Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/З расказаў/Пан Шабуневіч

Пралескі Пан Шабуневіч
Апавяданьне
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
Зьмітрок Бядуля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пан Шабуневіч.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З расказаў.

Пан Шабуневіч.

… З панам Шабуневічам з Стара-Папельскіх Шабуняў пазнаёміўся я тады, як „усё на галаве пашло хадзіць“[1]. Вялізная, пекная[2] саля ў будынку гарадзкой думы была паўнюсенька людзей. Здавалася, зьнекуль укаціўся сюды магутны ручэй і ніяк ня можа супакоіцца, і гарачыя, спацелыя хвалі чалавечага цела налазяць адна на другую, пнуцца ўперад, адліваюцца ўзад, перакачываюцца ўбакі, шукаючы выхаду з гэтых чатырох мураваных, у пекныя абразы маляваных, сьценаў.

Пасярод гэтага мора маленькай выспачкай падвышалася амбона[3], а на ёй па чародзе прамаўлялі лепшыя красамоўцы нашага гораду. Кожны з іх ганіў чужую „веру“, хваліў сваю і, запрашаючы „пана абывателя“ пад свае параты[4], дакляраваў, што толькі гастуючы[5] ў яго хаце знойдзе пан абыватэль і патрэбную абарону і патрэбную апеку над яго інтарэсамі.

Ось гэта стаялі мы з панам Шабуневічам поплеч і слухалі. Лепей сказаць слухаў, аб чым гукалася, пан Шабуневіч, бо я, заняты сваімі думкамі, і ня прымеціў, калі на амбоне стануў нявысокі, маладога веку, сьветлавалосы, са сьветлай бародкай чалавек у шэрым адзеньні і пачаў гаварыць. Нешта нязвычайнае ў яго мове адразу зьдзівавала мяне і зацікавіла; ад першых слоў прыемна заказытала ў грудзях, на момант перахапіўся дух, і спуджаныя думкі, зьмяняючыся адна па аднэй, праляталі, як бліскаўкі, каб у цемнях памяці знайсьці сабе вечны прыпынак. Што гэта і хто гэта?! — Мужык? Просты вясковы мужык, араты, прыйшоў, адарваўшыся ад працы, прыйшоў да гэтых, у чорныя сурдуты ўбраных, паноў, і сам праз сябе і ад сябе загукаў ей — „простай мовай“? Ці-ж гэта можа быць? І вочы, зьвярнуўшыся да амбоны, шукалі згрэбнай кашулі, шэрай сярмягі.

Але той, хто гаварыў, саўсім не паходзіў на мужыка. Баржджэй можна было прызнаць у ім чалавека з лічбы „панскага роду“. Гэта аднак ня шкодзіла мне слухаць яго далей і далей, ня выпушчаючы з вушэй ніводнага слова. Ён журыўся на чорную нядолю, якая агарнула бацькаўшчыну, на глуз і зьдзек, што запанавалі над ёю, на атрутнае занядбаньне роднай мовы. Запрашаў усіх, у каго ёсьць „крышку сэрца і кропелька міласьці“, „даць у іх месца выгнанай стуль Бацькаўшчыне“. Словы гэтыя былі мне — ой, ці мне толькі? — сякучы меч і гаючая вада адразу. Калі праўдзівым дакорам расьцінаў ён сэрца, то й добрым словам гаіў яго, бо даваў надзею, што ёсьць мага хоць што, калі ўжо ня ўсё, паправіць. Моцай2) іх падняў ён мяне па-над гэтай саляй, па-над гэтымі людзьмі і памчаў за горад, за лес, за палі, у бязконцы цёмнай ночы. Шумелі курганы, быццам прыціснутыя цемняй, ляжалі палеткі, пачарнеўшыя з нядолі, раскідаліся вёскі. Маўчала зямля… і адзін вецер толькі трывожыў гэту цішу. Калыхаючы старыя крыжы на курганах, блукаючыся пад саламянымі стрэхамі, блудзіў ён — ціхі стогн. Ціхі, ціхі… Як слабыя шэпты сьцепавога сухабыльніку.

„Божа мой. Божа мой“!

Блізкасьць і праўдзівасьць гэтага стогну-шэпту зноў зьвярнулі мяне да тэй салі і людзей, сярод якіх я стаяў. Азірнуўшыся навакол, я ўбачыў, што мой сусед з левага боку, чалавек ужо сталага веку, з невялікай лысінай па макоўцы, з доўгімі спадзістымі вусамі на круглым і строгім твару, чырвонай хустачкай гаротліва выціраў дзьве рыскі, што глыбока ўрэзаліся ў твар ад пераносься аж да вусоў, ля краю вуснаў. Вочы яго чырванелі, як хустачка, і блішчэлі.

