Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Шляхам жыцьця/На Куцьцю

Курган На Куцьцю
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Мікіта і Валы
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Куцьцю (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На Куцьцю.[1]

I.

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срыбны[2] сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішынёй,
І спавівае ўсё ў чары,
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старым парадкам цені-мары[3].
Вылазе[4] з цемры бледны звод[5],
Глядзіць сьліўнём[6] на долы, горы.
І тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
I тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

II.

Заныла ўсё, замёрла ўсё, —
Ня сьпіць адвечнае замчышча[7]
Там пачынаецца жыцьцё
Ў вагнях старога папялішча,
Іскрыстым, блескатным сьвятлом
Заліты княскія сьвятліцы,
Дружына вольная кругом
Сталоў дубовых варушыцца.
Золататканы абрусы[8]
З сталоў зьвісаюць дыванамі,
На абрусох чысьцей расы
Віно красуецца каўшамі.
Духі мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць.
Даўно бываламу жыцьцю
Дары належныя складаюць.

III.

На беласьнежны на пасад
Усходзе князь, усходзе княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць, задумчыва, суважна.
Агні брыльлянтаў, як зарніц,
Зіяюць з княжаскай кароны, —
Краса б’е з князеўных зраніц[9],
Як блеск маланак развуглёны.
Зьвярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.
Бярэ коўш соладка[10] віна,
П’е за дружыну маладую,
І княжна з князем п’е да дна;
Князь рэч вядзе да ўсіх такую.

IV.

«Адзін, адзін раз толькі ў год
«Зьбірацца можам з ласкі Рока[11],
«Каб лет іржавы карагод
«Зганяць з мінуўшчыны далёкай.
«Нас не кранулі косы зьмен:
«Царым мы ў дум жывых гэйнале[12],
«Хоць на падмурах гэтых сьцен
«Другія наш пасад занялі.
«Багі другія верх бяруць,
«Суды вядуць над нашым краем,
«Сьвяцільні-ж нашы не замруць,
«Што ў сэрцах вольных расьсьвятляем.
«Прашу паклікаці ганцоў
«І месца даці ім па чэсьці:
«Ад нашых стоптаных капцоў
«Якія нам прыносяць весьці?..»

V.

Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў сьвятліцу,
Ідуць суважнаю ступой,
І князю, й княжне пакланіцца. —
А першы гэткі сьветлы быў,
Як небам сланыя праменьні:
Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
Усе усюдах зводзіў цені.
А быў другі і з ног, і з рук,
Як гром з жывымі пярунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук
І лук стальны меў за плячамі.
А трэці быў і раб, і цар,
І слаб, і дуж ўва ўсякім дзеле,
Як вечнасьць, молад быў і стар;
Меў гусьлі — на грудзёх віселі.

VI.

І першы князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
«І відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
«А толькі ўсё той самы лад:
«З вачэй ня зьняты йшчэ павязкі,
«Ці йдуць уперад, ці назад,
«Відны сьляды цямрычнай ласкі,
«А як ішоў між іх з сьвятлом,
«Яны пачулі, ах, пачулі:
«Сьляпым замораныя сном,
«Худыя рукі ўвысь цягнулі.
«За мною ўсьцяж, і тут, і там
«Іх вусны бледныя шапталі:
«Аддайце сонца наша нам!
«На што схавалі — расхваталі?»

VII.

Другі за першым князю сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз,
«І відзеў, што яны ўсе жывы.
«А топчуць толькі ўсё той сьлед,
«Валочуць ёрмы за сабою;
«Ці ўбачуць корч, ці ўбачуць цьвет,
«Аднэю жаляцца сьлязою.
«А як чапнуў стралой аб лук,
«Яны скрануліся ў прасоньні,
«І столькі, столькі крэпкіх рук
«К маей паціснулася броні.
«За мною ўсьцяж, і тут, і там
«Іх вусны бледныя шапталі
«Аддайце славу нашу нам!
«На што схавалі — расхваталі?»

VIII.

І трэці князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз,
«І відзеў, што яны ўсе жывы.
«А толькі торг усё ідзе
«Над іх душою патаптанай;
«Яны, як цені, ў грамадзе
«Маўчаць і йдуць на пір[13] паганы.
«А як я ўдарыў па струне,
«Замятусіліся, як пчолы,
«І на гарэ, і нізіне
«Мне падавалі голас кволы.
«За мною ўсьцяж, і тут, і там
«Іх вусны бледныя шапталі:
«Аддайце песьню нашу нам!
«На што схавалі — расхваталі?»

IX.

Сказаўшы так, маўчаць ганцы,
Маўчыць і князь крыху часіны,
І дасьць адвет[14] такі ў канцы
Ганцам на іхнія навіны:
«Ня умруць, ня ўмруць ужо яны,
«Раз хочуць сонца, славы, песьні;
«Заб’юць ім зычныя званы
«Прабудным звонам на прадвесьні,
«Сваей забранай старане,
«Скаванай мучаніцы-княжне,
«Ўзьнясуць пасад на кургане
«На панаваньне недасяжне[15].
«На дзеле — кожны йшчэ слугой,
«У думках — вольныя ўжо людзі;
«Над сэрцам іх, над іх душой
«Наш дух вітаці вечна будзе.

X.

«Вы, другі верныя, ганцы,
«Як летась, сёлета, на лета
«Ўсе пагранічныя капцы
«Абходзьце зноў з маім прыветам.
«Гусьлямі, лукам і сьвятлом
«Будзеце, клічце і сьвяцеце,
«І так спануйце іхнім сном,
«Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.
«А покуль поўнач ня прыйшла,
«Вясьці бяседу будзем далей;
«Засядзьце ўсе кругом стала,
«Хай зазьвініць віно ў крыштале.
«А чарку першую ўзьнясём
«За цень мінуўшчыны у сеці,
«Другой к цяпершчыне прап’ём,
«Праславім будучыну трэцяй».

XI.

Садзіцца княжна, князь, кругом
Садзіцца вольная дружына;
Шуміць бяседа за сталом,
Плыве часіна за часінай.
І разгараецца ясьней
«Паходня радасьці забытай,
«І сьветазарнасьцяй сваей
«Вясёлкі сее самавіты.
Ямчэй нацягваецца лук,
Цэль расьсякаюць агнястрэлы,
Дрыжыць паўціна і павук,
Дрыжыць, прыблудак, ачарнелы.
Ракочуць гусьлі звон-у-звон,
На мір-сьвет розгалас нясецца,
Як мір-сьвет, коціцца разгон
І ў думцы казкай раздаецца.

XII.

Плыве шумліва, як рака,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач адзначае.
Залопаў крыльлямі пятух, —
І ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
Замоўк разгул, агонь патух,
Старое згасла папялішча.
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамерыў…
А быў тут хто, або ня быў, —
І так і гэтак мала веры.
І так і гэтак свой прыгон
Распасьцірае царства ночы:
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.



  1. Вечар перад Калядамі.
  2. Полён. — серабраны.
  3. Полён. — лятункі.
  4. Вылазіць.
  5. Дух абману.
  6. Ядавітая зьмяя.
  7. Руіны замку.
  8. Ужываецца — настольнікі, настольніцы.
  9. Вачэй.
  10. Салодкага.
  11. Бог лёсу.
  12. Гімн, урачастая песьня пад трубны гук.
  13. Русіц. — баль.
  14. Рус. — адказ.
  15. Недасяжна.