Калі ахвота пачата, Што-ж стаіце, як цялята? Далей, хлопцы, маладзіцы! Пачніце ад „мецяліцы“. З комэдыі-опэры „Сялянка“.
Шум, крык, гоман у карчме,
Кіпіць сельская дружына,
Піва, мёд, гарэлку п’е,
Ажно курыцца чупрына. Гаспадары за сталом Громка гутарку вядуць; А ляндарка з ляндаром[1] Мёд, гарэлку раздаюць. Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
Ля парога гаманяць,
А старыя чараўніцы
Цішком ля пячы сідзяць. Ананьня на йскрыпцы йграець „Лявоніху“, то „бычка“; Гапон жару паддаваець: „Заграй, крычыць, „казачка“!“
Аж юкнула Кацярынка,
Так задаў ей кулаком:
„Хадзі, мая ты малінка!“ —
Ды й затупаў хадаром. „Ананія, рэж вясёлы!“ — Крычыць громка наш Гапон, Ды й, сабраўшы ў сьвітцы полы, Мэрам хохлік![2] мэрам ён!
То ў прысядкі выкідаець,
Ажно стогнець пад ім пол,
То галубца падбіваець,
Ажно трасецца хахол. „Ах! ух! давай жару, „Давай болі[3], давай пару!“ — Крычыць Гапон ды й гуляець, Пад скрыпачку падпяваець:
„Эй чух, Кацярынка!
„Чабоцікі красны;
„Каму блішчаць, каго любяць
„Твае вочкі ясны?
„Эй чух, Кацярынка!
„Твае кудры ўюцца,
„Скачаць, пляшаць мая міла,
„Аж шчочкі трасуцца“. Трэйчы Гапон прамахнуў, Бражджаць ножны з вагнівом, Стаў на месьце — падпрыгнуў, Ды й затупаў хадыром.
Кацярынка-ж успляснула,
На міленькага зіркнула,
Хваць! спаднічку распусьціла,
Трэйчы запяткам падбіла. Дробны ножкі выкідаець, Чаравічкі скрыпяць, А із вочак аж сіяець, Быццам іскры ляцяць. Русы коскі падлятаюць,
Касьнікі, як жар, гараць;
А вось вышай як зайграюць,
Так і возьме прыпяваць: „Мілы Хартон, мілы Саўка, „Ды мілейшы-ж мой Гапон: „Хахол ясны, паяс красны, „А галасок, кабы[4] звон! „Не хачу Саўкі, Хартона, „Мне жыцьця з імі ня быць, „Валей маяго Гапона, З ім ня буду я тужыць“.
Пяець, пляшаць, падбіваець,
Ўсяк вокам за ей брадзець,
Як ластаўка, падплываець,
Ажно хочацца глядзець. Ананія-ж — воўча юха То ўжо нечага маніць! Ярка рэжа із-за вуха, Аж скрыпка яго зьвініць. „Мяцеліцу“ прабірае, Ёмка, громка, ладны час! Дробна смыкам падсякае, Зьвініць рымка, гудзіць бас.
Локаць упёршы у бруха,
Ля кабылкі нос дзяржаў,
Далей сьціхнуў — ды й з-за вуха
На „лявоніху“ падняў. Схваціў Гапон Кацярынку, Сьмела к сэрцу прыцягнуў, Абняўшы рукой за сьпінку, „Лявоніху“ успрыгнуў.
Угрунь за ім маладзіцы,
Дзеўкі, хлопцы, хто як змог,
Дрыжаць чупрыны, спадніцы;
Суматоха — што крый Бог!
Ад пылу аж пацямнела,
Хохат, лопат, шум ды крык,
Як у гаршку закіпела,
Як на быдла напаў зык.
Той ў прысядкі, той выкідкі,
Чупрыны, як шчэць дрыжаць,
Тая бокам, тая скокам;
Ды й так возьмуць прыпяваць: „Ах, калі-ж я у матулькі была, „Як вішанька у садочку цьвіла, „Папалася злому духу, мужыку, „Ён высушыў, як ліпінку у духу. „Наехала повен двор татароў, „Ды узялі-ж майго мужа у палон, „Ня жаль-жаж мне, што яго узялі, „Толькі шкода, што ня крэпка зьвязалі: „Ён, паганец, уцячэць, уцячэць, Мне галоўку натаўчэць, натаўчэць. „Трэба-ж будзе сьцерагчыся, уцякаць, „З вераб’ямі пад страхою начаваць".
