Хрыстос Уваскрос! (Адамовіч)
Хрыстос Уваскрос! Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1925 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 18 (72). 19 красавіка 1925 г., б. 1 |
Нясецца адаўсюль радасная вестка! Аб гэтым гавора зямля, пяюць птушкі, радасна лес шуміць і сонца праменьні быццам сьмяюцца…
Усё цешыцца, ўсе пяюць: Хрыстос Уваскрос!…
А чаму-ж у мяне так сумна на душы?
Чаму жаль нейкі сэрца апанаваў? Чаму?…
Гудзяць званы і гук іх у даль лясоў, палёў ідзе, апавяшчаючы ўсім: Хрыстос Уваскрос!…
Скончаны дні-ночы панаваньня!
Сьвет зазьяў усім людзям і зерне згоды ўзыйшло…
Дык бярэце-ж яго, людзі! Хутчэй бярэце! Ня дайце згінуць! Хутчэй палівайце яго вадой жывой, каб прарасло яно!
Гудуць званы! Цешыцца неба і зямля!
А чаму-ж так сумна на душы?
Чаму жудасна робіцца, цяжка? Чаму?
Гэй, спынецеся, людзі, каваць кайданы!
Будаваць муры турмаў! Ліць кроў братоў сваіх! Выкіньце з сэрца злосьць, ночы панаваньне і зьдзек ад меншымі братамі!…
Не, не! забылі людзі слоў Яго завет!
Забылі мукі на крыжы! Ноч далей у сэрцах іх пануе і ня чуюць людзі, як усё кліча да згоды, да супольнае працы, да словаў Яго сьвятых!…
Гудуць званы! Цешыцца неба і зямля! І ўсё гавора: Уваскрос Хрыстос!…
* * *
Стыне кроў, мацнеюць краты, зьвіняць кайданы…
Плача сэрца, плача Яго душа, і з вачэй сьвятых ізноў льюцца на зямлю Яго сьлёзы… Яго забыты словы:
«Мір вам, людзі!…»
Дзяргач.