Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/М. Косіч/З расказу «На перасяленьне!»

М. Косіч З расказу „На перасяленьне!“
Апавяданьне
Аўтар: Марыя Косіч
1922 год
З байкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: На перасяленьне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З РАСКАЗУ „НА ПЕРАСЯЛЕНЬНЕ!“

(1903 г.).

Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сібіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.

Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсьць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія.

Лецечкам сьвятым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца[1] і брусьніца, касьцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсьць там! Чорна ягада смародыня — і тая расьце па лугам. А што па вясьне[2], як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша[3] па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе[4], ня знайдзеш нійдзе у цэлай акрузе.

У нас крэпка[5] душна улетку ня бывае. Я што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе — люба! Пасканьні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песьню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на „паньскае“, нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць!



  1. Пазёмкі.
  2. Аб вясьне, вясною.
  3. Какалуша — калакалуша — чаромха.
  4. Назоў сяла.
  5. Надта.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.