Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не пануе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзе[1] ды красуе.
Наша зерне — нашы думкі
Не загінуць сьвету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцьветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване[2],
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля — панаваньне.
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Зацьвіце яна, як сонца
Посьле непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!
|