Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Увагі

У Палескай глушы Увагі
Камэнтары
Аўтар: Ігнат Дварчанін
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УВАГІ:

Ніжэй паданыя словы, будучы вельмі папулярнымі ў беларускай мове, з боку фонэтычнага і морфолёгічнага аднак выклікаюць спрэчку што да прыналежнасьці іх да мовы, а таму патрабуюць асаблівага аб’ясьненьня. Аб’ясьненьні гэтыя, пэўна-ж, ня вырашаць лёсу паданых слоў у мове, бо жыцьцё сільнейшае за стаўленыя яму правілы і па свайму вырашыць гэты лёс. Словы і аб’ясьненьні падаюцца, як дыскусыйны, матар’ял для знаўцаў беларускае мовы, бо дасюль гэтыя словы ўжываліся ў беларускай літэратурнай мове бяз ніякіх засьцярэжаньняў. Некаторыя з паданых слоў уведзены тут з іншых прычын.

Словы паданы ў парадку, у якім яны ўжыты ў папярэднім тэксьце. З увагі на брак пад рукой падхадзячых матэрыялаў для азначэньня крыніц справак, аб’ясьненьні падаюцца ў форме папулярнай. Усе гэтыя аб’ясьненьні будуць прыложаны і да наступных выпускаў з далучэньнем, пэўна-ж, новых слоў.

1) трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.

2) моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.

3) надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.

4) жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.

5) енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.

6) слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…

7) быдла — трэба лічыць за полёнізм з увагі на канчатковае злучэньне — дл, як падобна-ж у — wiodłem, szedłem і г. д. У беларускай мове: тут — чыстае л. Калі глядзець, што карэнь слова — быт —(да-быт-ак), то пераход глухога — т — у звонкае — д — перад звонкім — л — мог стацца і ў беларускай мове, але маем вельмі шмат слоў з роўным значэньнем, што бяз спорнага слова (быдла) можна зусім абыйсьціся. Маем — дабытак, статак, жывёла, гаўяда, скаціна і інш.

8) тлумачыць — падобнага паходжаньня, як і слуп. У старых беларускіх актах — толмачить, толмачъ, тады правільна было-б — таўмачыць, таўмач, але апошнія ў беларускай мове мала ўжываюцца.

9) Владзімі(е)р — трэба ўважаць за старабаўгарызм, перайшоўшы праз царкву, як і адведзеныя адсюль — Ладзімер, Ладымер, Ладзік і інш. Пабеларуску трэба было-б — Валадзімі(е)р, (поўнагалосьсе), як ужываецца. і ў украінскай мове (Володимир)

10) натхненьне — з каранём — тх, — фактычна — д(о)ых. — Першы — польскі. У апошні час дзе хто ў беларускай мове пачаў ужываць — надыхненьне, якое зусім выходзіць з духу беларускае мовы.

11) скарга — з увагі на злучэньне — ар — трэба ўважаць за полёнізм, як — targ, гарды. У беларускай мове тут — ор. Слова — скарга — лёгка замяняецца іншым — жальба

12) пагарда — таксама. Хіба лепей ўжываць — пагорда, пагордлівы. У Насовіча — погорженіе, тады — пагорджаньне, пагарджэньне; блізкае сюды слова — грэблівасьць

13) цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.

14) аповесьць, апавядаць — выглядае на полёнізм з лексычнага боку: powiadać і г. д. У беларусаў адназначныя словы творацца з каранём — каз. — Тады лепш — расказ, расказваць.

15) пяшчотны — замяняе прывіванае аднойчы слова з гэтым значэньнем — кволы (рас. — нежный). Трэба прызнаць, што другое слова (кволы) ня зусім замяняе рас. — нежный; яно мае асаблівы адценак — слабы, ломкі, вялы… Першае — адказвае больш. Тут маем і — пястун (неженка), пясьціць і г. д.

16) абяцаць — Заходняславянізм, полёнізм. Праслав. — *обѣт+++ать(н). У нас мела-б быць — абячаць. Але так зусім ня ўжываецца. Ёсьць — дакляраваць, прыракаць.

17) упарты — полёнізм, падобна, як пагарда і інш. Лепей — упорны, упорлівы.

18) воблака — у некаторых мясцовасьцях мае форму — вобалака, што зусім згаджаецца з законамі мовы,

19) Вільготны — фонэт. польскае. У некаторых мясцовасьцях ужываюць — волгкі, воўгкі; у Насовіча — волкі(й), волко, волковатый, волкость. Усё — згодна з законамі беларускае мовы, мусіла-б толькі — л — перайсьці ў — ў —. Ужыванае ў расейскай літэратурыг — влажны — пэўна старабаўгарызм.

І. Д.