Далей крыкнула Тацяна,
Абняўшы за шыю Яна: „Пашоў Янка у грыбы, „Тацяна ў апенкі, „Спаткаліся, абняліся, „Як дзеткі маленькі“.
А за ею Халімон,
Гудзіць, як царкеўны звон: „Ой Божа мой, Божа! „Нашто я радзіўся? „Састарэўся, як сабака, „Дасюль не жаніўся".
Перастаў. — Гапка спляснула
Ды й тоненька зацягнула: „На вуліцы курта брэша, „А да мяне мілы чэша, „А ці чэша, ці ня чэша, „Ды ня дарам курта, брэша!“
Вот так пляшуць, прыпяваюць,
Хохат, лопат, крык і зык,
Аж пад строп пыл падмятаюць,
А як рэзаў — рэжа смык! Аж тут, скрып!.. дзверы суздром Расчыніліся… трывога! Бо з войтам сам аканом Як тут — знайшліся ў парога.
Уся ахвота прыўстала,
На ўсіх страхатня напала:
Ананія-ж — як уцяў!
Пахінуўся напярод,
Па ўсіх струнах запішчаў, —
Так кончыўся карагод. І Гапону не да танца, Як аконама, паганца, Ён угледзіў, так прыстаў, На ўсё горла закрычаў: „Ой будзе-ж нам цёпленька, браткі!
„Хто малады, уцякай з хаткі!
„Ня дарам сталі шаптаць,
„Што некрутаў будуць браць.
„Пабірай іх ліхі бес!
„Хто дуж, уцякайма ў лес!“ Тут настала суматоха, Усяк бяжыць, маўляў з агня, Адзін дзьверы выпірае, Другі цісьнецца пад стол, Той цераз вакно сягае; А Гапон хваціў за кол, Ды й спіной стаўшы у куце, Як мятлой, усіх мяце.
Вот калі пакурцяў[5] туча,
Гурмам[6] мядзьвядзя асадзіць;
А ён са злосьці мармуча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне́, той брэша,
Так Гапон наш колам чэша. Ён вярцеўся, кабы ўюн, Сюды і туды кідаўся, Не жалеў, біў, хто папаўся, Але і коман цікун! Глядзь, усякія плахціны, То кажухі, то пярыны, На Гапона стаў кідаць. Ня дзіва-ж было паймаць. Яго, беднага, зьвязалі Ды й у калодкі скавалі; Годзе вадзіць карагод! Кацярынка-ж пабляднела, Заплакала, абамлела, Прышоў на іх чорны год.
Песьня другая.
Над сіратою Бог з калітою. З комэдыі-опэры „Сялянка“.
У вялікім у сяле,
Над дняпроўскай стараною,
На прыгарку у вугле,
Між лесам ды між ракою, Там стаялі дзьве хаціны:
Усьціньні, друга — Грыпіны.
Першай мужык быў Мірон;
Нівесь за якія грэхі
Не дажыў з сына пацехі,
А той сын быў наш Гапон. Ён, няма чаго казаць! Горды, сьмелы, зух дзяціна! За сваіх умеў стаяць, А прыгожы, як маліна. Ды і пісьменны-ж быў ён: На яго са ўсіх старон Дзеўкі сумаўчком зіркалі, На ігрышчах прысядалі; А Гапон ані глядзіць, Ён пры суджанай дзяўчыне, Наймілейшай Кацярыне, Як прысядзе — дык сядзіць. У ўдавы-жа Агрыпіны, Апроч дачкі Кацярыны, Болей ня было сваіх; Яна з Усьціньняй, кумою, Жыла, як рука з рукою, Адна нума была ў іх: Каб сваіх дзетак сасватаць, Каб худобку ім прыпратаць,[7] Каб, як сядуць на сваім, Яны весела зажылі, Без патрэбы ня тужылі, Ня рупелі ні аб чым.
У Грыпіны-ж Кацярына,
Крый Божа! бяды ня знала,
Як у садочку маліна,
Расла, цьвіла, дасьпявала;
На шчочках кроў з малаком!
