.

А і праўда… ў гранітным прасторы
Падружыў я з чумазай братвой.
Нездарма ж ў гулкавулічны горад
Мяне лёс ў дзень ліпнёвы прывёў…