„Дзякуй Богу, што прыждалі,
Што піць водку перасталі,
Прысягнулі, закляліся,
На век з водкай рассталіся.
Дай нам, Божа, век дажыці,
Па гарэлцы ня тужыці.
Няхай толькі Бог нам годзіць,
Пашню ў полі добра родзіць.
Каб голаду не цярпелі,
Дабра, хлеба ў волю мелі;
Без гарэлкі жывуць людзі,
І з нас кожны перабудзе.
Няхай яна на квас скісьне,
Па ёй ніхто з нас ня пісьне…
Да п’яніцы зойдзеш ў хату, —
Ўсяка ступень мае страту,
Хата падпёрта, крывая,
Ў дождж, як сіта, працякае.
Плачуць голыя, бяз хлеба, дзеці,
Аж цяжка на іх глядзеці.
Ні ў чым нямаш там парадку,
Бо сын лае сваю матку,
Гоніць з хаты бацьку, дзеці —
Нямашака дзе падзеці…
Бо гарэлка падгравае,
І на штукі паджыгае.
А праспаўшысь нездаровы,
Сам сябе караць гатовы;
Ён сам добра тое знае,
Што за свой грош ліха мае.
Хоць і каецца, шкадуе, —
Як уп’ецца, ўзноў ня чуе…
Іншы п’яніца гаворыць:
Чалавека грошы мораць,
Хто ўсё грошы сабірае,
Толькі душу пагубляе.
Ён за грошы цап! рукамі,
А чорт яго цап! з грашамі.
Ухопіць і не пакіне,
Навек душа ў пекле згіне.
А я, чым душу губіць,
Лепей буду водку піць.
∗І як-жа нашаму брату ня піць:
Як чорны вол, нядзелю працуе,
Што і плеч сваіх ня чуе;
Прыдзе сьвята — трэба сапачыць
Ды й душу сваю ажывіць.
Ну й зойдзець к якому Бэрку
І вып’ець з гора кватэрку.
А як выпіў чарку-дзьве,
Дык і закружыла ў галаве…
На тое Бог сьвята даў,
Каб чалавек рызыку паказаў.
Грошай няма, хамут застаў…∗[1]
Адна толькі рэч нас вяжа, —
Хто разумны, няхай скажа:
Чаму гэтак цяпер стала,
Многа людзей перастала
Піць гарэлку без адкладу,
А на сьвеце нямаш ладу?
Ксёндз сварыцца, навучае,
Просіць, грозіць, выклінае.
Аднакава-ж, тэй навукі
Не прыстаюць паном гукі… ∗Пан карчмы новыя стаўляе,
З бравароў гарэлку дастаўляе…∗[2]
Хоць і пан цьвярозых любіць,
А ўсё-ж водкай людзей губіць.
Хоць ксядзы нам піць бароняць,
Паны водку, аднак, гоняць.
Трудна-ж гэтак нам зрабіці:
Быць цьвярозым, — водку піці…
|