А вочкі блішчаць агнём,
І семнаццаць ужо лет,
Як прыйшла яна на сьвет. Ну-ж з сабой кумы сайдуцца, Тут зараз гадкі пачнуцца: „Пара, баш[8], дзяцей жаніць; „Яно усякі адклад „Ня вельмі ідзе у лад; „Пойдам[9] пані чолам біць: „А там дзейся Божа воля, „Як прыбяром усё з поля, „Дзетак к вянцу павядзём“. Гэтак стары гаманілі, І напеўне[10] улажылі, Ды памяшаў аканом.
Ён — баш ты, сабачы сыну!
Упадабаў Кацярыну,
Ды й ну-ж к беднай падсядаць,
То ластаўкай падплывае,
Красны слоўцы выпускае,
Каб як-небудзь яе ўняць. А Кацярынка — нябога: „Бойся, кажа, паніч, Бога! „Гэта-ж грэх така напасьць; „Як пажалюся Гапону, „Ён пеўне такога гону „Панічу цішком задасьць, „Што зубоў не пазьбіраеш, „І ахвоту пацяраеш „Чужых нявестак глуміць“. Коман Гапона зьлякаўся[11] На час адстаў, ды закляўся Маладых ён пагубіць.
Вот ночка яшчэ цямненька,
Дожджык, як з сітца, прышыць,
А войт даўным-даўнюсенька
Загад пад вакном крычыць:
Хто пойдзе дровы рубаць,
Хто крупы таўчы і драць,
А хто з цэпам малаціць,
Каму брагу калаціць. А вось і аконам сам Прыбег к карчме на кані[12], „Слухай, крычыць, слухай, хам! „У карк шэльмаў тых гані! „Бо як толькі апазьняцца, „То скажы тым гультаём, „Што й з здароўем ня відацца, „Так задам ім нагаём“.
А ўжо нечага маніць:
Доўга будзеш памятаць,
Калі возьмець драць і біць,
То і з зямлі ня устаць. А вось бліснулі агні, Войт стадолу адчыніў, І аконам на кані У стадоле — як тут быў:
„Гэй, дабрыдзень, аляндару!
„Што тут новага чуваць?“
— „Уф! Вяльмозны камісару!“
Ды й так яму стаў брахаць:
„Ясны пане, сто-з тут цуць,
„Цы я магу усё знаць,
„Ат!.. ведама — людзі п'юць,
„Каб толькі на доўг даваць.
„Ну!.. як пан мне прыказаў,
„Каб я таго ня цыніў,
„То напавер і ня даў,
„Хоць Гапонцык і прасіў
„Маей Сейны, сто Бог крый!
„А як я не дапусьціў,
„То ён ухваціўсы кій,
„Вельмі брыдка сярдзіт быў.
„Ну!.. Пан ясвы, звазай сам,
„Калі хоцаць хто у сваты,
„Цы то дзела будзець нам,
„Цы мы таму вінаваты? — „Як то ў сваты! то Гапон „Ужо задумаў жаніцца?“ — Крыкнуў з сэрцам аканом І вось як пачаў браніцца:[13] „Ах ты юха! ах ты пес! „Ты латруга! знаю я, „Куды цябе хіне бес; „Ды пастой, душа мая!.. „Ты тут, войт?“ — Войт пакланіўся, Ды за вухам пачасаў: „Ды тут, пане!“ — абвясьціўся. Ось аконам закрычаў…
— „Бяжы, гыцлю, мне сійчас!
„І Гапончыку скажы,
„Каб явіўся сюды ўраз;
„Спраўна-ж, гыцлю!.. ну!.. бяжы!.. „А ты, пане аляндару! „Паднясі-жа мне гарэлкі“. „Гід! гід![14] ясны камісару!“ — Ды й пачаставаў з тарэлкі Поўнай шклянкай; — аканом Выпіў з шклянкі, закусіў, Аж тут з войтам і Гапон Цераз парог праступіў; У пояс ён пакланіўся, „Нех бэндзе!“[15] — громка сказаў, Крыху ўперад падступіўся, І, што вяляць, — дажыдаў.
Рыжы вусы аканома
Шчэцьцю уверх паднялісь;
Зіркнуў скоса на Гапона,
Вочы кроўю залілісь,
Губы страшна пакрывіў,
Кнут у жмені аж трашчыць;
Як к Гапону падступіў,
Так і ўзяў яго сушыць. — „Як ты сьмееш, воўча юха! „Без двара у сваты слаць?“ І бразнула аплявуха, Што Гапон ледзь мог устаць.
„Ось — я табе, ўражы сыну!
