Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Жалейка/Я мужык беларус…

Мужык ⁂ (Я мужык беларус…)
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Лапці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я мужык-беларус…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборніка: „Жалейка“.


∗          ∗

Я мужык беларус, —
Пан сахі і касы;
Цёмны сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.
Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў;
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
Хоць пагарду цярплю,
Мушу быць глух і нем.
Хоць сьвет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем…
З цяжкай працы мае
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма „дзякуй“ нідзе.
Глянь: высокенькі бор, —
Вокам нельга прабіць, —
Загудзеў мой тапор,[1]
Як блін, поле ляжыць!
Сошку з вышак сьцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Сьпіну трохі прыгнуў, —
Лес на пахань[2] зрабіў!
Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў.
Пан пшанічкі тачок,
Люба глянуць, наклаў.
Так вот, людцы, які
Я мужык беларус:
Над ілбом сінякі,
Цёмны сам, белы вус
Эй, каб цёмны ня быў,
Чытаць ксёнжкі[3] умеў, —
Я-бы долю здабыў.
Я-бы песенькі пеў!
Я-б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век!..



  1. Русіц. — Сякера.
  2. Ральлю.
  3. Полёнізм, — кніжкі.