Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Песьні жальбы/Васеньні дождж

Вецер Васеньні дождж
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Асеньні дождж.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Васеньні дождж.

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ціха па стрэсе бубняць;
Смутак наводзіць шум іх жалобны,
Хочацца плакаць, стагнаць.

Цёмная ночка, ночка глухая
Цягнецца доўга, як год.
Вецер дажджлівы панура сьпявае,
Жаласна сьвішча праз плот.

Круцяцца думкі, сон разганяюць,
Душу туманяць яны,
Волю далёкую мне ўспамінаюць,
Дні маладыя вясны.

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Нудна у вокны бубняць.
Смутна іх песьня, плачу падобна,
Сьлёзы ў тэй песьні чуваць!