„Як адвешу сотні дзьве,
„То забудзеш Кацярыну
„Ды забудзеш — і сам гдзе“. Гапон на бок пашатнуўся,[16] Твар далоняю закрыў, Наакола абглянуўся, Ды за таўкач ухваціў.
— „Каб я Бога не баяўся,
„Паказаў-бы я табе!
„Чаго ты тут прыскяпаўся?
„Думаеш, баюсь цябе!
„Пані за то не сярдзіцца,
„Хоць шлюць сваты без двара,
„І пазваляе жаніцца,
„Як каму на то пара.
А ты! маўляў ваўкалака,
„Зьдзекуешся тут над намі;
„Сьцеражыся-ж ты, сабака!
„Помні, што і мы з зубамі“. Коман, як ту рэч сумеў, Да стадолы пабяжаў, Гапон кончыць не пасьпеў, Так з карчмы ён цягу. даў, Крый Госпад! як ён зьлякаўся,
Ледзь да хаты змог прыбыць,
Ды на ўсіх сьвятых закляўся
Гапона на век згубіць. Вечарком раз ў двор ідзе, Яснай пані б'е чалом, Быццам верны аканом, Ён такі ляпорт[17] вядзе:
„Кепска, пані, ў нас чуваць,
„Уся воласьць у трывозе,
„Не адзін будзе ў астрозе;
„Хлопцы сталі бунтаваць“. „Хрысьце Пане найласкаўшы! — Крыкнула пані прыўстаўшы; „А то чыста кара неба! „Бедны люд ратоваць[18] трэба.
Коман затылак[19] пачэша
Ды й так далей пані брэша:
„Гапона трэба уняць…
„Нівесь, як ён там пранюхаў,
„Ці ў дварэ можа падслухаў,
„Што некрутаў будуць браць.
„Ён усіх хлапцоў сазваў
„Ды й так вось ім расказаў:
„Бяду, браткі, мы наждалі,
„Некрутаў здаваць казалі;
„Чаго тут добрага ждаць,
„Трэба у лес уцякаць.
„А не — усе сабяромся,
„Хто з колам, хто з абухом,
„І за нішто не дадзёмся,
„Хоць там трэсьні аканом“.
„Гэтакі, баш, мой савет,[20]
„Іной, пані, рады нет,
„Трэба Гапона паймаць
„Ды й — першага яго здаць.
„Тагды усе пабаяцца,
„Перастануць бунтавацца“. Пані рукі заламала, Са страху на ўсё прыстала. Так Гапон наш кончыў танец, Ён надзеў казённы ранец І пашоў цару служыць. Кацярынка-ж усьцяж плача, А коман пры беднай скача, Вот налёг яе згубіць: Прыказаў зазваць у двор Ды й у прачкарню упёр; Баш! узяла погань моч: То прыкінецца к ей лісам,
То са злосьці страшным бісам,[21]
Каб як-небудзь яе змоч.[22]
А Кацярынка галосіць,
І, падняўшы к небу рукі,
Яна Бога ўсьцяж просіць,
Каб акончыў цяжкі мукі. Так раз яна у садочку, Ды й у цёмным у куточку, Горкі сьлёзкі вылівала, Сваю долю праклінала. Бог пажалеў сіраціну, — Трэба-ж у тую гадзіну Пані па саду гуляць І бедненькую спаткаць.
— „Што ты, сэрца, цяжка стогнеш,
„Аб чым горкі сьлёзкі роніш,
„Хто пакрыўдзіў, скажы мне?“
Кацярынка-ж бяз трывогі
Яснай пані пуц! у ногі,
Ды й так расказ свой іме: „Пані наша найясьнейша! „Маці наша наймілейша! „Вот крыўда мая така!“ Ну-ж тут праўду ей казаці, Аканома цукраваці, Не жалела-ж языка.
У пані вушы павялі,
Аж валасы дыбам сталі,
Як пачула той расказ:
І успляснула рукамі,
І залілася сьлязамі,
Ды й такі дала прыказ. “Штобы пана аканома “Ні нагі тут кала дома “За гадзіну ня было“. Вот ён, далоў нос спусьціўшы Ды як воўк вушы стуліўшы, Пакінуў двор і сяло. З той-жа пары Кацярына,
Як пакаёва дзяўчына,
Пры пані стала служыць;
Пані яе палюбіла,
Чытаць, пісаць навучыла,
На ксёнжцы[23] Бога хваліць.