Відаць нейкая цягасьць у сэрцы расчуліла чалавека.

З усей, прыязьню і спогадзьдзю, якія я толькі здолеў паказаць на сваім твару і ў голасе, я адважыўся запытацца: „аб чым васан“?[6]. Маё неспадзяванае запытаньне засароміла, ці перапудзіла суседа; мо’ яму здавалася, што яго ніхто ня бачыў, ці што.

Адхіснуўшыся крыху, быстра зірнуў мне ў вочы, потым памкнуўся, як-бы шукаючы дапамогі, туды да амбоны, дзе ўжо стануў другі, йшчэ раз даўжэй паглядзеў мне ў твар і ў вочы і, відаць, не паверыўшы мне, марматнуў: „Так-сабе! — Проста ў галаву ўлезла“. І, адвярнуўшыся ад мяне, зрабіўся, як каменны, уляпіўшыся вачамі ў амбону. Але праз хвілінку парухаўся і набраўся адвагі, ці ўжо пачуцьці не давалі маўчаць, зьвярнуўся да мяне і, паказаўшы галавой на амбону, высмаліў: „От гэта, аб чым казалі!.. Ці-ж я не казаў?! Га? Усё праўда! Далі-Бог, праўда! я паказаў!..“

Пасьля, панізіўшы голас, ужо пэўны ў маёй асобе, бурчлівым, як-бы каму вымаўляў, на некага гневаючыся, голасам, цягнуў далей:

„Здаецца другому дурню, што зьмяніў ліповыя падошвы на раменныя, дык ужо і сам-ня-сам зрабіўся. І лапці ганіць, і з сярмягі сьмяецца, а над сваей гутаркай, якой маці пеставала, кпіць[7], ажно слухаць прыкра. А хай-жа бязглузды прыйшоў-бы сюды, ды паслухаў, як людзі кажуць“…

І, кінуўшы яшчэ раз вокам у бок амбоны, сусед мой пакіраваўся да дзьвярэй. Мне самаму не хацелася болей стаяць і слухаць, бо лічыў, што нічога цікаўнага не пачуеш ужо гэтта, і дзеля таго я пасьпяшыў таксама выйсьці разам з ім. На вуліцы быў позны вечар, калі мы, хлопаючы галёшамі, ішлі і зюкалі[8] сабе, як даўнейшыя прыяцелі. Ён расказаў мне невялічкую гісторыю свайго жыцьця, з тымі крыўдамі, якія ён цярпеў у сваей сям’і, і, калі мы расставаліся, каб разыйсьціся кожнаму ў свой бок, папрасіў мяне заходзіць да яго часамі: «як будзе вольны час, бо мне дык ня надта можна ад варстатаў“.

Пан Шабуневіч паходзіць ад каталіка, а матка-нябожчыца была праваслаўнай. У мэтрыках пішацца „каталіцкай веры“, але нічога ня меў ён і да праваслаўя. Бацькі, хай іхным душачкам у Бога вечны спакой будзе, пакінулі яму ўспадку кавалак зямлі, так што добры агарод выходзіць, ды хатку. Навучылі майстэркі — праз пяць гадоў тэрмінаваў[9] у суседа пана Бэрковіча і навучыўся шавецтву. І ажанілі, узяўшы яму ў жонкі дачку пана Німартовіча, шляхцянку з Старога Папеля. Дык цяперака, маючы з чаго жыць, маючы жонку, сынка, мог-бы пан Шабуневіч, здаецца, жыць і Богу дзякаваць, але каб усё так было, як здаецца.

Уся бяда з жонкі ідзець. Паня Шабуневічыха лічыць сябе і мужа „польскай веры“ і дзеля таго ня спушчае свайму гаспадару ані рэлігійнай бесстароннасьці, ані яго „простай“, „мужыцкай“ мовы. Каталічка аж з „дзесятага калена“ заўсёды выракала і вытыкала яму:

„Ты грэх робіш, а ты ў царкву ходзіш, а ты не саромішся, а ты на людзей не ўважаеш, а ты сам сябе і мяне не шануеш, бо гаварыць, як у тваім стане сьлед, ня хочаш“ і пачне і пачне. Што ты ёй на гэта скажаш?! Кажы не кажы, што і Бог адзін, што і Матка Боска, і Пан Езус — адны на ўвесь сьвет, яна ўсё сваё. Ты ёй слова, яна табе два, ты ёй два, яна табе тры. Дык пан Шабуневіч ніколі доўга не спрачаўся, калі жонка пачынала аб веры.

