Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/В. Каратынскі/З «Гутаркі старога дзеда»

Ў альбом А. Дарэўскаму-Вярызе З „Гутаркі старога дзеда“
Гутарка
Аўтар: Вінцэсь Каратынскі
1922 год
А. Дарэўскі-Вярыга
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гутарка старога дзеда.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З „ГУТАРКІ СТАРОГА ДЗЕДА“.

(1861 г.).

Эй скажэце, добры людзі,
Што ужо на сьвеце будзе,
Ці то так судзіў Бог з намі
Гінуць век пад маскалямі?

Як пачалі ваяваці,
Магазыны сталі браці:
У абоз вязьці ўсё збожжа,
А народ — хоць гінь, нябожа.

І аддаўшы ўсё із хаты,
Сталі браці у салдаты,
Кідай жонку, дзеткі ў дому,
Едзь ў калодцы да прыёму.

Там лоб голяць і муштруюць,
Б’юць, і ломяць, і катуюць,
Глодзяць[1], глумяць, як скаціну
На зарэз, бяз дай прычыну.

А як войска непатрэба,
Дык салдат шукай сам хлеба!
Шле дамоў, хаця ня знае,
Ці каторы дом свой мае.

Толькі кажуць: не хавайся,
Зараз на прыказ стаўляйся,
Нясьці боты, стрычцца, брыцца,
Хоць ня маеш чым пражыцца.

Людзі лепш даўней тут жылі,
І другіх дабра вучылі,
А чужы, чаго ня знае,
То й на ліха навучае.

Дзе жандар званкамі зьвягне,
То усіх ў вастрогі цягне,
Ці убогі, ці багаты —
Ад работы цягнуць з хаты.

Ўсе чыноўнікі збыткуюць,
Абдзіраюць і катуюць,
Глумяць, крыўдзяць, разьбіваюць,
Жаліцца не пазваляюць.

Але-ж, братке, ня тужэце,
Лепш у Бога папрасеце
Міласэрдзьдзя, каб Ён скора
Перамёніў наша гора!

Бо пара ўжо наступае,
Што свабода заглядае,
А як гэта тое будзе —
За вум бярыцеся, людзі.

Памятайце тую пору,
Як прыдзе да прыгавору,
Каб часамі ня змыліцца,
На век векаў ня згубіцца.

А гарэлку кіньце піці,
Каб розуму ня здурыці:
Як трэ слова вам сказаці, —
Долю добру выбіраці!

Бо хоць яны круцяць, муцяць,
Народ просты баламуцяць:
Што маскаль мае даць волю,
Палягчыці нашу долю.

Ой, ня верце таму, людзі,
Бо ніц[2] з гэтага ня будзе —
Каб ён так хацеў зрабіці,
То даўно-б мусіла быці…


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
  1. Мораць голадам.
  2. Нічога.