Песьня трэцьцяя.
Хто пад кім яму капае,
Часта сам туды ўпадае. З комэдыі-опэры „Сялянка“.
Ня так скора час праходзіць,
Як казка рэчы выводзіць;
Вот пяты гадок настаў,
Гапон на вайне як служыць,
Кацярынка па ім тужыць;
А аконам цягу даў. У горадзе Магілеве, Пры шырокім пры Дняпрэ, Гудзіць, кабы шэршні ў дрэве, Кіпіць, якбы у катле.
Там вуліцаю пан гоніць,
Каляска стралой ляціць,
Пад каньмі аж зямля стонець,
„Ахварысь, падзі!“ — крычыць. Тут сустрэнеш каламажку, Вот конікі! глядзь! кругом Гладкі — ляцяць у размашку; Гэта пеўне аканом.
Далі хтось там на драбіне,
Конік, быццам рак, паўзе,
Згадаеш па кіслай міне,
Што пасэсара вязе. А там хвурманак багата, Маўляў грыбоў у бару; Глядзіш! то нашага брата Вязуць на службу цару.
Кабы галодны сабакі,
Так жыдоўскі лапсардакі
Лезуць к табе саранчой;
Пападзіся-ж ім у когці,
Наўрад патрапіш іх змогці,
Вытрабушаць кішэнь твой Вот у каменны палаты Сходзяцца паны багаты, Золата на іх кіпіць; Мужычкоў туды-ж прыводзяць, І аднадворцы прыходзяць, Там на службу маюць брыць.
На сярэдзіне сьвятліцы
Стаіць стол, накрыт сукном,
Пры ім, з крыжам у пятліцы,
Падпёршыся кулаком,
Ясны маршалак сядзіць;
Ён, маўляў рабін у школе,
Ці як хвурман у стадоле,
Важна так на ўсіх глядзіць. Направа пан вельмі срогі, Вусы, як у быка рогі, Вот так старчмою стаяць; Валасы яго сівенькі, Мундзір на ім галубенькі, На грудзёх крыжы блішчаць.
А за ім якісь пузаты,
Быццам мядзьведзь, так касматы,
Гэта дохтар мае быць;
Рукі за сабой трымае,
Пальцамі перабірае,
Ды часта ў карман[24] глядзіць. З левай стараны маршалка, Тоненькі, просты, як палка, На розум, відна, хіцёр! Ён з падлоб'я паглядаець, У руцэ пяро трымаець, Гэта, кажуць, пракурор.
На канцы якісь вайсковы,
Смуклы[25], відны і здаровы,
Прыгожанькі кавалер!
Часта ён на стойку вокам
Меціць ў раздум'і глыбокім;
То прыёмны ахвіцэр. Вот з крэсла маршал схваціўся, Усім ў пояс пакланіўся, Табакеркай заскрыпеў; Далі крыкнуў да дазорцы: „Няхай пачнуць аднадворцы!“ — Ды й зноў на места прысеў. Тут ля бакавой раздаўся
Святліцы жалобны стон,
І найпершы паказаўся
Наш знаёмы акамон. Як прышла шляхце трывога, Каб бумагі ўсяк складаў, Коман,з дапушчэньня Бога, У аднадворцы папаў, І вот, маўляў, ня урокам Кажучы, пагана чэсьць! Трэба-ж, быццам-бы нарокам, На вочарадзь яму ўлезьць.
Як вала вядуць на бойку,
Так акамона пад стойку,
Ён-жа не пацягне й ног;
Ды скорчыўся у клубочак,
З дохтара ня зводзіць вочак,
А так стогне, што крый Бог! Дохтар важна прыступае, І некрута аглядае, Зубы, ногі, бакі, стан; Патуль каля яго тупаў, Пакуль кругом не ашчупаў, Вот, маўляў, каня цыган.
Відна, з сабой яны зналісь,
Пярвей, відна, паўстрачалісь:
Дохтар, баш, ганьбу нашоў.
Кажа, ў службу не гадзіцца,
Яму трэба палячыцца,
Ды і меры не дашоў. А некрут: „Мае паночкі, „Вы, ясныя сакалочкі! „Гдзе тут хвораму служыць. „Вот так коле мне у грудзі, „Што сухоты, кажуць людзі, „І ў баку вельмі баліць“.