Але калі Янова прычэпіцца да яго за „простую гутарку“, тутака пан Ян, не уважаючы на свой спакойны, па бацьку нябожчыку, характар, ніколі ня ўступіць. Тутака жонка з ім нічога ня зробіць. Упрэцца, як вол каля стайні, і ні туды, ні сюды. Йшчэ пашкелівае[10] часамі з яе „польскае мовы“: Я в огродзе полем грэнды, а мой Янка сюды, тэнды, ах, Ясенко муй коханы, дам паясэк прэтыканы“…[11]. Ды йшчэ гэтак усьмяхаецца, што пані Яновай вочы выскачыць гатовы са злосьці. Колькі разоў быў я сам сьведкам гэтых спрэчак. Нават заслужыў няміласьць у Яновай. Бо калі здаралася мне папасьці да іх за судзьдзю, дык, і асьцерагаючыся, і ўсё, але заўсёды судзіў у карысьць мужа. Прызнаціся[12], тады мне нясоладка было пад яе вокам. Зьесьці гатова.

II.

Ну, але і на вайне ёсьць замірэньні, і на моры пагода. Пануюць яны і ў гэтай сямейцы часамі. Тады, Божа мой, ня трэба лепшай пары на сьвеце. Проста радасьць бярэць, як убачыш, якую пару бог злучыў. Адно аднаго слухае і паважае, адно другому стараецца дагадзіць, гукаюць паміж сабой лагодненька, міленька — галубкі, дый годзі! Пан Шабуневіч, седзячы ля ваконца, што ў вагарод выходзіць, пры сваім варштаціку і муркаючы, як кот, пад нос сабе якую песьню, падшывае дратвай перады, ці падбівае падноскі на чаравікі. Паня Янова, як тая курка, туж[13] пад ваконцам у гародчыку полець грады і, выбіраючы па каліўцу зяло[14], не-не-ды адвернецца да чалавека: „а падзівіся, Ясечка, як бурачкі ўзышлі, ніводнае зернятка не прапала; ці бачыш, як цыбулька ў нас у цыбучкі ідзець, а расада якая зялёненькая, пэўна ўжо саўсім абмацавалася“. І пан Шабуневіч, высунуўшы галаву з ваконца, з радасьцю бачыць, як спраўдзі[15] бурачкі ўзышлі і цыбулька паперылася, і расада, абмацаваўшыся, зелянее.

— „А ведаеш, Каруся, здаецца бурачкі, гэтта, крыху густавата сядзяць“.

„Але! Заўтра я бацьвінкі згатую на абед“.

„Добра. Люблю я зеляніну! Гм… а як-жа ў нас абед сягоньня?“

„Абед гатовы. Віця прыбяжыць, і зараз есьці будзем“.

„Час, час, — у жываце ўжо нешта пабурківаець“

Праз паўгадзіны прыходзіць са школкі Віцька — ядынак[16] і ўлюбенец панства Шабуневічаў, пястунчык матчын і гордасьць бацькі — і ўсе сядаюць за стол. І пры стале дух згоды чуецца як найлепей. Бацька з сынам аж пачырванеюць ад натугі, стараючыся дагадзіць матцы, а яна, як тая ластавачка, ўвіхаецца каля стала. Падлівае ў талэрку гарачай стравы то аднаму, то другому, падсоўвае хлеба, просіць есьці, каб сыты былі. Віця апавядае[17], аб чым казалася ў школцы, як вучыцель пакараў каго-небудзь з вучняў, што спаткаў, ідучы ў школу і адтуль.

У Віці разумная галоўка. Сам бацька часам, як роўнага сабе, плясьне яго па плячу і кажа: „Ты, сынку, пойдзеш далёка! Хай ужо мы з маткай бяз жаднай адукацыі, а ты будзеш мець. Выучым цябе на дохтара, або на інжынера“… Гэтта Янова заўсёды ўстрэнчыцца[18]: „Не, лепей на ксяндза“…

А бацька на гэта: „не хачу, каб ён ксяндзом быў. Памятай ты: маці, што пад старасьць і нам дапамагаць трэба будзе. А ад ксяндза дапамога кепская; дый якая табе ахвота сваё дзіця ад сябе адлучыці? Я хацеў-бы, каб сын на маіх вачох быў, а яна ўсё не!“ Ну, Янова адпіраецца: „Я хіба кажу?! Хай сабе дохтарам будзе. Як лепей“…

— „От-жаж! А ты, сынку, як кажаш?“

— „Я, татачка, хачу ў чужыя краі паехаць. Вельмі цікава, як тамака людзі жывуць“.

