Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Васількі/Павук
← Гаротная | Павук Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1927 год |
Кавалкі з „Успамінаў“ → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Павук (Ядвігін). |
Павук.
У сетку з дзіўна-хітра сплеценых нітак папалася муха.
Сетку зрабіў і наставіў павук. Зрабіў і наставіў, як рабілі і настаўлялі такія-ж самыя сеткі павуковы дзяды і прадзеды.
Папалася ў сетку муха, як пападаліся ў такія-ж сеткі яе бабкі і прабабкі. Як там было ў гэтых сетках бабкам і прабабкам, муха чула й ведала, але цяпер, трапіўшы сама туды, як толькі наляцеў на яе павук з сваімі клешнямі ды пачаў накідаць кандалы, сьцягваючы і зьвязваючы імі крыльля з ножкамі, яна заартачылася[1].
— Слухай ты, — кажа, — крывапіўца, натуру тваю дасканальна[2] знаю і ведаю, што дабра ад цябе не спадзявацца: дай-жа хоць слова сказаць…
— Э-э адказвае павук, — ведаю я гэтыя гутаркі вашыя — старая песьня! Кожная з вас, як толькі пападзецда да мяне, ўсялякімі тонамі галосіць: „павук-крывапіўца!“ А ці ж я адзін такі? Ці мала такіх-жа крывапіўцаў паміж вашага брата? Глянь на аваднёў, камароў: іх цэлыя хмары! Ды з твайго роду ёсьць такія, што калі ўрэжа ў лытку…
— Не, павук, — перапыніла муха, — тое, ды й ня тое: праўда, ссуць і яны кроў, але жыцьця не адбіраюць, а й то, праўду кажучы, хоць іншым разам і ім не даеш ты спуску, усё-ж-такі лічым мы іх больш тваімі спадручнікамі, чым нашымі. Такія, якія, нічога супольнага з імі ня маюць: мы жывем божым дарам.
— Чым-бы вы там ня жылі, — ужо злосна пераняў мову мухі павук, — гэта мне ўсё роўна. Мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не зьвядзецца, то й павуком крыві хваціць.
— А ці ведаеш-жа ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне яшчэ не адна такая, як я, але як зразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады ня толькі яна паляціць у ласкуткі,[3] а бадай і ты жывым ня выйдзеш?! Зьдзекваўся ты, пакуль па аднэй нас перабіраў, але зыкну[4] я толькі, цэлая хмара…
— Ха, ха, ха! — зарагатаў павук і наляцеў ужо на галаву мухі. — Зыкнеш? Ты зыкнеш? Недачаканьне! Недачаканьне тваё!!![5]
І павук, запеніўшыся са злосьці, як бач, прабіў галаву мусе і пачаў смактаць з яе кроў.
Ніколі, здавалася павуку, не смакавала так яму кроў, як гэтай мухі. Ніколі такой прагавітасьці ў яго ня было, як вось цяпер. Вісеў ён над мухай, ажно пакуль-што да капелькі крыві ня выссаў з яе, і тады толькі адбегся і глыбока заціснуўся ў сваю шчыліну.
Хоць і сыты быў — ня спаў гэтай ночы павук. Неспакойныя думкі наляталі на крывёй залітыя павуковыя мазгі. А што, калі й праўда наляціць адразу цэлы рой мух? Ці ўтрымаецца сетка? Ці здалее ён даць усім адразу рады? І як гэта адважылася гэткая паганая муха такое слова яму, яму — павуку — сказаць? Не адна муха мо’ ня раз ужо і думала так, але каб сказаць?…
Ня спаў гэтай ночы павук, а назаўтрае, надумаўшыся, зрабіў і наставіў новых яшчэ дзесяць сетак.