Кабы варам абліў плечы,
Як пачуў гэтакі рэчы
Наш малады ахвіцэр,
Ён з места свайго самкнуўся,
Пры некруце апынуўся,
Глядзіць, быццам ліхі зьвер.
Пад стойкай яго прастуе,
Струной цягне ды й мацуе;
А ў бараду кулаком
Як парадкам яму суне,
Глядзі! вот саўсім ачуне
Наш няшчасны аканом. „Нашто людзей, кажа, зводзіць? „Ён меру навет праходзіць, „Я бяру на свой адвет: „Яка тут к чорту хвароба? „Здаць! — а посьле будзе проба, „Возьмем яго ў лазарэт“.
Дохтар кішэню пачухаў,
Маршал табакі панюхаў,
Некрут жаласна запеў;
Сударга на акамона
Напала: пазнаў Гапона
Ды й са страху абамлеў.
Песьня чацьвёртая.
Ехала Агатка да вянца, Сыпала золата з рукаўца; Хто гэта золата пабярэць. Той мяне на вянец павядзець, З вясельнай песьні беларускага люду.
„Начніце варгі[26] нашы хваліць Панну Сьвенту![27]
Начніце апавядаць чэсьць Ей непаенту“[28]. Гэтак тонкім галасочкам, У дварэ раз вечарочкам Кацярынка прыпявае: Яна у добрай ахвоце Хваліць Бога пры рабоце, А пані ей памагае.
Цяпер нашу Кацярыну,
Тую сельскую дзяўчыну,
Хто-б сустрэнуў — не спазнаў;
Панску гаворку сумела[29]
І сукеначку надзела,
Быццам паненка — маўляў! А хоць яна пакідала Яркі касьнікі, гарсэт, Ды ў душы не перастала Уздыхаць да прошлых лет.
Вот часта яна у сьвяткі
Пабяжыць да сваей маткі,
Да сэрца яе прыляжа,
Роніць слёзкі ды й так кажа: „Родная ты мая маці! „Пажалей свайго дзіцяці, „Сьлёзкі яго, асушы. „Гдзе-ж Гапонька наш дзяецца? „Як беднаму там вядзецца? „Цяжанька-ж мне на душы. „Яшчэ-ж каб Усьціньня жыла, „Яна-б з намі патужыла, „Утраім было-б лягчэй; „Ато цёмная магіла „Яе, родную, пакрыла, — „Не змагла тугі сваей“.
Вот так, баш, як мы казалі,
Яна з паняй вечарком
Сьвяты песьні запявалі,
Аж лякай убег прытнём
Ды й кажа: „Пані вяльможна!
„Заехаў у двор цяпер
„Якісь важны ахвіцэр,
„І пытаецца, ці можна
„З яснай паняй павідацца,
„З сваей чэсьцю паказацца?“
А пані кажа — прасіць!
Ды й чапец свой падцягнула,
На Кацярынку зіркнула,
Ці няма ў чым пахуліць. Тут у дзьвярэй паявіўся, Сюды, туды пакланіўся Прыгожанькі ахвіцэр; Красны, відны і здаровы, З ясным вокам, чарнабровы, Золатам блішчыць мундзер.
Як глянула Кацярынка,
Здрогнула, маўляў асінка,
Сьлёзкі брызнулі з вачэй;
Ручкі на грудзёх злажыла;
Быццам другі раз ажыла:
Гапон нашоўся пры ей. Ён гэтак, баш, як стаяў, Угрунь кінуўся у ногі Яснай пані, і пачаў Свае рэчы бяз трывогі:
„Спазнай, панюхна, Гапона,
„Што ласкаю акамона
„Цару ён пашоў служыць;
„Ён на вайне заслужыўся,
„І ахвіцэрства дажыўся,
Цяпер-жа мае прасіць, „Каб ты, пані, кабы маці,
„Маўляў сваяму дзіцяці,
„Долю шчасну даравала;
„І, калі згодна ядына,
„Наймілейша Кацярына,
„Зручыць нас не адмаўляла“. Кацярынка-ж як стаяла, Тут-жа к нагам ёй прыпала, А так міленька глядзіць! Што паня і расплылася, Крэпка з ею абнялася Ды й ну-ж ім благаславіць.