— От табе і маеш! Маці з хаты выпраўляець, і сам уцячы хоча. Эх, вы!..

— Калі я казала, каб ішоў з хаты?

— А не…

Але спрэчка гэта ніколі далёка пры добрым гумары ня зойдзець. І згода пануе дзень-у-дзень, аж пакуль узноў[19] як небудзь не падкусіць яе чым адвечны наш вораг-бес.

III.

Прайшло з паўгоду, як я пазнаёміўся з панам Шабуневічам, і, у адну пекную[20] ноч, калі з саду, праз расчыненае вакно майго пакоіка ліўся прыемны пах кветак,[21] а ад далёкага возера пачуваліся пералівы песьні маленькага песьняра каханьня, а я меў моцнае перакананьне, што Зося Альбэртаўна прыстайнейшая дзяўчына на цэлы сьвет, — у гэткую ноч да мяне прыйшоў адзін даўны знаёмы з двама сваімі сябрукамі і гэтак шчыра запрасіў да сябе у госьці, што, не адкладаючы на другі раз, пазьбіраў я, што было, трэба, і пайшоў з імі. А потым… потым я ўжо ня прыходзіў да дому цэлыя пяць год. Пазнаў я за гэты час, як добра мандраваць[22] па чужых краёх і як цяжка тужыці па сваім куточку. Пазнаў багата чаго і іншага. А нарэшце ізноў апынуўся дома. За пяць год многа чаго можа зьмяніцца. Зьмяніўся крыху родны горад, зьмяніўся я сам душою і целам, зьмяніліся тыя, каго я ведаў. Некаторых нават і не знайшоў на месцы. От, аднаго дня пайшоў я да свайго старога прыяцеля, некалі бабыля, як і я цяперака, а цяпер ужо чалавека жанатага і „бацькі“. Якраз дзень быў сьвятковы, калі „адны сьвяткуюць, а другія смуткуюць“. Сьвята было і навокал. Сьвятла і сонца колькі чалавеку трэба на вясёлы дух і яснасьць уваччу. Чыстага паветра і зелені, — таксама. Здаецца, радуючыся цёпламу сьвету, ціўкалі ў гушчары тапалёвых прысадаў па абодвых бакох вуліцы вераб’і, і ад таго-ж усьміхаліся твары сустрэчаных людзей. І хаця сьвята адчувалася ўва мне, недзе ў сэрцы скробся сум, і нехта, крыху глузуючы,[23] шаптаў: „А спрабуй, павесяліся, як яны, гэ-гэ! Зьелі, браце, твой сьмех! Гэ-гэ!“ гэтак ішоў я адзін сам-насам з сваімі думкамі, аж пакуль на рагу аднэй вуліцы не спаткаў пана Шабуневіча. Ён бадай што не зьмяніўся саўсім, такі самы спакойны ў хадзьбе, такі самы пахмуры твар. Толькі ў вусы ўплялося колькі срэбных[24] нітачак і больш нічога. Тая самая статэчнасьць ва ўсей пастаці. Угледзеўшы мяне, ён дужа абрадаваўся, першы падскочыў і, па свайму старому звычаю сьціскаючы ў сваіх моцных руках мае, што яны аж захрусьцелі, адразу загаманіў:

„А! Пан зноў дома! А чаму-ж да мяне не заходзіш? Ці забыліся, дзе жыву? Гэ-гэ! час немалы, можна было і забыцца. Хадзем, хадзем! — І пацягнуў мяне ў той бок, куды сам ішоў і куды мне было якраз па дарозе.

Абрадаваўся і я, спаткаўшы дарагога прыяцеля. Распытываўся аб усім; цікавы быў — ці не пераканала пана Шабуневіча жонка на сваю старану. Але не! Жонка сваей грызьнёй зрабіла толькі, што пан Шабуневіч цяперака йшчэ[25] большы патрыёт[26]. Заахвоціўся ён да чытаньня, а злашча[27] гэткіх кніжак, скуль мог больш узяць доказаў сваей справядлівасьці; зрабіўся найшчырэйшым чытачом беларускай газэты і, пазнаўшы багата чаго новага, яшчэ другіх навучае. Кінуўся ў палітыку, стараецца, бегае, палавіну сваей вуліцы цягнець за собою і, здаецца, знайшоў, чаго ўсё жыцьцё шукаў.

