Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Бярозка/Заморскі зьвер

Пазыка Заморскі зьвер
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1927 год
Вучоны бык
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заморскі зьвер.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заморскі зьвер.

… Даўно, то даўно гэта было, але яшчэ помню, бо, між намі кажучы, далі такі добра нам на памяць. Было так. Рыгор, Гаўрыла і я выбраліся ў горад з дрывамі; дровы прадалі, зайшлі да Янкеля выпіць чарку, сядзім калякаем; чуем — каля другога стала гамоняць аб усялякіх зьверах заморскіх, якіх панавозілі цяпер у гэты горад. Гаўрыла і кажа да нас: браткі, лепш меней чарак вып’ем, а пойдзема паглядзець заморскую налпу. Добра, пашлі; чаўпёмся па вуліцах, дапытваючыся, як і куды трапіць да гэтай заморскай зьвярыны, аж тут нарываеццча нейкі і кажа: хадзеце за мной, я вам пакажу налпу і кошту ніякага ня будзе. Усьцешыліся мы; коцім за ім. — Слухайце, дзядзькі, кажа да нас правадыр наш, паказаць налпу, то я вам пакажу, але сам з вамі не пайду, бо яна вельмі сярдзітая і ня любіць, каб хто другі раз прыходзіў глядзець на яе, а я ўжо раз быў. Праўда сьпярша і па нашым целе забегалі мурашкі, але — было-ня-было: вядзі кажам. Завёў ён нас на нейкую вуліцу, збочыў у нейкі садок, ды і паказвае пальцам: бачыце, кажа, вун гэны жоўты дом, і вялізарны ганак пры ім, падыйдзеце бліжэй і прыгледзьцеся — вось на крэсьле і сядзіць тая заморская налпа. Сунуліся мы бліжэй, углядаемся, — праўда: страшная, гарбатая, твар неяк сплюснуўшыся, дый амаль ня ўся ў валасох, але да чалавека надта [1] падобна — і нават апрануўшыся зусім як пан які; апратка пекная[2], багатая; але і ўвагі на нас ніякай ня робіць, сядзіць, нават газэту чытае… Ну, думаем сабе, хоць налпа, але як заморская, дык можа і ўмее чытаць? Асьмеліўшыся, сталі мы бліжэй падходзіць, — нічога — сядзіць. Гаўрыла кажа: „братцы, — сьвісну я“. — Сьвішчы, — адказваем. Сьвіснуў ён раз — нічога, сьвіснуў другі і трэці раз, ажно праўда — падняло гэтае зьвяр’ё галаву, дый лыпае на нас маленькімі вочкамі, але так неяк сьмешна, што мы ўсе ў рогат! Ажно, людцы вы мае, як запішчыць гэта яна на нас, і хоць усяго не зразумелі, але лаянка зусім да нашай падобна, толькі яшчэ крапчэйшая! — „Іш ты, кажа, Рыгорка, хоць заморская, падла, а лаянкі тутэйшай скора навучылася“. Ды яшчэ горш сталі рагатаць; а я, доўга не чакаючы, тыц ёй пад нос пугаўём. Браткі вы мае! Калі ўскочыць гэта яна, выхапіла нейкую дудачку, ды як засьвішча, — ўжо нашто Гаўрыла быў здатны да гэтага, а так-бы не патрапіў! Але ня доўга мы дзіваваліся, як бач наляцела паліцыя, за карак, ды ў паліцыю. Там мы толькі даведаліся, што жулік нас падвёў, бо гэта ня была заморская налпа, а амаль ня першы чалавек у горадзе, але, як людзі нам казалі, надта[1] падобны да налпы. Даведаліся мы ў паліцыі яшчэ нечага, але ўжо не заморскага, а тутэйшага — лазовага куста; а мне за тое, што ткнуў пугаўём гэну зьвярыну, зрабілі гонар — лішніх пятнаццаць усыпалі…



  1. 1,0 1,1 надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.
  2. Полёнізм, пабелар. харошая, прыгожая.