Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/А. Пшчолка/Каніцель

А. Пшчолка Каніцель
Апавяданьне
Аўтар: Аляксандр Пшчолка
1922 год
„У ціятры“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каніцель (Пшчолка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАНІЦЕЛЬ.

Я, панічок, ужо 25 гадкоў, суджуся-важдаюся, шукаю праўды па сьвеце… Божа мой! Здароўе маё прапала, ножкі мае ня ходзяць, трэці год, як асьлепла… па старцах стыдаюся хадзіць… Вот віджу сьцежачку троху-троху, віджу, што чалавек ідзець, а які чалавек — не пазнаю… За што суджуся? — За зямельку, мой дарагі панічок!

Во й табе мой сказ аб маім судзе. Жыў мой нябожчык-дзед[1] на надзелку, і вот заманіў яго Панас, мой сбратдзетны браценьнік, у валаскую[2] і на сябе зямлю запісаў… Перапісаў, значыцца… на Панаса: што вот ты ўвавекі, Панас, ня зямлі сядзі… А браценьнік мой, Панас, саўсім з другой валаской, — з Замоськай… І засталася я, з двумя сынамі і трымя дачкамі, без зямелькі. Плачу. Адна ў хатцы, як мой дзед памёр. І гадаваліся мае сынкі без зямлі… і вырасьлі патрошку… і пачалі мы за зямельку цягацца, і вот цягаемся па сьвеце… У Панаса ёсь дастаткі: дзьве кароўкі, авечкі, тое-сёе, а мы — галякі, нам некуды кінуцца, з пустымі рукамі плоха[3] судзіцца… Ну, прыдзем у валаскую, паплачам, пакланяемся… Ды што плачам возьмеш?! І судзьдзі, і пісар і ўва ўніманьне не бяруць: ідзі, баба, дамоў, табе няма зямлі. Так жалабы гадоў 7—8 пісалі, а воласьць іх касавала…

Напыталіся мы з сынам, з Міколай, што ў уезьдзе ёсь расправа і на пісара і на судзьдзяў… Сабралі мы, панічок, тры рублі, паплакалі, памаліліся Богу, і пашлі чалавека шукаць, штоб працёр нам вочкі, як праўды ў уезьдзе пашукаць. Напісаў Янкель прашэньне, і мы пашлі патроху ў уезд. Падалі. Уезд узяў на разьбіраціе. А тут наехаў новы пісар — чорны. А ў таго пісара знакомы сіклітар. Панас і завёў з ім знакомства і пачаў цягаць масла, яец, парасят. А мой Мікалай хацеў падыйці, ды не адважыўся. Мы людзі бедныя: сабралі трошку гасьцінца, ды не дабіліся і не адважыліся. Куды-ж! За багатымі і не дастукацца! Во і пацягнулася наша дзела. Мы ў уезд, а сіклітару пісар чырк: так і так, бабіна дзела спушчай! Сіклітар і пішаць у валаскую: бабінай зямлі нет! Мы і плачам. А Панас ужо гадуець падсьвінка і нясець пісару. — Схадзі ты, Міколка, — кажу я сынку: — можа падступішся… Палажу я ў карзінку дзесятак яечак… — Падыйдзі хоць к пісарысе. Пойдзець Мікола, аддасьць дзянёк і не пасьмеець падыйці. Пакуль-ні-пакуль увідзіць пісарыху і аддасьць карзіначку. А пісарыха… Я скажу пану… Ня бось, скажу…

А дзела цягніся-вядзіся, і ўсё ў Панасаву руку. Пойдзем мы ізноў к Янкелю: так і так, кажам, пішы яшчэ ў уезд. Напішаць — пададзім. А пісар чорны: чырк сіклітару, а сіклітар чырк у валаскую: бабінай зямлі нет, баба з зямлі далоў. Божа мой, Божа! Так і цягаліся гадоў дзесяць. Жмець пісар у Панасаву руку, а мы і жывём без зямлі…

І расказалі добрыя людзі, што ў губэрні праўды даб’ёмся. І напісалі прашэньне. Праўда, губэрня ня больш за году думала і чыркнула ў уезд: паламайце Панасавы правы — Панасу зямлі нет, Панас з другой валаской. Аб’явілі нам тую бумагу. Слава Божаньку! думаем: усё пярэйдзець дзела к нам! — Аж пісар з Панасам талкуй-талкуй і скруцілі мазгамі так: што, значыцца, бабы Сімохі Кандратавай у равізіі нет, і губэрня, значыцца, памылілася, і сьвіснулі тую бумагу ў уезд, а ўезд у губэрню, губэрня ізноў пішаць: бабінай зямлі нет! Заплакалі мы з Міколай… Што тут рабіць? І во тады, панічок, узялі 12 кофій[4] з валаской і ўзноў жарылі ў губэрню. А губэрня ізноў ў уезд, а ўезд на разабраціе у валаскі суд. Тады ўзяў мой Мікола ўсе тыя 12 кофій і падыйшоў к члену: так і так, вашародзіе, зьдзелайце Боскую міласьць, вазьміце кофіі на разабраціе! Праўда, член узяў. Ждалі мы, ждалі, — ня чуць нічога. Пашоў Мікола ў уезд. А там і член. Так і так, кажаць, вашародзіе, нашчот зямлі. — Разьбяру, кажаць, напішуць, кажаць, з валаской… Табе надзеляць ад усяе дзярэўні па кусочку, а ў Панаса зямлі нельга атабраць.

Во тады, панічок, мы і прыгавар сталі прасіць саставіць. Бійся-бійся, угаварылі дзеравенцаў, штоб, значыцца, на мяне і на Міколу перавесьці. І дзеравенцы сагласіліся. Панасава дзела прапала. А Панас цяперака круціць, муціць. І хочаць як-ніяк мой прыгавар скасаваць і нас без зямлі заставіць… А мы важдаемся ўжо 25-ы гадок.

Ножкі я згубіла, вочкі я згубіла, састарылася зусім, ні есьцькі, ні піцькі не магу, а зямелькі ўсё няма… Таму з галітой трудна дастукацца!!



  1. Так называюць старыя жанчыны сваіх мужоў.
  2. Воласьць.
  3. Цяжка, трудна.
  4. Копій.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.