Але ў апошніх часах спаткала пана Шабуневіча колькі цяжкіх няўдач. Як ня плакаў чалавек, апавядаючы[28] аб гэтым! „Ведаеце, былі гэтыя выбары ў Земства. Падзялілі нас, тутэйшых жыхароў, на курыі[29]. Як яшчэ ў пятухі не прыдзялілі, а толькі ў куры. Ну, я проста ня ведаю, што рабіць. Маю права выбіраць, цэнз[30] у мяне ёсьць, а да каго кінешся? Запісалі мяне ў польскую курыю, а я кажу: „Дзякуй вам, я ўжо лепей у жыдоўскую пайду, калі вы мяне беларусам ня лічыце, або і саўсім не пайду. У жыдоўскую, ведама, мне ня можна, але гэта я ўжо са злосьці, ведаеце. А жонцы гэтая крыўда, як лазанка з макам: — от, кажа, табе і вучоныя твае, і беларушчына! А вось-жа вучоныя знайшліся, га?!.. Ну, што ты ей дурной?! Я ўжо і спрачацца пакінуў, маўчу… Потым ізноў выбары у Думу. „Ну, гэтта, думаю, не папушчуся“. Узяў я кніжку, ёсьць у мяне гэткая добрая кніжка! надта[31] добрае аб нас у ей пішацца, і пайшоў. Прыйшоў у гарадзкую думу. Кажу: я такі-то і такі-то, ці мяне запісалі на выбары? Паглядзелі ў сьпіскі; „а вы якой веры?“.

— „Каталіцкай“, — адказываю.

— Ну, дык вы, гэтта, у польскую курыю запісаны.

— Як, кажу, а чаму не ў беларускую?“ — Сьмяюцца шэльмы: „Бо такой, кажуць, няма, а ёсьць проста руская, калі хочаце туды, то яшчэ можна“.

Дык я-ж, дзякуй вам, не расеец, не паляк і ня жыд! Як-жа беларускай курыі няма?

— А вы каталік?

— А ўжо-ж!

— А мы ўсіх каталікаў у палякі…

— Дык гэта, крычу, жонка не разумней судзіць! — і паказваю ім кніжку — от, паглядзеце, гэтта пішацца!

Папрасілі ня крычаць у прысуцтвіі[32], а, кажуць, што вы кніжку паказываеце, дык у нас у паперах саўсім іначай пішуць, але! Бывайце здаровы, бо ня маем часу! — „Каб вас, думаю! Хіба мяне маці дзеля вашых папераў радзіла?“

А жонка ізноў рада: хай цябе, проста сам сабе ня рад, ані свайму жыцьцю. Тутка няўдача, у хаце адна згрызота, эт! Можа вы ведаеце, калі гэта ўсё зьменіцца?

І упёрся ў мяне вачыма, чакаючы, ці ня дам я часамі якой рады, якой пацехі.

Але я што ведаю? Будзем чакаць, а пакуль што будзем рупіцца, каб больш нашых „тутэйшых“ не хацелі пісацца ў гэтыя курыі. Як пачнём дакучаць кожан[33] раз, як будзем прыходзіць што раз усё большай грамадаю з кніжкай, у якой надта добра пішацца аб беларусах, тады можа, ды і пэўне нешта будзе.

— Праўда, праўда ваша. Йшчэ дачакаем сьвята. Зробім сабе сьвята. Калі мяне скранула, што, як хлапец які, бегаю, то і з усімі тое будзе. А ведаеце што? — і пан Шабуневіч азірнуўся, ці хто не падслухівае, — ведаеце, у мяне ёсьць думка і хацеў-бы яе з’істніць[34]. Добра было-б зрабіць у нас нешта кшталтам школкі беларускай. Чытаць, пісаць і крыху гісторыі. Га? як на вашу думку? Хата ў мяне знойдзецца, а вы мо-б былі настаўнікам. Гадзіны дзьве у дзень. Га? заходзьце да мяне, пагамонім ляпей.

Але мы якраз падыйшлі да таго двара, дзе жыў мой прыяцель, і я, паабяцаўшыся зайсьці да пана Шабуневіча і пагаварыць, як сьлед аб гэтай важнай справе, падаў яму на прашчаньне руку. Ён зноў сьціснуў яе, што аж захрусьцела, сказаўшы йшчэ раз: „прыхадзі-ж, пан“, — пайшоў сабе да хаты, вясёла ступаючы моцнымі2) абсацамі па тратуару[35].

