Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/Шляхам жыцьця/Прарок

За годам год Прарок
Верш
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Песьня сонцу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прарок (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборнікаШляхам жыцьця“.

Прарок.

Сярод маны, сярод насьмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пяшчанай сьцежкай
З навукай новаю к людзям.

Праціўны вецер лез у вочы
І плачам пеў, як дзіцянё,
Зьвяр’ё зубамі йграла ўночы,
Днём выла ў небе груганьнё.

А ён, ня знаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь на-ўслонь;[1]
Агонь біў толькі із зраніцаў,[2]
Вялікіх праўд сьвяты агонь.

Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што сьвет магла-б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.

Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к днём новым,
Даў славу братнюю братом.

Аж так дасьціг[3] — аквечан хвалай —
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.

Народ змарнеўшы таго края
Свайго на’т імені[4] ня знаў.
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на сьвеце і канаў.

Галовы людзі пахіліўшы
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданьні яснаты.

Прарок — пасол сьвятла — ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:

..............
..............
..............
..............

„Глядзіце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі тэй зямлі.

Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі-б полымем зары?

Забылі[5] ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.

Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці ноч разсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягодня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.

На зло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ[6] народ!

За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
І знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўды не аддам“.

Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.[7]

А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
— Па сколькі-ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
..............



  1. На сонца.
  2. З вачэй.
  3. Русіц. — дасяг.
  4. Правільней — імя.
  5. Ужываецца болей — забыліся.
  6. яшчэ
  7. Ляпей — незнарок.