Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Шляхам жыцьця/Наша песьня

Гэй, капайце, далакопы… Наша песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Курган
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша песьня (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Наша песьня.

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя.

Хоць нуды ў табе шмат, вылівана сьлязьмі,
Дума-песьня няхітра складаная,
Але нашая ты; недруг, спробуй вазьмі!..
Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.

Як на небе зара, ці як думка ў душы,
Не скуешся няволі ты путамі:
Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —
Запяешся людзьмі і закутымі.

Пей-жа, песьня, дзень, ноч, песьня родная нам,
Апявай жыцьцё наша праклятае,
І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,[1]
Наўчы, як найці шчасьце багатае.

Зазьвіні ты, як звон, і ўдар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя…



  1. Прав. — бедаком.