Хоць Гапон чыноў дажыўся,
Ды ведаў, з каго радзіўся,
Не хацеў прынараўляць
Паном, — а простым звычаем,
Ён мужыцкім абычаем
Здумаў вясельле сыграць. Вот у ўдавы Агрыпіны Гаспадароў повен двор, А наперадзе дружыны Стаіць важна сват Хвядор; У руках з гарэлкай пляха, А чарка тоўста, як вол, Міргнуў! — і Маланьня-сваха Абрусом накрыла стол. Ён пляшку з чаркай паставіў, Розны закускі дабавіў Ды й з галавы шапку зьняў; Агрыпіне пакланіўся, Водкі да яе напіўся І такі рэчы пачаў:
„Нех бэндзе Езус Хрыстус пахвалёны!
„Для спасеньня грэшных з Марыі зрадзоны.
„Ня прышлі мы чарадой ад сябе,
„А прыслаў нас Гапон да цябе.
„Ёсьць у цябе Кацярынка-дочка,
„Яна ў маці, як правае вочка;
„Ды й Гапон наш малады,
„Ён Цару верна служыў,
„Хват дзяціна — хоць куды!
„Б’ём мы ўсе чалом вашэці!
„Зазаві яе із клеці,
„Няхай з намі пагуляе
„Ды й гарэлкі папытае“. Тут дзяўчаты, маладзіцы Кацярынку із сьвятліцы Чэсна пад-ручкі вядуць, І такі песьні пяюць: „Ото-ж табе, Хвёдарка, „Увядзёнка Кацярынка, „Калі яе любіш, дай пірог, „Калі ня любіш, то вон за парог! „Не хваліся, што ў нас быў, „Што нашай Кацярынкі ня зьлюбіў“.
Хвёдар маладу ўстрачае,
Поўнай чаркай прапівае,
Пірог, сыр кладзе на стол;
Гарэлка ў міску ліецца,
Рублявік на дне бадзецца,
Разгуляўся сват вясёл. А дзеўкі водку забралі, Закускі, пірог і сыр, У істопку пабяжалі, Галосячы на ўвесь мір; Уздаволь там пілі, елі, І гэтакі песьні пелі:
„Мовіла бочачка, у піўніцы стоячы:
„Калі мяне ня вып’еце,
„Сама выкачуся,
„Па дварэ разальлюся
„Ракой ды крыніцай,
„Сьцюдзёнай вадзіцай.
„Мовіла Кацярынка, у маці седзячы:
„Калі мяне ня выдасі,
„То я сама пайду,
„Па дварэ памаленьку пабраду,
„За вароты угрунь пабягу“. Тут яны у позну ночку, Аж да яснага сьвяточку Пілі, елі ды й гулялі, Запоіны праваджалі.
А ў суботу вечарком,
За Грыпініным сталом,
Сядзела така дружына:
На пачэсным на куце,
Важна гаворку вядзе
Перша сваха Акуліна. Дружкі ўправа, возьле сваці, Дзьве прыгожы маладзіцы, То Гапоніны сястрыцы, Хоць не аднэй яны маці. Ўлева намесьнік сядзіць,
Жадна[30] на пляшку глядзіць.
Далі сустрэнеш Гапона
Дружкоў, Янку ды Мірона,
На канцы-ж хросны Даніла,
То маладога вазіла. А сват Хведар; то і дзела! Гарэлкі ўсцяж падлівае, Новы закускі стаўляе, Пірагі, сыр, што прысьпела.
Тут чатыры маладзіцы,
Цягнуць дзяжу із сьвятліцы,
На крыжу яе стаўляюць,
Бел каравай расчыняюць;
Сваха муку ім прыносіць
Ды й благаславеньня просіць:
„Ёсьць тут Бог, ды й матка,
„Радзоныя і суседзі блізкія,
„І дальныя мужы сустрэчныя,
„Бабкі запечныя,
„Дзеткі заплечныя,
„Благаславіце краснай паньне каравай учыніць“. Каравайкі-ж пры рабоце Пяюць ў добрай ахвоце:
„Благаславіце, людзі!
„Блізкія суседзі,
„Гэтаму дзіцяці
„Каравай замясіць,
„Ручкамі бяленькімі,
„Персьцянямі залаценькімі,
„Песьнямі весяленькімі.
— „Ты ступ, Божа, з неба,
„Як нам цяпер трэба,
„Памагаў расчыніць,
„Памагай замясіць.
„Ня стой, Божа, за дзьвярмі,
„Ды йдзі, Божа, ў хату,
„Ды сядзь, Божа, на куце,
„Ды дай долю маладзе!“
— „Я у хату не пайду,
„Я за дзьвярмі пастаю,
„Маладзе долю перашлю.“
— „Зьбірайся, родзе!
