Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Васількі/Зарабляюць
← Вучоны бык | Зарабляюць Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1927 год |
Зарабіў → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зарабляюць. |
Зарабляюць.
Мамку — дык закапалі на могілках, пры горадзе; не на самых, праўда, могілках, але так, крышку з боку, за плотам, бо казалі, што яна неяк ня зусім так, як трэба для могілак, памірала.
Татку не давялося бачыць. Ганулька — сястрычка, значыцца, мая — казала, што як была маленькая, а мяне яшчэ на сьвеце зусім ня было, — дык разы са два бачыла. Нішто, казала, хоць старэнькі, але добры быў: грошы, а то й цукеркаў, бывала, прыносіў і надта пекную[1] пахучую адзежыну меў на сабе. Але я так і ня бачыў яго: на пахавунак мамкі ён ня прышоў. Чаму? Ня ведаю.
Як мамку хавалі, мне было гадоў восем; Ганулька бралася пад чатырнаццаць.
Пры мамцы жылі мы ў пекным мураваным доме; дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька, быццам у зямлі. Так, бывала, сьмешна глядзець праз ваконца: толькі ногі — міг-міг, а то іншыя — шлёп-шлёп, але толькі й відаць ногі, як-бы людзям галоў і ня трэба было…
Жыць было добра, спакойна, і гульні свае з Ганулькай мелі. Зімою, напрыклад, у вялікі мароз, на вакне (адно яно было ў нас) такія бывалі пекныя кветкі, што так і глядзеў-бы цэлы дзень на іх, а Ганулька возьме вугальчык дый ім на сьцяне такія самыя кветкі навядзе, — якраз такія самыя, толькі тыя былі белыя, а гэта чорныя… Або, іншым разам, з вакна вада стане капаць, — вось якраз, як часта бывала з вачэй мамчыных: такая перш маленькая капелька, а пасьля яна неяк пухне, пухне і зробіцца вялізарная, бліскучая й… кап! а потым другая, трэцяя, але таксама памаленьку: кап… кап… кап… Толькі, помню я, раз мамчына капелька ўпала мне на твар, дык такая цёплая была, ажно гарачая, а тыя, што з вакна капалі, дык іншым разам замярзалі ў доўгія, доўгія сасулькі; тады мы з Ганулькай аддзіралі іх і гулялі ў крамніка, што цукеркі прадае.
Здаралася ня раз, што есьці надта[2] хацелася, а мамка ня прыносіла (мусіць часу ня мела), дык затое яна як пачне нам гаварыць, як пачне, а так умела пекна[1] гаварыць: як птушачкі божыя — такія маленькія, бедненькія, а страхі над сабой ня маюць, а мы маем; як іх вецер праймае, а да нас не дабіраецца; як яны галодныя спаць садзяцца, — і ўсё гэта так пекна так жаласьліва нагаворыць, што аж нам захочацца быць падобнымі да гэтых птушачак божых, каб і нам холадна было, каб і нам, як гэтыя божыя птушачкі, галоднымі класьціся спаць у халодны кут. І кладземся. А мамка доўга яшчэ сядзіць і шые, шые, шые…
Сьпярша, як асталіся мы толькі ўдваёчку, — вельмі маркотна было… Стуліўшыся, як каткі ў клубочкі, дрэмлем, не разьдзяваючыся, ўсю ноч, хліпаючы ад часу да часу, на мамчыным ложку. Галоднымі ня былі: хлеб яшчэ цягнуўся; два злоты ў матчынай вопратцы знайшлі, а як праелі іх, Ганулька й кажа да мяне: „Ты, Адамка, ня дурэй, сядзі ў хаце ды лемантар, як мамка паказвала, грызі, а я пайду грошы зарабляць і на сябе, і на цябе“. І праўда: заработкі яна дастала ў скорасьці: то на пабягушкі, то падлогі мыць, то вады прынесьці ці так што якое, — але зарабляла, і год за годам ішлі[3] роўна, спакойна… Ганулька вырасла ўжо на сталую дзяўчыну, а і я, хоць тонкі й худы, але таксама ўверх выцягнуўся, і мы ня раз ужо паміж сабою раіліся, каб убіцца мне да якога майстэрства, але… але зрабілася нешта такое, чаго мы самі не маглі зразумець: заработкі Ганульчыны неяк зразу урваліся…
Чаму? — не разумеў я. Чуў толькі ад дворнічыхі, што такіх ганарыстых, як мая Ганулька, паны ня любяць… Жыць стала цяжка: мала таго, што ціснуў голад, але й апрануць ня было чаго — сядзімо цэлы дзень у хаце, як тыя мышы ў нары, і толькі, як добра сьцямнее, Ганулька ў сваіх лахманох выпаўзала да аднэй старэнькай пані, каторая адна й асталася, што яшчэ мела літасьць над намі, — і то тое, то сёе перападала ад яе нам з яды. Але цягнуцца гэтак доўга не магло. Ганулька кідалася ўсюды, шукаючы працы і змораная прыбегла позна вечарам[4] да хаты, ламала свае ручкі і плакала, плакала… Гледзячы на яе, скавытаў і я з жалю, як тое шчанё…
- ↑ 1,0 1,1 Полёнізм, пабелар. — харошую, прыгожую.
- ↑ надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.
- ↑ Няпр. зварот, — ішоў.
- ↑ Расейскі зварот; пабел. — ўвечары.