Прайшло колькі дзён, і я, йшчэ не сабраўшыся пайсьці да пана Шабуневіча, зноў спатыкаю яго на вуліцы.

Ён налятае на мяне, як каршун на голуба.

— Ага! Чулі?

— Што?

— Дык ня чулі?

— Аб чым?

— А вот, — і, выцягнуўшы з кішані апошні нумар газэты, пальцам паказвае на першай страніцы — „Чытайце!“

Пішуць, што цяперака ў пачатковых школах веры дзяцей будуць навучаць у тэй мове, якою гукаюць бацькі. А значыцца павінны будуць вучыць чытаць і пісаць у роднай мове.

— Ну, як вам падабаецца?

— Што-ж — мне гэта аж надта да смаку, бо я хацеў-бы, каб мае дзеці (а я-ж некалі ажанюся йшчэ!) разумелі крыху, якіх бацькоў, чые сыны яны“.

— Праўда! Ну, мой Віцька, ведаеце, той добра чытае пабеларуску! Як рэпу рэжа. От, пачуеце, калі прыдзецца да нас. А я жонцы от цяперака гэтым самым у нос тыцну. „Чытай“, скажу. Я дзеля яе раней і газету лацінікай выпісаваў. Хоць крывілася, а часам і чытала, бо „папольску друкавана“. Ха, ха! Захадзеце-ж. — І весялейшы ад першага разу пайшоў сабе ў свой бок.

Да пана Шабуневіча я йшчэ ніяк не ўлаўчыўся схадзіць. Нядаўна даведаўся, што наша з ім радасьць крыху пасьпяшылася. Беларускую мову яшчэ раз выкасавалі з ліку розных моў: напісалі, што роднай мовай маіх дзяцей (бо я не пакідаю надзеі жаніцца) павінна быць ці польская, ці расейская, ці жыдоўская, ці літоўская, ці іншая. Чаму ж яшчэ не прылучылі францускай, японскай, нямецкай, ня ведаю. Усё-ж нічога сабе мовы. Гм, але досыць жартаў, я гэтага, панове, саўсім хачу; і пан Шабуневіч ня хоча! Трэба мусі пайсьці да яго і пільна пагаварыць аб школцы… „Беларускую школку. Пісаць, чытаць і крыху гісторыі“. Ах, мілы пане Яне, пэўне і ён невясёл, бо ў яго-ж ёсьць паня Янова. Яму пэўне яшчэ горш за мяне.

Бедны пан Шабуневіч з Стара-Папельскіх Шабуняў!


  1. Значыць, калі быў вялікі неспакой.
  2. Полён. — прыгожая, харошая.
  3. Павышанае месца ў перадзе царквы, хаты; падмостак.
  4. Парасолі; да сябе.
  5. Госьцячы.
  6. Васпан, форма зварот.
  7. Полён. — насьмяхаецца.
  8. Гутарылі.
  9. Адбываў тэрмін, вучэньне.
  10. Жартуе, кпіць.
  11. Я ў гародзе палю грады, а мой Янка сюды, туды, ах, Ясенька мой мілы, дам паясок ператыканы.
  12. Провінц. — прызнацца.
  13. Пол. — недалёка.
  14. Зельле.
  15. Запраўды.
  16. Лепей — адзінюк.
  17. Трэба лічыць за полён. — расказвае.
  18. Полён. — спрацівіцца.
  19. Лепей - ізноў, зноў.
  20. 3 польск. — прыгожую, харошую.
  21. Лепей — красак.
  22. 3 ням. — wendren — падарожнічаць.
  23. Насьмяхаючыся.
  24. Полён. — сярабраных.
  25. Яшчэ.
  26. Лац. — той, хто любіць сваю бацькаўшчыну.
  27. Полён. — асабліва.
  28. Трэба ўважаць за полён. — расказваючы.
  29. Лац. — двор, тут аддзел, часьць выбарная.
  30. Лац. — злучэньне ўмоваў, якія даюць права; ёсьць цэнз — маемасны, адукацыйны, ценз веку, службы, і г. д. Тут — выбарны.
  31. Лепей — вельмі.
  32. Рас. — установе.
  33. Кожны.
  34. Правясьці і ў жыцьцё.
  35. Ходнікі па бакох вуліц у месьце.