„Ды к беленькаму караваю,
„Старыя бабы ля парадку, „Маладыя маладзіцы песьні пець,
„Удалыя малайцы каравай печ“. Ды каб усё расказаці, Які парадак у хаце, Як змовіны адбылі, Ды й каравай адпяклі, Як хлопцы, дзеўкі скакалі „Лявоніху“, то „бычка“, „Мяцеліцу“, „казачка“, Як маладую саджалі На пасад — казка така, Што ня стала-б языка.
Вот прышла нядзелька красна,
Засьвяціла зара ясна,
Гапон наш мундзір надзеў;
Шчыра уздыхнуў да Бога,
Сеў на каня варанога
Ды й к маладой паляцеў. А дружбы, Янка з Міронам, Віхрам садзяць за Гапонам: Сьледам хлопцаў грамада Ляціць, песьні запяваець, Вецер сьвіткі разьвяваець, Ну! прыгожа чарада!
На канцы вазком Даніла
Гудзіць, колькі зможа сіла:
Канём музыку вязе;
Ананія-ж прыпяваець,
Ёмка смыкам падсякаець,
Не заўважыў, што трасе. Як заехала дружына, З хаты вышла Агрыпіна, Надзеўшы кажух наўзнак; Чарку Гапону падносіць, У святліцу зайці просіць, І рэчы выводзіць так: „Зяценька! „П’ю на цябе поўным кубкам, „Добрым здароўем, „Што мысьлю сабе, „То і табе“.
Гапон чарку бярэ ў рукі,
Двойчы выліў за сябе,
А трэці раз для вырукі
Белы рублявік кладзе.
Грыпіна чарку прымае,
У сьвятліцу запрашае. Дзеўкі-ж карагодам ходзяць,
Жалобны песьні заводзяць: „Хто у полі паціхоньку гукаець? „Там Кацярынка свайго таткі шукаець, „Хоць шукаець, ня шукаець — ня знайдзець… „Ой далёка ёй татачка, далёка! „Ў сырой зямлі, ў жоўтым пяску глыбока. „Ды зрабілі добры людзі вечны дом, „Без дзьвярэй, без аконачка, бяз сонца, „Не прамоўлю, дзіцятка, ні слоўца".
Тут настала частаваньне
Ды й падаркаў раздаваньне, —
Сотню паясоў, маўляў!
Свата ручніком зьвязалі,
Баклагу у рукі клалі,
Каб гарэлкі больш дастаў. Лубку з жытам падстаўляюць, Маладу на ёй саджаюць, Як каралеўну на ўрад; Яна-жа усцяж галосіць, Кругом паклоны разносіць Ды й зноў сядзе на пасад. Дзеўкі-ж, хлопцы, п’юць, гуляюць, Пад скрыпачку падпяваюць:
„Скочыла Кацярынка з лаўкі далоўкі,
„Скланілася мамачцы нізка у ножкі,
„Норкамі зямлю парыла,
„Сьлёзкамі ножкі памыла.
„Карыся, Кацярынка, старому,
„Кланяйся і маладому,
„З паклонаў галоўка не баліць,
„Стары і малы благаславіць“. Як баш, нявесту прыбралі, Да двара так паскакалі Яснай пані чолам біць, На вясельле папрасіць. А пані — ня пані, маці! Маўляў роднаму дзіцяці, Прыгожы пасаг дала, Радасну сьлёзку ўраніла, Маладым благаславіла, Сама к вянцу павяла.
Ксёндз маладых спатыкае,
На ўсё жыцьце іх злучае;
А як скончыўся абрад,
Скрыпіцелі загудзелі,
Дружкі вясёла запелі,
Ды й вярнуліся назад. Паню на кут запрасілі, Пры ей ксяндза пасадзілі, Сват парадкам пачаў чэсьць: Піва, мёд ракой ліліся, Каўбасы з салам нашліся, Ўздаволь было піць і есьць.
Дзеўкі, хлопцы, маладзіцы,
Цэлу ночку па сьвятліцы,
Бадзяліся, хто як змог:
Як у гаршку там кіпела,
Ад пылу аж пацямнела,
Суматоха, — што крый Бог! Я на тым вясельлі быў, Піва, мёд, гарэлку піў, У роце здаволь было, Аж па барадзе цякло.